Знайсці
05.11.2019 / 15:042РусŁacБел

У Мінску ўпершыню пройдзе фестываль забытай яўрэйскай музыкі

Цягам двух дзён, 7 і 8 лістапада, у Мінску выступяць выканаўцы традыцыйнай яўрэйскай музыкі з Аўстрыі, Польшчы, Украіны, ЗША, Германіі.

Музыку клезмераў на Беларусі амаль не ведаюць. А між тым, гэта ўсё частка музычнай культуры Беларусі, якая ў выніку Халакосту ды савецкага антысеметызму амаль знішчана: на яе забыліся. Але, дзякуючы намаганням неабыякавых людзей, музыкантаў, якія памятаюць сваю гістарычную спадчыну, музыку клезмераў яшчэ можна пачуць у Беларусі.

Адраджаць гэтую музыку ў 1988 годзе пачала дачка вядомага беларускага мастака Мая Данцыга — Ала. Піяністка, кампазітар, аранжыроўшчык, педагог Ала Данцыг распавяла «Нашай Ніве» пра тое, чым жа гэта музыка такая ўнікальная.

«У 1988 годзе была створана першая ў Беларусі яўрэйская арганізацыя: Мінскае таварыства яўрэйскай культуры, якое ўзначаліў мой бацька — народны мастак Беларусі Май Данцыг. І там было арганізавана кола аматараў спеваў на ідыш, праз некаторы час пачаліся канцэрты, мерапрыемствы. Бацька прыцягнуў і мяне да гэтай дзейнасці. І толькі тады я даведалася, што ёсць яўрэйская музыка, яўрэйскія песні, якія былі мне зусім незнаёмыя. Я была ўпэўненая, што яўрэйская музыка — гэта толькі песенькі кшталту «Цыплёнок жареный», — расказвае Ала Данцыг.

Яна прызнаецца, што, нават калі пачала аранжыраваць яўрэйскія мелодыі і выступаць на розных канцэртах і імпрэзах, не ўяўляла, што такое клезмерская музыка. І толькі ў 2001 годзе, калі трапіла на канцэрт клезмераў у Еўпаторыі, была ўражана.

«Я пачула гэту музыку і прапала. Я была шакаваная і ўзрушаная тым музычным ураганам, які мне давялося пачуць. Музыку клезмераў ігралі выбітныя музыканты з сусветным іменем: Адрыяна Купер, Залман Млотэк, Фрэнк Лондан. Калі я вярнулася з фестывалю, я арганізавала ў Мінску свой першы клезмерскі ансамбль з трох музыкаў. Назва клезмер — гэта ідышскае слова. Спалучэнне «клэй» — інструменты і «зэймэр» — напеў. Першапачаткова клезмеры выконвалі сваю музыку на яўрэйскіх вяселлях, але яе слухалі і беларусы. Так гэтыя матывы перайшлі і ў традыцыйныя не яўрэйскія матывы і музыку», — расказвае Ала Данцыг.

Каб уявіць, як гучыць клезмерская музыка, трэба быць знаёмым з творчасцю Віктара Шалкевіча, Змітра Вайцюшкевіча. Музыка, якую іграюць гэтыя музыканты, вельмі падобная да традыцыйных клезмерскіх матываў.

Тэрмін «клезмерская музыка» ўпершыню прапанаваў у 1938 годзе савецкі музыказнаўца, даследчык яўрэйскага фальклору і яўрэйскай культуры Мойша (Майсей Якаўлевіч) Берагоўскі. Яўрэйскіх музыкаў запрашалі суправаджаць святы, мерапрыемствы, клезмеры калясілі па розных гарадах, выступаючы часта разам з мясцовымі музыкамі: украінскімі, румынскімі, цыганскімі, беларускімі, польскімі. У гэтых песнях спявалася пра цяжкую долю, пра каханне, пра прыгожых дзяўчат, пра прыгажуноў-хлопцаў, пра настаўнікаў, пра маму, пра прыроду, пра майстроў — краўцоў, шаўцоў — пра ўсё, што суправаджала звычайнае жыццё. Велізарны раздзел клезмерскіх песень — гэта калыханкі.

«Клезмерскія песні вельмі меладычныя, паэтычныя, цёплыя. Адна з найпрыгажэйшых народных песень увайшла ў рэпертуар нашага «Мінск клезмер бэнд» у інструментальным выкананні, яна называецца «Сапожкелех» — ласкавая назва боцікаў! Гэтая песня ад асобы дзяўчыны. Гэта, дарэчы, кажа пра тое, што песня створаная ўжо ў 20 стагоддзі, калі былі ўжо менш жорсткія правілы і жанчыны мелі права на сваё «слова», а запісаная яна была ў 60-х гадах у Амерыцы. У песні дзяўчына спявае пра сваё каханне:

«Прадам свае боцікі і паеду з табой на дрожках — толькі б быць з табой! Я без цябе і ты без мяне — нібы ручка без дзвярэй! Котачка, птушачка мая… Блукаць па вакзалах і мыць чужыя шалі — толькі б быць з табой! Есці без стала і спаць без падушкі — толькі б быць з табой! Я без цябе і ты без мяне — нібы ручка без дзвярэй! Котачка, птушачка мая…» — цытуе радкі песні Ала Данцыг. 

А вось пачуць самыя выбітныя сусветныя прыклады такой музыкі беларусы змогуць падчас фестывалю «Літвак».

Пра яго расказаў Аляксандр Фурс, адзін з арганізатараў фестывалю:

«Фестываль мы называлі Litvak, бо людзі са Штатаў асацыююць мясцовых яўрэяў як літвакоў. Для іх гэта проста такі тэрмін: ВКЛ, Літва — таму літвакі, хоць менавіта з традыцыйнага пункту гледжання літвакі — гэта асобныя, больш традыцыйныя яўрэйскія суполкі. На фестывалі выступяць беларускія выканаўцы: Minsk Klezmer Band, у складзе каторага іграе Ала Данцыг, і Гомельскі ансамбль яўрэйскай музыкі», — распавёў Аляксандр Фурс.

Фэст пройдзе 7—8 лістапада ў прасторы ОК-16, уваход вольны.

НТ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера