Знайсці
04.11.2019 / 13:05РусŁacБел

Беларускія школьнікі ўзялі два срэбраныя медалі на міжнародным конкурсе навуковых праектаў у Бразіліі

Даследчыя работы двух беларускіх школьнікаў атрымалі два срэбраныя медалі на Міжнародным конкурсе экалагічных праектаў Mostratec-2019, які праходзіў з 21 па 25 кастрычніка ў бразільскім горадзе Навагамбург. Удзел медалістам забяспечыў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і Міністэрства адукацыі Беларусі пры падтрымцы ўнітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь».

Уладальнікамі срэбраных медалёў сталі навучэнцы Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства аб'яднання па інтарэсах «Батаніка. Прыкладная мікалогія» Настасся Рубніковіч і Уладзіслаў Андрайчук. Настасся выступала з праектам «Біяпалімерныя матэрыялы на аснове міцэлію ксілатрофных базідыёміцэтаў». Уладзіслаў прадставіў праект «Аэрафільная водарасць Trentepohlia umbrina».

На стэндзе першага праекта былі прадэманстраваны два інавацыйныя матэрыялы. Першы ўяўляў сабой брыкет на аснове драўнянага пілавіння, у якім міцэлій грыбоў выступіў у якасці своеасаблівага клею. У будучыні ён можа паслужыць заменай пенапласту. Другім стала экаскура, здольная замяніць натуральную скуру. Галоўнай вартасцю новых матэрыялаў з'яўляецца іх экалагічнасць: пры ўтылізацыі яны хутка гніюць і не наносяць шкоды наваколлю.

Уладзіслаў Андрайчук дзяліўся вынікамі даследавання водарасці Trentepohlia umbrina, якую можна сустрэць на кары дрэў. Гэта расліна чырвонага колеру багата караціноідамі, якія можна выкарыстоўваць пры вырабе лекаў і біялагічна актыўных дабавак. Уладзіслаў працаваў над стварэннем умоў, пры якіх выпрацоўка карысных рэчываў адбывалася б максімальна хутка.

Абодва даследаванні праводзіліся пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і старшага выкладчыка кафедры батанікі біяфака БДУ Алесі Шавялёвай. Над імі школьнікі працавалі больш за два гады.

Конкурс арганізаваны як выстава постараў з прэзентацыямі. Удзельнікі дзеляцца на групы па тэматыках, кожны праект наведвае група членаў міжнароднага журы. Прэзентацыя праходзіць на англійскай мове.

Міжнародны конкурс экалагічных праектаў «International Science and Technological Fair MOSTRATEC» праводзіцца ў Бразіліі ўжо больш за 30 гадоў. Сёлета ў ім узялі ўдзел навучэнцы сярэдніх школ і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з больш чым 40 краін, якія заявілі на конкурс 752 праекты, якія змагаліся паміж сабой за званне найлепшых у 15 намінацыях.

Прадстаўнікі Беларусі бралі ўдзел у конкурсе ўпершыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930