Знайсці
02.11.2019 / 13:4110РусŁacБел

Археолаг з Акадэміі навук: Са мной не працягнулі кантракт. Кіраўніцтва: Проста супрацоўніца выйшла з дэкрэту

Археолаг Алесь Гаршкоў працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Ад лістапада з ім не працягнулі кантракт — палічылі немэтазгодным. Па словах Алеся, усё праз асабістыя адносіны.

«Інстытут фактычна мае манаполію на ўсе ахоўныя раскопкі. Калі будуецца што-небудзь, павінен быць нагляд або раскопкі. Часам яны праводзяцца непрафесійна. Была гісторыя з Гродна, на вуліцы Вялікая Траецкая, пра якую я ў фэйсбуку пісаў, што мне сорамна за тыя даследаванні калег — там зямля пагрузчыкам грузілася на машыны і вывозілася. За што мяне выклікалі «на дыван» і адправілі туды. Плюс я такі чалавек, што магу адмовіць і не хадзіць на задніх лапках.

Яшчэ асабістыя зносіны з некаторымі людзьмі з адміністрацыі, мякка кажучы, не вельмі склаліся. Усё прывяло да звальнення.

Мне было прапанавана перайсці ў іншы аддзел, рабіць рэестр артэфактаў і помнікаў, які павінен быць па Кодэксе аб культуры. Але фактычна тады я б не змог займацца сваёй тэмай, палеалітам, па якой у нас з калегамі ёсць добрыя вынікі, можна сказаць еўрапейскага маштабу. Я адмовіўся, і ў выніку мне не падпісалі кантракт. Хоць мае паказчыкі ў параўнанні з іншымі супрацоўнікамі не горшыя».

Археолаг піша, што за год прыняў удзел у даследаваннях у Петрыкаве, на гарадзішчы Обчын, фартэцыі Жабер, участках Снядзін-2, Асавец-2. Ездзіў таксама ў Расію ў Касцёнкаўскую археалагічную экспедыцыю.

«Я пачаў і ўласныя даследаванні. Правёў разведкі на тэрыторыі Гродзенскага, Клецкага, Ганцавіцкага раёнаў. Для некаторых помнікаў у Гродзенскім і Ганцавіцкім раёнах рабіў зоны аховы. Але самае галоўнае для мяне — гэта правядзенне ўласных першых раскопак на Кавальцах-1».

Алесь Гаршкоў дадае, што археолагаў у Беларусі ўвогуле няшмат.

«З інстытута сышлі тры маладыя супрацоўнікі, у наступным месяцы яшчэ адзін сыходзіць, а аспірантаў прыбывае няшмат. Палеалітам зараз у інстытуце займаюцца два чалавекі: даследчыца, якой 80 гадоў будзе, і калега, які, праўда, піша дысертацыю па мезаліце».

У Акадэміі навук расказваюць сваю версію падзей.

«Аляксандр вучыцца ў нас у магістратуры ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў. Ён паступіў туды, і потым яго ўзялі да нас на працу на палову стаўкі, каб, магчыма, фінансава неяк падтрымаць. Хоць у нас такой практыкі няма, каб браць чалавека, які не скончыў магістратуру (акрамя як лабарантам) — звычайна ў Акадэмію навук пасля аспірантуры прыходзяць, — каментуе загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Станіслаў Юрэцкі. —

Хачу сказаць, што ў яго ўжо была спроба звольніцца. У жніўні ён пісаў заяву. Потым перадумаў. Прычынай нездаволенасці Аляксандра было тое, што ён хацеў паехаць у камандзіроўку за мяжу на большы тэрмін, чым мы прапаноўвалі. А ў нас быў гарачы сезон — трэба было тут працаваць.

Цяпер у нас у інстытуце ёсць неабходнасць актывізацыі фондавай працы — сістэматызацыя і ўлік знаходак. І калі Аляксандр напісаў заяву на працягненне кантракту, я яму прапаноўваў: мы не супраць, каб вы працавалі, толькі ў іншым аддзеле — захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны. Тым больш у яго ёсць вопыт працы з фондамі, бо ён былы работнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Аляксандр не захацеў: «Не, мяне гэта не задавальняе, гэта будзе адцягваць увагу ад магістарскай працы». Я яму казаў: ідзіце падумайце. Яго гранты за ім бы захоўваліся, паездкі на раскопкі таксама — я ў тым аддзеле працаваў і ездзіў на раскопкі».

Чаму Гаршкова не маглі пакінуць на папярэднім месцы? Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза тлумачыць, што Акадэмія навук — гэта бюджэтная арганізацыя, якая залежыць ад выдзеленага фінансавання. Летась магістранта ўзялі туды, дзе было месца і патрэба. Цяпер выйшла з дэкрэта супрацоўніца аддзела, а неабходнасць у рабочых руках з’явілася ў іншым кірунку.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера