Знайсці
01.11.2019 / 11:2115РусŁacБел

Бюст Агінскаму ў Слоніме зрабіла прыватная фірма за свае сродкі

У Слоніме побач з драматычным тэатрам усталяваны бюст былога старасты горада, вядомага мецэната, паэта і кампазітара Міхаіла Казіміра Агінскага. На месцы цяперашняга драматычнага тэатра ў ХVІІІ стагоддзі размяшчаўся тэатр Агінскага, піша Народная воля.

Вядомы дзяржаўны дзеяч Міхаіл Казімір Агінскі ператварыў Слонім у сапраўдны еўрапейскі культурны цэнтр, які ў ХУІІІ стагоддзі называлі Паўночнымі Афінамі. Менавіта за час яго праўлення быў збудаваны водны канал, які злучыў Шчару і Прыпяць, дагэтуль функцыянуе і носіць зараз ягонае імя. Пры Агінскім была адкрыта першая ў горадзе друкарня і тэатр з балетнай школай, які быў вядомы далёка за межамі Слоніма.

Бюст Агінскаму быў выкананы на мясцовым прыватным прадпрыемстве «Гранві», якое займаецца вырабам надмагільных помнікаў, гранітных сталешніц, падаконнікаў, сталоў, балясін, лесвіц і іншага.

Кіраўнік «Гранві» Уладзімір Вількіцкі распавёў «Народнай волі», што ідэя ўсталявання бюста Агінскаму належыць грамадскаму аб’яднанню «Слонімскі Канал Агінскага» сябрам якога і ён з’яўляецца. Акрамя гэтага сябры грамадскага аб’яднання прадставілі матэрыял для пастамента пад бюст.

«Я наагул сам не скульптар, але разам з супрацоўнікамі сваёй фірмы з задавальненнем працаваў над бюстам Агінскаму, — падкрэслівае Вількіцкі. — І ў прынцыпе мы ўсё астатняе зрабілі за сродкі сваёй фірмы. Усе, хто працаваў са мною над бюстам, добра ведалі каму ён прызначаецца і мы ганарымся, што здолелі зрабіць свой ўнёсак ва ўвекавечванне памяці такога вялікага чалавека, які так шмат зрабіў для нашага горада».

Бюст павінны былі адкрыць яшчэ ў верасні напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які адбываўся сёлета ў Слоніме, але пазней прынялі іншае рашэнне і ўрачыстае адкрыццё помніка павінна адбыцца 6 лістапада.

Міхаіл Карневіч, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера