Знайсці
01.11.2019 / 10:2820РусŁacБел

Рудкоўскі жорстка выказаўся пра экспертызу, на падставе якой Севярынца выключылі з ПЭН-Цэнтра

30 кастрычніка ПЭН-Цэнтр апублікаваў «Незалежную экспертызу артыкула Паўла Севярынца «Культурны марксізм і яго камісары». Яна мяне зацікавіла не столькі як элемент дыскусіі вакол выключэння Севярынца, а перадусім як інтэлектуальны прадукт, цесна звязаны з абшарам маіх акадэмічных зацікаўленняў. Рэч у тым, што свае доктарскія штудыі ў Варшаўскім універсітэце я адбываў у Аддзеле лагічнай семіётыкі — і тэорыя камунікацыі, дыскурс-аналіз і лінгвапрагматыка былі, як кажуць, маім штодзённым хлебам.

Аўтарам экспертызы з'яўляецца Віялета Ермакова з арганізацыі «Журналісты за талерантнасць». Гэтая арганізацыя цесна супрацоўнічае з ЛГБТ-групамі, а яе дзейнасць амаль выключна сфакусавана на змаганні з так званым hatespeech і за павышэнне бачнасці ЛГБТ у публічнай прасторы. Шмат у каго ў звязку з гэтым могуць узнікнуць сумневы наконт прыметніка «незалежная». Тым не менш, нельга апрыёры выключаць таго, што, пішучы экспертызу, аўтарка дзейнічала незалежна: калі чалавек з'яўляецца прафесіяналам, то інстытуцыйная афіліяцыя не будзе замінаць яму/ёй зрабіць сумленную і аб'ектыўную ацэнку. Інакш кажучы, варта прааналізаваць сам тэкст, каб ацаніць яго вартасць.

Тэкст спадарыні Ермаковай складаецца ўсяго з чатырох абзацаў. Няма ў ім паяснення, на прадмет чаго робіцца экспертыза і няма заключэння. Па сваёй форме ён нагадвае хутчэй занатоўкі «на палях». Паўстае пытанне: ці сапраўды ён меркаваўся як нешта экспертнае? Але, паколькі ён фігуруе на сайце ПЭН-Цэнтра як «экспертыза», маем права ацэньваць яго праз прызму акадэмічных і экспертных стандартаў.

Асноўныя тэзы эксперткі наступныя: (а) выказванні Севярынца наконт «культурных марксістаў» не з'яўляюцца мовай варожасці, пры гэтым, аднак, Севярынец (б) праектуе на апанентаў вобраз ворага і (в) дыскрымінуе ЛГБТК+.

Спачатку кароткі каментар наконт (в), пазней — больш разгорнута наконт (а) і (б). Няма сумневу, што Павел Севярынец негатыўна ацэньвае рух і погляды ЛГБТ. Але ў грамадскім жыцці шмат хто шмат каго негатыўна ацэньвае. Атэісты часта фармулююць востранегатыўныя выказванні адносна вернікаў (і наадварот), камуністы ў стасунку да, скажам, БНФ (і наадварот), прыхільнікі рынкавай эканомікі ў стасунку да прыхільнікаў планавай эканомікі (і наадварот). Ці гэта азначае, што ўсе яны тым самым «дыскрымінуюць» адно аднаго? А калі дыскрымінуюць, то якая ступень шкоднасці такой дыскрымінацыі? Як выглядае гіпатэтычнае грамадства без дыскрымінацыі? Грамадства, дзе ніхто нікога не крытыкуе? Крытыкуе, але пазбягае эмацыйна нагружаных фармулёвак? Ці яшчэ нешта іншае?

Некаторым здаецца, што слова «дыскрымінацыя» само сабой зразумелае і няма патрэбы эксплікаваць крытэры яго стасавання. Але гэта не так. Яно мае шырокі спектр значэнняў — пачынаючы ад этымалагічнага «адрозніваць» (лац. discernerediscriminatio) і заканчваючы маральна-юрыдычным «беспадстаўна пазбаўляць правоў пэўную катэгорыю людзей».

Цяпер хацеў бы больш разгорнута пракаментаваць аргументацыйную складовую экспертызы. У якасці кейса будзе выкарыстана наступнае выказванне:

«Высказывания против «культурных марксистов» назвать языком вражды нельзя, поскольку «культурные марксисты» — это не существующая объективно социальная группа, это конструкт Павла Северинца».

У структурным плане выказванне складаецца з тэзіса (першая частка), пасылкі (другая частка) і індыкатара пасылкі («поскольку»). Для большасці чытачоў, магчыма, найцікавейшай з'яўляецца першая частка. Мяне, аднак, як эксперта, усё ж найбольш цікавіць тая частка, у якой аўтар аргументуе. Незалежна ад таго, ці падабаецца тэзіс, ці не, мне важна ведаць, на чым ён абапіраецца. Аргументацыя — гэта неразлучная сяброўка эксперта. А, як кажа вядомае выслоўе, скажы, хто твой сябар, і я скажу табе, хто ты.

Давайце ўдумліва ўчытаемся ў фармулёўку пасылкі (таго, што наступае пасля «поскольку»). Што аўтарка хацела тут выразіць? З гледзішча лінгвапрагматыкі гэта недарэчнае выказванне. «Культурныя марксісты» — гэта не група і не канструкт, а назва, якая з'явілася ў канкрэтным тэксце ў акрэсленым кантэксце. «Значэнне слова — гэта спосаб яго ўжывання» — казаў позні Вітгенштэйн. Маючы доступ да тэксту, любы шараговы рэцыпіент можа лёгка зразумець спосаб ужывання Севярынцам назвы «культурныя марксісты»: ён стасуе яе ў аднясенні да тых членаў ПЭН-Цэнтру, якія маюць феміністычныя, левыя і пра-гейскія погляды. Дык у чым праблема? «Культурныя марксісты» — гэта назва, аб'ект яе аднясення лёгка ідэнтыфікавальны. Прэдыкацыі «конструкт», «не существующая» тут, як кажуць, «ни к селу, ни к городу».

Магчыма, аўтарка мела на ўвазе тое, што Севярынец назваў дадзеных членаў ПЭН-Цэнтру нятрапна? То-бок выраз «культурны марксізм», на яе думку, не пасуе да гэтай групы людзей? Што ж, можа, так, можа, не, але нават калі і сапраўды Севярынец назваў іх нятрапна, то з-за гэтага яны не становяцца «канструктам» або «несуществующими». Мяне не раз людзі называлі няправільна: «Павел», «Андрэй», «Віця», але я ні разу з-за гэтага не ператварыўся ў «канструкт» або нешта неіснуючае. Ад нятрапнага называння аб'ект не перастае існаваць — гэта ж элементарная і ўсім вядомая рэч.

У кантэксце пытання Ці выказванні В з'яўляюцца мовай варожасці істотным ёсць акрэсленне класу кантраста для тэрміна «мова варожасці». Калі існуе мова варожасці, то мусіць існаваць мова не-варожасці. Якім чынам адрозніваем адно ад другога? Вось гэта павінна было ўвайсці ў аргументацыйную частку экспертызы, а не разважанні пра «канструкт» ці «існуючае/неіснуючае».

Яшчэ адно выказванне:

«Описание «культурных марксистов» в открытом письме — это универсальный образ врага политически активного христианина, спроецированный в ситуации конфликта на конкретных людей».

У гэтым месцы экспертка прыпісвае Севярынцу апераванне вобразам ворага ў дачыненні да апанентаў. Крыху раней яна сцвердзіла, што выказванні Севярынца не трэба лічыць мовай варожасці. Значыць, Севярынец праектуе на апанентаў вобраз ворага, але пры гэтым не стасуе да іх мовы варожасці.

Гэта, шчыра кажучы, нават цікава. Бракуе, праўда, сімптаматыкі: на базе якіх семіятычных структур зроблена выснова наконт наяўнасці «вобразу ворага» і што дало падставу назваць яго «ўніверсальным»? І не зашкодзіла б паясненне, як можна праектаваць на апанентаў вобраз ворага без стасавання мовы варожасці.

Як было сказана вышэй, тэкст Віялеты Ермаковай уяўляе з сябе кароценькі і, хутчэй за ўсё, спехам напісаны тэкст, без указання прадмету экспертызы, без азначэння ключавых тэрмінаў і без заключэння. Калі ён сапраўды меркаваўся як «экспертыза», то, трэба прызнаць, даволі нізкія акадэмічныя стандарты як у замоўцы, так і выканаўцы. Але калі ён меркаваўся проста як занатоўка «на палях», то окей. Застаецца толькі прыбраць з загалоўка слова «экспертыза».

P.S. Пятро Рудкоўскі даведаўся пасля здачы артыкула пазіцыю Віялеты Ермаковай, у звязку з чым выбачаецца за суровыя заўвагі, якія вынікалі з таго, што тэкст афішуецца ПЭН-ам як «экспертыза».

Чытайце таксама:

Аўтарка «экспертызы», паводле якой Севярынца адлічылі з ПЭНа: Гэта была не экспертыза, а прыватны каментар

Рудкоўскі: ПЭН-Цэнтр у рэйтынгу павагі да свабоды слова апусціўся ніжэй за «бастыён цемрашальства» 
АДКРЫТЫ ЛІСТ

Пётр Рудкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930