Знайсці
31.10.2019 / 18:5730РусŁacБел

«Слёзы, шантаж і крыкі». Што адбывалася за зачыненымі дзвярыма ў ПЭНе? Версіі Баршчэўскага і Мартысевіч

Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра 29 кастрычніка прыняла рашэнне аб выключэнні з шэрагаў арганізацыі палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца. Галасаванне адбывалася за зачыненымі дзвярыма, без прысутнасці журналістаў. Крыху святла на тое пасяджэнне праліў Уладзімір Някляеў.

«Па сутнасці, у офісе на Залатой Горцы адбыўся паказ чарговай серыі «Санта-Барбары» з класічным наборам плачаў, істэрык, пагроз: «Я ўскрыю вены!..» — а нам даводзяць, што там адбылося паседжанне Рады Беларускага ПЭН-цэнтра. Гэта зневажае ПЭН, зневажае ягоных заснавальнікаў, адносіны да якіх адна з гераінь серыялу выказала не двухсэнсоўна: «Я мыслю PEN не як спадчыну Быкава і Шэрмана…» — напісаў Някляеў.

Мы звярнуліся да перакладчыка, ганаровага старшыні ПЭН-Цэнтра Лявона Баршчэўскага, каб той апавёў сваю версію падзей.

«Фразы «ўскрыю вены» на паседжанні Рады не было. Канечне, быў сэнс, што гэта проста канец свету, але пра ўскрыццё венаў ніхто не казаў.

Зрэшты, сутнасна гэта нічога не рашае. Была істэрыка з боку Марыйкі Мартысевіч. І ў такіх умовах старшыня ПЭНу Святлана Алексіевіч павінна была перапыніць паседжанне, бо нельга ж яго праводзіць пад крыкі, енкі і плач. А яна [Алексіевіч — «НН»] аказалася не гатовая да гэтага, разгубілася. Калі іншыя сябры Рады пад уплывам слёзаў паплылі і сказалі, ну давайце, калі чалавек плача, прымем гэтае рашэнне сёння, не будзем слухаць Севярынца.

Я адказаў, што так не робіцца, вы ж абяцалі даць чалавеку час, выслухаць яго. На гэта пайшла новая істэрыка з боку Марыйкі. У мяне ўжо была падрыхтаваная заява аб выхадзе з ПЭНа, я паклаў яе на стол, папрасіў зарэгістраваць, і больш у працы Рады не ўдзельнічаў. Хацеў выйсці з памяшкання, але іншыя сябры Рады сталі ў дзвярах і проста мяне не выпусцілі, таму я прысутнічаў да канца, хаця ў галасаванні не браў удзелу.

Гэта быў чыстай вады шантаж, з выкарыстанне забароненых прыёмаў, так рашэнні не прымаюцца. Мы разумеем, што жанчына корміць дзіця, што спрачацца з ёй не трэба, але трэба было спыніць паседжанне.

Калі пачыналася паседжанне, то не было ніякіх фармулёвак. Гэта ўсё гучала прыкладна так: «Выключыце, і выключыце менавіта сёння, бо заўтра будзе позна, да гэтага часу Севярынец захопіць ПЭН-Цэнтр». У такім ключы размова не можа весціся.

Я зразумеў, калі шантажом і далей будуць выбівацца патрэбныя рашэнні (а яны будуць менавіта так выбівацца, я гэта адчуваю), то я там працаваць проста не змагу. Я б застаўся ў складзе арганізацыі, але гэтага не прадугледжвае статут. Я не шкадую ні на грам, што выйшаў з шэрагаў сённяшняга ПЭНа, я зрабіў усё правільна. Далейшае развіццё падзей гэта толькі пацвярджае.

У ноч перад паседжаннем я атрымаў ліст ад Мартысевіч, ён у мяне застаўся, дзе ёсць цытата, што «вы ўспрымаеце ПЭН як спадчыну Быкава і Шэрмана, а я ўспрымаю як частку Міжнароднага ПЭН-клуба». Таксама яна пісала, што «вы ўжываеце слова «шантаж» як нешта кепскае». Гэта значыць, што яна рыхтавала гэты шантаж.

Сама Алексіевіч перад пачаткам гаварыла, што прапануе адкласці рашэнне на два тыдні і ўсе з гэтым пагаджаліся. Падпісанты на гэта крычалі, што два тыдні — задоўга, максімум — дзень-два. Я казаў, дзеля чаго гэтая гарачка, давайце зададзім чалавеку пытанні. У канцы з’езда ПЭНа Севярынец мне паабяцаў пастарацца публічна больш не выказвацца на дадзеную тэматыку. І Арлову ён тое самае сказаў. Ну дык дайце шанец чалавеку!

Ніхто Севярынцу нават не думаў званіць. Навошта? Жанчына плача, давайце хутчэй. Гэта проста дзіцячы садок. Калі галасавалі, то ніякай фармулёўкі яшчэ не было. Проста выключыць — і ўсё. А фармулёўку ўжо прыдумалі потым. Нават з працэдурнага, а не толькі маральнага боку, гэта выглядае не вельмі.

Галасаванне было закрытым, рашэнне не было адзінагалосным. Я ў пачатку заяўляў, што павінна разглядацца пытанне не толькі Севярынца, але і Ліпковіча, ягонага хамства, ужывання нецэнзурных словаў. Мне сказалі, што не час для гэтага, не трэба варушыць брудную бялізну. Я ж таксама чалавек, і мяне можаце давесці да інфаркту. Але я спакойна гэта прыняў, праз два тыдні, маўляў, вернемся.

Ну а потым быў шантаж і словы «я памру, калі Севярынца не выключаць». Я зразумеў, што і надалей добрасардэчныя людзі будуць весціся на гэта. Але арганізацыя не можа так працаваць».

«Наша Ніва» дала магчымасць выказацца паэтцы і трэцяй намесніцы старшыні ПЭН-Цэнтра Марыйцы Мартысевіч.

Слёзы Марыйкі Мартысевіч на пасяджэнні ПЭНа. Фота «Белсат».

«Насамрэч усё было крыху больш складана. І я хачу абвергнуць тое, што напісана ў лісце Някляева і Баршчэўскага. Там не ўзгадваюць маё імя, але намёк відавочны. Адзначу некалькі момантаў.

Істэрыка ў мяне сапраўды была. Вось толькі яе я зусім не планавала. Істэрыка здарылася таму, што я не спала чацвёра сутак: спачатку быў першы сход ПЭНа, пасля нарады з нагоды гэтай сітуацыі, плюс у нас цяпер адміністрацыйны крызіс у арганізацыі… І плюс я маці дваіх дзяцей. І плюс я рэдагавала тэрмінова працу, здавала праект. Усё гэта наклалася адно на адно, я была ў такім стане, што расхістаць мяне магло што заўгодна. Так, я расплакалася і разрыдалася, хоць і спрабавала стрымаць сябе.

Для мяне, як і для многіх іншых, пытанне выключэння Севярынца прынцыповае. І на сходзе ўсе былі настроеныя, што Севярынца трэба выключыць. Былі і прапановы дыялогу, што трэба перанесці вырашэнне гэтага пытання… Але я сказала так: калі Павел застанецца ў арганізацыі, я сыйду. І я паклала на стол заяву, якую планавала падпісаць, калі Севярынца пакінуць. І такую ж заяву, напісаную фактычна такімі ж словамі, паклаў і Баршчэўскі на выпадак, калі Севярынца выключаць.

Я б выйшла з арганізацыі неадкладна, але тое ж зрабіў бы і Баршчэўскі. Таму казаць, што ПЭН шантажавала толькі я — няправільна. Баршчэўскі рабіў тое ж самае, толькі не плакаў. Гэта была гульня ва-банк абодвух бакоў. І тое, што Някляеў у сваім лісце надаў такую ўвагу маім слязам — што ж, я магу папрасіць прабачэння за тое, што не змагла стрымацца. Але хачу адзначыць — ніякіх пагрозаў ускрыць вены я не рабіла. Гэта няпраўда.

Тады Алексіевіч спыталася, ці варта вырашаць пытанне з Севярынцам сёння. Прагаласавалі, што так, усё ж варта. Як галасавалі і хто галасаваў па пытанні выключэнні яго я ўжо казаць не буду, гэта закрытая інфармацыя. Але ўсё, што адбылося — калегіяльнае рашэнне, прынятае за зачыненымі дзвярыма ў той вечар. Ніякага тэлефоннага галасавання, як піша Някляеў, не было.

Калі Севярынец вернецца калі-небудзь у ПЭН, то я сыду. Яго вяртанне аўтаматам парушыць хартыю PEN International. Для мяне любыя перамовы з людзьмі, якія так, як Павел, шантажуюць ПЭН, вельмі шкодзяць арганізацыі. Перамовы кажуць, што мы нібыта ўлічваем ідэі Севярынца. Калі мы спрабуем яго пераканаць, то мы нібыта дыскутуем па яго пазіцыі. А гэтая пазіцыя катэгарычна непрымальная і не вартая нават абмеркавання.

Хачу ўдакладніць яшчэ адну сваю фразу, якую чамусьці падаюць абрэзанай. Цалкам яна гучыць так: ПЭН для мяне гэта не спадчына Быкава і Шэрмана, а падраздзяленне PEN International, якое сапраўды можа мяняць штосьці ў свеце. Я падзяляю гэтыя прынцыпы і салідарызуюся з рэзалюцыямі і думкамі, якія падтрымлівае сусветная супольнасць. І я не ведаю, што б сказалі пра сённяшнюю сітуацыю Быкаў і Шэрман, але ведаю, як ацаніла б сітуацыю міжнародная арганізацыя, сябрам якой я з’яўляюся праз сяброўства ў Беларускім ПЭНе».

Зміцер Панкавец, Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера