Знайсці
31.10.2019 / 18:4728РусŁacБел

«Істэрыка была, бо я не спала чацвёра сутак». Марыя Мартысевіч адказвае Някляеву

Скандал вакол ПЭН-цэнтра і то ўключэння, то выключэння Паўла Севярынца працягваецца. 31 кастрычніка адкрыты ліст апублікаваў Уладзімір Някляеў. У ім паэт намякае на паводзіны Марыі Мартысевіч, якая расплакалася падчас сходу. Някляеў абвінаваціў літаратарку ў шантажы.

Марыя Мартысевіч, фота Ірыны Арахоўскай, Белсат

Марыя Мартысевіч пагадзілася пракаментаваць абвінавачанні свайго старэйшага калегі.

«Насамрэч усё было крыху больш складана. І я хачу абвергнуць тое, што напісана ў лісце Баршчэўскага і Някляева. Там не ўзгадваюць маё імя, але намёк відавочны.

Адзначу некалькі момантаў.

Істэрыка ў мяне сапраўды была. Вось толькі яе я зусім не планавала. Істэрыка здарылася таму, што я не спала чацвёра сутак: спачатку быў першы сход ПЭНа, пасля нарады з нагоды гэтай усёй сітуацыі, плюс у нас цяпер адміністрацыйны крызіс у арганізацыі… І плюс я маці дваіх дзяцей. І плюс я рэдагавала тэрмінова працу, здавала праект. Усё гэта наклалася адно на адно адначасова, я была ў такім стане, што расхістаць мяне магло што заўгодна. Так, я расплакалася і разрыдалася, хоць і спрабавала стрымаць сябе, — распавяла Марыя Мартысевіч «Нашай Ніве». — Для мяне, для многіх іншых пытанне выключэння Севярынца прынцыповае. І на сходзе ўсе настроеныя былі, што Севярынца трэба выключыць. Былі і прапановы дыялогу, што трэба перанесці вырашэнне гэтага пытання… Але я сказала так: калі Павел застанецца ў арганізацыі, я сыду. І я паклала на стол заяву, якую планавала падпісаць, калі Севярынца пакінуць. І такую ж заяву, напісаную фактычна такімі ж словамі, паклаў і Баршчэўскі на выпадак, калі Севярынца выключаць.

Я б выйшла з арганізацыі неадкладна, але тое ж зрабіў бы і Баршчэўскі. Таму казаць, што ПЭН шантажавала толькі я — няправільна. Баршчэўскі рабіў тое ж самае, толькі не плакаў. Гэта была гульня ва-банк абодвух бакоў. І тое, што Някляеў у сваім лісце надаў такую ўвагу маім слязам — што ж, я магу папрасіць прабачэння за тое, што не змагла стрымацца. Але хачу адзначыць — ніякіх пагрозаў ускрыць вены я не рабіла. Гэта няпраўда.

Тады Алексіевіч спыталася, ці варта вырашаць пытанне з Севярынцам сёння. Прагаласавалі, што так, усё ж варта. Як галасавалі і хто галасаваў па пытанні выключэння яго, я ўжо казаць не буду, гэта закрытая інфармацыя. Але ўсё, што адбылося — калегіяльнае рашэнне, прынятае за закрытымі дзвярыма ў той вечар. Ніякага тэлефоннага галасавання, як піша Някляеў, не было.

Калі Севярынец вернецца калі-небудзь у ПЭН, то я сыду. Яго вяртанне аўтаматам парушыць хартыю PEN International. Для мяне любыя перамовы з людзьмі, якія так, як Павел, шантажуюць ПЭН, вельмі шкодзяць арганізацыі. Перамовы кажуць, што мы нібыта ўлічваем ідэі Севярынца. Калі мы спрабуем яго пераканаць, то мы нібыта дыскутуем па яго пазіцыі. А гэтая пазіцыя катэгарычна непрымальная і не вартая нават абмеркавання.

Хачу ўдакладніць яшчэ адну сваю фразу, якую чамусьці падаюць абрэзанай. Цалкам яна гучыць так: ПЭН для мяне гэта не спадчына Быкава і Шэрмана, а падраздзяленне PEN International, якое сапраўды можа мяняць штосьці ў свеце. Я падзяляю гэтыя прынцыпы і салідарызуюся з рэзалюцыямі і думкамі, якія падтрымлівае сусветная супольнасць. І я не ведаю, што б сказалі пра сённяшнюю сітуацыю Быкаў і Шэрман, але ведаю, як ацаніла б сітуацыю міжнародная арганізацыя, сябрам якой я з’яўляюся праз сяброўства ў беларускім ПЭНе».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930