Знайсці
31.10.2019 / 18:393РусŁacБел

Жазэ Сарамагу выдалі па-беларуску. Хто ён, набеліят з Партугаліі?

Па-беларуску выйшаў раман знанага партугальскага пісьменніка Жазэ Сарамагу. Кнігу «Пячора» пераклала Галіна Мітраховіч. Расказваем, чым адметны Сарамагу і за што яго любяць па ўсім свеце.

З сялянаў

Жазэ дэ Соза Сарамагу нарадзіўся ў 1922 годзе ў сялянскай сям’і за сто кіламетраў ад Лісабона, у хаце дзеда. Менавіта ад дзеда па лініі маці ён запомніў шмат апавяданняў і казак: так добра і цікава той апавядаў.

«Самы мудры чалавек з усіх, якіх я калі-небудзь сустракаў у жыцці, не ўмеў ні пісаць, ні чытаць. Гадзіне а чацвёртай раніцы ён падымаўся са свайго тапчана і гнаў на выпас з паўтузіна свіней — іх плоднасць і карміла яго з жонкай».

 

Перакладчык-самавук

Грошай у сям’і, каб адправіць Жазэ ва ўніверсітэт, не было, і хлопец пайшоў вучыцца на аўтамеханіка. Круціў гайкі ў машынах, як вывучыўся, працаваў чарцёжнікам, страхоўшчыкам. А па вечарах у бібліятэцы вучыў замежныя мовы. Перакладаў мастацкую літаратуру. Затым пайшоў у журналісты. Жыць выключна са сваіх кніг пачаў ледзьве не на пенсіі.

Стаў вядомым пасля 50

Першы раман Сарамагу апублікаваў у 1947 годзе — «Грэшная зямля». А наступны выйшаў толькі ў 1977 — «Падручнік па жывапісе і каліграфіі». Пісьменніку было 55. Яшчэ праз пяць гадоў ён выдаў «Успамін аб манастыры». З гэтага рамана пачалося прызнанне Сарамагу. Фэдэрыка Феліні думаў нават экранізаваць кнігу. Але не паспеў.

Партугальскі Маркес

Пісьменніка любяць за кнігі, якія злучаюць у сабе элементы традыцыйнага еўрапейскага рэалізму і магічнага рэалізму такіх аўтараў-лацінаамерыканцаў, як Габрыель Гарсія Маркес і Марыа Варгас Льёса, а таксама за спалучэнне ў творах багатага барока і мадэрнізму з яго пазбяганнем звычайнай пунктуацыі, як у Хорхе Луіса Борхеса ці Хуліа Картасара. Сарамагу зарэкамендаваў сябе як творчы і іранічны апавядальнік.

Вячэрняя птушка

Сарамагу аддаваў перавагу працы пасля абеду: з пяці да дзевяці гадзін. І толькі часам ён пісаў раніцай — звычайна гэты час займала ліставанне, чытанне і іншыя заняткі.

«Я скептычны, стрыманы, я не спяшаюся, я не хаджу вакол, усміхаючыся, абдымаючы людзей і спрабуючы пасябраваць. Я проста пішу».

Самыя вядомыя раманы Сарамагу — «Успамін аб манастыры» (1982), «Гісторыя аблогі Лісабона» (1989), «Евангелле ад Ісуса» (1991), «Слепата» (1995).

Сустракаў прэзідэнт

Калі ў 1998 годзе пісьменнік атрымаў Нобелеўскую прэмію, у Партугаліі было вялікае свята. Па Сарамагу, які тады знаходзіўся на іспанскім востраве Лянсаротэ, адправілі асобны самалёт з міністрам культуры на борце. А прэзідэнт краіны запрасіў яго на сустрэчу.

Памёр у эміграцыі

На Лянсаротэ пісьменнік выехаў у 1993 годзе на знак пратэсту. «Прычына майго пераезду на востраў шырока вядома. У 1992 годзе партугальскі ўрад здзейсніў своеасаблівую цэнзуру рамана «Евангелле ад Ісуса». Па загадзе Міністэрства культуры кніга, на той час перакладзеная на добры дзясятак моў, была выкраслена са спісу твораў, пададзеных на атрыманне Еўрапейскай літаратурнай прэміі. Гэта было зроблена на падставе таго, што ў ёй прысутнічаюць нападкі «на прынцыпы, звязаныя з рэлігійнай спадчынай хрысціян». Гэта, канечне, абурыла мяне».

На Лянсаротэ Сарамагу і памёр у 2010 годзе. Пахавалі яго ў Партугаліі.

Быў партыйцам

«Я не апраўдваю тое, што зрабілі камуністычныя рэжымы. Але я маю права захаваць свае ідэалы». Сарамагу з 1969 года быў членам Камуністычнай партыі Партугаліі.

Беларускі пераклад выходзіць адначасова з расійскім

За першы год у Партугаліі наклад «Пячоры» (кніга выйшла ў 2000 годзе) склаў 90 тысяч асобнікаў. У Іспаніі — 140 тысяч. Асобныя наклады па-іспанску выходзілі ў Мексіцы, Аргенціне, Чылі. Кніга выйшла ў Вялікабрытаніі, ЗША, Германіі…

Беларускі пераклад «Пячоры», які зрабіла Галіна Мітраховіч, выйшаў адначасова з расійскім.

Мора літаратуры

«Я думаю, што раман — гэта не столькі літаратурны жанр, колькі літаратурная прастора, як мора, якое напаўняе мноства рэк, раман атрымлівае струмені з навукі, філасофіі, паэзіі».

***

Раман «Пячора» Жазэ Сарамагу выйшаў у нобелеўскай серыі Noblesse oblige. Гэта сумесны праект дабрачыннага фонду «Вяртанне» і выдавецтва «Янушкевіч». Раней у серыі пабачылі свет «Голад» Кнута Гамсуна, «Каханне падчас халеры» Габрыеля Гарсіі Маркеса, «Стамбул» Архана Памук, «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігура, «Смерць у Венецыі» Томаса Мана.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера