Знайсці
31.10.2019 / 16:1650РусŁacБел

«З класічным наборам плачаў і істэрык: «Я ўскрыю вены!..»: Някляеў і Баршчэўскі патрабуюць аднавіць Севярынца

Фота Уладзя Грыдзіна

Адкрыты ліст да Старшыні і Рады Беларускага ПЭН-цэнтра

Шаноўныя калегі!

29 кастрычніка, пад ноч расстраляных паэтаў, на першым пасля З’езда паседжанні Рады Беларускага ПЭН-цэнтра частка ягоных сяброў скарыстала, як спосаб дасягнення пажаданых вынікаў галасавання Рады, наўпроставы шантаж. Інструмент, якім карысталіся і карыстаюцца ў беларускіх спецслужбах, але ніколі не карысталіся, ва ўсякім разе на маёй памяці, у творчых аб’яднаннях, у літаратурных суполках.

Я пакідаю за дужкамі тое, што сярод людзей, якія падпісаліся пад гэтую малапрыстойную дзею, былі не грамадзяне Беларусі, а значыць, не чальцы Беларускага ПЭНа. Пакідаю за дужкамі і тое, што ў працэдуру ТАЕМНАГА галасавання было прыўнесенае далёка не таемнае галасаванне тэлефоннае. Але сам факт шантажу пакінуць за дужкамі не выпадае.

Па сутнасці, у офісе на Залатой Горцы адбыўся паказ чарговай серыі «Санта-Барбары» з класічным наборам плачаў, істэрык, пагроз: «Я ўскрыю вены!..» — а нам даводзяць, што там адбылося паседжанне Рады Беларускага ПЭН-цэнтра. Гэта зневажае ПЭН, зневажае ягоных заснавальнікаў, адносіны да якіх адна з гераінь серыялу выказала не двухсэнсоўна: «Я мыслю PEN не як спадчыну Быкава і Шэрмана…»

А я мыслю ПЭН менавіта так. Як спадчыну Быкава і Шэрмана, спадчыну найлепшага, што было ў беларускай літаратуры, у асяродку літаратараў — у тым ліку спадчыну чалавечай прыстойнасці. Высакародства, якое б адпавядала высакароднаму занятку літаратурай.

Я не збіраюся на шантаж адказваць шантажом, заяўляць, што выйду з ПЭНа разам з тымі, хто мяне падтрымлівае. Я не збіраюся вяртацца ў кіраўніцтва ПЭНа — гэтага мне хапіла. Але і пакідаць ПЭН на скарыстанне героям мыльных опер я таксама не збіраюся. Надта шмат там майго жыцця.

Прашу старшыню ПЭНа склікаць чарговую Раду, перагледзець пастанову, прынятую пад ціскам і гвалтам на паседжанні 29 кастрычніка, каб прыйсці да ўзважанага, адказнага, адпаведнага званню сябра Беларускага ПЭНа і прызванню пісьменніка, рашэння.

З нязменнай павагай да усіх, хто нясе ў сабе беларускае мастацкае слова, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, —

Уладзімір Някляеў.

P.S. Ліст падпісаны таксама Ганаровым старшынём ПЭН-цэнтра Лявонам Баршчэўскім і адкрыты для падпісання усімі сябрамі ПЭН-цэнтра, у тым ліку тымі, хто, можа быць, падпісаўся пад «лістом 36-ці», не асабліва ўнікаючы ў тое, што ён падпісвае: ну, патэлефанавалі з ПЭНа, папрасілі падпісаць, дык чаму не?..

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930