Знайсці
01.11.2019 / 09:3220РусŁacБел

У Беларусі рэфармуюць участковых — РЭПАРТАЖ пра маладога шэрыфа з Воранава

У некалькіх раёнах Беларусі праходзіць міліцэйскі эксперымент, мы пра яго пісалі: з участковых зрабілі такіх сабе «шэрыфаў», хаця гэта слова па сэнсе і не зусім трапнае (шэрыф у ЗША — пасада выбарная). Але функцыянальна беларускія ўчастковыя сталі больш, чым проста ўчастковыя.

Для разумення праблематыкі трэба ўявіць нейкую сям’ю, скажам, у якой разам жывуць рэцыдывіст і яго непаўналетні сын. Тады першы з іх будзе пад увагай участковага, з другім будзе працаваць інспектар па справах непаўналетніх, а калі нехта з іх штосьці вытварыць, то з гэтым будзе разбірацца ўжо аператыўнік. Тры міліцыянеры на адну сям’ю!

І ў міністэрстве нарадзілася ідэя: у маланаселеных раёнах глыбокая спецыялізацыя трох службаў, можа, і непатрэбная — то лепш іх сумясціць? І сумясцілі, сканцэнтраваўшы ў руках аднаго «ўчастковага-ўпаўнаважанага», як яны яго назвалі, усе паўнамоцтвы і абавязкі трох службаў.

Ранейшых аператыўнікаў і спецыялістаў па дзецях таксама перавялі на зямлю, павялічыўшы колькасць новых работнікаў і зменшыўшы нагрузку на аднаго чалавека.

Важны момант рэформы і ў тым, што цяпер на адным участку ўчастковы можа даслужыцца да маёра — а раней яны беглі за званнем далей.

«Наша Ніва» з’ездзіла ў адзін з раёнаў, дзе з’явіліся ўчастковыя-ўпаўнаважаныя — у Воранаўскі, — каб паглядзець, што з сябе ўяўляе работа па новых правілах.

Зрэшты, паглядзець на работу міліцыі таксама цікава, бо на падставе чаго чалавек фарміруе аб ёй уяўленне? Перадусім праз тое, што раскажуць медыя, а ў наш фокус трапляюць звычайна або самыя шакуючыя і гратэскныя злачынствы, або нейкія абуральныя свавольствы з палітычным падтэкстам. 

Карціна атрымліваецца перакошаная, а рэальная чарнавая работа без сталічнай палітыкі — у Беларусі больш як 66 тысяч зарэгістраваных злачынстваў за гэтыя 9 месяцаў! — за кадрам.

***

Калі хто не быў у Воранаўскім раёне, то яму трэба адразу патлумачыць, што месца гэта па мерках Беларусі ўнікальнае ў некалькіх рэчах: гэта адзіны раён, дзе большасць, каля 80% насельніцтва лічаць сябе палякамі.

Вядома, масавых міграцый палякаў у край паміж Жыжмай і Дзітвой ніколі не было, мала хто нават валодае польскай.

Адна з прычын такой самаідэнтыфікацыі — рэха міжваенных дзесяцігоддзяў, калі ў час слабасці беларускай ідэі многія паверылі польскай крэсавай прапагандзе, прынялі думку «каталік = паляк» і перадалі яе дзецям.

Чытайце. Рэпартаж з Воранава: беларускі абшар, дзе 83% жыхароў лічаць сябе палякамі

Ну і ўрбанізаванаму беларусу мо цяжка будзе ўявіць, што ў вёсках тут жыве ўдвая больш людзей, чым у райцэнтры — агулам 24 тысячы, з якіх каля 6 тысяч ў самім Воранаве, які лічыцца гарадскім пасёлкам.

Насельніцтва тут з гадамі скарачаецца, але блізкасць да літоўскай граніцы яшчэ трымае раён у тонусе.

Чым тут займаюцца людзі? Ды мала чым: вялікай вытворчасці ў Воранаве няма, з заўважных прадпрыемстваў толькі «Сельгастэхніка» (робіць прычэпы «Баярын») ды літоўцы адкрылі цэх па вырабе жаночай бялізны. Хто не знайшоў сабе месца, той едзе на работу за мяжу ці ў вялікія гарады.

Калі адкінуць і не вельмі развітую гаспадарку, то дзяржава прапануе работу пераважна ў сілавым блоку: выцягнуты на 90 кіламетраў раён мае патрэбу ў пажарных пастах, граніца — у пагранічніках і мытніках, вялікі аддзел дэпартамента аховы заняты ў Гайцюнішках, дзе стаіць унікальная псіхіятрычная бальніца для тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы і трапіў на прымусовае лячэнне. З 80 сёлетніх выпускнікоў 11 паступілі ў сілавыя ВНУ!

А 1000 рублёў заробку ўчастковага дазваляюць яшчэ і прыдзірліва ставіцца да мясцовых кадраў, адбіраць. Бывалі тут і такія, якія як першы рапарт запоўняць — хоць увесь чырвоным падкрэслівай. Такіх, кажуць, выганялі.

Агулам за гэты год у раёне адбылася 141 падзея, якую трактавалі як злачынства, але за выняткам пагранічных справаў — 71 злачынства па лініі міліцыі.

Пераважна гэта крадзяжы, а што крадуць? Ды ўсё.

Начальнік Воранаўскага РАУС Руслан Хомка.

Начальнік РАУС Руслан Хомка кажа, што, апроч крадзяжоў, даймаюць сямейныя скандалы, «а чырвонай ніткай — п’янства, п’янства».

Ходам эксперыменту з «шэрыфамі» ён задаволены, мэту акрэслівае так: «Стаць бліжэйшымі да людзей».

Якіх вынікаў ад гэтага чакае кіраўніцтва? Вядома, зніжэння злачыннасці, але і яе павышэння ў той жа час: хітрык тут у тым, што калі паніжаецца крымінальная злачыннасць — а гэта забойствы, разбой, крадзяжы машын, словам, усё тое, пра што людзі звычайна заяўляюць і так, то гэта — добра.

Але ёсць яшчэ і паняцце латэнтнай злачыннасці, якая нібыта ёсць, але пра яе ніхто не ведае, бо людзі па розных прычынах могуць не паведамляць пра махлярствы, хабарніцтва, нават сэксуальны гвалт — вось калі такіх выяўленых злачынстваў становіцца больш, то гэта лічыцца ўдалай работай па выяўленні.

Праўда, пакуль, як кажуць, у Воранаве росту латэнтнай злачыннасці няма, але начальства думае, што па меры таго, як людзі будуць больш давяраць новым участковым, статыстыка пойдзе ўверх.

Ва ўчастковых-упаўнаважаных тут перапрафілявалі чатырох былых работнікаў Інспекцыі па справах непаўналетніх, трох аператыўнікаў: агулам «шэрыфаў» стала 20, плюс яшчэ начальнік службы і яго намеснік, але ўсе працуюць на ўчастках, у кожнага прыкладна па 1200 чалавек у сектары. Палітыка такая, каб участковы жыў там, дзе працуе — так ён будзе больш ведаць, часцей бываць, хутчэй заслужыць давер той тысячы і хутчэй, калі што, раскрые злачынства, бо часцяком проста будзе ведаць, хто мог яго зрабіць.

Цікава, што мясцовы начальнік міліцыі спачатку нават не зразумеў, што мы хочам паездзіць з участковым і паглядзець на работу жыўцом, — падумаў, што запішам толькі са словаў. Але пасля таго, як паразумеліся, было вырашана нагрузіць кампаніяй капітана Аляксея Дайлідку.

Дайлідку 28 год, новыя пагоны атрымаў толькі сёлета, сёлета ж і працягнуў кантракт яшчэ на 5 год, жанаты, мае дзіця. Выпускнік Гродзенскага ўніверсітэта, фізрук па спецыяльнасці. Працай міліцыянера натхніўся падчас службы ва ўнутраных войсках, спачатку спрабаваў сябе ў Інспекцыі па справах непаўналетніх.

Дайлідка — мясцовы, родам з Роўбішкаў, жыве ў Беняконях. Кажа, што хоць гэта і гучыць пафасна, лічыць службу прызваннем, «бо грошай вялікіх тут дакладна не заробіш, а такія ж самыя можна было б і ў іншым месцы, ды яшчэ з гарантыяй, што ніхто цябе ноччу не спора і мець справы са злодзеем не абавяжа». 

У гэты асобны дзень, пятніцу, яму трэба праехацца па некалькіх адрасах, калі не будзе пільных выклікаў.

Агулам у яго на ўчастку 30 населеных пунктаў і 46 «прафілактаваных асобаў». Сэнс тэрміна зразумелы: там алкаголікі, раней судзімыя, хатнія тыраны і гэтак далей, з імі трэба працаваць асобна. А ў астатніх, кажа, проста цікавіцца жыццём: «працаваць на ўчастак, каб потым участак працаваў на цябе».

Вось і першую пачутую гісторыю крымінальнай не назавеш — гэта, хутчэй, элемент дапамогі ў закручанай сямейнай драме: у людзей стрыечны брат атрымаў інсульт, жыве адзін — выпішуць з бальніцы, думаюць яны, ці перажыве зіму? Таму хочуць аддаць на «сацкойку», але праблема — пашпарт даўно страчаны. Чаму страчаны? Гэта іншая гісторыя, з яснымі прычынамі, а новы зрабіць няма як, бо брат не падымаецца і ні заявы напісаць, ні зрабіць фота не можа.

Назіраем, як вырашыцца сітуацыя, едзем у вёску Дайнава.

— Добры дзень! Па вашай праблеме, што званілі: з начальнікам пашпартнага стала я дамовіўся — сёння прыедзе чалавек, які прыме ад вас заяву, вам трэба быць а 16-й там. Фота брата зусім ніякага няма? Вы пашукайце. Калі нічога ўвогуле не будзе, то давайце я шчоўкну на мабільны, а ў фотаатэлье гэта неяк на камп’ютары падкруцяць, каб можна было на пашпарт узяць, трэба будзе толькі каб ён спакойна сфатаграфаваўся, — прапануе ўчастковы.

— Дзякуй вам! Цяжка старым жыць самім, а брата глядзець і няма як. У хаце людзі новыя, мы вам раскажам — у брата ўжо былі праблемы, але ўпёрся: «Сам буду жыць!» Пакуль другі раз ад інсульту не паваліўся. Дзякуй участковаму, бо што б іначай рабіць было? Ні пашпарта, ні халеры. А самі мы не баёмся міліцыі! Часцей прыязджаюць — болей парадку будзе. Колькі разоў да нас звярталіся, мы заўсёды дапамагалі. Вось летась удваіх жылі побач браты, пілі нейкую поскудзь, адзін так і памёр — на крэсле, другі ў рэанімацыі. Ну во! Міліцыя шукае — а гэта мясцовы прадаў. Мы ведаем, мы дапамаглі, канечне, бо як гэта? Чалавек памёр! — сказала спадарыня Тэрэза пад ківок мужа, Уладзіслава Чэслававіча.

— Яны ўсё выпілі, мы правялі экспертызу пароў, што яшчэ былі, даказалі, што там таксін, — дадае Дайлідка.

Пад нараканні старых пра тое, што некалі жывы бок вёскі апусцеў, а крама закрылася, едзем далей.

Дайлідка ўспамінае, што яму сёння трэба будзе паспець і на суд з амаль дастаеўскім сюжэтам, слухайце: у мясцовай сям’і з трох братоў двое былі проста закончанымі алкашамі, ім наш участковы выпісаў пуцёўку ў ЛПП, але ЛПП іх не ўзяў — не было месцаў, «няма як даставіць, трэба пачакаць». І вось у час куражу ад такой палёгкі між братамі нешта заіскрыла, і той, які да алкаголю быў роўны, неасцярожна ці то тузануў свайго сваяка, ці то што, а той упаў, галавой аб батарэю ды давай паміраць. Ненамераны забойца пазваніў Дайлідку: «Што я нарабіў, брату кепска, хутчэй едзь», — а той, калі прыехаў, убачыў ужо нежывога. Цяпер непітушчы затрыманы і пасля суду — у турму, другі — у ЛПП, дзе ўжо вызвалілася месца, а трэці — на могілкі.

Сёлета гэта другое забойства, было і яшчэ адно: бацька забіў сына, таксама па п’янцы патузаліся, адзін схапіў нажа…

З расказанага можна зрабіць выснову, што ў раённых рэаліях забойства — гэта проста бойка, якая зайшла надта далёка.

Крыміналогія, дарэчы, робіць цікавую выснову: сцэнар адзначэння свята і сцэнар забойства ў нас амаль супадаюць, бо чакаецца, што нейкія знаёмыя між сабой людзі збяруцца ў замкнёнай прасторы і будуць піць алкаголь. А адрозненне толькі ў фінале.

Таксама вядома, што паспяховыя людзі больш забіваюць на святы, бо не могуць дазволіць сабе арганізаваць адпачынак па-за межамі календара, у адрозненне ад маргіналаў, якія могуць зрабіць сабе свята хоць кожны дзень. Але ладна, едзем далей.

Аляксей пакуль філасофствуе на тэму пераваг эксперыменту.

«У следча-аператыўнай групы заўсёды былі цяжкасці з яе дастаўкай: часам яна прыбывала, калі трэба было вывучаць сляды злачынства, а тут ё магчымасць прыехаць у час злачынства ці нават да таго, як нешта здарылася. Раён выцягнуты, ехаць 60 кіламетраў на выклік з Воранава — гэта гадзіна часу. А ўчастковаму трэба максімум 15 хвілін, тым больш што калі наладжана работа, то будуць званіць наўпрост участковаму, а не ў дзяжурку.

Вось і ў мяне ў жніўні званок — пагроза забойствам, месца — за 2 кіламетры ад мяне. Я бегам штаны нацягнуў, зброю ўзяў, у машыну ўскочыў і праз 3 хвіліны на месцы — ніхто яшчэ не пацярпеў, пытанне вырашылі.

Яно, ведаеце, як бывае, у палове выпадкаў: сямейны скандал, жонка выклікала, а потым глядзіць — ну муж ужо сам спалохаўся, што міліцыя прыехала, яна пачынае хвалявацца за яго.

Дадайце сюды, што часта жонка фінансава ці яшчэ як залежыць ад мужчыны. Яна пачынае ўзважваць: а ці добра, што яго зараз забяруць? Ну і ледзь не сама пачынае на мяне кідацца: «Забірайся адсюль». У такіх выпадках, калі яна не піша заяву, то што ж — прымушаць не будзеш. Але ў нейкі аркуш да пільнай увагі такая сям’я ўжо трапіць.

Іншая частка такіх сямейных выклікаў — гэта калі жонка выклікае незаўважна, ты прыязджаеш і спрацоўваеш громаадводам — агрэсар на цябе пераключаецца. Нейкія моманты абразлівыя, але супакойваеш сябе тым, што, перажыўшы іх, ты папярэдзіў гвалт. Ну а потым людзі супакойваюцца, звоняць, бывае, выбачаюцца, што сказалі ў шаленстве, а потым пераасэнсавалі і словы, і паводзіны агулам. Ну а я не магу не дараваць, бо як мне потым выбудоўваць работу?»

Заязджаем у вёску Беняконі да адной сям’і, участковы дае папярэднюю характарыстыку: маўляў, сям’я станоўчая, сын талковы — жаніўся, жанчына моцная і цярплівая.

А мужык, Юра, вось скаціўся — хаця і не скандаліст, з хаты нічога не выносіць, але п’е. І п’е ціха, на вуліцу не выходзіць, такому амаль нічога не зробіш — толькі настойлівая прафілактыка і рэакцыя на звароты сям’і. Вось канкрэтна ў яго ўжо была адна медыцынская камісія — адной нагой ён ужо ў ЛПП. На двары разыгрываецца такі дыялог:

— Ну калі вы ўжо на работу ўстроіцеся? Вы ж у курсе, што па вас вырашаецца пытанне і… ну як гэта? Чалавек, у якога дом ёсць такі харошы, жонка, сын маладую ў сям’ю прывёў — і ў ЛПП ехаць? Ну гэта ж ганьба!

— Згодны. Я далібог хутка паеду, хачу камплектоўшчыкам у Мінск. Адзіная праблема, што ўсё цераз агенцтва цяпер, а яны 80 рублёў хочуць, гэта раз. Ну і грошы на першы час трэба… А на перыферыйныя заробкі я сюды не пайду, у Беняконях дзе я зараблю? Глядзеў во апытанне ў Мінску: там людзі называлі прымальным заробкам ад 1500 рублёў. Ну мне хаця б тысячу — такі арыенцір. Толькі вось агенцтва гэтае… Ну а без яго толькі па 500 рублёў знойдзеш заробак.

— Жонка ж будзе радая, калі вы рабіць пачняце? Няўжо не дапаможа вам з першымі крокамі.

— Можа быць (усміхаецца).

Чуў недзе думку, што ў беларусаў праблемы з бізнэс-мысленнем, вось і спадар Юрый: у чалавека залатыя рукі, глядзіш на падворак і ясна, што тут ёсць гаспадар. Плот шыкоўны зрабіў з дрэва, нейкія дробныя дэталі, сметніцу, гараж, нават арэлі вялізныя паставіў — і ўсё сам, і ўсё прыгожа. Але ці думаў над тым, каб каму яшчэ прапанаваць, хто сам не такі рукасты? Не, кажа, не думаў.

Калі маеце патрэбу ў драўляных рэчах на падворак — замоўце ў Юрыя Васюкевіча, дапамажыце чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця. Кантакт у рэдакцыі.

А чаму Васюкевіч пачаў піць? Ужо губляецца ў храналогіі, але думае, што паспрыялі паездкі на заробкі ў Маскву, дзе «немагчыма не піць», а потым «пакрысе, патрохі, паціху».

Як ён ацэньвае работу ўчастковага?

«Я ведаю, што работа цяжкая гэта, я сам некалі працаваў у пазаштатнай ахове і разглядалася пытанне, каб і мяне ў міліцыю, ва ўчастковыя, — успанімае Васюкевіч. — Але не пайшоў. Прэтэнзій не маю, думаю, што правільна ён тут мне па мазгах ездзіць».

Цікаўлюся ў Аляксея, дык ці ёсць карысць ад ЛПП? Многія так не думаюць.

«Карысць ёсць у любым разе. Вось чалавек п’е — ён небяспечны для сям’і, ён непрыемны. Сваякі нават нейкія элементарныя рэчы не могуць вырашыць праз штодзённыя п’янкі. І тут на год палёгка. Ну вось у іх спытаць: яны ў ізаляцыі такога брата ці бацькі карысць знойдуць? А наконт выпраўлення я так скажу: калі з дзесяці нават два чалавекі вернуцца і больш не будуць падымаць чарку, то гэта ўжо вялікая справа. Пяць з дзесяці, пэўна, максімум, а іншых — кадзіруй ты, не кадзіруй… Калі з дзяцінства ўзяліся за п’янку, то не ўратуе ніхто», — кажа Дайлідка.

Але ў чым, па-ягонаму, прычына п’янства? Тут ён троху бянтэжыць прастатой развагі: «Менталітэт такі!» Але хіба ўсе беларусы алкаголікі, хіба праблема не шырэйшая?

«Так, пэўна, і шырэйшая: выхаванне, лад жыцця, сацыяльныя традыцыі. Разумееце, піць жа ж у нас не забаронена. Але дзе мяжа паміж ужываннем і злоўжываннем? Ну мы яе ведаем, а калі яна з самага дзяцінства сцёртая тваімі ж бацькамі, сваякамі, то тут ужо даводзіцца змагацца толькі з наступствамі», — кажа ён.

Асноўная частка злачынстваў тут робіцца сп'яну. І нават калі няма грошай, людзі ўсё роўна знаходзяць чаго выпіць — за год міліцыя выяўляе пад 100 фактаў нелегальнага абароту, гэта ледзь не кожны трэці дзень. А чаму робяць самагонку? Дык тут усё проста: літр гарэлкі ў краме будзе каштаваць 15 рублёў, а літр самагонкі абыдзецца ў рубель — толькі на цукар ды на дрожджы. І добра, калі для крэпасці не дададуць яшчэ нейкага дзярма накшталт дыхлафосу.

У змаганні з алкаголем дапамагае нават касцёл, а ў гэтым краі каталік — у кожнай хаце.

Скажа пробашч на навуцы: «Не ганіце гарэлкі, мне тут сказалі пару прозвішчаў…» — і гэта працуе.

Між тым, наступны чалавек на кантролі Дайлідкі жыве ледзь не цераз дарогу — Павел Пачобут.

Малады мужык, якога ў свой час крутанула не туды, — захацеў лёгкіх грошай і ўзяўся дапамагаць нелегальна пераходзіць граніцу. Як кажа — дадумаўся не сам, а падказалі і падставілі. Ну цяпер вось жыве ў доме і заўсёды замыкаецца, каб, калі пагрукаюцца старыя сябры, — незаўважна зірнуць на дзверы з глыбіні хаты і зрабіць выгляд, што нікога няма дома.

Але ўчастковаму, вядома, адкрывае.

— Так, што чуваць? Што з алкаголем?

— Я прыхварэў… З алкаголем — усё нармальна! Ніякіх праблем няма, — кладзе руку на сэрца цвярозы Пачобут.

— А работа?

— У наступным месяцы прышлюць запрашэнне на Польшчу! Усё афіцыйна, усё як паложана. Там наш Віця ўжо карту пабыту зрабіў, у брыгадзе месца вызвалілася, ёсць магчымасць заняць. Ты ж ведаеш, мне выезд забаранялі ў сувязі з судзімасцю. Але ўжо знялі, я ўжо дамовіўся, каб ехаць. У Беняконях для мяне нічога няма, а ў палякаў ёсць што ўзводзіць і плацяць 75 рублёў у дзень!

Павел — будаўнік. Не тое што мясцовую мытню — «Чыжоўку-арэну» будаваў! Але як фірма развалілася, так і перабіваўся без работы. Цяпер вось, пакуль чакае запрашэння з Польшчы, займаецца тым, што ловіць рыбу. У Беняконях брат — старшыня райсавета, багаты чалавек са страхавым бізнэсам, адгукнуўся на просьбу сваяка і акультурыў мясцовае возера, запусціў туды карпа, стронгу. За разавы ўнёсак у 30 рублёў для сяброў кааператыва, кажа Павел, можна лавіць хоць кожны дзень, але галоўнае — «па-людску, не цягнуць на продаж, а колькі сам з’ясі».

— А як ацэніце вашага ўчастковага? — пытаюся.

— Цаню! Можа, гэта па-дзіцячаму гучыць, але ён вось і добрыя словы скажа, і параду дасць, хай простую. А калі няма з кім параіцца талковым… Вам мо ёсць ад каго пачуць, як правільна жыць, а мне мала хто такое скажа. Вы не зразумееце.

Гэты візіт сканчаецца тым, што Павел дае абяцанне прыйсці на прафілактычнае мерапрыемства ў РУУС: «Там фільмы паказваюць, работу прапануюць. Я лічу, што ёсць сэнс пахадзіць, калі ўстаноўкі правільна жыць часам пад пытаннем», — рэзюмуе Павел.

Хочацца ведаць, а што перажывае ўчастковы ў час сваёй работы?

«Самая моцная эмоцыя настае ўвечары пасля працоўнага дня. Мітусня на момант спыняецца, — ну не спыняецца, канечне, проста такі момант зацішку, — і прыходзіць адчуванне, што ты сёння зрабіў нешта патрэбнае, карыснае, дапамог чалавеку, пачуў «дзякуй». А колькі я асабіста разоў гэтае слову чуў і не скажу — не лічу», — кажа ён. Адпачынак ад работы ён знаходзіць у сям'і і спорце. 

Дарога тым часам ідзе ў бок граніцы, ужо пачынаецца даўжэзная чарга грузавікоў.

«Разы два-тры на месяц тут нешта бывае, і гэта я не ўлічваю ДАІ, а толькі свае выпадкі. Звычайна тут так: нейкі самы хітры дальнабой пачне аб’язджаць іншых, а яму па машыне ляснуць рукой ці яшчэ чым, люстэрка адаб’юць, а гэта ўжо псаванне маёмасці. Бывае, тут і морды б’юць, але супакойваюцца да прыезду міліцыі, бо, пакуль да Воранава ў РАУС і назад, пакуль разбіральніцтва, — так і дзве гадзіны пройдуць, а чарга ў гэты момант рухаецца», — расказвае Аляксей.

Цікавы факт: многія тут ездзяць на работу ў Літву. Гэта яшчэ старая традыцыя з часоў Саюза, калі ў саміх Беняконях мала хто працаваў — усе ездзілі ў Вільню, адгалоссе таго дабрабыту бачна ў архітэктуры месца. І з’яўленне ў гэтай схеме граніцы, а потым — пастрожванне кантролю нарадзіла іранічныя калізіі.

Напрыклад, людзі тут робяць так: едуць ад дому да Літвы на ровары, так хутчэй пяройдзеш граніцу. У Літве ровар пакідаюць проста каля пагранічнага пункта або нават з беларускага боку. Таму з абодвух бакоў стаяць такія вялікія роварныя паркоўкі, дзе ніхто ніколі ровары не прышпільваў, але калі іх стала надта шмат, то некаторыя ўжо плюнулі шукаць свой і бралі абы-які, а іншыя ўспрынялі адсутнасць уласнага ровара як крадзеж, звярталіся ў міліцыю.

Ды так і жылі, пакуль не паставілі трымальнікі для ровараў, камеру і не папярэдзілі ўсіх, што карыстацца ўсё ж лепш сваім.

Ля перахода нам сустрэлася жанчына — літоўка з літоўскім пашпартам, якая жыве ў Беларусі, а працаваць ездзіць у Літву.

А мы тым часам ужо едзем у Беняконскую школу, яна тут адносна вялікая, на 210 дзяцей. Мова выкладання — беларуская, але дырэктарка па-беларуску гаворыць, толькі калі ёй пра тое нагадаеш.

З усіх дзяцей на ўліку толькі двое: адзін трапіў за тое, што кінуў да суседзяў петарду, другі за рэгулярныя хуліганствы і бойкі.

Тыповая бяда гарадскіх падлеткаў — спайсы — вёску абмінула. Тут і грошай не так шмат, і цяжка ўтаіць залежнасць. Дый прадаць праблематычна, каб ніхто не быў у курсе. Праблемай застаецца хіба што заняць час дзяцей, бо тут, апроч бацьковых палеткаў,ніякіх забаваў, выкручваецца школа: гурткі па інтарэсах, секцыі, музычная школа. За лета прышкольны лагер пракруціў 7 зменаў!

Дайлідка прафілактычна звярнуўся да школьнікаў у актавай зале. Гэта было троху наіграна і для журналісцкага кадра, але мо лішнім і не будзе.

— Любая дурасць — і ўжо могуць быць наступствы. Наконт асабістых рэчаў: у вашай школе быў выпадак з мабільным тэлефонам. Дык вось, беражыце тое, што вам купілі бацькі. А калі жывяце недалёка, то і ўвогуле можна не насіць мабільнікі ў школу! Да якога часу гуляць на вуліцы можна, ведаеце?

— Да дзевяці!

— Ну добра, хай будзе да дзевяці, — прыкладна такая размова адбываецца ва ўчастковага са школьнікамі. А на размову тэт-а-тэт з праблемнымі лішніх не пусцяць.

«З малым галоўнае, каб ён не бачыў у табе ворага. Часам трэба не насупраць сесці, не за сталом, а побач, плячом дакрануцца яго: ну што ты там? Можна напісаць шмат рэкамендацый — і яны ёсць — аб тым, як працаваць з дзецьмі, але яны будуць актуальныя толькі тады, калі дзіця адкрылася вам. Ну так, хтосьці больш рухавы, няма куды энергію дзець, да яго трэба з боку спорту зайсці: маўляў, вось тут ёсць секцыя для цябе, ты б, можа, заняўся, там і канкурэнцыя з такіх, як і ты, там ёсць каму што даказваць, куды расці. А нехта спортам не цікавіцца, а камп’ютарам, напрыклад. Ну тут трэба разабрацца: а ў што ён гуляе, а што ў гэтым яго інтрыгуе? Нейкія словы знаёмыя яму ўжыць, паказаць інтарэс, хтосьці ўвогуле гаварыць не будзе — спрабуй праз сяброў.

Я на вучобе сутыкаўся з калегамі з іншых раёнаў, якім рэальна вельмі цяжка даецца работа з дзецьмі: ну вось ён і прафесійны работнік, з аднаго боку, 10 гадоў крымінальнага вышуку, як працэсуальна працаваць, ён ведае. А яго гэты жывы камок аблепіць, пачне адрываць кішэні, ён губляецца — а што з імі рабіць? А рабіць нешта трэба: калі ён цяпер хуліган, то яшчэ пару гадоў — і ён вырасце да крыміналу, усё роўна гэта будзе твая спадчына», — тлумачыць Дайлідка.

Дарэчы, яшчэ адна адметнасць воранаўскага раёна — тут ёсць цыганская дыяспара на 134 сям’і.

Жывуць яны кампактна ў Радуні — гэта былы райцэнтр на 2 тысячы жыхароў, якім некалі ўзбуйнілі Воранаўскі раён.

Радунь — гэта не ўчастак нашага ўчастковага, пра тыя рэаліі нам расказалі іншыя міліцыянеры, а адносна дзяцей там сітуацыя такая: здараюцца выпадкі, калі дзяўчынка выходзіць замуж у 14 гадоў.

Прыязджаюць з пытаннем, чаму дзіцё не ходзіць у школу, а тут у адказ: «Дарагі, якая школа, яна ж за-му-жам!»

З інтэграцыяй цыган у грамадства, прызнаюцца ў органах, справы ідуць цяжкавата — ёсць пазітыўныя прыклады, але сталае пакаленне жыве па сваіх традыцыях, значная частка мужчын за 40 прайшла турму, пісьменнасць слабая, на работу ўладкаваць удаецца не ўсіх.

Але, маўляў, час нешта зменіць — ужо і барона няма ў іх.

У абавязкі ўваходзіць і праверка зброі. Аднойчы такая гісторыя пад Івацэвічамі скончылася стралянінай. На фота мясцовы жыхар Генадзь Васілеўскі — паляўнічы амаль з 30-гадовым досведам. Бывалі часы, калі гэтым зарабляў сабе на жыццё ў тайзе.

За размовамі праязджаем іншыя вёскі. Во стаяць мужыкі, на кароткі сігнал міліцэйскай машыны махаюць услед, прашу спыніцца:

— Супрацоўніка ведаеце? — пытаюся.

— Чаму не ведаем? Ведаем, бачым. Вы самі зразумейце, тут пагранічная зона, людзі розныя ездзяць. Наробіць чаго і паедзе, тут трэба, каб участковы быў заўжды на строме!

Тут стаіць і цікавы мясцовы кадр, які ў свой час нарабіў галаўнога болю і міліцыі, і пагранічнікам — Іван Тадэвушавіч. Гэта асоба спецыфічная, абыдземся без дэталяў і прозвішча. Тут ён нарадзіўся і вырас, прыгранічны лес ведае як свой дом і неяк, зімой, вырашыў прыкалоцца — перайшоў граніцу і з вонкавага боку пагранічнага слупа напісаў свае ініцыялы: Р.І.Т.

Пагранічнікі ў час абыходу заўважылі і абамлелі. Пачалі шукаць, звярнуліся па дапамогу да міліцыі.

У выніку Івана знайшлі, ён патлумачыў, што хацеў проста праверыць работу пагранічнікаў, а з улікам названай спецыфікі асобы нічога такога яму за тое і не было, толькі навука, што рабіць так наперад не варта.

Адметна, дарэчы, што ў нашай размове Аляксей Дайлідка адмаўляе існаванне «палак» (палачная сістэма ацэньвання працы, калі чым больш раскрытых ці нібыта раскрытых злачынстваў — тым вышэй заробак міліцыянта. Гэтай сістэме абвесціў вайну новы міністр Юрый Караеў — «НН»), кажа, што калі дзе такое і ёсць, дык не ў службе ўчастковых.

«У мяне заробак фіксаваны, прагрэсіўнай стаўкі няма, больш мне не заплацяць, гэта адно, — кажа Дайлідка. — А другое — а хто мне можа давесці план, калі толькі я тут галоўны і толькі я ведаю, што ў мяне адбываецца на ўчастку? Не ўяўляю, як гэта можна спланаваць».

А на што ўчастковы рэальна наракае? Дык гэта на паперамаральніцтва.

«Як бы так зрабілі, каб іх менш трэба было запаўняць. Ну вось нават элементарны пратакол: п’яным боўтаўся па вуліцы. І чалавек сам прызнае: вінаваты, вось па якіх прычынах. А ты ўсё адно туды прыкладаеш характарыстыкі, даведкі, апытанні сведкаў і гэтак далей. Можа, хоць менш паўторных апісанняў рабіць?» — кажа ён. 

На гэтым мы з Дайлідкам скончылі, той паехаў на суд, а мы — далей па Воранаве і ў бок Мінска.

Ці наракаюць мясцовыя жыхары на работу міліцыі? З улікам таго, што ў большасці тут сваякі ці знаёмыя звязаныя з сілавымі структурамі, дык не асабліва.

А вось мясцовы прадпрымальнік Эдвін знайшоў што сказаць: 

«Міліцыя заўсёды была, паўсюль. Хіба што ў нас іх занадта шмат? Ну вось у Польшчы і Літве таксама парадак, але па лічбах на душу насельніцтва міліцыі менш. Агулам у мяне прэтэнзій да іх работы няма, хіба што вось з флікерамі: я сам не сутыкаўся, але знаёмыя не раз расказвалі, што стануць у адным месцы, дзе мала святла, і ловяць там за адсутнасць флікераў — ну іншай работы ім мала ці што? Гэта таксама важна, але ўсё ж гэта не служба толькі па адлове за флікеры». 

Агулам, кажа Эдвін, жыць у Воранаве можна было б, агучвае пажаданне ўжо ў бок калектыўнай улады: «Хай бы прадпрымальнікам далі нейкіх ільготаў, каб і самім працаваць было прасцей, і даваць работу людзям».

А едучы ў Мінск, мы спыніліся яшчэ ў Пераганцах і Германішках, пагаварылі з людзьмі.

У Германішках прадавачка шапіка пахвалілася, што за год прадала піва толькі на 500 рублёў: маўляў, гэта мала, яна гэтым ганарыцца. 

А вось адна з мясцовых імпульсіўна сказала: 

«Зусім участковага не ведаю! Але ён толькі нядаўна робіць у нас, трэба было б пазнаёміцца! Трэба было, каб праходзіў па дварах і цікавіўся, чым жыве вёска. Пытанні да яго могуць быць! Я б скардзіцца не стала, але вось некаторыя ствараюць паўнейшы дыскамфорт! — надае сабе саліднасці падборам словаў жыхарка Германішак, але потым працягвае ўжо проста: — Хто гоніць самагонку, ведаю! Панапіваюцца і потым бадзяюцца тут розныя, плот мне падпіраюць!»

Арцём Гарбацэвіч, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930