Знайсці
30.10.2019 / 20:205РусŁacБел

Бабкоў: Севярынец быў цынічна скарыстаны як дымавая завеса для канфлікту Нядбай і Анціпава

Прычынай скандалу ў Беларускім ПЭН-цэнтры было не выключэнне (прыняцце) палітыка Паўла Севярынца, а рознагалоссе ў кіраўніцтве. Пра гэта кажа філосаф і літаратар Ігар Бабкоў.

«Канфлікт між старшынёй ПЭНа Нядбай і першым намеснікам Анціпавым. У канцы другога года ён зайшоў так далёка, што бакі сфармавалі дзве паралельныя адміністрацыі, кожная з якіх вяла свае праграмы. Канфлікт мусіў вырашыцца на з'ездзе. Алексіевіч падтрымала Нядбай і выступіла, як напісаў Фядута, «вогнетушыцелем». Сфармавалі кампрамісную Раду.

Старая каманда не здалася і «падпаліла офіс». Выпадак з Севярынцам быў цынічна скарыстаны як дымавая завеса. Усё, што адбылося далей, — пякельны сорам», — напісаў Ігар Бабкоў.

Расказаць пра ўнутраную кухню ён вырашыў таму, што праз абразы, правакацыі, няправільныя інтэрпрэтацыі вакол сітуацыі рэпутацыя ПЭНа і літаратуры імкліва падае. «Хацелася паказаць тую рэальнасць, з якой паўсталі мыльныя бурбалкі нашых уяўленняў», — патлумачыў ён «Нашай Ніве».

Ігар Бабкоў.

Па словах Ігара Бабкова, у кіраўніцтва ПЭНа былі прынцыпова розныя стратэгіі.

«Нядбай — менеджар еўрапейскага класу, якая прыйшла ў ПЭН пасля работы ў польскіх фундацыях. Яна паспрабавала зрабіць ясную і празрыстую структуру арганізацыі. А Анціпаў, як ён сам казаў, за гарызантальную структуру, таварыства сяброў, якія размяркоўваюць задачы.

Пры ўсёй сімпатыі да таварыства сяброў, гэта вылілася ў цынічную групаўшчыну, пры якой пачалося ўмацаванне ўлады пэўнай групы.

Старая каманда на чале з Анціпавым паспрабавала максімальна выключыць з ПЭН-цэнтра людзей, якія ў іх ўяўленні галасавалі бы супраць і ўключыць сваю групу падтрымкі. Яшчэ крышачку — і быў бы рэйдарскі захоп ПЭНа. Гэта мае інтэрпрэтацыі.

Прыход Алексіевіч і старой гвардыі — спроба вярнуцца да шляхецкай дэмакратыі, калі кожны бок мусіць быць прадстаўлены і мець права голасу», — мяркуе Бабкоў.

Першы намеснік старшыні Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай расказала, што ў іх з Анціпавым сапраўды было рознае бачанне парадку дня арганізацыі і сферы яе дзейнасці.

Таццяна Нядбай.

«У прынцыпе, гэта нармальны працэс — я прыйшла ў арганізацыю са сваімі прапановамі, да большасці якіх не ўсе аказаліся гатовыя.

Пры гэтым, праблемныя сітуацыі нам удавалася вырашаць праз Раду. Мне, вядома, патрэбныя былі памочнікі для рэалізацыі шэрагу праектаў, таму я арганізоўвала сабе такіх памочнікаў. Але ў выніку нам (усім) удалося рэалізаваць значна больш, а ПЭН аброс новымі праектамі, ідэямі, прэміямі».

У чым канкрэтна заключаліся рознагалоссі, Таццяна агучваць не стала.

«Мы шмат пра гэта размаўлялі мінулыя два гады і сёння хацелася б пакінуць гэта ў мінулым і глядзець у будучыню. Цяпер у мяне ёсць усе паўнамоцтвы, каб сфармаваць каманду, якая б працавала на дасягненне мэт, якія стаяць перад арганізацыяй, з улікам мінулых дасягненняў і дзейнасці. А для працы над дакладным вызначэннем павесткі планую прыцягнуць актыўных сябраў арганізацыі», — адказала яна.

Павел Анціпаў адмовіўся каментаваць сітуацыю.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930