Знайсці
22.11.2019 / 01:342РусŁacБел

Перапахаванне герояў паўстання Каліноўскага — топ-10 фактаў пра справу

22 лістапада ў Вільні на могілках Росы пройдзе ўрачыстае перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў, публічна пакараных смерцю на віленскай Лукішскай плошчы падчас так званага мураўёўскага тэрору. Сярод перапахаваных і наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. Асноўныя факты пра гэту справу сабраў Аляксандр Пашкевіч.

1. Як знайшлі парэшткі паўстанцаў?

У лютым 2016 года на Замкавай гары ў Вільні здарыўся апоўзень, які пасля паўтарыўся ў кастрычніку таго ж года. Гэта стварала небяспеку для вежы Гедыміна — архітэктурнага помніка XIV стагоддзя, размешчанага на вяршыні гэтай гары. Яе паўночны схіл, на якім адбылося спаўзанне грунту, было вырашана трывала ўмацаваць, але папярэдне правесці тут археалагічныя раскопкі.

Менавіта ў гэты бок, на тэрыторыю Нацыянальнага музея Літвы, сышлі ў 2016 годзе два апоўзні, з-за якіх літоўскія археолагі былі вымушаныя пачаць раскопкі. Фота: shutterstock.com, by Сathouseproduction.

Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га, і ўжо праз некалькі дзён знайшлі першыя чалавечыя парэшткі. Знаходкі працягваліся і пасля. Усяго ў выніку былі выяўленыя парэшткі 20 чалавек. Дзевяць былі пахаваныя ў індывідуальных магілах, у чатырох ямах закапалі па два чалавекі, а ў адной было трое.

Месца раскопак — выгляд зверху. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

2. Ці стала адкрыццё магіл нечаканасцю?

Не, іх шукалі мэтанакіравана. Бо пра тое, што абсыпаныя вапнай целы паўстанцаў звозілі з Лукішскай плошчы на Замкавую гару, ведалі і раней. Больш за тое — вядомае было нават прыблізнае месца пахаванняў.

Замкавая гара ў Вільні ў 1870 годзе. Фоталітаграфія Івана Трутнева. Фота: Wikimedia Commons.

Пакуль у нашым краі захоўвалася ўлада Расійскай імперыі, нейкія росшукі ў гэтым кірунку былі немагчымыя. Аднак пасля таго, як у 1915 годзе расіяне сышлі з Вільні і ў яе прыйшлі немцы, на месцы пахаванняў былі праведзеныя невялікія раскопкі, балазе яшчэ жылі сведкі, якія маглі паказаць прыблізнае месца. Падчас раскопак выявілі некаторыя парэшткі, а таксама фрагменты адзення і абутку.

Маштабных раскопак праводзіць тады не сталі, але была зроблена першая спроба мемарыялізацыі месца пахавання. Намаганнямі грамадскасці на месцы пахавання быў выкладзены крыж з цэглы, а пасля на гары ўсталявалі вялікі драўляны крыж, аўтарам якога быў вядомы віленскі архітэктар Антоній Вівульскі. Праўда, неўзабаве ён быў знесены на загад нямецкіх акупацыйных уладаў.

У 1920-я гады, калі Вільня адышла да Польшчы, мемарыял быў адноўлены. Ён складаўся з крыжоў і прыгожай мармуровай шыльды з імёнамі пакараных смерцю паўстанцаў. Але ўсё гэта было знішчана, калі Вільня ў 1939 годзе адышла да Літвы, а ў 1940-м тут усталявалася савецкая ўлада.

Пасля ідэя аднаўлення мемарыяла неаднаразова ўзнікала, але яе адхілялі літоўскія ўлады: спярша савецкія, а пасля і нацыянальныя. Бо для літоўцаў, у адрозненне ад беларусаў і палякаў, паўстанне 1863—1864 гадоў у нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі асаблівага значэння не мае. Як і Кастусь Каліноўскі для іх не нацыянальны герой, а толькі адзін з многіх лідараў паўстання.

Ужо ў нашым тысячагоддзі спробы шукаць магілу Каліноўскага рабілі пад кіраўніцтвам прафесара Алеся Смаленчука сябры Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Ім удалося знайсці ў бібліятэках і архівах Вільні нямала цікавых дакументаў, у тым ліку і пра раскопкі часоў Першай сусветнай, але правесці новыя не выйшла. Магчымасці для гэтага адкрыла толькі аварыйная сітуацыя на Замкавай гары.

3. Чаму расіяне хавалі паўстанцаў менавіта на Замкавай гары?

У той час гэта было найлепшае месца для таго, каб зрабіць пахаванне, не прыцягваючы нічыёй увагі. З 1830-х гадоў на вяршыні гары расійскія вайскоўцы зрабілі фартэцыю, доступ у якую, натуральна, быў абмежаваны. З горада месца магілы не праглядалася.

Хаваючы паўстанцаў патаемна і на рэжымнай тэрыторыі, расійскія ўлады імкнуліся, каб месца пахавання не ператварылася ў месца паломніцтва. Бо ўжо мелі негатыўны досвед: магіла расстралянага ў лютым 1839 года рэвалюцыянера Шымана Канарскага на кальвінісцкіх могілках у Вільні стала святыняй для мясцовых патрыётаў і патанала ў кветках.

Закапаўшы трупы, месцы магілаў зараўнялі, з часам яны сталі непрыкметнымі. Адзіным арыенцірам для тых, хто нешта ведаў пра месца пахавання, служылі дзве таполі. Пасля гэта дапамагло пры правядзенні раскопак у 1915 і 1916 гадах.

4. Хто быў пахаваны?

Усяго з 22 мая 1863-га па 22 сакавіка 1864-га ў Вільні за ўдзел у паўстанні быў пакараны смерцю 21 чалавек. Першым стаў ксёндз з Жалудка Лідскага павета Станіслаў Ішора, апошнім — Кастусь Каліноўскі.

Імёны і прозвішчы іншых 19-ці паўстанцаў (у чарговасці паводле даты пакарання смерцю): Раймунд Зямацкі, Баляслаў Колышка, Юльян Ляснеўскі, Зыгмунт Серакоўскі, браты Аляксандр і Юзаф Раўкоўскія, Караль Сіповіч, Юзаф Яблонскі, Ян Бянькоўскі, Генрык Макавецкі, Уладзіслаў Нікаляй, Альберт Лясковіч, Казімір Сычук, Мечыслаў Дарманоўскі, Ігнат Здановіч, Цітус Далеўскі, Якуб Чэхан, Эдвард Чаплінскі, Ян Марчэўскі.

Магіла братоў Аляксандра і Юзафа Раўкоўскіх. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Большасць гэтых людзей ці нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, ці былі цесна з ёй звязаныя сваёй біяграфіяй. Многія паходзілі з Лідчыны ды Ашмяншчыны, а Генрык Макавецкі быў выхадцам з Магілёўскай губерні. Найстарэйшаму, ксяндзу з Ваверкі Лідскага павета Раймунду Зямацкаму, на момант смерці было 53 гады, а самаму маладому, Каралю Сіповічу, — 19.

Самы вядомы чалавек пасля Каліноўскага — кіраўнік паўстання на тэрыторыі этнічнай Літвы, выхадзец з валынскай шляхты Зыгмунт Серакоўскі. Звычайна менавіта на ягонай асобе робяць акцэнт, пішучы пра справу перапахавання, польскія СМІ.

Залаты пярсцёнак, які дапамог ідэнтыфікаваць асобу Зыгмунта Серакоўскага. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Усяго падчас раскопак былі выяўленыя і ідэнтыфікаваныя парэшткі 20-ці чалавек, не знойдзена толькі парэшткаў Ішоры. Відаць, яго пахавалі недзе ў іншым месцы.

5. Як ідэнтыфікавалі парэшткі?

Спецыялісты з факультэта медыцыны Віленскага ўніверсітэта мелі на руках неабходную базавую інфармацыю пра ўсіх пакараных паўстанцаў: іх узрост, партрэты, фізічныя асаблівасці, спосаб экзекуцыі (некаторых, у тым ліку і Каліноўскага, павесілі, а іншых расстралялі). Бралася пад увагу усё. Кожны з захаваных элементаў парэшткаў дазваляў калі не вызначыць чалавека з поўнай дакладнасцю, то, прынамсі, звузіць кола пошукаў.

Апазнанню некаторых асоб значна паспрыялі знойдзеныя пры іх асабістыя рэчы. А калі была такая магчымасць, то праводзіўся і аналіз ДНК са сваякамі, якія жывуць цяпер.

У выніку ўдалося з надзвычай высокай ступенню верагоднасці ідэнтыфікаваць парэшткі абсалютна ўсіх знойдзеных.

6. Як быў пахаваны, знойдзены і ідэнтыфікаваны Кастусь Каліноўскі?

Парэшткі Каліноўскага літоўскія археолагі знайшлі самымі першымі. Як распавёў журналісту радыё «Свабода» Ігару Карнею супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторыі Літвы Гіціс Грыжас: «Гэта быў мужчына 25—26 гадоў. Ён ляжаў на баку, рукі за спінай звязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагменты абутку, гузікі, медальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны медальён, унутры якога быў з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога — моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы святога Казіміра».

Медальёны, знойдзеныя каля парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Ідэнтыфікавалі Каліноўскага шляхам супастаўлення ўзросту і метаду пакарання, а таксама праз параўнанне чэрапа з прыжыццёвай фатаграфіяй. Прымяняўся таксама метад выключэння. Аналіз ДНК правесці было немагчыма, бо няма ў каго ўзяць на яго матэрыял — нашчадкаў мужчынскага полу ў Каліноўскага не засталося. Была, праўда, ідэя ўзяць матэрыял для аналізу, эксгумаваўшы парэшткі старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара, нібыта пахаванага на могілках у Свіслачы на Гродзеншчыне. Але аказалася, што тая магіла толькі сімвалічная, пад помнікам з ягоным прозвішчам ляжыць іншы чалавек.

Шкілет Кастуся Каліноўскага. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

7. Дзе будуць перапахаваныя паўстанцы?

Іх парэшткі змесцяць у капліцы на могілках Росы ў Вільні. Гэтая капліца — самая вялікая на некропалі. Раней яна была ў занядбаным стане, але перад пахаваннем яе рэстаўравалі.

Капліца. Фота: shutterstock.com, by Radoslaw Maciejewski

Згодна з праектам, у невялікіх круглых нішах пры абедзвюх сценах капліцы паставяць саркафагі з парэшткамі. Абедзве нішы з саркафагамі будуць увянчаныя гербам Рэчы Паспалітай, уведзеным Нацыянальным урадам 10 студзеня 1863 года. У трох палях герба размяшчаюцца выявы Белага арла, Пагоні і святога Міхаіла Архангела, то-бок сімвалы Польшчы, Літвы і Русі. Насупраць саркафагаў будзе невялікі алтар.

8. Які статус будзе мець гэта пахаванне?

Літоўскія ўлады запэўніваюць, што пахаванне паўстанцаў на могілках Росы будзе мець дзяржаўны статус, то-бок дзяржава будзе яго даглядаць і ахоўваць. На дзяржаўным узроўні, у прысутнасці найвышэйшых службовых асобаў Літвы, будзе праведзена і сама цырымонія перапахавання. Яе дата некалькі разоў пераносілася, але цяпер, здаецца, канчаткова прызначана на 22 лістапада 2019 года. Акрамя літоўскага кіраўніцтва, на перапахаванні збіраецца прысутнічаць прэзідэнт Польшчы, запрашэнні маюць даслаць таксама кіраўніцтву Украіны і Латвіі.

Могілкі Росы на Дзяды. На пярэднім плане — магіла Івана і Антона Луцкевічаў. Фота: shutterstock.com, by Giedrius Akelis.

Што да кіраўніцтва Беларусі, то яно ўвесь час раскопак, ідэнтыфікацыі парэшткаў і падрыхтоўкі да перапахавання цікавасці да гэтай справы не праяўляла. Доўга былі нават сумневы, што беларускія чыноўнікі ўвогуле будуць прысутнічаць на цырымоніі. Але потым аказалася, што афіцыйную беларускую дэлегацыю ўзначаліць віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка.

9. Ці будзе ў пахаванні беларускі каларыт?

Планам прадугледжваецца, што каля кожнага саркафага напішуць імя і прозвішча паўстанца на літоўскай, польскай і беларускай мовах. Праўда, выкарыстанне беларускай мовы спачатку не планавалася, у значнай ступені праз тое, што да справы перазахавання абыякава ставілася беларуская дзяржава.

Сітуацыя змянілася, толькі калі ў сакавіку гэтага года да кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі звярнуліся дзевяць грамадскіх арганізацый беларусаў Літвы. У звароце былі словы: «Літоўцы, беларусы, палякі разам змагаліся з расійскімі царскімі акупантамі, разам аддалі свае жыцці (часта маладыя), каб Літва, Беларусь, Польшча былі вольнымі дзяржавамі». Улічваючы гэта, літоўскія беларусы прасілі зрабіць надпісы на магілах «таксама і на беларускай мове — роднай мове ўдзельнікаў паўстання, якія, ахвяруючы жыцці за свабоду нашых народаў, гаварылі і думалі па-беларуску».

Літоўскія ўлады пайшлі насустрач і вырашылі зрабіць надпісы трохмоўнымі.

10. Ці ёсць на Росах яшчэ беларусы?

Загадчык аддзела культурнай спадчыны Віленскага самакіравання Дарус Даўнорас, каментуючы справу перапахавання паўстанцаў на могілках Росы, сказаў, што «гэта будзе дадатковы цэнтр прыцягнення на могілкі і для літоўцаў, і для палякаў, і для беларусаў».

І ён цалкам меў рацыю, называючы гэты некропаль для беларусаў толькі дадатковым цэнтрам прыцягнення. Бо і без Каліноўскага там нямала пахаванняў заслужаных для нашай гісторыі і культуры дзеячаў.

На гэтых могілках, дзе пахаванні рабіліся з пачатку ХІХ стагоддзя і да канца 1960-х гадоў, можна наведаць магілы гісторыка і краязнаўца Яўстаха Тышкевіча, пісьменнікаў Уладзіслава Сыракомлі, Францішка Аляхновіча, Ядвігіна Ш. і Казіміра Сваяка, архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага, грамадска-палітычных дзеячаў Івана і Антона Луцкевічаў (у апошняга магіла, праўда, толькі сімвалічная) і многіх іншых. Гэта, несумненна, адзін з галоўных беларускіх некропаляў па-за межамі сучаснай Беларусі.

Кастусь Каліноўскі там не будзе самотны не толькі як паўстанец, але і як беларус. 

Аляксандр Пашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930