Знайсці
28.10.2019 / 10:3924РусŁacБел

Зміцер Дашкевіч: Мяне не адпускае перажыванне, навошта мы стаімо трэці год у Курапатах?

Мяне не адпускае перажываньне, навошта мы стаімо там, трэці год у Курапатах? У мяне ўжо і натхненьня няма змагацца за іх, і сілы даўно сышлі.

І я йду на апошніх высілках і малюся: Божа, калі ўжо Ты ўсё гэта скончыш?! Бо так не хачу я кожную пятніцу ісьці туды. Я хачу ўзяць сям'ю і, як кожны нармальны беларус, паехаць пасьля працоўнага тыдня на лецішча. Але я іду і стаю. Што трымае мяне на гэтай Курапацкай дарозе? — задаю я пытаньне сам сабе.

І прыходжу да разуменьня: трымае мяне на гэтай дарозе ўпэўненасьць у тым, што сёньня ў Курапатах Творца гісторыі да чагосьці рыхтуе наш народ. Рыхтуе да таго, што мы недарабілі, калі выйшлі пасьля 70-гадовага тэрміну з турмы народаў.

Тады, у канцы 80-х — пачатку 90-х было шмат зроблена, але не хапіла моцы на галоўнае — правесьці дэкамунізацыю. Многія тады лічылі, што няма розьніцы, як называюцца вуліцы і каму стаяць помнікі — абы дабрабыт быў. Што ж, прыйшоў той, хто паабяцаў дабрабыт пасродкам вяртаньня назад у турму.

У Бібліі ёсьць цікавая прыпавесьць, якую Ісус прамаўляе сваім сучасьнікам. Калі злы дух выйдзе з чалавека, то праз нейкі час вяртаецца, каб паглядзець на свой былы дом. І калі знаходзіць яго не занятым, то бярэ шчэ сем злейшых за сябе духаў і пасяляецца ў былым доме наноў — і гэта другое горшае для чалавека за першае.

І далей Хрыстос кажа галоўнае: тое ж самае будзе і з родам гэтым. І ў якой нармальнай краіне метафары такой можна было б і не зразумець, але ў Беларусі яна відавочная. Як нам не было справы да вуліц, помнікаў і ідэяў — прыйшоў шчэ горшы за той згнілы савок, які вярнуў ня толькі «сьвята» 7 лістапада, а рэанімуе нават праклятае самой кампартыяй імя Сталіна.

Мы глядзім на ўсё гэта спакойна, а потым пытаемся: а чаму мы жывем так, як жывем? Ці не таму, што ў Беларусі не адбылося асэнсаваньня злачынстваў камунізму і пакаяньня ў грахах гэтай крывавай ідэалогіі?

Як вядома, на Нюрнбергскім трыбунале фашызм быў асуджны як злачынная ідэалогія за 19 мільёнаў забітых ва ўсім сьвеце. Камуністы ж толькі ў сябе дома, толькі сваіх суграмадзянаў зьнішчылі 19,5 мільёнаў. (В.В. Эрліхман, «Страты народанасельніцтва ў XX ст.», даведнік, М., Выдавецтва «Руская панарама» 2004). У Германіі злачынствы нацызму асэнсавалі і ў іх пакаяліся, у Беларусі — не. Разбомбленая ўшчэнт Германія праз 75 год — чацьвёртая эканоміка сьвету, у Беларусі праз 25 год вяртаньня ў Савецкі Саюз трактарамі выдзіраюць крыжы са змучанай Курапацкай зямлі.

Іх можна зразумець: ім нельга, каб мы памяталі. Таго ж дамагаліся камуністы: што яны толькі не рабілі, каб мы страцілі памяць! Савецкі генацыд і этнацыд Беларусі не паддаецца дакладным ацэнкам. Камуністычная палітыка вынішчэньня нацыянальнай эліты мела планамерны характар і рэалізавалася ў некалькі этапаў: 1929—1931, 1932—1934, 1937—1938, 1939—1941, 1944—1946 гг. З 238 літаратараў эпоху Сталіна перажылі толькі 20 (!). Расстрэльвалі амаль усіх, хто меў якое-кольвечы дачыненьне да беларускага нацыянальнага руху, асьветы. Страцілі жыцьцё 90% работнікаў першай Акадэміі Навук, большасьць выкладчыкаў БДУ. З 12000 настаўнікаў растраляныя 4000 і, як сьцьвярджае дасьледчык эпохі савецкага тэрору Леанід Маракоў, «стралялі пераважна толькі выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. Настаўнікаў дакладных навук чамусьці не краналі». Толькі ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году спецслужбы расстралялі 132 (!) прадстаўнікоў беларускае інтэлігенцыі — літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Такога злачынства ня ведае гісторыя ніводнай еўрапейскай дзяржавы.

І яны мелі ўсе падставы быць перакананымі, што нас зьнішчылі, што Курапаты сталіся магілаю ня толькі паэтам, а ўсёй Беларусі. Але Бог кажа людзям: Я маю для вас планы на дабро, а не на зло, на жыцьцё, а не на сьмерць. І вось магіла Беларусі, — якая адкрылася праз артыкул «Курапаты — дарога сьмерці», — абудзіла нацыю. Шмат было тады зроблена, але не былі мы гатовыя да галоўнага: Нюрнбергу над камунізмам. Усьвядоміць неабходнасьць гэтай дзеі трэба сёньня. Цяпер толькі ад нас залежыць, застанемся мы, абуджаныя, у гэтай магіле ці выйдзем вонкі.

29 кастрычніка а 20 гадзіне мы сустракаемся ў Курапатах, каб ушанаваць памяць нявінна забітых паэтаў і пісьменьнікаў. Каб на надыходзячым гістарычным пераломе народ наш асэнсаваў злачынствы камунізму і пакаяўся ў іх. І тады Курапаты, дарога сьмерці, стануцца для нас дарогай жыцьця. Як калісьці дарога на Галгофу, дарога сьмерці, сталася для чалавецтва дарогай жыцьця.

Зміцер Дашкевіч, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930