Знайсці
02.11.2019 / 19:494РусŁacБел

Хутка ў пракаце беларускамоўны фільм «Возера радасці» паводле кнігі Марціновіча — квіткі на прэм'еру яшчэ ёсць

13 лістапада ў кінатэатры «Масква» з нагоды выхаду ў сталічны пракат адбудзецца прэзентацыя фільма рэжысёра Аляксея Палуяна «Возера радасці», створанага па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. Гэта цалкам беларускамоўны фільм, сусветная прэм'ера якога адбылася ў Клермон-Феране — на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў.

ВОЗЕРА РАДАСЦІ трэйлер from Aliaksei Paluyan on Vimeo.

Пасля гучнай фестывальнай прэм’еры «Возера радасці» атрымала шэраг прызоў на іншых прэстыжных еўрапейскіх кінафэстывалях, сярод якіх тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз «За найлепшую рэжысуру» на кінафестывалі ў грэцкай Драме, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе, а таксама перамога ў намінацыі «Найлепшы кароткаметражны фільм» нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards. Мінскаму гледачу фільм прадставіць здымачная група з удзелам рэжысёра Аляксея Палуяна і пісьменніка Віктара Марціновіча. Частка сродкаў ад прададзеных білетаў пойдзе на карысць платформы «Імёны» (праект-настаўніцтва для дзяцей-сіротаў).

У аснове аповеду ляжыць жыццё дзевяцігадовай Ясі ў ціхай вёсцы, дзе час нібыта спыніўся. Дзяўчынка цяжка перажывае смерць маці, нягледзячы на гэта, бацька адвозіць яе ў інтэрнат. Аднойчы Яся вырашае збегчы і вярнуцца дадому.

Аляксей Палуян — беларускі рэжысёр, які зараз жыве і працуе ў Германіі. За яго плячыма навучанне ў Касэльскай мастацкай акадэміі і шэраг дакументальных і мастацкіх фільмаў. Рэжысёр пачаў працу над сцэнаром «Возера радасці» ў 2016 годзе, натхніўшыся раманам беларускага пісьменніка. Акрамя вольнай адаптацыі эпізода з рамана ў аснову фільма легла асабістая гісторыя бацькі Аляксея, які таксама, як і гераіня фільма, рос у інтэрнаце.

«Возера радасці» — міжнародны праект, у здымачную каманду ўвайшлі кінапрафесіяналы з Германіі, Ірану, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі. У фільме здымаліся вядомыя беларускія акцёры: Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Маўчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель. Галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц, чыю гульню 

высока ацаніла міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU, прысудзіўшы дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая актрыса». За музычнае афармленне фільма адказны знакаміты беларускі этна-гурт VURAJ. Кампазiцыя з альбома Lito стала яго саундтрэкам, таксама гурт зняўся ў эпізодзе. У рамках прэзентацыі ў кінатэатры «Масква» «Vuraj» выканае кампазіцыю перад гледачамі. Яшчэ на сцэну выйдуць «Любанскія музыкі» Васіль Семашкевіч і Мікалай Юніцкі, якія таксама ўзялі ўдзел у фільме.

«Возера радасці» ў Мінску пакажуць сумесна з дакументальным фільмам «Край жанчын», папярэдняй працай Аляксея Палуяна, які сталічныя гледачы маглі ўбачыць у мінулым годзе. Карціна паказвае будні апошніх жыхарак вёскі Любейкі Ляхавіцкага раёна: некаторыя з іх ужо праводзілі на той свет не толькі сваіх мужчын, але і дзяцей, пры гэтым не згубілі жыццёвыя сілы і жаданне жыць. «Край жанчын» быў адзначаны адмысловым прызам «За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве» ў Нацыянальным конкурсе 24-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

У Мінску фільмы можна будзе ўбачыць з 14 па 28 лістапада ў кінатэатрах «Беларусь», «Піянер», Silver Screen і Falcon Club Бутык Кіно, а з 14 по 20 лістапада у Silver Screen. Паказы адбудуцца і ў іншых гарадах Беларусі: плануецца, што карціну пакажуць у Магілёве, Брэсце, Баранавічах і Ляхавічах. Прэмʼера ў кінатэатры «Масква» адбудзецца 13 лістапада а 19 гадзіне. Квіткі ужо ў продажы.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930