Знайсці
24.10.2019 / 11:557РусŁacБел

Блогеры-мільённікі з Беларусі — хто яны?

Развіццё і даступнасць тэхналогій прывялі да таго, што фатографам або відэаблогерам можа стаць любы ўладальнік смартфона, незалежна ад ўзросту, прафесіі і геаграфічнага становішча.

Пры дапамозе аналітычных сэрвісаў SocialBlade і Livedune мы знайшлі 14 Youtube-каналаў з Беларусі, у якіх больш за 1 мільён падпісчыкаў. Сярод іх ёсць малыя дзеці, школьнікі і нават кот. Пра некаторых, упэўненыя, вы пачуеце ўпершыню.

14. Lisa Luke Nursery Rhymes

  • 1 мільён падпісчыкаў
  • 12,9 мільёнаў праглядаў усяго

Брат і сястра з Мінска ствараюць англамоўны кантэнт для дзяцей: спяваюць песні, вучаць алфавіт і назвы фруктаў або проста разыгрываюць сцэнкі са свайго бесклапотнага жыцця.

Агульная колькасць праглядаў на канале крыху не дацягвае да 13 мільёнаў, і амаль усе яны прыйшліся на відэа, у якім Люк гуляецца з пяццю лялькмі. Астатнія відэа не такія папулярныя. 

Варта адзначыць, што на Youtube ёсць яшчэ адзін канал пра прыгоды Лізы і Люка ABC Lisa Luke, у якога яшчэ больш падпісчыкаў — 1,67 мільёна. Але ў яго дзіўныя лічбы агульных праглядаў — усяго 227 тысяч. Таму яго ў выніковым спісе няма.

13. Топавы Пінск

  • 1,02 мільёна падпісчыкаў
  • 151,4 мільёнаў праглядаў усяго

Канал вядуць браты-блізняты Ілля і Яўген Шарыкалы. У іх была суполка Укантакце «Топавы Пінск», і аднойчы яны вырашылі заняцца відэакантэнтам і стварылі канал з забаўляльнымі ролікамі.

Першыя відэа былі пра Пінск, але яны так і не сталі папулярнымі. Пасля браты вырашылі здымаць гумарыстычныя скетчы, з якіх і пачалася папулярнасць канала.

Летась Яўген Шарыкала быў аштрафаваны за несанкцыянаванае мерапрыемства — стваральнікі канала сустрэліся з падпісчыкамі на плошчы Леніна ў Пінску, чым выклікалі зацікаўленасць праваахоўных органаў.

Самы папулярны ролік на канале — «Рабі дабро» з цыкла ролікаў «Карацей кажучы». У яго 6,1 мільёна праглядаў.

12. Lera and Mark

  • 1,02 мільёна падпісчыкаў
  • 340,7 мільёнаў праглядаў усяго

Канал пра Леру і яе малодшага брата Марка. Яны любяць гуляцца з цацкамі і лялькамі, а таксама здымаць відэаролікі пра сваё жыццё, якія выходзяць тры разы штотыдзень.

Часта ў іх можна пабачыць і сваякоў дзетак, асабліва бацьку, у якога ёсць свой асобны канал з рознымі чэленджамі і пранкамі. Але не такі папулярны, як у яго дзетак.

Ролік, у якім Лера збіраецца ў рэстаран, куды яе запрасіў яе брат, сабраў 22 мільёны праглядаў і з'яўляецца самым папулярным на канале.

11. CatPusic

  • 1,04 мільёна падпісчыкаў
  • 230,4 мільёнаў праглядаў усяго

Канал пра прыгоды беларускага ката Пусіка, які жыве ў Гатаве разам са сваімі гаспадарамі. 

Пусіка пяць гадоў таму знайшлі на лесвічнай пляцоўцы, і менавіта з відэа пра выратаванне кацяняці ўсё пачалося. Цяпер у канала мільён падпісчыкаў. Большасць з іх жыве далёка ад Беларусі, таму гаспадары ката робяць відэа на англійскай мове, але з рускамоўнымі субцітрамі.

Самы папулярны ролік на сёння — «Афіцыянт, прынясі мне ежу!», у якога 22,5 мільёна праглядаў. Таксама ў Пусіка ёсць яшчэ адзін канал з рознымі лайфхакамі і трукамі для катоў.

10. Bubenitta

  • 1,05 мільёна падпісчыкаў
  • 78 мільёнаў праглядаў усяго

На сваім канале прыгажуня Надзея расказвае пра тое, што можна зрабіць сваімі рукамі і як са звычайных рэчаў зрабіць нешта нестандартнае.

У верасні 2017 года Надзея выпусціла ролік з 13 лайфхакамі для вучобы і школы. Сёння ён мае амаль 3,9 мільёна праглядаў.

9. Cool GAMES

Посмотреть эту публикацию в Instagram

☁️☀️

Публикация от Pavel (@pavel_cg)

  • 1,22 мільёна падпісчыкаў
  • 931,1 мільёнаў праглядаў усяго

Пра аўтара канала, чые ролікі прагледзелі амаль мільярд разоў, вядома няшмат. Яго завуць Павел, у каментарах да фота мінскага пейзажа ў інстаграме нехта з падпісчыкаў напісаў, што Паўлу 30 гадоў.

Канал прысвечаны праходжанням розных камп'ютарных і мабільных гульняў. Больш за ўсё праглядаў мае ролік з праходжаннем гульні, дзе акула паядае ўсё навокал. У яго 23,5 мільёнаў праглядаў.

8. SiselPRO

  • 1,32 мільёна падпісчыкаў
  • 428,9 мільёнаў праглядаў усяго

Канал вядзе хлопец з Мазыра па імені Вячаслаў, але па кантэнце амаль немагчыма здагадацца, адкуль паходзіць аўтар.

Кантэнт складаецца з розных топаў кшталту «10 акцёраў, якія памерлі маладымі», «Самыя тоўстыя людзі ў свеце», а найбольш праглядаў (11 мільёнаў) мае ролік «20 смешных заўваг у школьных сшытках».

Крыху банальна, але кожны ролік набірае шалёную колькасць праглядаў.

7. DANIK

  • 1,33 мільёна падпісчыкаў
  • 130 мільёнаў праглядаў усяго

19-гадовы Даніл Крупенка з Пінска здымае влогі пра сваё жыццё, дзе выказваецца наконт актуальных падзей або тэндэнцый у інтэрнэце, а таксама здымае кароткія гумарыстычныя скетчы пра сітуацыі, у якіх аказваўся кожны.

Так, ролік пра школьныя канікулы прагледзелі больш за 4,6 мільёна разоў.

6. SteFAN life TV

  • 1,53 мільёна падпісчыкаў
  • 69,5 мільёна праглядаў усяго

Канал мінчука Стэфана відавочна разлічаны на расійскую аўдыторыю: на застаўцы маскоўскі пейзаж, а ўсё, што датычыцца грошай, пераведзена ў расійскія рублі, нават калі відэа робяцца ў Мінску.

Кантэнт на канале — гэта прыгоды «багатага школьніка», які то купляе 100 гамбургераў, то разбівае новы айфон. Калі спачатку грошы на гэта, здаецца, давалі бацькі, то цяпер блогер зарабляе сваім каналам.

Самы папулярны ролік «Багаты і бедны школьнік памяняліся дзяўчатамі на 24 гадзіны» сабраў амаль 7 мільёнаў праглядаў.

5. Сямейка Z

  • 1,55 мільёна падпісчыкаў
  • 349,5 мільёна праглядаў усяго

Гэта канал пра жыццё вялікай і вясёлай сям'і Звяздовых: таты Алега, мамы Ірыны і іх дзетак — Жэні, Соні, Ксюшы і Сямёна. 

У 2017 годзе бацькі расказвалі, што Youtube-канал стаў іх асноўнай дзейнасцю і сродкам заробку. Сёння за жыццём Звяздовых сочаць паўтара мільёна падпісчыкаў, а ролікі збіраюць вялікую колькасць праглядаў.

Напрыклад, ролік пра тое, як Звяздовы ў двары дома пабудавалі гіганцкую надзіманую горку, паглядзелі 11 мільёнаў разоў.

4. Ксенія Леўчык

  • 1,6 мільёна падпісчыкаў
  • 193,5 мільёна праглядаў усяго

Канал прысвечаны творчасці 12-гадовай спявачкі Ксеніі Леўчык. Калі бацькі заўважылі талент сваёй дачкі, то вырашылі заняцца яе прасоўваннем у інтэрнэце.

Ксенія некалькі разоў удзельнічала ў тэлевізійных праграмах у Расіі, а яе канал амаль цалкам складаецца з выканання кавераў на вядомыя песні. Самы папулярны — на песню «Медуза» — набраў амаль 12 мільёнаў праглядаў.

Да новага года школьніца з Мінска збіраецца дасягнуць адзнакі ў два мільёны падпісчыкаў. Засталося няшмат.

3. perpetuumworld

  • 1,88 мільёна падпісчыкаў
  • 951,5 мільёна праглядаў усяго

Канал вядзе 26-гадовы гамяльчук Аляксандр, і яго кантэнт складаецца з праходжанняў розных гульняў і сімулятараў, часам вельмі дзіўных.

Самы папулярны ролік «Мутанты супраць мутантаў» мае 4,2 мільёна праглядаў.

2. telblog.net

  • 4,44 мільёна падпісчыкаў
  • 1,08 мільярда праглядаў усяго

Маладзечанец Глеб Захаранка завёў свой канал у 2014 годзе. Тады ён быў прысвечаны распрацоўцы сайтаў і вэб-дызайну, а цяпер асноўны кантэнт — гэта гісторыі жыцця вядомых блогераў, а таксама розныя падборкі кшталту «Топ-10 багатых ютубераў» або «Топ-10 ласункаў, што зніклі» (гэты ролік набраў 11,7 мільёнаў праглядаў).

Усяго ж у Захаранкі больш за 1 мільярд праглядаў. Гэта найвялікшы паказчык сярод беларусаў.

1. А4

  • 11,8 мільёна падпісчыкаў
  • 873,5 мільёнаў праглядаў усяго

Улад Бумага пачынаў сваю Youtube-кар'еру пяць гадоў таму з ролікаў пра сваё жыццё і праславіўся дзякуючы ролікам, дзе ён бавіў час на зачыненых спартовых арэнах ці офісах.

Сёння асноўны кантэнт на канале — гэта розныя чэленджы. Часта ў іх удзельнічаюць прыхільнікі Улада Бумагі. Напрыклад, 100 чалавек па чарзе шпурляюць мяч у кальцо, хто трапляе — праходзіць далей, хто хібіць — выбывае. Таму, хто застаецца апошнім, А4 дорыць 1000 даляраў.

Самы папулярны ролік на канале — кавер на песню «Тает лёд» пра армію. Яго паглядзелі 30 мільёнаў разоў.

Нядаўна ў А4 з'явіўся другі канал, на якім Улад разгадвае розныя галаваломкі і загадкі. У яго ўжо амаль 200 тысяч падпісантаў.

Аніводны з пералічаных вышэй топ-блогераў не стварае беларускамоўнага кантэнту. Яны арыентуюцца на сваю аўдыторыю, якая гарантуе не толькі прагляды, але і даходы, і відавочна, што канал на беларускай мове наўрад ці змог бы хутка дасягнуць такіх жа паказчыкаў. Але гэта мог бы быць вельмі цікавы кейс. 

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930