Знайсці
21.10.2019 / 23:2210РусŁacБел

Прэтэндэнт па Маладзечанскай акрузе: «Кандыдату ад сэксуальнай меншасці руку не падаю!»

Для Міхаіла Валынца гэтыя выбары не першыя.

Але на гэты раз яму адмовілі у рэгістрацыі. Міхаіл Валынец падаў скаргу і сцвярджае, што ад году ў год выбары становяцца ўсё больш фіктыўнымі і менш дэмакратычнымі. Пра гэта, і пра тое, чаму аднаму з зарэгістраваных кандыдатаў па Маладзечанскай акрузе крычаў «Ганьба», Міхаіл расказаў «Нашай Ніве».

«НН»: Чаму вам адмовілі ў рэгістрацыі?

— Не зарэгістравалі, таму што парушыў частку 16, артыкула 61. Подпісы з іншай акругі не ўлічваюцца. Але праблема ў тым, што ў гэтай 16 частцы няма і ўзгадкі аб тым, што подпісы з іншай акругі не ўлічваюцца. Ад балды прыдумалі, не ведалі, як абгрунтаваць, таму так «вумна» напісалі. Пайшлі на прынцып. Па законе павінны былі праверыць 250 подпісаў, у мяне праверылі ўсе. Калі правяралі подпісы іншых кандыдатаў, той жа Канановіч (Людміла Канановіч — «НН»), цяперашняй дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, то ёй сказалі, што ў вас візуальна бачна, што ўсё ў парадку. Пацвердзілі словы Франка: «Сваім — усё, ворагам — па законе.

«НН»: І вы вырашылі абскарджваць?

— Так. Ну таму што камісія нават бачнасці дэмакратыі не можа стварыць. Слухайце, ну старшыня Мінскай абласной камісіі Людміла Канановіч, мая канкурэнтка. Вядома, яна асоба зацікаўленая, каб зрабіць нешта супраць мяне. Я ж ведаю, што за яе падпісаўся ўвесь аддзел адукацыі, я ведаю, што іх прымушалі падпісвацца ў працоўны час. Зноў жа прыклад. Білборды «Чалавек года Міншчыны» з партрэтам дырэктара завода «Рамбыттэхніка» Русакевіча віселі ў горадзе падчас этапу збору подпісаў. Што гэта, як не агітацыя?

«НН»: На вашу думку, ці адрозніваюцца сёлетнія выбары ад мінулых?

— Выбарчае заканадаўства не змянілася. Ціску толькі стала болей. Людзі з камерамі ў штацкім стаяць на пікетах, зрываюць іх. Нават карэспандэнты мясцовага тэлебачання падчас пікета Статкевіча, які быў у Маладзечне, падыходзілі да мяне, пыталіся, якая ў мяне праграма. А ў саміх нідзе не пазначана ні на камеры, ні на мікрафоне, з якога яны тэлебачання. Яны ж правакуюць. Яны ведаюць, што агітацыя падчас збору подпісаў забароненая. А пасля выйшаў матэрыял бы па тэлебачанні, а мне потым прад’явілі, што я агітаваў, калі расказваў пра сваю праграму.

«НН»: Для чаго вы хочаце стаць дэпутатам?

— Па-першае, мяне вельмі турбуе стан беларускай мовы. З кожным годам беларускай мовы становіцца ўсё менш. На мінулых выбарах нават улёткі і тое пераклалі на расійскую мову. Гэта патлумачылі тым, што ў выбарах будуць удзельнічаць людзі, якія не зразумеюць, што напісана па-беларуску. Планую рабіць запыты ў Канстытуцыйны суд — на маю думку, нашы законы не адпавядаюць Канстытуцыі. Нават выбарчае заканадаўства трашчыць па швах. Калі раней падчас збору подпісаў давалі папярэджанне, то цяпер нават штрафуюць. Тут яны робяць бачнасць дэмакратыі. Двух робяць умоўна прыўладных кандыдатаў, каб не адзін быў. Нас усіх апазіцыйных паздымалі. Цішко гэты незразумелы прайшоў [Валянцін Цішко вылучаецца ад Аб’яднанай грамадскай партыі — «НН»]. Я яго абсалютна не падтрымліваю. Ён жа ад сэксуальнай меншасці, я ж прытрымліваюся хрысціянска-дэмакратычных поглядаў. Севярынец казаў, што Кастусёву рукі не падасць, што той схадзіў на гей-парад, я б Цішко таксама адмовіўся падаваць руку. Калі Цішко давалі пасведчанне, я два разы сказаў «Ганьба». 

У мяне была думка правесці мясцовы рэферэндум, каб назву Цэнтральная плошча змяніць на Купалаўскую плошчу. Замест Леніна паставіць даўно зацверджаны помнік Купалу, на які ўсё не знойдуцца грошы. Я хачу працаваць з людзьмі як дэпутат, я магу стварыць нейкае грамадскае аб’яднанне, сабраць вакол сябе аднадумцаў, вырашаць праблемы людзей.

«НН»: І якія праблемы турбуюць маладзечанцаў?

— Калі я збіраў подпісы, пытаўся ў людзей, якія ў іх будуць пажаданні. Пажаданні побытавыя: недзе цякуць дахі, апарышы вылазяць з вентыляцыі, птушкі дохлыя на лесвічнай пляцоўцы валяюцца, дарогі дрэнныя: бабулі з купінкі на купінку скачуць». Працы, кажуць, няма, аўтобусы дрэнна ходзяць, прасілі павысіць пенсію, заробак. Я ўсё запісваў, і на 80 % мая праграма будзе складацца з пажаданняў людзей.

«НН»: Тым не менш, вы не маладзечанец. Жывяце ў Мінску?

— У Маладзечне я бываю з дзяцінства. Тут жыве шмат маіх сваякоў. У мяне маці жыве ў Маладзечне. Бацька паходзіць з Вілейшчыны. Да Героя Савецкага Саюза Валынца я прамых адносінаў не маю. Яго дачка падпісалася за мяне, спыталася, ці не БНФавец я, я сказаў, што не, тады яна паставіла свой подпіс. Тым не менш, я цікаўлюся гісторыяй Маладзечаншчыны. На аўкцыёнах купляю гістарычныя фотаздымкі. 

«НН»: І ў сваіх палітычных поглядах вы хто?

— Я раней належаў да хрысціянскіх дэмакратаў. Пасля адышоў ад БХД. Працягваю прытрымлівацца гэтых поглядаў, але незалежна, сам па сабе. Я за маральныя каштоўнасці. Збіраю подпісы супраць казіно. Але людзі падпісваюцца неахвотна. Пытаюцца, а дзе ж тады прастытутак здымаць? А добра збіраюцца подпісы супраць ЖКГ, сацыяльная тэматыка больш хвалюе людзей. Там нават і прастытуткі падпісваюцца.

«НН»: Калі вы балатаваліся мінулы раз, вы працавалі дворнікам. А чым займаецеся цяпер?

— Я ў мінулым годзе зарэгістраваўся як рамеснік, але яшчэ нічога зрабіць не паспеў. Усё суджуся. Мяне абвінавацілі ў цяжкім злачынстве. Два разы. Па здзелцы 1996 года. Цяпер я падаў на апеляцыю. Беларусь — абсалютна неправавая краіна.

«НН»: Ці ёсць у вас упэўненасць, што вам удасца ўсё ж стаць кандыдатам?

— Верагоднасць гэтага самая мінімальная. Да 27 кастрычніка ўжо неабходна здаць сваю праграму. А ў мяне ідзе абскарджванне. Я проста не паспею. Але мне не сорамна было б глядзець у вочы сваім выбаршчыкам, калі б я стаў дэпутатам.

Наталля Тур, фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031