Знайсці
21.10.2019 / 09:5416РусŁacБел

Міфы і жорсткая рэальнасць IT. Інтэрв'ю з заснавальнікам IT-кампаніі Andersen, якая ладзіць сустрэчы з Алексіевіч і Шушкевічам

Чаго хоча дасягнуць IT-кампанія Аndersen праз арганізацыю публічных сустрэчаў з Сьвятланай Алексіевіч, Арцёміем Троіцкім, Станіславам Шушкевічам ды іншымі знакавымі асобамі? Чаму варта прыслухацца да Грэты Тунберг? І ці праўда, што айцішнікі баяцца знаёміцца зь дзяўчатамі? Пра гэты ды іншае Радыё Свабода пагутарыла з заснавальнікам IT-кампаніі Andersen Аляксандрам Хомічам.

Кампанія Andersen займае некалькі паверхаў хмарачосу Royal Plaza ў цэнтры Менску, і з кожнага акна офісу бачная маляўнічая панарама сталіцы. 42-гадовы Аляксандар Хоміч прынцыпова ня мае свайго кабінэту, і наша размова адбываецца ў перамоўным пакоі, праз шкляныя сьцены якога нас могуць бачыць усе супрацоўнікі.

Аляксандар Хоміч нарадзіўся ў Полацку, скончыў мясцовую школу, ліцэй БДУ, фізычны факультэт БДУ. Фізык-ядзершчык. У 2008 годзе заснаваў Andersen, як і належыць IT-кампаніі, «у гаражы». За больш чым дзесяць гадоў кампанія ператварылася ў IT-аўтсорсінгавага рэзыдэнта Парка высокіх тэхналёгій з офісамі ў Расеі, Украіне і Беларусі, і амаль тысячай супрацоўнікаў. Пры гэтым Хоміч называе сваю кампанію сьціплай і пакуль шырока ня вельмі вядомай эканамічнымі подзьвігамі.

Ад трэнера па бодыбілдынгу да Шушкевіча, Алексіевіч і Троіцкага

— Чаму Andersen вырашыў укладаць грошы ў арганізацыю публічных сустрэчаў у Менску з такімі знакавымі фігурамі, як Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, музычны крытык і публіцыст Арцёмій Троіцкі, расейскі музыка і літаратар Петр Мамонаў ды іншыя.

— Ва ўсіх IT-кампаніях адбываюцца сустрэчы па інтарэсах, на якіх абмяркоўваюцца тыя ці іншыя задачы. Ёсьць рэгулярныя карпаратыўныя сустрэчы, адзначэньні дзён народзінаў па пятніцах раз на месяц. Мы падумалі, а чаму жыцьцё праграміста павінна абмяжоўвацца толькі яго прафэсійнымі інтарэсамі ці інтарэсам калектыву. Чаму гэта ня можа быць пашырана да звычайных чалавечых інтарэсаў, напрыклад здароўя. І першы, каго мы запрасілі, быў майстар па бодыбілдынгу Ўладзімер Ван Лі. Ён распавёў хлопцам, як трэба сядзець за сталом, як трымаць рукі, як не «сарваць» сьпіны, і запрасіў да сябе ў залю займацца.

Яго прыйшлі паслухаць чалавек сорак. Потым калега кажа: «Слухайце, ёсьць жа Станіслаў Шушкевіч, старэнькі ўжо, давайце яго запросім». Нам падалося, хто мы, а хто Станіслаў Станіслававіч — першы кіраўнік краіны. Дарэчы, фізык, як і я. Але ён пагадзіўся адразу. Расказаў пра свой жыцьцёвы шлях — як быў дзіцём, студэнтам, асьпірантам, загадчыкам катэдры, пра свае крокі ў палітыцы, палітычныя погляды, пра жыцьця па завяршэньні палітычнай карʼеры.

Пасьля Станіслава Станіслававіча мы падумалі, а ці не замахнуцца на Ўільяма нашага Шэксьпіра — Сьвятлану Алексіевіч. І тут нам таксама пашанцавала — адбыўся цуд, яна пагадзілася, бо ёй таксама былі цікавыя айцішнікі.

У фільме «Форэст Гамп», калі ў героя былі душэўныя перажываньні, ён проста пабег. Дабег да аднаго акіяну, разьвярнуўся і пабег да іншага. Усе на яго глядзелі зь неразуменьнем, а потым пачалі знаходзіць у ягонай дзейнасьці нейкі знак для сябе. Пыталіся чаму ён бяжыць? Дзеля міру? Ён адказваў: Я проста бягу, таму што бягу.

Адказваючы на гэтае пытаньне, я скажу, што мне проста цікава гэтым займацца, таму што гэтыя людзі цікавыя для мяне і для аўдыторыі. Мы кіруемся ня толькі папулярнасьцю, але найперш жыцьцёвай пазыцыяй, творчасьцю і нейкай даданай вартасьцю, якую гэтыя людзі прынесьлі ў грамадзтва.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч была адной з самых цёплых. Яна цікавая як суразмоўца, і, як я яе адчуў, дастаткова лёгкі і зручны ў камунікацыі чалавек.

Пра спробы цэнзуры

— У часе падрыхтоўкі да сустрэчы з Алексіевіч былі пэўныя спробы цэнзуры з боку арганізатараў што да працы журналістаў на мерапрыемстве, у выніку ніякай цэнзуры не было. Якія высновы арганізатары зрабілі з гэтага досьведу?

— Пачалося ўсё драматычна. Як вы слушна заўважылі, цэнзуру ўсё ж не атрымалася зрабіць. Першыя сустрэчы адбываліся ў нашым утульным офісе, на іх прысутнічала каля 200 чалавек. А калі мы абвясьцілі, што ў нас будзе Сьвятлана Алексіевіч, цягам 3-4 гадзін праз сайт зарэгістравалася каля 400 чалавек, зь іх каля 50 журналістаў. Такой увагі да нашай сьціплай кампаніі раней ніколі не было.

У нейкай ступені нам падалося, што калі мы — арганізатары, ідэолягі гэтага мерапрыемства, і мы найперш кіруемся жаданьнем зрабіць сьвет лепшым, то ў нашых руках ёсьць магчымасьць кантролю тэкстаў, якія журналісты могуць прадставіць па выніках сустрэчы. Многія выступы Алексіевіч заканчваюцца тымі ці іншымі палітычнымі лёзунгамі, да якіх я стаўлюся дастаткова стрымана. Шчыра прызнаюся, я не хацеў, каб на пляцоўках маёй кампаніі раскідваліся лёзунгамі.

Калі аддзел маркетынгу выпусьціў просьбу да журналістаў прадаставіць матэрыялы, гэта імгненна зрабіла мяне рэтраградам, душыцелем свабоды ў маладой краіне і ў некаторай ступені праславіла. Як вынік, маятнік пахіснуўся ў іншы бок. Мы сказалі, калі так, глядзіце, якая дэмакратыя павінна быць, і наладзілі жывую трансьляцыю. У выніку мы выйгралі, сустрэча прайшла спакойна. Цэнзура скончылася онлайн-трансьляцыяй.

Тое, што я хацеў, атрымалася — людзі кантактавалі, абмяркоўвалі кнігі Алексіевіч. На мяне асабіста моцнае ўражаньне зрабіла кніга «У вайны не жаночы твар», потым я ўсе астатнія яе кнігі прачытаў.

— І якая ваша ўлюблёная кніга?

— «Час сэканд хэнд», успаміны людзей, якія перажылі распад Савецкага Саюзу. Гэта мне блізка, бо я сам — сьведка гэтых падзей. Пазьней мы запрашалі на публічную сустрэчу Арцёма Драпкіна, які зьбірае ўспаміны ня толькі савецкіх вэтэранаў, але і немцаў. Мне быў цікавы погляд, як і за што змагаліся нямецкія салдаты падчас той вайны.

«Калі б мы прадавалі квіткі, гэта б зьмясьціла акцэнты ў бок камэрцыі»

— Публічныя сустрэчы адбываліся на прэстыжных менскіх пляцоўках і каштавалі для кампаніі нямала. Як мне бачыцца, гэта такая пасьпяховая, напэўна, першая ў Беларусі, спроба злучыць даволі закрытую IT-супольнасьць з грамадзянскай супольнасьцю. Якую доўгатэрміновую мэту вы ставіце?

— Гэтае пытаньне дадае сэнсу ў маю дзейнасьць. Калі б мы прадавалі квіткі, гэта б зьмясьціла акцэнты ў бок камэрцыі, а мы хочам чыстых стасункаў. Няважна, колькі квіток каштуе, адзін рубель ці 100 рублёў. Адсутнасьць квіткоў важная для таго, каб людзі прыходзілі на гэтыя сустрэчы, разумеючы, што жаданьня зарабіць тут няма.

— Ці гэта ваша асабістая ініцыятыва?

— Так. Я — ідэоляг усяго гэтага працэсу. Ня думаю, што мае калегі падтрымалі б далейшае разьвіцьцё гэтага кірунку. Грошы — адносна невялікія. Не прадаючы квіткі, мы абмежаваныя і ня можам запрасіць асобаў, якія бяруць вялікі ганарар за візыт. Асноўны фінансавы цяжар — арэнда залі, кава ды іншае. Пакуль мы сабе гэта можам дазволіць.

— Ці не арыентаваліся вы практыку інтэлектуальнага клюбу самой Сьвятланы Алексіевіч? Ёй часта закідалі, што ў яе госьці — пераважна з Расеі. Ці ня думалі вы пра запрашэньне ў будучыні культавых, знакавых асобаў не з Расеі?

— Рыхтуючыся да сустрэчы з Алексіевіч, я і даведаўся, што ў яе ёсьць інтэлектуальны клюб. Значную частку свайго жыцьця я пражыў у Расеі. Мае бацькі — расейцы. Расейская культура мне блізкая, як і большасьці нашых землякоў. Расея не перастае прадукаваць Талстых і Дастаеўскіх. Гэтыя імёны на слыху, і больш зручна і лёгка запрасіць іх, чым кінуць позірк на заходнюю Эўропу ці ЗША.

Што да беларускіх гасьцей, то калі палітычныя лідэры, кіраўнікі высокага ўзроўню пагодзяцца прыйсьці на нашу пляцоўку і пагаварыць з маладымі людзьмі, айцішнікамі, магчыма, гэта і для іх будзе цікава. Нам вельмі цікавы кіраўнік МЗС Уладзімер Макей. Магчыма, прапануем яму да нас прыйсьці.

«Погляды Станіслава Станіслававіча не падзяляю хаця б таму, што ён — ідэаліст»

 Вы праводзілі сустрэчу для супрацоўнікаў зь першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Вы падкрэсьліваеце, што палітычныя погляды госьця і арганізатараў могуць адрозьнівацца. Чаму вы выразна трымаеце дыстанцыю ад палітыкі?

— Станіслаў Станіслававіч — цудоўны чалавек з жывым розумам. Адразу распытаў мяне пра ўсіх выкладчыкаў катэдры ядзернай фізыкі. Чаму я імкнуся трымацца далей ад палітыкі? Напэўна таму, што погляды Станіслава Станіслававіча не падзяляю хаця б таму, што ён — ідэаліст.

Я адчуў яго як чалавека, які верыць у дэмакратыю, верыць, што дзякуючы таму, што людзі самаарганізуюцца, у кароткі прамежак часу адбудуцца эканамічныя і зьнешнепалітычныя посьпехі. На жаль, мы не настолькі харошыя, каб гэта адбылося ў кароткі тэрмін.

«Такі тып звальненьня пераняць ад дзейнага прэзыдэнта Амэрыкі не магу»

— А вы не ідэаліст?

— Не. Мне прыходзіцца кіраваць кампаніяй, рабіць яе пасьпяховай, разьвіваць, таму часам даводзіцца прымаць непапулярныя, жорсткія рашэньні. Эфэктыўнасьць у многіх выпадках вызначаецца эфэктыўнасьцю кожнай адзінкі. І часам добрыя чалавечыя адносіны ўступаюць у канфлікт з тым, што гэты чалавек не карысны для кампаніі, і ты вымушаны разьвітвацца зь ім. З часам адносіны могуць аднавіцца, але, як правіла, яны рушацца.

— Мы прайшліся па офісе кампаніі, і клопат пра супрацоўнікаў тут адразу заўважны, пачынаючы з прыгожай панарамы, заканчваючы месцамі, дзе можа паесьці, адпачыць, паляжаць, у тэніс пайграць. А як вы разьвітваецеся з супрацоўнікамі? Не выводзіце з аховай з будынку, выкарыстоўваючы так званы амэрыканскі спосаб звальненьня?

— Амэрыканскі прэзыдэнт быў вядомы дастаткова яркай манерай разьвітвацца з супрацоўнікамі карпарацыі Trump Organization. Калі начальнік выпальвае падначаленаму ў стылі Трампа «youʼre fired», ён па сутнасьці расьпісваецца ў сваёй непрафэсійнасьці. Такі тып звальненьня пераняць ад дзейнага прэзыдэнта Амэрыкі не магу.

У нашай кампаніі многія сыходзяць з уласнай ініцыятывы. На рынку ёсьць канкурэнты, якія прыкладаюць усе намаганьні, каб пераманіць нашых найлепшых супрацоўнікаў, але мы ў сваю чаргу намагаемся пераманіць іх супрацоўнікаў. Карацей, ёсьць чым сябе заняць.

Заробкі сусьветнага ўзроўню

— Якія сярэдні заробак у кампаніі?

— Дастаткова высокі. Цуд IT здараецца не адразу. Ён адбываецца, калі ты дакажаш сваю эфэктыўнасьць. Малады спэцыяліст прыходзіць да нас на заробак 600 беларускіх рублёў. На працягу дастаткова кароткага прамежку часу заробак павялічваецца ўтрая. Малады спэцыяліст, які адпрацаваў год, можа атрымліваць каля 1500-2000 беларускіх рублёў. Далей карʼера разьвіваецца ў адпаведнасьці з талентам і працавітасьцю чалавека.

Заробкі могуць быць дастаткова вялікія, яны — сусьветнага ўзроўню. Паводле пакупніцкай здольнасьці беларускі праграміст можа дазволіць сабе столькі ж, колькі нямецкі ці францускі. Візуальна заробкі, якія атрымліваюць у Заходняй Эўропе ці ЗША, вышэйшыя. У Каліфорніі спэцыялісты такога ж узроўню, як у нас, могуць атрымліваць да 10 тысяч даляраў у месяц, 120 000 даляраў у год. Але кошт тавараў і паслугаў там значна вышэйшы, падаткаў больш, і маючы такі заробак, ён можа жыць небагата.

IT усталявала па ўсяму глобусу аднолькавы заробак за працу ў адпаведнасьці з эканамічным разьвіцьцём, колькасьцю падаткаў і коштамі на ўнутраным рынку тавараў і паслугаў у краіне, у якой знаходзіцца распрацоўка.

Калі мы паглядзім на іншыя сэктары эканомікі, многія нам падаюцца крыху несучаснымі. Прадукцыя спажываецца на ўсходзе — у Расеі, Казахстане, і яе вельмі складана «сасватаць» на заходнім рынку. А ў IT 96 працэнтаў экспарту ў нашай краіне ідзе ў ЭЗ і ЗША. У адным выпадку вынікі працы (ня буду крыўдзіць іншыя галіны) не выглядаюць модна і сучасна, а ў нашай сфэры рэальна стаіць чарга, каб купіць мазгі, паслугі нашых хлопцаў. Ня дзіўна, што IT у нашай краіне расьце на радасьць і на зайздрасьць.

Можна сказаць, што гэтая галіна пэўным чынам датуецца. Удзел у Парку высокіх тэхналёгій дае кампаніям, якія там знаходзяцца, падатковыя льготы. Гэта магчымасьць для кампаній, якія ня маюць прадстаўніцтва ў Беларусі, прыехаць сюды і мець больш высокі прыбытак, чым у сваёй краіне. Дзякуючы гэтым умовам Беларусь вылучаная на постсавецкай прасторы як краіна, у якой галіна IT прадстаўленая і разьвіваецца лепей. Калі б гэтага не было, было б ня так ярка, але ўсё роўна было б.

«Калі здарыцца глябальны сусьветны крызіс, патрэба ў IT-рэсурсах стане меншай»

— У адным з інтэрвію вы казалі пра тое, што найлепшыя IT-спэцыялісты застаюцца ў Беларусі. Якія ўмовы патрэбныя, каб так было і надалей?

— Справа не ва ўмовах, а ў попыце. Можа зьнізіцца попыт, і ўмовы не дапамогуць. У 2008 і ў 2014 годзе склалася сытуацыя, калі на рынку была вялікая колькасьць айцішнікаў, свабодных спэцыялістаў і ня так шмат праектаў.

Трэба разумець, што гэты рынак — вельмі рызыкоўны, і накіроўваючы свой вэктар толькі ў IT, не дывэрсыфікуючы накірункі, можна сутыкнуцца зь вялікай рызыкай. Калі здарыцца глябальны сусьветны крызіс, патрэба ў IT-рэсурсах стане меншай. Вялікая колькасьць людзей можа аказацца бяз працы. Гэта трэба разумець. Папярэджаны — значыць узброены.

— Цяпер амаль кожны беларускі школьнік марыць стаць айцішнікам, настолькі гэта стала модна і прэстыжна. А ці насамрэч патрэбна так шмат спэцыялістаў у гэтай сфэры? Ці гэта будзе самая запатрабаваная прафэсія ў будучыні?

— Нядаўна я абʼезьдзіў большасьць беларускіх тэхналягічных унівэрсытэтаў. Знаёміўся зь навучэнцамі, прапаноўваў удзельнічаць у нашай алімпіядзе, гаварыў з рэктарамі вну і бачыў вочы дзяцей, якія глядзелі на мяне як на «небожителя», які валодае такой кампаніяй і можа стаць працадаўцам.

Людзі хочуць ісьці працаваць у IT, бо тут ёсьць магчымасьць зарабіць вялікія грошы. Яны забываюць, што не для кожнага гэтая прафэсія прымальная. Патрэбная матэматычная лёгіка. Праграмісты цэлы дзень сядзяць і думаюць, як скласьці альгарытм, улічыць нюансы работы альгарытму, хітраспляценьня зь іншымі часткамі праграмы.

Я, прызнацца, калі працаваў праграмістам, ужо на 5-й гадзіне працоўнага дня спаўзаў пад стол і далей думаць ня мог. Таму тым, хто мае гуманітарны склад розуму, будзе вельмі цяжка, карʼеры не адбудзецца, а значыць, ня будзе і заробку.

Таму я рэкамэндаваў бы, выбіраючы прафэсію, запытацца, ці падабалася матэматыка ў школе. Тады дакладна атрымаецца, а калі падабалася літаратура, сьпевы і танцы, то таксама можна знайсьці прафэсію ў IT-сфэры, але крыху іншую — ёсьць маркетынг, продажы, дызайн.

«Ангельская мова — гэта наша ўсё»

— Як вы ацэньваеце падрыхтоўку цяперашніх дзяцей у тэхнічных прадметах?

— Разумовыя здольнасьці беларусаў, расейцаў, украінцаў, якія прыходзяць да нас працаваць, па сваёй прыродзе дастаткова высокія. Калі даецца зьверху добрая адукацыя, чалавек у любым выпадку зробіць карʼеру, не застанецца бяз свайго кавалку хлеба з маслам.

Я закончыў сярэднюю школу ў Полацку, апошнія дзьве клясы вучыўся ў Ліцэі БДУ (я дагэтуль дапамагаю сваёй alma mater). Тыя, хто там вучыліся, былі неверагодна разумныя, проста касманаўты.

Пасьля першых двух курсаў ВНУ, як правіла, студэнты маюць дастаткова агульны ўзровень ведаў у мовах праграмаваньня, якія нам патрэбныя. Унівэрсытэты ня могуць угнацца за хуткасьцю зьмены тэхналёгій. Два месяцы стажыроўкі, тры месяцы лябараторыі робяць з выпускніка ВНУ плюс-мінус маладога спэцыяліста, які можа быць прадстаўлены на праекты і пачаць працаваць з задачамі.

Асаблівую ўвагу зьвяртаю на тое, што ангельская мова — гэта наша ўсё. Яна павінна быць на ўзроўні расейскай і беларускай. Я вамі цяпер гавару па-расейску, з тымі ці іншымі асаблівасьцямі і акцэнтам я магу гаварыць па-ангельску з журналістам. Няведаньне ангельскай мовы істотна абмяжоўвае пэрспэктывы, таму што тады рынкам зьяўляецца толькі Расея.

«Хлопцы — праграмісты, жанчыны — тэставальніцы»

— У нашай кампаніі жанчын каля 20%. Хлопцы, у асноўным, праграмісты, жанчыны, пераважна, тэставальніцы. Пры праверцы працы праграмнага забесьпячэньня жанчыны больш пунктуальныя, уедлівыя і сыстэматычныя, чым мужчыны. Сярод тэставальнікаў жанчын болей. А вось у бізнэс-аналітыцы мужчын і жанчын — 50 на 50.

Напачатку ў нас была маленькая кампанія, у якой працавалі толькі мужчыны. Празь некаторы час, калі сродкі нам дазвалялі мець HR (спэцыяліста па пэрсанале. — РС.), я сказаў: «Давайце будзем наймаць дзяўчыну, каб мы хаця б усьміхаліся, прыходзячы на працу, а не сядзелі з такімі тварамі». У нас у HR працуюць толькі дзяўчаты. Ніхто, як яны, ня змогуць настрой палепшыць, пагаварыць па душах, накіраваць на эфэктыўную вытворчую працу.

Міты пра айцішніка

— Прывілеяваная ў Беларусі IT-сфэра абрасла рознымі мітамі. Які самы распаўсюджаны міт пра айцішніка? І якія міты вы спрабуеце разбурыць у тым ліку і праз сустрэчы са знакавымі асобамі?

— Асноўныя міты — айцішнікі нічым не цікавяцца акрамя сваёй працы, у іх бляклыя твары, яны нон-стоп знаходзяцца ля кампутара, у выніку ёсьць пэўная асацыяльнасьць. Гэта хутчэй праблема не праграмістаў, а праблема нашага стагодзьдзя. Няправільна будзе сказаць, што гэта ня так, што ў нас ружовашчокія спартоўцы, якія добрыя як у напісаньні праграмаў, так і на байцоўскім рынгу. Прафэсія накладае адбіткі. Гэта тычыцца і іншых прафэсій. Калі б разам у адной кампаніі сабралі аўдытараў, бугальтараў, брокераў, тэхнолягаў і гэтак далей, то яны пераважна выглядалі б гэтак жа. Усе ўвесь дзень глядзяць у кампутар, не адводзячы вачэй.

Яшчэ адзін міт ці праўда пра айцішніка — скаванасьць пры знаёмстве з дзяўчынай, але гэту праблему вырашаюць адпаведныя мабільныя праграмы (прывітаньне, Tinder) ці адпаведныя напоі ў барах.

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў у нашай кампаніі — 28 гадоў. Мне самому 42 гады, і я цалкам арганічны для сваёй кампаніі. Ёсьць міт, што праграмісты павінны быць маладымі, што людзі пасьля 35 гадоў менш эфэктыўныя ў праграмаваньні. Гэта перадузятае стаўленьне. Хаця сапраўды цяжка ў офісе знайсьці сівагаловага праграміста.

З улікам таго, што ўсё больш людзей бяруць на працу, тыя «дыназаўры», якія яшчэ памятаюць перфаленту ці кампутары IBM зь велізарнымі экранамі, на гэтым тле губляюцца. Яны, як правіла, ня любяць open space (офісы з адкрытым плянаваньнем. — РС.). Многія адкрываюць свае кірункі. Якасьць іх працы не зьніжаецца. Гэта яшчэ маладыя людзі паводле ўсіх стандартаў.

Канечне, з узростам губляецца нейкая вастрыня розуму, узьнікае большы дагматызм і канʼюктурнасьць, што не заўсёды добра, калі трэба прымаць творчыя рашэньні. Але досьвед і веды, як правіла, дамінуюць. Магчыма, ім нязручна знаходзіцца ў атачэньні 25-гадовых хлопцаў, але такія людзі патрэбныя ў нашай і іншых кампаніях, ім працу знайсьці дастаткова лёгка.

«Помнік майму прадзеду — Беламорканал»

— На вашай старонцы ў Фэйсбуку я зьвярнула ўвагу на крытычны допіс з нагоды 100-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, яе наступстваў у тым ліку і для Беларусі. Ці ёсьць у вашай сямʼі пацярпелыя ад камуністычных, сталінскіх рэпрэсій? Ці былі ў Курапатах?

— Семʼі абодвух маіх бацькоў паходзяць з Расеі. Курапаты да маёй сямʼі ня маюць дачыненьня, але помнікам майму прадзеду па мацярынскай лініі зьяўляецца Беламорканал. Па бацькоўскай лініі былі раскулачваньні ў Карэліі. У тым доме, дзе жылі мае прадзеды, цяпер знаходзіцца нейкая школа. Гэта быў крывавы, цяжкі пэрыяд гісторыі. З другога боку Савецкі Саюз мне цікавы як сацыяльны экспэрымэнт, пастаўлены на вялікай тэрыторыі, вынікі якога і касманаўт Юры Гагарын, і мільёны рэпрэсаваных, у тым ліку і члены маёй сямʼі.

Зь кім варта абʼядноўвацца

— Цяпер ідзе шмат размоваў пра інтэграцыю Беларусі і Расеі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Джон Ленан у 1971 годзе напісаў песьню Imagine, у якой былі такія словы:

Imagine thereʼs no countries

It isnʼt hard to do

You may say that Iʼm a dreamer
But Iʼm not the only one
I hope someday youʼll join us
And the world will be as one

Магчыма, калісьці на плянэце ня будзе дзяржаваў, і ўсе будуць жыць, як сьпяваў Джон Ленан. Калі паглядзець на ўдалыя варыянты абʼяднаньня, то абʼяднаным краінам лепей чым разьяднаным. У Эўразьвязе падарожнічаеш з краіны ў краіну, і толькі зрэдку могуць спыніць і праверыць, зьвярнуўшы ўвагу на нумары маёй машыны. Ня вельмі добра, калі стаіш у Польшчы на мяжы тры гадзіны, каб атрымаць пячатку ў пашпарт і каб сабака панюхаў твой багаж. Гэта прыклад абʼяднаньня і разьяднаньня.

Перад тым, як у сучасным сьвеце абʼядноўвацца, я б уважліва падумаў, зь кім гэта рабіць. Абʼядноўвацца з краінай, у якой шаман накіроўваецца ў галоўны орган адміністрацыйнай улады, каб дапамагчы гэтай уладзе зьмяніцца… Ня думаю, што трэба да такога саюзу імкнуцца. А вось, калі б чэргі ў Берасьці скараціліся, гэта быў бы істотны крок да нейкага наступнага абʼяднаньня.

Грэта як сучасная Жана Дʼарк

— Дагэтуль у сеціве горача абмяркоўваецца выступ у ААН швэдзкай школьніцы Грэты Тунберг з крытыкай існуючай сытуацыі з абаронай навакольнага асяродзьдзя. Як вы і ваша кампанія да гэтага ставіцеся?

— Я знаходжу выступ Грэты Тунберг выключна пасіянарным. Жана Дʼарк магла прыкладна з такім жа выразам твару распавядаць пра неабходнасьць ісьці на вайну з Ангельшчынай. Я зьдзіўлены рэакцыяй грамадзтва на яе выступ. Магчыма, у нашай прасторы і сярод людзей майго ўзросту гэта абумоўлена тым, што яшчэ памятаюць Саманту Сміт і ды іншых дзяцей «барацьбітоў за мір». Таму Грэту ў тым жа выглядзе прадставілі.

Спадарства, калі вы не пагаджаецеся з Грэтай, то з чым пагаджаецеся? Ці разумна глядзець на тое, што цяпер адбываецца, разумна гадаць: глябальнае пацяпленьне гэта ці антрапагенны факт? Які далейшы крок будзеце рабіць? Мы з сынам каталіся па пустыні ў ваколіцах Дубая і бачылі, як зь пяску тырчаць пакеты. Гэта крадзе і жаданьне і настрой паглядзець сьвет.

Мне прыемныя трэнды каліфарнійскіх ці эўрапейскіх школьнікаў, якія зьбіраюць плястык ці нясуць у руках хлеб, напоі, не купляючы пакетаў. Грэта Тумберг сабрала паўтара мільёна маладых пасьлядоўнікаў па ўсяму сьвету. Я знаходжу гэта барацьбой з ветракамі. Кітайскі завод вырабіць столькі пакетаў, колькі ніякія школьнікі і студэнты ніколі не зьбяруць. Трэба змагацца найперш з заводам, а не зь ягонай прадукцыяй.

Uber ды іншыя кампаніі, якія зьмяняюць сьвет

— Вы прадстаўнік маладога пакаленьня бізнэсоўцаў. Чым эканоміка 21 стагодзьдзя адрозьніваецца ад эканомікі 20 стагодзьдзя?

— 21 стагодзьдзе вылучаецца тым, што ўзьніклі такія кампаніі як Uber, кампаніі па дастаўцы ежы, мноства мэсэнджэраў. Большасьць зь іх маюць агульную рысу — у клясычным разуменьні эканомікі яны стратныя. Колькасьць грошай, укладзеных у кампанію, ня можа быць кампэнсаваная яе прыбыткам. Мы назіраем капіталізацыю Uber, у той час як заробкі яго некаторым чынам сумнеўныя.

Ёсьць заснавальнікі, якія запускаюць стартап, які, дасягнуўшы пэўных памераў, атрымлівае фінансаваньне, потым венчурныя капіталісты выводзяць свой капітал ці пашыраюць сваю прысутнасьць. Так ці інакш, дзень за днём гэта ўсё ж пухір, без якога немагчыма ўявіць наша жыцьцё.

Uber паказаў шырокаму колу людзей ва ўсім сьвеце, што ў іх у руках ёсьць актыў, зь якога яны могуць зарабіць. У Маскве кожны другі таксовец Uber раскажа сваю бізнэс-гісторыю, як некалі ён быў выбітным прадпрымальнікам, потым нешта пайшло ня так, і цяпер ён нікому не падпарадкоўваецца і працуе як фрылансер на сваёй машыне. Часта гэта людзі майго ўзросту ў касьцюмах, з гальштукамі, у белых кашулях.

Гэтыя кампаніі зьмяняюць сьвет. Немагчыма ўявіць гэты сьвет толькі з рэгулярным таксі. Захочаш піццу, адкрываеш праграму — вось табе піцца. Ісьці па піццу выглядае олдскульна. Кампаніі мінулага стагодзьдзя былі накіраваныя на прыбытак. Кампаніі гэтага стагодзьдзя растуць шляхам капіталізацыі. Глядзець на гэта цікава і адначасова страшна. Мы знаходзімся перад фармаваньнем новай эканамічнай парадыгмы.

Кароткая анкета Свабоды

  • Чаму кампанія называецца Andersen?
  • Гэта скандынаўскае слова, якое пачынаецца на А. У большасьці рэйтынгаў А — наперадзе. Ганс Хрысьціян Андэрсан знакаміты сьветлымі і павучальнымі казкамі. Назву я прыдумаў, калі яшчэ марыў пра сваю кампанію. Але мы ні ў якім разе ня казачнікі, адказваем за свае словы.
  • Якія кнігі чытаеце?
  • Мяне цікавяць сацыяльныя зьявы. Цяпер чытаю «Псыхалёгію мас» Гюстава Лебона. Сьлед пакінула «Імпэрыя павінна памерці» Міхаіла Зыгара, прачытаўшы якую, скажу, што ў Расеі ўсё можа зьмяніцца заўтра, і нічога за сто гадоў. Зь беларускіх — «На ростанях» Якуба Коласа, найлепшая клясычная кніга пары Срэбнага стагодзьдзя, якая на агульным фоне незаслужана не распіяраная.
  • Якая музыка у машыне?
  • Захоўваю вернасьць расейскаму року. ДДТ, Юры Юльянавіч Шаўчук — дзьве траціны маёй музычнай калекцыі.
  • Узор і прыклад для перайманьня
  • Напэўна, я павінен сказаць, што гэта Стыў Джобс і Біл Гейтс ці Ілан Маск, але я часткова кіруюся рэўнасьцю да гэтых асобаў, каб у нашай сьціплай кампаніі дасягнуць іх узроўню і зрабіць больш. З клясычных — Пётр Аркадзьевіч Сталыпін. Цэльная асоба, прыклад таго, як трэба аддавацца сваёй справе.
  • Ці лічыце эфэктыўным жорсткі мэнэджмэнт Стыва Джобса?
  • У Джобса шмат што атрымалася насуперак ягоным намаганьням. Ён быў выключна зараджаны, энэргічны чалавек, харызматычны, пасіянарый, і ў выніку свайго ён дамогся, але былі моманты, калі ягоная родныя кампанія выключыла яго са сваіх шэрагаў. Калі б Apple яго ізноў ня ўзяў, назад купіўшы апэрацыйную сыстэму NeXT, ня выключана, што пра Джобса мы б ня ведалі. Я так думаю, што на 9 няслушных рашэньняў ён прымаў адно геніяльнае, якое штурхала яго наперад. Сыходзячы з напісанай пра яго кнігі, з тых мітаў, што дайшлі, ягоная жорсткасьць была празьмернаю.
  • Як вас можна пакрыўдзіць?
  • Усё, што тычыцца эмоцый, на прафэсійным узроўні можа каштаваць вялікіх грошай. Кіруючыся крыўдай, асабістымі сымпатыямі і нават каханьнем, можна вельмі нашкодзіць кампаніі. У прафэсійным сэнсе я спрабую трымацца халоднага, спакойнага, абдуманага разьліку. У асабістым пляне мяне можа пакрыўдзіць нявернасьць, а таксама сказаныя за сьпіной словы, якія ня тычацца сутнасьці.
  • На колькі працэнтаў вы рэалізавалі свой патэнцыял?
  • Мужчыны спачатку спаборнічаюць са сваімі канкурэнтамі, жывымі ўдзельнікамі рынку, а атрымаўшы перамогу над жывымі, з тымі, хто ўжо памёр. Яшчэ ёсьць куды рухацца. Мы шмат чаго дасягнулі. Кампанія разьвіваецца, мы адкрываем офісы ў Францыі і Нямеччыне. Кожны дзень кідае выклік, прыходзіцца намацоўваць на балоцістай глебе бліжэйшую цьвёрдую купіну, каб на яе абаперціся. Трэба трымаць нос па ветры, каб зразумець, ці слушны крок робіш…
  • Як бы вы патлумачылі звычайнаму чалавеку, што рабіць ваша кампанія?
  • Наша кампанія робіць сьвет лепей. Яна прыносіць у мабільны тэлефон і кампутар праграмы, якімі ён карыстаецца кожны дзень, у ягоную машыну — элемэнты кіраваньня. Беларусы карыстаюцца прадукцыяй Andersen, калі замаўляюць квіткі ў найвялікшых пастаўшчыкоў гэтых паслугаў, У Расеі гэта праграмы Сбербанка, Тинькофф. Найвялікшы рытэйлер бытавой тэхнікі MediaMarkеt — гэта таксама наш унёсак.

Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031