Знайсці
20.10.2019 / 18:1914РусŁacБел

Берасцейцы абурыліся заявамі Лукашэнкі пра «акумулятаршчыкаў», якія рвуцца ў парламент

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода абураныя заявамі Аляксандра Лукашэнкі пра удзел іх актывістаў у парламенцкіх выбарах. Пра гэта яны заявілі падчас чарговай сустрэчы 20 кастрычніка на плошчы Леніна ў Брэсце, перадае «Белсат».

Шэсце па цэнтру Берасця. Фота: Ірына Арахоўская/«Белсат»

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання 18 кастрычніка раскрытыкаваў праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты. Ягоны выступ паказаў тэлеканал «Беларусь 1».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы, каб моладзь «больш актыўна сябе выяўляла», «але гвалтам не крычала», як у Берасці.

«Я ж папярэджваў, калі ў вас быў на 1000-годдзі, што глядзіце, у вас некаторыя акумулятаршчыкі гэтыя, пачнецца перадвыбарная кампанія, і вы зразумееце, чаму яны гвалтавалі. Яны ўсе вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты. То бок ім пофіг гэты акумулятарны завод, яны заўтра гатовыя матануць у Менск і тут бадзяцца па гэтай вуліцы і ціхенька паводзіць ці ж гвалтам крычаць ужо на менскіх плошчах», — сказаў кіраўнік краіны.

Сёння ў Брэсце на традыцыйнае «кармленне галубоў» сабралася, як піша «Брестская газета», каля 130 чалавек. Выданне прыводзіць шэраг меркаванняў, якія прагучалі там. Вось некаторыя з іх:

«Пратэсты ў Брэсце пачаліся амаль два гады таму. Тады ніхто не думаў, што гэта так зацягнецца. І тым больш ніхто не задумваўся пра нейкія выбары. Мы адстойваем сваё права на чыстае паветра, а нас называюць «акумулятаршчыкамі», якія крычаць на плошчах».

«Гэта значыць калі ў кандыдаты ў дэпутаты ідзе «Міс-Беларусь» (Марыя Васілевіч), якой 21 год і ёй яшчэ ўрокі вучыць трэба, дык гэта нармальна. А калі нашы актывісты сумленна сабралі подпісы, каб паспрабаваць патрапіць у парламент і там падымаць пытанні экалогіі — гэта ўжо ледзь не крымінал».

«Не так проста трох чалавек зрэзалі»

Уладзімір Мароз. Фота: Раман Кісляк.

Агулам у парламент сёлета балатаваліся чатыры праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Але зарэгістраваны з іх быў толькі Уладзімір Мароз.

Адзін з прэтэндэнтаў у дэпутаты Аляксандр Кабанаў, якому ўлады адмовілі ў рэгістрацыі дэпутатам, пракаментаваў выказванне кіраўніка дзяржавы ў размове з карэспандэнтам «Белсата».

«Для мяне наагул было нечакана, што ён [Аляксандр Лукашэнка. — Belsat.eu] на гэта звярнуў увагу. Значыць, яго гэтая тэма хвалюе, на мой погляд. І не так проста трох чалавек, значыць, зрэзалі. Бо зрэзалі паводле надуманых прычынаў. І я падазраваў, што гэта з Менску каманда, але не падазраваў, з якой вышыні», — адзначыў суразмоўца.

На думку актывіста, кіраўніку Беларусі трэба моладзь, якая «будзе з ім збіраць кавуны, сядзець на футболе абціскацца», а праціўнікі акумулятарнага заводу б такім не займаліся.

Разам з тым Аляксандр Кабанаў прызнаў пэўную правату Аляксандра Лукашэнкі адносна фразы «ім пофіг гэты акумулятарны завод».

«У нас жа прэтэнзіі не да заводу. У нас прэтэнзіі да ўладаў, якія дапусцілі гэтае будаўніцтва. Дапусцілі кучу розных парушэнняў, якія паўтара гады ігнаравалі гэта ўсё. Таму ў нас галоўныя прэтэнзіі супраць улады. І мы супраць гэтага заводу», — заявіў суразмоўца.

«Мне патрэбен не піяр, а чысты горад»

Уладзімір Мароз, адзіны з праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасці, якога зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, распавёў «Белсату», што факт рэгістрацыі 1 з 4 лідараў берасцейскага пратэсту сведчыць пра ўмяшальніцтва ўладаў у хаду выбарчага працэсу. Уладзімір адзначае, што сярод сваіх калегаў ён найменей дасведчаны, меней вядомы. Таму ўлады, каб зрабіць выгляд дэмакратычнасці, зарэгістравалі менавіта яго.

«Менск сапраўды найбольш перспектыўны горад у нашай краіне. Але мне патрэбен не багаты Менск, а мне патрэбен чысты мой горад. Мне патрэбна Берасце. Нас два гады не чулі, а цяпер раптам пра нас загаварыў кіраўнік краіны, адзначыў, што мы піярымся. Але мне таксама не патрэбен піяр. Мне важней здароўе маіх блізкіх, майго маленькага дзіцяці», — распавёў «Белсату» Уладзімір Мароз.

Прадпрыемства «АйПаўэр» паўстала ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце», але праз пратэсты берасцейцаў гэтак і не распачало працу. Мясцовыя жыхары заяўлялі, што прадпрыемства небяспечнае для навакольнага асяроддзя.

З 25 лютага 2018 года праціўнікі заводу збіраюцца кожную нядзелю ў цэнтры Берасця, каб сімвалічна пакарміць галубоў. Удзельнікі гэтых сустрэчаў прызнаюцца, што міліцыянты пагражаюць ім расправаю.

У чэрвені стала вядома, што завод не адпавядае экалагічным патрабаванням. У выніку за кратамі апынуліся прынамсі шэсць чалавек у межах праверкі сітуацыі. У следчым ізалятары, між іншага, знаходзіцца інвестар заводу Віктар Лемяшэўскі.

NN.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031