Знайсці
09.05.2020 / 17:0585РусŁacБел

«Што значыць — ці ўмею я страляць?» Гутарка з маёрам Кацярынай Аляксеевай, якая раптоўна стала інтэрнэт-зоркай 

Архіўны матэрыял за 2019 год.

Чытайце. Маёр Кацярына Аляксеева здзівіла інтэрнэт колькасцю сваіх медалёў на парадзе ФОТАФАКТ

Эфектная бландзінка перад вамі не інстаблогерка, а маёр Мінабароны. Кацярына Аляксеева служыць старшым афіцэрам упраўлення верыфікацыі дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Яна расказала «Нашай Ніне», ці лёгка дзяўчатам трапіць ва Узброеныя сілы, чым беларускі-ваенныя адрозніваюцца ад калег за мяжой, ці гатова яна прамяняць армію на мадэльны бізнэс і які мужчына мог бы скарыць яе сэрца. 

«Конкурс на ваенны факультэт для дзяўчат — 33 чалавекі на месца»

Кацярына вырасла ў Клімавічах. Ёй заўсёды добра даваліся замежныя мовы — пасля 9 класа яна пайшла вучыцца ў лінгвістычны ліцэй, а ў 11-м выйграла рэспубліканскую алімпіяду па французскай. Выбар, здаецца, быў відавочны: або Лінгвістычны ўніверсітэт (туды нават без іспытаў прынялі б), або факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

«Мне здавалася, што гэтыя спецыяльнасці абяцаюць мне вялікую будучыню. Але я такі чалавек, які ўвесь час кідае сабе выклікі, і я вырашыла паступаць на ваенны факультэт. Экзамены туды праводзяцца за месяц да пачатку ўступнай кампаніі. Я праходзіла тры спецыяльныя адборы: медыцынскае абследаванне, маральна-псіхалагічны тэст і фізкультуру.

На 99 ахвотных дзяўчат было ўсяго тры месцы. Конкурс — 33 чалавекі на месца! Мне здаецца, гэта лічба вельмі паказальная. Калі я ўвайшла ў тройку і мяне запрасілі як курсанта на сустрэчу з дэканам факультэта, я зразумела, што павінна штосьці зрабіць для радзімы, напэўна, гэта нейкі знак. Калі я паступіла, прайшоўшы такі адбор, відаць, я для гэтага створаная».

За месяц да прыняцца прысягі ў курсантаў пачынаецца курс маладога байца — вучаць страляць, хадзіць строем, выконваць каманды.

«Патуранняў для дзяўчат не было. І ў нас дзяўчаты былі вельмі мэтанакіраваныя. Я не памятаю выпадкаў, каб нехта плакаў, хацеў дадому», — кажа Кацярына.

Падстроіцца пад рэжым на ваенным факультэце, успамінае яна, было вельмі складана. Пад’ём а сёмай раніцы, зарадка, паверка… Ужо на другім курсе дзяўчына палюбіла фізкультуру.

«За час курсанцтва я пахудзела на 16 кілаграмаў. Не тое, каб я начамі плакала і ела капусту. Проста я мэтанакіравана занялася спортам, пачала правільна харчавацца. Мне хацелася, каб на мне форма выглядала вельмі прыгожа.

На фота злева — Кацярына ў 11 класе. «Літаральна ўчора папрасіла маму: пашукай мае фоткі, дзе я ў сваім лепшым, самым сакавітым выглядзе. Яна скінула мне гэта, было гадзін 9 вечара. Я нават яблык адклала — проста сябе не пазнала. Такая трансфармацыя. Паглядзела на сябе і зразумела: я, канечне, малайчына».

Да дзяўчат у пагонах запыт з боку грамадства двайны. Акрамя таго, што ты павінна заўсёды быць з цвярозым розумам і халодным сэрцам, ты мусіш заставацца дзяўчынай — дагледжанай, з добрым манікюрам, акуратнымі валасамі, адпрасаванай формай».

Ваенны факультэт Кацярына скончыла з чырвоным дыпломам. Дасканала ведае тры замежныя мовы — французскую, іспанскую і ангельскую.

«У мяне няма ніводнай васьмёркі, і я гэтым вельмі ганаруся. Хоць многія пытаюць: «Вось, а што даў табе гэты чырвоны дыплом?» А што ён павінен даць? Чырвоны дыплом — гэта статус. Людзі, якія ў гэтым нешта разумеюць, ацэньваюць гэта пазітыўна: атрымаць чырвоны дыплом у міжнародных адносінах вельмі складана».

«А страляць умееце?»

«Умею — гэта мякка кажучы, — усміхаецца Кацярына. — Я здала на «пяць» агнявую падрыхтоўку.

Для ўсіх афіцэраў Узброеных сіл два разы на год праводзяцца заняткі па агнявой падрыхтоўцы. Ты павінен прадэманстраваць сваё ўменне валодаць рознымі відамі зброі — пісталетам Макарава, аўтаматам Калашнікава. І трэці нарматыў — кіданне гранаты. Я мінулы раз усе тры здала на выдатна.

Многія мае знаёмыя любяць цір. Гэта, канечне, іншае: як займацца ў трэнажорнай зале і бегчы паўмарафон. Я бываю ў ціры. Але стральба — мужчынская забава. Я больш люблю гатаваць, майстар-класы па кулінарыі наведваць».

«Я была ў 30 краінах — нашы дзяўчаты-вайскоўкі выглядаюць вельмі годна»

У Міністэрства абароны Кацярына трапіла адразу пасля заканчэння ўніверсітэта. Спачатку займалася інфармацыйна-аналітычнай працай (прагназавала грамадскія тэндэнцыі і палітычныя з’явы), а чатыры гады таму перайшла ва ўпраўленне кантролю над узбраеннем.

«У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі мы як інспектары ездзім у еўрапейскія краіны, каб правяраць, наколькі яны прытрымліваюцца ўстаноўленых узроўняў узбраення. Робім гэта знянацку. Кіруемся Венскім дакументам 2011 года і Дагаворам аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Таксама суправаджаем дэлегацыі, якія прыязджаюць правяраць нас. Плюс я з’яўляюся перакладчыцай для нашых вышэйшых службовых асоб. Напрыклад, у чэрвені ездзіла з начальнікам генеральнага штаба ў Нью-Ёрк на канферэнцыю ААН па міратворчасці», — апісвае сваю работу Кацярына.

У камандзіроўкі дзяўчына часта лётае ў Францыю, Германію, Італію. Некалькі разоў ездзіла выкладчыцай у школу НАТА.

«Я была ў 30 краінах па родзе сваёй дзейнасці, дзе сустракалася з калегамі, у тым ліку з дзяўчатамі. Хачу сказаць, што нашы выглядаюць вельмі годна.

За мяжой дзяўчаты-вайскоўкі ў большасці выпадкаў носяць кароткую стрыжку, крыху даўжэйшую за хлапчуковую. Такія рэчы, як макіяж, манікюр, парфюм (нават у Францыі!), — вялікая рэдкасць.

Як на мяне рэагуюць? Магу такую гісторыю расказаць. Я была ў Францыі. Калі спускаліся з верталёта, французскі вайсковаслужбовец мне падаў руку, а сваёй калезе — не. Для мяне гэта так дзіўна было — спуск з верталёта, павышаная небяспека.

Пытаюся потым: а чаму? Ён: а ў нас дзяўчаты ў арміі — гэта вайсковаслужбоўкі, а не жанчыны. Такое стаўленне. Але я лічу, што як ты сябе падаеш, так цябе і ўспрымаюць».

Падчас камандзіроўкі ў Італію.

«Тая сістэма, у якой я служу, мне вельмі падабаецца»

Ва Узброеных сілах служыць 60 тысяч чалавек. Жанчын з іх — 4 тысячы. Цікавімся, як працуецца ў мужчынскім калектыве.

«Мне падабаецца служыць сярод мужчын. Усе вельмі інтэлігентныя, чулыя — і дзверы адчыняць, і руку пададуць (гэта, напэўна, закладзена ў беларускіх мужчынах). Нас, дзяўчат, мала, таму яны нас любяць, ахоўваюць.

Пытанне пра кампліменты часта задаюць мае грамадзянскія сябры. Яно мяне заўсёды ставіць у ступар. Я, напрыклад, не лічу, што «ты прыгожая» — гэта камплімент. Для мяне ўсе дзяўчаты прыгожыя, у кожнай нешта падабаецца.

Самы класны камплімент, калі кажуць: «Слухайце, вы цвяроза разважаеце». Ці калі чалавек табе тэлефануе і хоча па нейкіх пытаннях параіцца.

У нашу эпоху пастаянных абвінавачанняў — «вось, большасць дзяўчат не хочуць працаваць, хочуць добра выйсці замуж, спадзяюцца на лёгкае жыццё» — пачуць, што ты разумная, заўсёды цешыць. Я такі камплімент заўважаю і нават дзесьці для сябе стаўлю птушачку».

30-гадовая Кацярына ў сваім падраздзяленні самая маладая. Маёрам яна стала два гады таму.

«Ва Узброеных сілах ёсць жанчыны-палкоўнікі — сярод медыкаў, напрыклад. А вось генералаў-жанчын яшчэ няма».

«Хочаце стаць?»

«Ну які салдат не марыць стаць генералам? — аджартоўваецца дзяўчына. — Я не жыву думкамі: вось, хутчэй бы пенсія. Буду ісці па кар’ернай лесвіцы, наколькі будзе дазваляць мая адукацыя, час.

Тая сістэма, у якой я служу, мне вельмі падабаецца. Я лічу яе годнай.

Кожны раз, калі бачу ў інфармацыйнай прасторы негатыўныя навіны пра Узброеныя сілы, растройваюся. Бо ў большасці выпадкаў рэчы падаюцца не тым чынам».

«Калі была курсанткай, мужчыны лічылі патрэбным падысці расказаць, дзе яны служылі»

Свабодны час маёр аддае спорту. Дзве трэніроўкі на тыдзень — гэта абавязкова.

«Хаджу на розныя заняткі. У суботу была на фітнэс-боксе — крутая тэма! Шмат пацееш, і мышцы мацуюцца. У мяне няма мэты пайсці на конкурс фітнэс-бікіні. Мэта — добра выглядаць у купальніку і вайсковай форме. Па сутнасці, калі мы прыязджаем за мяжу, па нас мяркуюць, як выглядаюць усе Узброеныя сілы.

Для вайскоўцаў выдзелена тры гадзіны на тыдзень у працоўны час для заняткаў спортам. Я гэтым часам заўсёды карыстаюся. Але потым з нас і пытаюць. Два разы на год мы здаём фізічную падрыхтоўку. Нарматывы — бег на 100 метраў, на кіламетр і прэс. Я, дарэчы, таксама ўсё здала на «пяцёрку».

У мяне ёсць знаёмыя, якія займаюцца толькі ёгай. Гэта не маё.

Я лічу, што трэніроўка, на якой ты не ўспацеў, — гэта проста марнаванне часу. Мне падыходзяць актыўныя віды спорту: падабаюцца стэпы, тайбо, заняткі, дзе трэнер ажно раве «вышэй, вышэй!».

Бег люблю. Я пачынала з таго, што ўвечары, калі цямнела, надзявала спартыўны касцюм і бегала ў сябе на раёне».

Сярод Каціных сябровак шмат фотамадэляў. Адна нават доўгі час была тварам «Мілавіцы». 

«Мне такіх прапаноў не паступала, — адказвае маёр. — І нават калі паступіць, наўрад ці пагаджуся. Я лічу, кожны павінен займацца сваёй справай. Доктар — лячыць, вайсковец займацца нацыянальнай бяспекай, а мадэль — здымацца».

«У мяне ёсць тры віды формы. Паўсядзённая (у якой я цяпер), парадная (з медалямі, аксельбантам, белай кашуляй) і баявая (ці палявая, у ёй мы суправаджаем замежныя інспекцыі ў военскія часці). Я форму заўсёды ўшываю пад сябе».

У размове Кацярына не раз падкрэслівае, што яна перфекцыяністка. І да мужчын у яе таксама высокія патрабаванні.

«Мой вобраз ідэальнага мужчыны складаецца з сукупнасці тых якасцяў, якія я бачу ў мужчынах, што мяне атачаюць. У цэлым я, пэўна, выйду замуж за чалавека разумнага — проста з дурным мне будзе нецікава.

Верагодна, гэта будзе мужчына, з якім я найду супольныя інтарэсы ў выглядзе спорту. Спорт пэўную самадысцыпліну дае, нервы разгружае».

«Абавязкова, каб мужчына быў вайскоўцам?»

«Не. Я людзей не дзялю на вайсковых і цывільных».

Дзяўчына ўсміхаецца: калі яна ідзе па вуліцы ў форме, з ёй пастаянна знаёмяцца.

«Яшчэ калі была курсанткай, мужчыны лічылі патрэбным падысці да мяне і расказаць, дзе яны служылі. Робяць кампліменты вельмі часта — нават у заторы, на запраўцы.

А калі не ў форме… Я асабліва не афішую: о, вітаю, я Каця, я вайскоўка. Але ў большасці выпадкаў здзіўляюцца, калі даведваюцца, кім працую. Бо ў нас ёсць стэрэатып, што армія — не для жанчын. А гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці. У большасці выпадкаў жанчыны-вайскоўкі — гэта добрыя медыкі, юрысткі, перакладчыцы, псіхолагі. Вось тут я гатова даць адпор тым, хто скажа, што армія — не жаночая справа».

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031