Знайсці
17.10.2019 / 14:4410РусŁacБел

Сярод педагогаў, якія балатуюцца ў Палату прадстаўнікоў, непрапарцыйна шмат членаў Кампартыі

Фота Sputnik.by.

Сярод настаўнікаў і дырэктараў школ ёсць людзі самых розных палітычных поглядаў. У той жа час сярод педагогаў, якія балатуюцца ў Палату прадстаўнікоў, непрапарцыйна шмат членаў Камуністычнай партыі Беларусі. Прычым пераважна гэта людзі, якія працуюць на кіраўнічых пасадах.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада. На гэтым тыдні стане зразумела, хто з прэтэндэнтаў будзе зарэгістраваны, а хто — не.

Пра некаторыя тэндэнцыі выбарчай кампаніі можна гаварыць ужо сёння. Традыцыйна ў Палату праходзіць нямала дэпутатаў «па квоце сферы адукацыі».

Міністрам адукацыі Беларусі ад 2016 года з’яўляецца Ігар Карпенка. На той момант, калі ён стаў міністрам, то адначасова ўзначальваў праўладную Камуністычную партыю Беларусі. 

У Шабанах кандыдатам ад Кампартыі вылучаная дырэктарка школы №169 Алена Казлоўская. Па Старавіленскай акрузе №105 вылучаны супрацоўнік Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Ігар Чыжык.

У Кастрычніцкай акрузе Мінска №97 вылучаецца дырэктар Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва Ілона Чак. А па Купалаўскай акрузе №95 вылучаная дырэктарка сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна».

Усе яны дырэктары — і ўсе камуністы.

Глядзі таксама: 110 дэпутатаў, якія трапяць у парламент, — праверце спіс пасля выбараў

Камуніст Аляксандр Філіновіч ідзе на выбары па Гродзенскай сельскай акрузе №53. Філіновіч працуе дырэктарам ўстановы дадатковай адукацыі дарослых. 59-гадовы настаўнік дапрызыўной падрыхтоўкі сярэдняй школы №22 Гродна Аляксандр Радзівонаў балатуецца па Гродзенскай-Ленінскай акрузе.

Завуч Жодзінскага політэхнічнага каледжа Валерый Стральчонак з’яўляецца найбольш імаверным «кандыдатам ад улады» ў Жодзінскай акрузе. 

Тое самае тычыцца Сяргея Сыранкова, які працуе намеснікам начальніка ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Раней Сыранкоў адказваў за адукацыю ў Краснапольскім раёне.

Адразу дзве камуністкі ідуць па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85. Абедзвюх камуністак завуць Людміла, і абедзве яны працуюць у сферы адукацыі. І адна з іх, як выглядае, атрымае мандат. Людміла Здорыкава ўзначальвае СШ №27 Магілёва, а Людміла Ільінская — Магілёўскі гандлёвы каледж. Лічым, што ў парламент патрапіць апошняя.

На радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў Шклове вылучаецца дырэктарка спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школы інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Інга Аляксандрава. Яна таксама, магчыма, стане дэпутаткай.

Жанна Чарняўская, якая вылучаецца ад КПБ па Хойніцкай акрузе, працуе намесніцай старшыні мясцовага райвыканкама. Курыруе ў ім сацыяльныя пытанні, у тым ліку і адукацыю. Урэшце ў Калінкавічах дэпутатам хоча стаць Святлана Целеш, якая працуе тут жа загадчыцай садка №11.

55-гадовы Ігар Карпенка працуе міністрам адукацыі з 2016 года. У 2004—2012 гадах ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. З 2011 года — галоўным «ідэолагам» Мінска. У 2012 годзе абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. 

З прыходам Карпенкі ў ведамства многія чыноўнікі заўважылі прыход сяброў КПБ на пасады ў міністэрства. Напрыклад, дырэктарам інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі стаў камуніст Юрый Круглік, да гэтага ён быў дырэктарам СШ №56. Круглік спрабуе трапіць у парламент па Заходняй акрузе Мінска. 

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031