Знайсці
17.10.2019 / 09:028РусŁacБел

Макей заявіў пра адсутнасць пагрозы незалежнасці Беларусі

16 кастрычніка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв'ю журналістам пяці недзяржаўных СМІ, у тым ліку «Нашай Нівы». Першыя пытанні журналістаў датычылі тэмы гэтак званай «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі» і прапаноў Масквы аб «паглыбленай інтэграцыі». 

«Ніякага палітычнага складніка ў праграме інтэграцыі няма, гаворка пра больш паглыбленую інтэграцыю ў сферах, якія маюць значэнне толькі для эканамічнага развіцця дзяржавы: гарманізацыя правілаў і узгодненая прамысловая, энергетычная (асабліва нам цікавы адзіны рынак энерганосьбітаў), аграрная палітыка, абмен інфармацыяй аб руху тавараў», — сказаў Уладзімір Макей. 

«На першапачатковым этапе абмеркавання былі непрымальныя для нас прапановы, — прызнаў беларускі міністр. — Я так разумею, гэта работнікі сярэдняга звяна расійскіх міністэрстваў унеслі іх. Аб стварэнні нейкіх наднацыянальных структур, напрыклад. Але прэзідэнты на форуме ў Пецербургу прызналі немэтазгоднасць работы над прапановамі, якія ўтрымліваюць палітычны складнік: няма сэнсу гаварыць, напрыклад, аб стварэнні цэнтральнага банка, калі мы эканамічна не інтэграваліся», — адзначыў Макей. 

«Разглядаецца, дзе б заканадаўства было набліжана, і я не думаю, што з'явяцца нейкія новыя органы — існуе мноства інстытуцыянальных механізмаў, якія дазваляюць нармальна ўзаемадзейнічаць, пытанні могуць разглядацца на сумесных калегіях міністэрстваў», — сказаў ён.

Макей лічыць немэтазгоднай публікацыю напрацовак новых беларуска-расійскіх дакументаў.

«Давайце пачакаем да пачатку снежня, — прапанаваў Макей. — Я нават не ўпэўнены, што нашы міністэрствы змогуць падрыхтаваць і рэалізаваць усе тыя планы, якія адлюстраваны ў праекце праграмы паглыбленай інтэграцыі».

«Не сказаў бы, што людзі так ужо хвалююцца аб дакументах больш паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Я таксама сустракаюся з людзьмі і бачу, што галоўнае, што іх хвалюе, гэта каб была праца, добры заробак і гэтак далей. Пэўныя колы ў Беларусі, канечне, хвалюе гэтае пытанне, — працягнуў сваю думку ён. — Некалькі тысяч чалавек ствараюць глебу для маніпуляцый ці інсінуацый».

Макей падкрэсліў, што не бачыць небяспек для Беларусі: «Не існуе і думкі аб тым, каб хтосьці падумаў аб страце незалежнасці ці суверэнітэту». 

«[Аляксандр Лукашэнка] адназначна сказаў, што гэта немагчыма — у нас грамадства іншае, чым яно было 20 гадоў таму. Ужо некалькі пакаленняў нарадзілася ў новай дзяржаве, яны не бачаць сябе ў іншай дзяржаве, а ў незалежнай Беларусі», — сказаў Макей.

У той жа час міністр падкрэсліў, што Беларусь будзе трымацца існуючых адносін з Расіяй: «Існуюць міжнародныя пагадненні, якія мы абавязаліся выконваць».

«Наколькі мне вядома, цяпер усе апытанні, якія праводзяцца, кажуць пра тое, што вялікая колькасць грамадзян яшчэ выказваецца за шчыльныя адносіны з Расіяй, — адзначыў Макей, — але павялічваецца і колькасць грамадзян, якія хочуць адносін і Расіяй і з іншым бокам — з ЕС».

Галоўныя пагрозы для Беларусі Макей бачыць у эканоміцы і мілітарызацыі нашага рэгіёна ў выніку росту напружання ў адносінах Расіі і НАТА.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера