Магілёвец адсудзіў у камерцыйнай структуры 100 рублёў за нявыдадзены бясплатны пакет
Магілёвец выйграў грамадзянскую справу ў судзе Кармянскага раёна ў прыватнага прадпрыемства «СаняМакс», у краме якога яму не выдалі бясплатны паліэтыленавы пакет, піша 6tv.by.
Ілюстрацыйнае фота.
Магілёвец купляў прадукты харчавання ў краме ў райцэнтры Карма. Купіўшы хлеб, малако і булачкі з макам, магілёвец звярнуў увагу на касавы чэк. Там, акрамя вышэй пазначаных тавараў, ён убачыў, што з яго ўзялі па дзве капейкі за тры пакеты, у якія былі запакаваны хлебабулачныя вырабы. Ён запатрабаваў ад загадчыцы крамы вярнуць яму грошы за ўпакоўку, якая мусіць быць бясплатнай. Тая адмовілася. Тое ж самае адбылося і іншым разам, калі магілёвец купіў булачку і з яго ўзялі дзве капейкі за пакет.
У выніку магілёвец звярнуўся ў мясцовы суд.
Суд пагадзіўся з магілёўцам і пастанавіў спагнаць з прыватнага прадпрыемства «СаняМакс» восем незаконна атрыманых капеек, а таксама кампенсаваць маральную шкоду — 100 рублёў.