Знайсці
16.10.2019 / 21:5824РусŁacБел

«Навучыце нас айці, бо ў айці шмат зарабляюць»

Дзіўна, але хвосткія, аптымістычныя і ўвогуле бадзёрыя прапановы бізнэсоўца Віктара Пракапені па рэфармаваньні сыстэмы адукацыі ў Беларусі выклікаюць у мяне трывогу і тугу, піша настаўніца Ганна Севярынец.​

Чытайце таксама:

Андрэй Дынько: Што не так з ідэямі Пракапені пра адукацыю? 8 пунктаў

Пракапеня сфармуляваў 20 прапаноў для школьнай рэформы

Здавалася б: што ня так? Сярод дваццаці пунктаў, што разышліся імклівай хваляй па старонках беларускіх СМІ, здаецца, няшмат спрэчнага: ліквідаваць непатрэбныя бюракратычныя структуры ў кіраваньні адукацыяй, правесьці незалежны аўдыт дакумэнтазвароту, падняць заробкі настаўнікам, дазволіць спонсарскую дапамогу школам па спрошчанай схеме. Гэта трэба было зрабіць шчэ пазаўчора.

Некаторыя з пунктаў, канешне, выклікаюць недаўменьне: кшталту найму іншаземных аўтараў для падрыхтоўкі беларускіх падручнікаў, арганізацыі дыстанцыйнага навучаньня і нейкага патаемнага софту і сэртыфікатаў, якія школы павінны будуць без дадатковых пытаньняў браць ад спонсараў (можа, лепш грашыма, а не софтам і сэртыфікатамі, а, панове?).

Два пункты асабіста ў мяне выклікалі здаровы сьмех: наконт апублікаваньня прэмій пэдагогаў і раньняй прафілізацыі. Адзін пункт — успрыняўся злачынствам: наконт льготных крэдытаў на ІТ-навучаньне. Усё як заўсёды: нешта прымаеш, нешта — не. Усё ў межах здаровага сэнсу і крытычнага засваеньня чужой думкі, але агулам — сум і туга.

Бо гэтыя прапановы, як і шмат іншых сучасных рэфарматарскіх прапаноў, выглядаюць на анэкдатычную сытуацыю ў кабінэце доктара: калі ты прыходзіш да яго са скаргамі на болі ў сэрцы, а ён табе кажа: хм, болі ў сэрцы? Я гляджу, у вас ад гэтага валасы пагоршыліся, вось вам рэцэпт, будзеце ўціраць у галаву вітамінчык Д.

Бо канцэптуальна ўсе гэтыя прапановы — вітамінчык Д, прапісаны чалавекам, які добра разьбіраецца ў валасах, але дрэнна — у мітральных кляпанах. Гэта прапановы чалавека бізнэсу, больш за тое — чалавека бізнэсу айці. Так, яны спросьцяць шлях таленавітых дзяцей да кадравых службаў айцішных кампаній. Так, яны спросьцяць працэс раньняга адбору і якаснай падрыхтоўкі новых айцішнікаў для ПВТ. Мімаходзь яны вырашаць некаторыя праблемы адукацыі ўвогуле кшталту двайнога падпарадкаваньня школ і заробкаў у сфэры. Але яны ніяк не тычацца таго, на што хварэе наша адукацыя.

Болей за тое. Спроба рэфармаваць адукацыю пад патрэбы бізнэсу і па ўзорах бізнэсу (любога, ня толькі айцішнага) — справа сьмяротна небясьпечная для адукацыі.

У нас ужо такім чынам «забілі» вышэйшую школу, калі падпарадкавалі акадэмічную адукацыю патрэбам прамысловасьці. Цяпер у Беларусі не існуе моцнай, мадэрнізаванай, сучаснай філязофіі, сацыялёгіі, мэтадалёгіі, гуманітарыстыкі — бо яны, на думку нашых рэфарматараў, ня маюць ніякага дачыненьня да прамысловасьці. Простая думка пра тое, што любая прамысловасьць і навука для яе пачынаецца з філязофіі, мэтадалёгіі, сацыялёгіі і наогул гуманітарысткі — яна не прыходзіць нашым рэфарматарам у галаву.

Вузка ўсьвядомленая практыкаарыентаванасьць нашай навукі, адсутнасьць фундамэнтальных тэарэтычных пошукаў, парушаныя сувязі паміж катэдрамі і інстытутамі, кожны зь якіх працуе не на навуку агулам, а на канкрэтную вузкую практычную задачу — усё гэта забіла навуку вышэйшых дасягненьняў. Цяпер даб’е і школу.

Праблема нашых дзяцей ня ў тым, што яны ня маюць доступу да айці-ведаў і падручнікаў, напісаных замежнымі спэцыялістамі. Праблема нашых дзяцей ня ў тым, што школы падпарадкоўваюцца выканкамам. Праблема нашых дзяцей ня ў тым, што яны ня здольныя профарыентавацца ў пятай клясе.

Праблема нашых дзяцей у тым, што яны развучыліся ўспрымаць тэксты, выдзяляць галоўнае і другараднае, аналізаваць і сынтэзаваць, разумець адрозьненьне выказанай думкі і свайго ўспрыняцьця гэтай думкі, крытычна засвойваць веды і выбудоўваць сыстэму ўласных прыярытэтаў.

Доўгае, мэтадычнае выгнаньне непрактычных, танных, бізнэс-непасьпяховых гуманітарных ведаў з беларускай адукацыі сёньня даюць свой плён. Дзеці, якія развучыліся ўспрымаць тэксты (любога кшталту, і мастацкія, і навуковыя, і тэхнічныя), нарадзілі сваіх дзяцей і прывялі іх у школы з адной мэтай: навучыце нас айці, бо ў айці шмат зарабляюць.

Але гэта так не працуе. Можна і зайца навучыць праграмаваць, асабліва як даць яму ільготны крэдыт і софты з сэртыфікатамі ў якасьці спонсарскай дапамогі. І пабудаваць ІТ-краіну ІТ-зайцоў. Але ці гэтага мы прагнем ад адукацыі?

Школьная адукацыя павінна даваць чалавеку пэўны набор фундамэнтальных, базавых навыкаў і ўменьняў. Найперш: разумець напісанае, аналізаваць яго, абагульняць, усьведамляючы цераз практыку тэарэтычныя законы існаваньня розных сыстэм, успрымаць праз уласны досьвед і выкарыстоўваць для рашэньня практычных задач рознай якасьці. Гэта выключна гуманітарныя навыкі. Перш чым прафілізавацца, чалавек мае права навучыцца якасна думаць. Вось куды павіны ісьці ўсе высілкі рэфарматараў. Астатняе дзеці зробяць самі. Ані школа, ані ВНУ ня могуць і не павінны быць пасьпяховымі бізнэс-праектамі: навучаньне думаньню — справа надта доўгая, энэрга і фінансава ёмкая.

Прымушаць школы зарабляць грошы, арыентаваць адукацыю на атрыманьне грошай, уводзіць раньнюю прафілізацыю дзеля будучых высокіх заробкаў, наогул матываваць да навучаньня грашыма — тупіковы і павярхоўны шлях. Чалавек, што ідзе ў дарослае жыцьцё зарабляць грошы, будзе зарабляць грошы. Чалавек, што ідзе ў дарослае жыцьцё думаць і ствараць, будзе думаць і ствараць. Грошы — гэта заўсёды толькі адзін з вынікаў, але ня мэта, прынамсі ў адукацыі.

Нашае грамадзтва — і, адпаведна, школа — хворае на недахоп гуманітарных ведаў, уменьняў і навыкаў. Таму мы ніяк не вызначымся, хто мы, зь кім мы, каго мы плянуем вучыць, якія дакумэнты мы плянуем запаўняць, кім нам быць і дзеля чаго жыць. Не, мы можам усе стройнымі шэрагамі пайсьці ў айці, чарговымі рабамі чарговых буйных кампаній, але гэта зноў шлях у нікуды.

Калі б у мяне спыталіся пра мае пункты рэфармаваньня адукацыі, першымі там былі б пункты наконт рэзкага павялічэньня гуманітарнага складніку ў навучальных праграмах малодшай і сярэдняй школы: мовы, літаратуры, гісторыя Беларусі і сусьветная, грамадазнаўства, псыхалёгія. Пераарыентацыя фінансаваньня ў вышэйшай школе на карысьць фундамэнтальнай, тэарэтычнай навукі, і супрацоўніцтва школ і вну — і не па лініі афармленьня школьных навуковых работ па правілах дысэртацый, а па лініі агульнага пошуку і карыстаньня агульнымі напрацоўкамі, вучнёўскім імпэтам і дарослай мудрасьцю.

Буйныя праекты ў сфэры гуманітарысткі. Позьняя прафілізацыя на грунтоўным падмурку агульнай глыбокай гуманітарнай падрыхтоўкі вучня, калі ён валодае навыкамі спасьціжэньня якіх заўгодна навук — бо і хімію, і фізыку, і біялёгію можна вывучыць значна хутчэй і значна паўней, калі ты прымесься за іх у дзевятай клясе, але будзеш валодаць агульнымі ўменьнямі вучыцца. І ўжо тут, у старэйшых клясах, маючы нармальны гуманітарны ўзровень, можаш хоць назаўсёды выкінуць са сваіх раскладаў і літаратуры, і гісторыю, і грамадазнаўства дзеля свайго айці. Закладзеныя веды і навыкі ты ўжо не страціш.

Праўда, вангую, што такія мае прапановы выклічуць у кагосьці трывогу і сум. Няхай. У справе рэфармаваньня адукацыі галоўнае — як сьлед паспрачацца, абмеркаваць і напрацаваць розныя варыянты бачаньня. А там ужо вырашаць. Пажадана — разам.

Ганна Севярынец, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031