Знайсці
16.10.2019 / 19:008РусŁacБел

Паглядзіце, якія незвычайныя ровары майструе пенсіянер з Віцебскага раёна

Нестандартныя мадэлі ровараў — для перавозкі грузаў, апрацоўкі агарода, у дапамогу пажылым людзям — стварае 83-гадовы Віктар Родчанка з вёскі Заполле Віцебскага раёна. Мясцовыя прывыклі да знаходак вясковага кулібіна і з радасцю карыстаюцца яго тэхнікай. Карэспандэнты БелТА адправіліся ў Віцебскі раён, каб даведацца, навошта пенсіянер вырашыў вынайсці ровар.

Ровар — на першым месцы ў топе запатрабаванага транспарту ў вёсцы. Ён зручны, практычны і непатрабавальны ў абслугоўванні. Тым не менш Віктару Родчанка звычайнага функцыяналу двухколавага каня недастаткова, і ён вырашыў яго пашырыць.

Вынаходзіць Віктар Родчанка пачаў каля 50 гадоў таму, калі сын зламаў ровар. Рама і кола былі сагнутыя — сур'ёзная паломка. «Я ж працаваў выкладчыкам працы. Думаю: «Што, няўжо не падпраўлю?» Усё атрымалася, працэс спадабаўся, стаў удасканаліць канструкцыі», — распавядае ён.

Матэрыялы для новых ровараў Віктар Родчанка атрымлівае, разбіраючы свае старыя. Пілуе, варыць, рэгулюе — усё сваімі рукамі. За гады сабраў дзясяткі мадэляў. Пенсіянер не лічыць свае вынаходкі чыстымі роварамі. Кажа, што гэта сумесь двухколавага каня з аўто. «Я іх называю трыцыкламі, — удакладняе майстра з Заполля. — Спачатку нараджаецца ідэя, выношваю яе, потым раблю чарцёж. Без яго ніяк, гэта мова тэхнікі».

Пры распрацоўцы дызайну дапамагаюць веды, атрыманыя ва ўніверсітэце. Віктар Родчанка — выпускнік першага набору 1959 года мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута.

Колькі ў сярэднім сыходзіць часу на стварэнне мадэлі, мужчына дакладна не ведае. «Калі ёсць чарцяжы, то зрабіць ровар — раз плюнуць. Галоўнае — усё правільна разлічыць», — адзначае пенсіянер.

Зараз у яго гаражы пяць ровараў. На адным — карціна з выявай Пегаса. Самыя папулярныя грузавыя, іх часцей за ўсё просяць аднавяскоўцы.

«Перавезці мяшкі, бярвёны, вёдры з ягадамі ці вадой — для ўсяго падыходзяць, можна смела класці груз ў 50—70 кг. У свой час адаптаваў ровар і для апрацоўкі агарода. Я кручу педалі, а ўнук — абганяе. Так разам і аралі», — успамінае Віктар Зіноўевіч.

Адна мадэль створана ў 1985 годзе. У той год нарадзілася ўнучка Воля, у яе гонар і назваў. Сярод экзэмпляраў — ровар для пажылых людзей. Едзе няхутка, ёсць дах, зручнае сядзенне, на якім можна адкінуцца. Адпачыў — і паехаў далей.

«У яго такая канструкцыя, што зваліцца практычна немагчыма. Такіх бы пару штук у дамы састарэлых — з задавальненнем бы карысталіся. Бо не кожны можа перакінуць нагу праз веласіпедную раму, яны бываюць высокія, старым нязручна», — разважае вынаходнік.

Для заняткаў фізічнай культурай пенсіянер збудаваў драўляны велатрэнажор. Займаецца на ім кожны дзень. «Калі ногі баляць, стамляюцца, я не адпачываю, а саджуся за трэнажор і працую. У дзень кручу педалі 40—60 хвілін, потым добра сябе адчуваю», — прызнаецца ён.

Народны майстар на роварах не спыняецца. Вынаходзіць розныя дробязі для выгоды ў побыце, размалёўвае сцены, выразае па дрэве — дом упрыгожаны рознымі фігурамі.Чым яшчэ здзівіць жыхароў Заполля, Віктар Родчанка пакуль не вырашыў. Дакладна ведае, што сядзець склаўшы рукі не будзе — творчы пошук працягваецца.

БелТА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930