Знайсці
16.10.2019 / 13:1426РусŁacБел

Палітолаг: Страта Беларусі будзе шокам для расійскай ментальнасці

Расійская палітолаг, доктар гістарычных навук Лілія Шаўцова падзялілася думкамі пра будучыню Усходняй Еўропы ў гутарцы з Аляксандрам Атрошчанкавым для reform.by.

— Збігнеў Бжэзінскі калісьці сказаў, што Расія без Украіны не імперыя, а рэгіянальная краіна. А без Беларусі?

— Я згодна з Бжэзінскім. Я практычна ўсё чытала, што ён напісаў. Гэта вельмі арыгінальны, цікавы розум, гэта быў чалавек з велізарнай эмпатыяй, асабліва ў дачыненні да ўкраінцаў і палякаў. Але я не ўпэўненая, што я ў яго знайшла нешта цікавае пра Беларусь. 

— Таму што не было.

— Я згодна з ім шмат у чым, але, мне здаецца, ён памёр, але так і не зразумеў, што для расейцаў Беларусь можа апынуцца яшчэ больш складаным, драматычным і балючым перажываннем, чым Украіна.

Гэта праўда, што для расейскай ментальнасці, у расійскай публіцыстычнай традыцыі, у экспертызе, палітыцы няма разумення аб рэальным суверэнітэце Беларусі. Беларусь дзіўна ўспрымаецца. Мы мала ведаем яе, мы мала разумеем яе. І мы мала заклапочаныя суверэнітэтам гэтай дзяржавы. Мы мала разумеем, што можа значыць і значыць Беларусь для нас. І што можа значыць Беларусь як незалежная дзяржава для таго, каб мы будавалі свабодную дзяржаву.

Украіна сышла. Гэта апошнія ўздыхі расійскіх агрэсіўных паводзінаў у дачыненні да Украіны. Украіну мы страцілі як нацыю і як дзяржаву. Мы будзем ім псаваць кроў доўга. Мы будзем кроў псаваць ў Крыме, на Данбасе, але мы страцілі яе. Але мы не разумеем, як пазіцыянаваць для сябе Беларусь. Мы не разумеем, як Беларусь пазіцыянуецца ў адносінах да нас.

З аднаго боку, Расія для Беларусі відавочна донар. З іншага боку, Беларусь відавочна і нават пры бацьку Лукашэнку стала суверэннай дзяржавай. Беларусь відавочна маніпулюе Расіяй. Беларусь відавочна спрабуе гуляць сваю геапалітычную гульню паміж Еўропай і Расіяй. І Беларусь відавочна не гатовая падставіць Пуціну плячо для таго, каб Пуцін узлез на трон саюзнай дзяржавы. Гэта значыць, Беларусь для нас tabula rasa.

І я не выключаю, што пры адсутнасці Украіны Беларусь сапраўды стане выклікам, калі яна не пагодзіцца заставацца «падбрушынай Расіі», калі яна выйдзе з гэтай еўразійскай супольнасці, перастане смактаць малако ў расійскай мамкі, што яна робіць цяпер. Гэта досыць хітрая і цікавая гульня Лукашэнкі. 

Што будзе тады з Беларуссю? Мы выдатна ведаем, што Беларусь супраць запаланення сваёй тэрыторыі расійскімі танкамі і базамі. Гэта значыць прынцыпы тэрытарыяльнасці, суверэнітэту і незалежнасці Лукашэнка выконвае. Але вось поўны і канчатковы сыход Беларусі ў самастойнае плаванне будзе шокам для расійскай эліты, якая да гэтага стану Беларусі не прывыкла і не прывыкла думаць пра Беларусь.

Гэта будзе рэальным шокам. Таму што разразанне пупавіны паміж Расіяй і Беларуссю канчаткова пазбавіць Расею ідэі панславянскай нацыі. Канчаткова прымусіць перагледзець ідэю аб вялікаросах, маларосах, беларусах і гэтак далей — перагледзець нашу гісторыю. І прымусіць па-новаму глядзець і на суседнія дзяржавы, і на гісторыю з буферамі і сферамі ўплыву. Гэта будзе шок! Будзе балюча. Але да гэтага мы павінны рыхтавацца. 

— Мне цяпер ад вашых слоў страшнавата стала і па спіне халадок. Таму што мы маем некаторае ўяўленне, як спецыфічна Расія рэагуе на свае шокі. Прыклад Украіны занадта блізкі.

— Я не ведаю. Вы задаяце пытанне, якое выклікае прыліў крыві. Але я не ведаю. І Пуцін не ведае! І логіка гэтай улады не ведае, як яна паступіць. Ёсць іншыя спосабы здушэння Беларусі, да якіх Крэмль звяртаўся неаднаразова: у сыравінным і газавым выглядзе. Ёсць эканамічныя інструменты ціску на Беларусь, калі яна не знойдзе спосабу самазахавання ў Еўропе. Ёсць больш мяккія праявы сілы, якія працавалі і працуюць у адносінах з Беларуссю.

Прымяненне танкава-сілавога гамбіту было б самагубствам. Гэта было б самагубствам для цяперашняй расійскай улады ў цяперашняй сітуацыі. Гэта супярэчыць логіцы выжывання. Але як расійская эліта, расійскае насельніцтва і Крэмль успрымуць сыход Беларусі — я не ведаю. Але пакуль гэта перспектыва далёкай будучыні.

Мы занятыя Украінай. Потым Беларусь зойме расійскія тэлеканалы, так? І пачнецца іншая прапаганда. Да гэтага пакуль не дайшло, але якой будзе Расея, калі дойдзе, я таксама не ведаю.

Я ведаю адно: усё гэта вялікая нявызначанасць, якая ахутвае нашы будучыя адносіны. Але тое, што гэта будзе шокам, непрыемнасцю і неабходнасцю пераасэнсаваць сябе і сваю гісторыю — гэта несумненна.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930