Знайсці
20.10.2019 / 17:0324РусŁacБел

Ёй дваццаць, і яна адзіная таксістка ў горадзе: Ліза са Старых Дарог

Пра мары, якія збыліся і не, пра тое, чаму яна хоча збегчы ў Мінск, і чаму толькі за рулём машыны адчувае сябе шчаслівай, дзяўчына шчыра расказала, пакуль піла з намі гарбату ў кавярні і чакала званка на чарговы выклік.

Паездка на таксі ў Старых Дарогах каштуе ад двух да чатырох рублёў. Выклікаў, прызнаецца дзяўчына, для 10-тысячнага горада дастаткова. Працу даводзіцца пачынаць і ў пяць раніцы, і заканчваць пад шэсць раніцы.

«У горадзе ёсць прыкмета: калі падвожу я, значыць, пашанцуе»

Ліза ў таксі працуе не так даўно. А вось сваю вялікую машыну «Додж Гранд Караван» водзіць ледзьве не з 14 гадоў.

«Мяне тата пасадзіў за руль, калі я яшчэ была падлеткам. Вучыў кіраваць машынай за горадам, на пустых дарогах. Як толькі мне споўнілася 18 гадоў, я пайшла ў аўташколу. Здала і тэорыю, і практыку з першага разу», — расказвае Лізавета.

Ліза скончыла ў Мінску гандлёва-эканамічны каледж, а працаваць вярнулася ў родныя Старыя Дарогі.

«Працавала ў краме кветак. У гаспадыні салона сын трымае службу таксі. Мой будучы бос Сяргей спачатку мяне нават не разглядаў у якасці напарніка. Прапаноўваў працу маёй роднай сястры, якая старэйшая за мяне на восем год, а Каця не так даўно стала мамай — ну якая з яе таксістка? Яна мне і кажа: «Ліза, давай, паспрабуй». Я і пайшла, хаця наша мама да гэтага вельмі перажывае, што я працую ў таксі», — распавядае дзяўчына.

Маму Лізы можна зразумець. У Лізаветы часта здараюцца начныя змены, хаця Старыя Дарогі горад невялікі, але большасць пасажыраў выклікаюць таксі ў прыгарад.

«Я адзіная кіроўца таксі ў Старых Дарогах жанчына. Ды яшчэ на такой вялізнай машыне. Канечне, пасажыры, бывае, здзіўляюцца. Неяк везла дзвюх жанчын, яны размаўляюць паміж сабой: «Ой, гэты дзень трэба запісаць і загадаць жаданне, упершыню у таксі дзяўчына-кіроўца падвозіла». Гэта маленькі горад, тут шмат чаму здзіўляюцца», — смяецца Ліза.

А тое, што некаторыя пасажыры просяць яе нумар тэлефона, дзяўчыну ўжо не здзіўляе.

Нават калі мы разам з Лізай ездзілі на выклік, пасажыр выбег з машыны на запраўцы, папрасіў яго пачакаць і прынёс Лізе шакаладку.

«А я раней давала свой нумар. Бывала, падвязеш прыгожага хлопца, з ім і хацелася б працягнуць знаёмства. Ці, напрыклад, мне казалі, што ад сёння будзем замаўляць толькі ваша таксі. Верыла, давала свой нумар, а пасля мой бос строга забараніў мне гэта рабіць: «Работа — значыць работа. Ніякіх асабістых размоў», — расказвае Ліза.

«Мама мне кажа: «Каму ты ў тым Мінску патрэбная?»

Маленькі горад Старыя Дарогі занадта цесны для энергічнай Лізаветы.

«Адсюль уся моладзь з’язджае. Тыя, што застаюцца, п’юць. Я, бывае, за дзень адну і тую ж кампанію разы чатыры па піва падвожу. У Старых Дарогах адзін начны клуб, я кожную суботу забіраю адсюль людзей і бачу, як усё гэта сумна. Добра, што да Мінска 150 кіламетраў, у выхадныя можна сабе дазволіць з’ездзіць у сталіцу, на людзей хоць паглядзець», — расказвае Ліза.

Ліза прызнаецца, што яе запаветная мара — з’ехаць са свайго роднага горада.

«Я колькі разоў спрабавала патлумачыць родным, што хачу жыць у Мінску. А мама кажа: «Каму ты там патрэбная?» Мама мая працуе бухгалтаркай у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прапаноўвала мне таксама ўладкавацца туды. Але там заробак 300 рублёў. Я не ведаю, як жыць на такія грошы. У таксі я зарабляю ўдвая болей, — дзеліцца Лізавета.

Першыя грошы зарабіла на пераборцы лісічак

Лізавета працы не баіцца, свае першыя грошы зарабіла яшчэ тады, калі была школьніцай.

«Я перабірала лісічкі. Тата вучыў мяне з дзяцінства, што ніхто не павінен даваць мне грошы проста так. І калі я хачу чагосьці, гэта спачатку трэба зарабіць. Памятаю свой першы заробак, які я патраціла на туфлі на высокім тоўстым абцасе. Мама тады сказала: «Ну і будзеш выглядаць як прастытутка». А я вельмі радавалася, што нарэшце не трэба даношваць кофтачкі і туфлі за Кацяй», — дзеліцца Ліза.

З дзяцінства Ліза, як і многія дзяўчынкі, бачыла сябе на сцэне, марыла быць спявачкай.

«Я і цяпер спяваю, але, як толькі выходжу на сцэну, бачу перад сабой натоўп людзей, пачынаю плакаць. Гэта ў мяне ад таты, ён таксама заўсёды пачынаў плакаць, калі я выступала. Я вучылася ў музычнай школе, граю на фартэпіяна. У маёй сястры была мара, каб я сыграла на яе вяселлі, але часу не хапіла, відаць, давядзецца іграць на сваім», — усміхаецца Ліза.

Аднак іграць на фартэпіяна, прызнаецца дзяўчына, ёй не падабалася.

«Мяне ўвечары, пакуль не развучу чарговы твор, бацькі гуляць не адпускалі. Мае сябры бегаюць у двары, а я — за інструментам. Каб была хоць нейкая радасць у жыцці, пачала іграць у футбол і валейбол. Я ж з дзяцінства — пацанка. У мяне ўсе калені ў шнарах. З хлопцамі іграла ў футбол, лазілі па платах. Калі прыходзіла дадому, мама ледзьве прытомнасць не страчвала, калі бачыла мае разбітыя калені. А я трыпутнік слінай да калена прыляплю — і пабегла далей», — расказвае Ліза.

Пра мары, якія не спраўдзіліся

Пасля школы Лізавета зразумела, што больш не хоча мець дачыненне да музыкі, і вырашыла паступаць у Акадэмію фізкультуры.

«Я хоць маленькага росту, усяго 1,64, але ў валейбол гуляла добра. Пад сеткай стаяла, падавала і хутка збягала, каб не перашкаджаць. У першы дзень уступных іспытаў на валейболе я падвярнула нагу. Нага моцна спухла. Але я прыйшла на другі дзень, але, відаць, маёй мужнасці не ацанілі і ва ўстанову сваёй мары я не паступіла, а пасля гандлёва-эканамічны каледж выбрала, таму што там давалі інтэрнат», — кажа Ліза.

«Я такі чалавек, не ўмею ісці напралом. Я ўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці, нават увайшла ў лік найлепшых, але, калі ўбачыла, што мае суперніцы больш моцныя, проста адышла ўбок. Магчыма, каб была крыху больш смелая і рашучая, было б лепш», — уздыхае Ліза.

Пасля заканчэння каледжа Ліза не знайшла ў Мінску такой працы, каб грошай хапала на здымнае жыллё, і вярнулася ў Старыя Дарогі.

«Я разумею, што не буду працаваць усё жыццё ў таксі. Але тут я адчуваю сябе шчаслівай. Я люблю гэту машыну, на якой езджу з дзяцінства. Яна нагадвае мне пра тату. Таты не стала ў маі гэтага года», — кажа Ліза.

А на пытанне, што таксістка будзе рабіць, калі раптам машына зламаецца пасярод дарогі, яна шчыра прызнаецца: «Плакаць».

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031