Знайсці
14.10.2019 / 16:5037РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Калі нашы перамогуць — з гэтай ідэяй мы жылі і паміралі 25 год. Нічога не робячы

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра 25 гадоў найноўшай беларускай гісторыі, якія многія лічаць часам няспраўджаных спадзяванняў і недасяжных мараў.

Нашчадкі, жывучы ў сваім карамельным Наступным, мусяць ламаць галовы пытаннем: як жылося тым, чыя жыцці прыпалі на чыгунныя гады «станаўлення дзяржавы»? Як яны трывалі? Без паветра? Без надзеі?

Я адкажу вам, нашчадкі.

Надзея ў нас была. Мы цешыліся ёю — спачатку гучна, ствараючы нейкія «ценявыя кабінеты», потым моўчкі, самім сабе, згадваючы толькі з самымі блізкімі, якія не здадуць і не абрагочуць. Яна фармулявалася так: «Калі нашы перамогуць». З ёй мы і паміралі, нічога не робячы.

Летам 1994-га, калі ўся навакольная красата запачаткавалася, мне было 16 гадоў. У гэтым сэнсе ўсё маё свядомае жыццё прыпала на эру выканкамаў, сацыяльнага малака і «Дажынак».

Я памятаю, як «разумныя людзі», «нашы», кпілі з прапагандыстаў у кардонных пінжаках, якія ў дрэнна асветленых студыях брахалі пра нацыяналістаў. Прапагандысты ўспрымаліся фрыканутым насланнём, нечым часовым.

Ніхто з нас, разумнікаў, не мог дапусціць, што гісторыя, прыдуманая настолькі крыва і расказаная такімі касаязыкімі дуралеямі, можа трымаць веру ў сябе доўга.

Але час ішоў.

Пінжакі ў правадатараў дзяржаўных сэнсаў рабіліся ўсё лепшымі. Святло ў студыях — усё ярчэйшым. А вакол нас святло прыцішвалася, мы самі рабіліся кардоннымі. Сёння некаторыя з тых персанажаў даюць каменты незалежным медыям як вялікія знаўцы паліттэхналогій, і ніхто болей не кпіць.

Юрый Азаронак, 2007

Я памятаю, якімі замшэлымі небаракамі выглядалі «камсамольцы», якія сёння ўзначальваюць самыя тэхналагічныя сферы гэтага рабаўладальнага парадызу. Якімі нягеглымі яны былі ў параўнанні з «нашымі героямі»: інтэлігентным Шушкевічам, фінансава абазнаным (як тады падавалася) Багданкевічам, нарэшце, з Вячоркам і Пазняком.

І вось зыходзячы з таго, што «ўсё хутка ляснецца», мы чакалі, калі «нашы» прыйдуць нарэшце ў кабінеты. Бо мазгі чытачоў газеты «Пагоня» не дапускалі, што такая дзяржава працягне даўжэй за год-два (я памятаю, гэта было асноўнай мантрай у 1995-м: «трэба пачакаць год-два, і тады …»).

А нашы ўсё не прыходзілі. Спачатку ўсе чакалі рэвалюцыі. Думалі, што качаннем міліцэйскіх машын па вуліцах можна нешта змяніць.

Сістэма толькі мацнела. У 2000-м на Коласа падчас Дня волі з’явіўся БТР, а АМАП суправаджалі сабачкі — і рабілася зразумела, што будзе і яшчэ «жошчэ», — і тое «жошчэ» адбылося ў 2010-м.

Потым быў спадзеў на «кулуарны пераварот».

Але імпічмент 1996-га года праваліўся не без удзелу тых, каго сёння мы б аднеслі да «нашых». Прыкладна з 2001-га «перамога» «нашых» ужо ўспрымалася як просты разлік гэта ўсё «перажыць». Але чым далей, тым меней заставалася тых, хто памятаў і ўдзельнічаў: былыя героі мруць, тое, што яны імкнуліся «перажыць», трывае.

Плошча Незалежнасці, лістапад 1996 года. Фота з сайта 90s.by

І ў апошнія гады з’яўляецца новае пачуццё. Што нашы ў прынцыпе не маглі перамагчы. Бо калі нават такая простая рэч, як пахаванне Каліноўскага, вядзе не да з’яднання, а да свары і ўзаемных абвінавачванняў, дык як тут пераможаш?

Кожны паасобку — не сіла, а меркаванне.

Сілай робіцца толькі лучнасць. Якая недасяжная, бо людзі адно аднаму ператварыліся ў атрутных змей, крыніцу злосці і падазронасці.

І вось яшчэ што: ніхто не павініўся.

Ніхто з тых, хто прасіў у нас патрываць «год-два», хто быў у Вярхоўным Савеце, мог супрацьстаяць тады, калі ў іх была ўлада, якой сёння няма ні ў кога з «нашых», не выйшаў і не сказаў: «Мне сорамна. Я прашу ў беларусаў прабачэння за прафуканыя магчымасці».

І чаму гэта я дапусціў, што тыя прагрэсіўныя нашчадкі з карамельнага Наступнага ў прынцыпе будуць? Чаму падумаў, што некаму цікавымі стануць нашыя, чытачоў «Будзьмы» і «Нашай Нівы», мары і надзеі?

Тое, што адбываецца цяпер, — станаўленне дэперсаналізаванай і маналітнай сістэмы. Кіраваць якой здольны будзе любы небарака, якога прад’явяць палітбюро, як прыйдзе час.

Big data, «асабістая справа на кожнага», якую беларусы самі дапамагаюць збіраць на сябе, ім у дапамогу. Вы ж бачыце: нават амерыканцы вяртаюць пасла, нават Еўропа кліча да сябе, нягледзячы на тое, што дзяржава са смяротным пакараннем і такой судовай сістэмай мусіла б змяніцца перад тым, як спадзявацца на дыпламатычны прагрэс.

То нашчадкі, хутчэй за ўсё, проста не даведаюцца пра нас, нашы няспраўджаныя спадзяванні і недасяжныя мары. Чым мы займаліся ў 2019-м?

Лічылі колькасць пладовых дрэваў і кустарнікаў. Будаваліся на Каменнай Горцы. Хадзілі на футбік. Глядзелі «Джокера».

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930