Знайсці
14.10.2019 / 16:3631РусŁacБел

«Той, каторы біў, адзначаў свой будучы адпачынак у Турцыі» — што вядома пра забойства ў Жодзіне

Ноччу з 12 на 13 кастрычніка адпачынак дзвюх кампаній у жодзінскім бары скончыўся трагічна: адбылася бойка, падчас якой загінуў чалавек.

Загінулага мужчыну звалі Яўген Дубень. Яму быў 31 год. Яўген родам з аграгарадку Барсукі, што пад Жодзінам. Працаваў кіроўцам.

Знаёмыя кажуць, што Яўген быў адэкватным чалавекам. Алкаголь не ўжываў, нават не курыў.

Вядома, што адбылося ўсё суботняй ноччу 12 кастрычніка на так званай «Паляне». Гэта месца побач з мясцовым стадыёнам «Тарпеда»: клуб, бар, побач сквер.

«Наша Ніва» звязалася з адмінстрацыяй бара, там адмовіліся каментаваць здарэнне. Адказалі толькі: «У нас ніякай бойкі не было».

Бойка адбылася на вуліцы каля бара. Там і забілі Яўгена.

«Ён прыехаў па сяброў, якія гулялі на «Паляне». Куча адмарозкаў пачала бойку і пачалі мясіць усіх без разбору. Ён проста апынуўся не ў той час не ў тым месцы», — паведаміла «Нашай Ніве» знаёмая загінулага.

Дубеня моцна збілі. У выніку, ён памёр ад атрыманых траўмаў.

Цяпер па Жодзіна актыўна распаўсюджваюцца чуткі, што забіў Яўгена фанат мясцовага «Тарпеда».

«Наша Ніва» звязалася з прадстаўніком фанацкай суполкі, той абверг датычнасць затрыманага да «каляфутбольнага» руху.

«Гэта была самая звычайная разборка паміж звычайнымі хлопцамі, якія прыйшлі адпачыць на «паляну» Там пастаянна адбываюцца бойкі, таму што асноўная маса — «быдла». Нікога з актыўных заўзятараў «Тарпеда» там не было, і нікога не затрымлівалі сярод фанатаў», — запэўніў суразмоўца.

«Наша Ніва» высветліла асобу затрыманага. Гэта мясцовы жыхар 28-гадовы Мікіта Сямашка. Ён працуе на БелАЗе рабочым. Разведзены, мае дачку. Судзімасцяў раней не было.

«Ну, часам ён выпіваў. Не алкаголік, але на выходных — самі разумееце. У тую ноч адпачываў з сябрамі ў бары, — распавёў «Нашай Ніве» сваяк Сямашкі. — Пасля штосьці адбылося, нейкі канфлікт. Хто і з якой кампаніі яго пачаў мы пакуль і самі не ведаем. Да Мікіты пусцяць толькі заўтра, мы яшчэ з ім не гаварылі. Але бойка была на вуліцы. Агулам біліся чалавек 10, па 5 з кожнага боку, прыкладна».

У выніку, затрымалі аднаго толькі Сямашку. Але ці ён вінаваты ў смерці Яўгена Дубеня, пакуль невядома. Мужчына яшчэ нават афіцыйна не ў статусе падазраванага. 

«Следства высвятляе прычыны смерці загінулага. Пра нейкія падрабязнасці гаварыць заўчасна», — паведамілі «Нашай Ніве» у Следчым камітэце.

А ў Жодзіне працягваюць абмяркоўваць выпадак. 

«Той Сямашка збіраўся ў адпачынак, у Турцыі. Мусіў ляцець літаральна праз пару дзён. І адзначаў гэта разам з сябрамі ў тую ноч, — распавялі «Нашай Ніве» мясцовыя жыхары. — Ён прыйшоў з кампаніяй ў той бар «Паляна». Каля ўвахода яны пабілі проста тых, каго першымі сустрэлі на сваім шляху. У Сямашкі з сябрамі была пастаянная кампанія, яны лічылі сябе галоўнымі ў гэтай «Паляне». І паводзілі сябе адпаведна. Там вялікая бойка была, але гарадок у нас маленькі, таму людзі маўчаць пра гэта».

Пасля Сямашка з кампаніяй нібыта выйшлі прагуляцца. І праз метраў 150—200 ад «Паляны» сустрэлі Яўгена Дубеня. «Яны яго паклікалі ці штосьці яму крыкнулі. Яўген пачаў збягаць, яны пабеглі за ім. Пачалі біць. Гэта трапіла на відэакамеры невялікай крамы, якая знаходзіцца адносна недалёка. І на відэа бачна, што Яўген нават не адбіваўся.

Яго пару разоў ударылі па галаве, ён упаў — і ўсё, больш не падняўся», — распавядаюць людзі, знаёмыя з сям'ёй загінулага. 

Кажуць, што нібыта Сямашка ўжо прызнаўся, што біў Яўгена Дубеня. Але нібыта працягвае сцвярджаць, што быў адзін. 

Акрамя таго, расказваюць, што цела загінулага праляжала на вуліцы ўсю ноч. Нібыта следчы эксперымент вырашылі праводзіць на ім, цела забралі ў морг толькі каля 10 гадзіны раніцы.

Праўда, варта падкрэсліць, што афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма. Следчы камітэт, нагадаем, пакуль не пракаментаваў выпадак.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031