Знайсці
12.01.2020 / 22:013РусŁacБел

У 28 гадоў вытрымаў усе допыты НКВД

Ён пісаў рамантычныя вершы пра залатыя зубы ліхтароў, перакладаў на беларускую Кіплінга і Пушкіна, прыдумаў вясёлую назву Таварыству аматараў выпіць і закусіць. А ў 28 гадоў вытрымаў усе допыты НКВД, быў высланы і памёр у тайзе. Пра Міхася Багуна піша Ганна Севярынец.

Вуліца Савецкая (цяпер праспект Незалежнасці) у раёне Залатой Горкі. 1937 год. Фота: Wikimedia Commons.

Гэта быў выдатна наладжаны, выдатна наладжаны канвеер: забіць чалавека — знішчыць магілу — выдаліць са сховішчаў ягоныя тэксты — выкрасліць прозвішча з энцыклапедый і даведнікаў — вырваць лісты з хрэстаматый — выразаць твар з фотаздымкаў — забараніць згадваць не толькі добрым, але нават і злым словам.

Рэпрэсіі супраць людзей заўсёды суправаджаліся рэпрэсіямі супраць тэкстаў і выяваў, не толькі мастацкіх — любых. Кніга і фотаздымак, рэдкая кінахроніка былі адзіным магчымым сродкам дасягнуць бессмяротнасці, і за гэтым сродкам пільна сачылі. З 1929-га па 1938 год шматлікімі загадамі з фондаў бібліятэк былі выдаленыя мільёны экзэмпляраў мастацкіх, публіцыстычных, навуковых твораў, нават калі «ворагі народа» не пісалі іх, а толькі згадваліся на старонках.

Што ўжо казаць пра помнікі. Ворагі народа не мелі права і на апошні тэкст, замацаваны за кожным з нас спрадвечнай традыцыяй: імя, прозвішча і дзве даты праз злучок.

Яшчэ больш уражвае, з якой адчайнай настойлівасцю, адзінокія і запалоханыя, людзі змагаліся са смяротным канвеерам, адваёўваючы ў сістэмы нават мізэрную, ледзь заўважную, але магчымасць захаваць памяць пра чалавека.

ТАВІЗ. Міхась Багун, Змітрок Астапенка, Юлій Таўбін. 1930 год. Фота: Wikimedia Commons.

Дом на Залатой Горцы

Гэтага адраса ў Менску сёння няма: Маляўшчынская, 11. Цяпер гэта раён вуліцы Залатая Горка. У кватэры нумар два, якую займаў паэт Міхась Багун, у сярэдзіне трыццатых збіраліся пісьменнікі, менская багема, клятыя белсавецкай прэсай п’яніцы і гулякі, што ніяк не змяшчаліся ў жорсткія рамкі правільнай літаратуры: Валер Маракоў, Алесь Звонак, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Уладзімір Хадыка, Макар Шалай, Сымон Баранавых.

Менавіта гаспадар кватэры Багун і прыдумаў гэтую назву — ТАВІЗ, «Таварыства аматараў выпіць і закусіць». Даследчык ТАВІЗа Віктар Жыбуль піша: «Назву ТАВІЗ суполка насіла небеспадстаўна: яе ўдзельнікі сапраўды вялі багемны (ці блізкі да яго) лад жыцця, былі схільныя ўжываць алкагольныя напоі, а таксама забаўляць адно аднаго «парнаграфічнымі надпісамі»». Зрэшты, усё гэта магло ўспрымацца самімі літаратарамі як у пэўным сэнсе маркёры духоўнай разняволенасці, вальнадумства, свабоды творчасці. Тагачасныя арганізатары літаратурнага працэсу ў БССР сапраўды разглядалі ТАВІЗ як арганізацыйна аформленую багему і бачылі ў ім ідэалагічную небяспеку для развіцця афіцыйнай пралетарскай літаратуры. Цяжка сказаць, наколькі абавязковым і прынцыповым атрыбутам з’яўляліся ў таварыстве выпіўка і закуска. Думаецца, яны былі больш «для адводу вачэй», а галоўны акцэнт рабіўся ўсё ж на незалежнасці згуртавання, на яго непадкантрольнасці палітызаванаму літаратурнаму афіцыёзу, партыйным ідэолагам, цэнзарам.

«На пасяджэннях багемы без старшыні і сакратара за кухлем ці кілішкам чыталіся творы, якія пісалі для сябе, а не для друку. Тут кожны адчуваў сябе самім сабой, тут скідваліся тыя «маскі», пра якія прыгадваў Язэп Пушча», — пісаў Юрка Віцьбіч, маючы на ўвазе радкі з Пушчавага верша «Прарокі і вучні»:

Усе, усе мы носім маскі,
Нат скінуць дома баімося.
Да слёз смяёмся ў вечар майскі.
Да слёз спяваема ўвосень.

Эксперыменты і канфармізм

Мы пакуль няшмат ведаем пра аднаго з зацятых «тавізаўцаў» Міхася Багуна. Сапраўднае прозвішча ягонае — Блошкін, нарадзіўся ён ў 1908 годзе ў Менску. Пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў пры легендарным Белпедтэхнікуме імя Ігнатоўскага (от дзе беларушчына цвіла, і квітнела, і давала нечуваны плён!)

Міхась Багун. Фота: Wikimedia Commons.

Багун настаўнічаў у вёсцы Рожна на Бягомльшчыне. У пачатку трыццатых перабраўся ў Полацк, журналістам у «Чырвоную Полаччыну», потым вярнуўся ў Менск. Усе гэтыя гады, пачынаючы з 1925-га, выходзілі ў друку ягоныя вершы і пераклады: насычаныя смелымі вобразамі, адзначаныя густоўнымі фармальнымі эксперыментамі, яны былі заўважнымі нават у тым моры бліскучых талентаў, якое разлівалася тады па менскім бруку:

Там,
Дзе змрок залатымі зубамі
Загрызаюць на смерць ліхтары —
Чалавечая памяць
Пляміць
Азёры бліскучых вітрын.
Там,
дзе ў сэрцы скрыжованых вуліц
Чалавечая плешча рака —
Цябе ў паркалёвай кашулі
Я спаткаў.
Тапталі мы слізкія спіны
Скрыжованых вуліц-гадзюк,
І месяц над горадам ўскінуў
Сваю залатую ладдзю.

Вядома, з цягам часу запыт на вобразы і эксперыменты ў беларускай паэзіі знік, а запыт на ідэалагічна правільныя радкі — узмацніўся і стаў адзіным магчымым. Адказваў на яго і Міхась Багун. Юрка Віцьбіч успамінае:

«Міхась Багун меў заўсёды напагатoве 5—6 вершаў «На смерць правадыра».

Калі хтo-небудзь з іх здыхаў, дык ён, падставіўшы адпаведнае імя, як хутчэй бег са свае Даўгабрoдскае ў «Звязду» ці «Чырвoную змену». Аднoйчы, калі памёр Дзяржынскі, пабег ён з прачулым вершам у «Звязду». Прыбег, аж засoпся, а з яе выхoдзіць Тoдар Кляштoрны і ўсміхаецца: «Дарма, братка. І тут, і ў «Чырвoнай змене», і ў «Рабoтніцы і сялянцы», і ў «Піянеры Беларусі» ідзе маё»».

Ці не сяброўскай помстай «тавізаўскага» разліву выглядае рэцэнзія Багуна на зборнік Кляшторнага «Праз шторм на штурм» з брутальнай назвай «З дарогі, крот і кракадзіл!»?

«Амерыканка»

У лістападзе 1936 года Міхась Багун быў арыштаваны — адным з першых з трагічнага шэрагу, у які трапілі амаль усе «тавізаўцы», дый і не-тавізаўцы таксама.

З пратакола допыту Міхася Багуна ад 27 ліпеня 1937 года:

«Вопрос: признаёте ли вы себя виновным в предъявленном вам обвинении?

Ответ: В предъявленном мне обвинении ни в какой степени виновным себя не признаю, так как я не был участником контрреволюционной национал-фашистской организации и контрреволюционной шпионско-террористической деятельностью не занимался.

Вопрос: Говорите правду!

Ответ: Я, как писатель, имел близкие приятельские отношения с рядом писателей: Дударом, Кляшторным, Ковалём, Микуличем, Звонаком, Моряковым и более отдаленные, а в последнее время и неприязненные, с Шашалевичем. Мне известно было, что Шашалевич высказывал контрреволюционные нацдемовские настроения…»

Мы можам толькі ўявіць — не, мы і ўявіць сабе не можам! — што насамрэч адбывалася ў кабінеце следчага ў тыя хвіліны і нават гадзіны, суткі, якія адлюстраваныя ў пратаколе кароткім выразам «Говорите правду!». Тое, што катаванні былі нялюдскімі, вядома сёння з іншых пратаколаў — калі дапытвалі следчых наконт «перавышэння паўнамоцтваў». Тым не менш менавіта пратаколы допытаў Багуна ўтрымліваюць чыстыя старонкі (значыць, ён катэгарычна адмаўляўся даваць паказанні), менавіта ягонага подпісу не хапае пад пратаколамі некаторых вочных ставак. Гэта, няхай і ўскосна, сведчыць, што ён трымаўся, колькі мог.

У 1937-м Міхась Багун быў асуджаны да васьмі гадоў лагеру, а ў 1938-м памёр у перасыльнай турме недзе ў Сібіры. Майсей Сяднёў, які быў асуджаны разам з Багуном, успамінаў: «Пад гукі «Як умру, то поховайтэ» на руках Звонака і Мікуліча памёр малады беларускі паэт Міхась Багун. Было гэта ў студзені 1938 года ў Марыінску Новасібірскай вобласці. Арыштаваных трымалі ў нейкай «ліцейцы», дзе па сценах сцякалі чыстыя кроплі вады (на вуліцы было —45 па Цэльсію, а ў «ліцейцы» сотні і сотні людзей)».

Тайга — Вайсковыя — Горадня

Дзе пахавалі Міхася Багуна — невядома. Як і Максіму Гарэцкаму, як і Уладзіміру Хадыку, як і Адаму Бабарэку, загінулым у ГУЛАГу, помнікам Багуну стала тайга. Шукай — не адшукаеш. Ягоныя кнігі былі «вычышчаныя» з бібліятэк, пераклады выключаныя з анталогій, імя выкраслена з даведнікаў.

У 1954 годзе ў Менску памёр Фёдар Сазонтавіч Блошкін, паэтаў бацька. Яго пахавалі на Вайсковых могілках. Пакуль невядома, чыя гэта была воля — напісаць на надмагільнай шыльдзе не толькі імя Фёдара Сазонтавіча, але і сына, Міхася Багуна: «М. Ф. Багун. Загінуў у 1938 г.». Тут жа працытаваныя радкі: «Мяне ў Сібіры прывітала зялёнакрылая тайга». Гэта адзін з нешматлікіх кенатафаў (сімвалічных пахаванняў) Вайсковых: чалавека ў зямлі няма, але памяць па ім ёсць.

Магіла бацькі са згадкай пра сына. Мінск. Фота Ганны Севярынец.

Маці Багуна, Вера Яфімаўна, на той час жыла ў Горадні: з Фёдарам Сазонтавічам яны разышліся, хутчэй за ўсё, яшчэ да вайны. Вера Яфімаўна была другі раз замужам, малодшы сын яе ў новым шлюбе насіў прозвішча Пабедзін. Менавіта ён, Мікалай Пабедзін, ставіў помнік па маці (яна памерла ў 1963 годзе) на гарадзенскіх могілках па вуліцы Антонава — гэтыя могілкі, найстарэйшыя ў Горадні і адныя з самых старых у Беларусі, сталі месцам апошняга спачыну «гарадзенскага дойліда» Джузэпэ Сака, маці Максіма Багдановіча, пісьменніцы Элізы Ажэшка.

Магіла маці. Фота Юрыя Камягіна, 015.by

Помнік Веры Яфімаўне мае надпісы і партрэты з двух бакоў. На адным — твар паэтавай маці і радкі яе сына: «Прыйду дамоў і срэбную матулю абдыму. Сын Міхась Багун». На другім — фотаздымак самога Міхася Багуна і надпіс: «Міхась Багун. Беларускі паэт. Загінуў у Сібіры ў 1937 годзе».

З адваротнага боку — кенатаф сына. Гродна. Фота Юрыя Камягіна, 015.by.

Дзівіць разыходжанне ў даце смерці на абодвух кенатафах, зробленых нібыта па адным узоры. І на менскай шыльдачцы, і на гарадзенскім помніку — не толькі згадка пра Міхася, але і ягоныя радкі. Каб не розныя даты, можна было б падумаць, што іх ставіў адзін і той жа чалавек: напрыклад, той самы Мікалай Пабедзін. Але даты розняцца. Ці значыць гэта, што Фёдар Сазонтавіч і Вера Яфімаўна калісьці абгаварылі адно з адным і згадку сына на месцы ўласных пахаванняў, і ягоныя радкі на абодвух, і не паспелі толькі высветліць сапраўдную дату смерці, а кенатафы рабіліся рознымі людзьмі? Як бы там ні было, гэты сюжэт усё адно — надзвычай драматычны. Колькі ўнутранай сілы, колькі намаганняў трэба было прыкласці альбо бацькам, альбо іх нашчадкам, каб так надзейна, двойчы, неадменна аднавіць памяць па тым, каго так зацята нішчылі.

***

Кенатаф у перакладзе з грэцкай азначае «пустая магіла».

Гэта помнік, памятны знак без пахавання. Традыцыя ставіць кенатафы вядомая са старажытнасці. Часцей за ўсё кенатафы робяць тады, калі месца пахавання невядомае альбо чалавек жыў далёка і іначай ушанаваць яго памяць немагчыма.

 ***

Два кенатафы Міхасю Багуну — з’ява для Беларусі, дый для Еўропы, унікальная.

Але наогул сімвалічныя пахаванні па людзях, загінулых падчас сталінскіх рэпрэсій, у Менску ёсць. На Кальварыйскіх могілках згаданы літаратар Алесь Дудар, расстраляны 29 кастрычніка 1937 года: шыльду з ягоным імем і датамі нараджэння ды смерці ўсталявала паэтава пляменніца Лідзія Маркаўна Малініна на помніку ягоным маці і сястры. На Вайсковых могілках недалёка ад пахавання Фёдара Блошкіна стаіць помнік-кенатаф Міхасю Марозу, першаму беларускаму паўнамоцнаму прадстаўніку ўрада БССР пры ўрадзе РСФСР, які загінуў у ГУЛАГу і таксама пахаваны невядома дзе. Згадаць яго на сваім помніку папрасіла перад смерцю ягоная жонка Алеся Александровіч — тая самая прыгажуня, салістка хору Тэраўскага, якой прысвечаны легендарны беларускі мюзікл Уладзіміра Тэраўскага і Міхася Чарота «На Купалле» (адтуль мы ўсе пяём нашу «Купалінку»).

 ***

Прыйду дамоў і срэбную
Матулю абніму…
Яна кашулю зрэбную
Там латае камусь…
З сваёй усмешкай-казкаю
Павернецца ка мне
І скажа
Гэтак ласкава:
— Страсі, Міхаська, снег:
Што, мусіць, зноў
Са сходу ты,
Сыночак мой, ідзеш?
Глядзі, бо сход, мой залаты,
К дабру не прывядзе!

Міхась Багун 

Ганна Севярынец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930