Знайсці
07.11.2019 / 13:013РусŁacБел

П’яны бок Кастрычніцкай рэвалюцыі

1917-ы быў годам вялікіх вінных пагромаў. Апафеозам стаў паўторны «штурм» Зімняга палаца — найбуйнейшага віннага сховішча Расіі. Піша кандыдат гістарычных навук Станіслаў Рудовіч.

З армейскага гумару часоў Першай сусветнай вайны. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі

«Сухі закон»

Першая сусветная вайна вырвала са звыклага ўкладу сотні тысяч людзей. Мабілізаваныя адчулі небывалую вольніцу: абаронцам можна ўсё.

Пасля хвалі пагромаў памешчыцкіх маёнткаў, крам і складоў улады распарадзіліся забараніць продаж спірту аж да канца вайны. Парушальнікаў чакалі бізуны, катарга і арыштанцкія роты.

А забарона продажу атрымала зразумелыя наступствы. Пайшлі ў ход сурагаты: дэнатураваны спірт, палітура, лак, адэкалон. З’явілася «ханжа» — нізкаякасная алкагольная сумесь на аснове дэнатурату з рознымі дамешкамі.

І, канечне, самагон. Да вайны падпольная вытворчасць самаробнай гарэлкі была рэдкасцю: у 1913 годзе зафіксавана ўсяго 600 выпадкаў ва ўсёй імперыі. Але ўжо ў 1915-м — 6000, а да вясны 1917-га — больш за 9 тысяч! Беларусь разам з Уралам і Сібір’ю адносілася да рэгіёнаў найбольш актыўнага самагонаварэння. Цікава, што пашырэнню гэтага промыслу спрыялі тэхнічна адукаваныя бежанцы з Польшчы і Балтыкі. Яны хадзілі па сёлах і варылі самагон, а за дадатковую плату навучалі гаспадароў карыстацца самагонным апаратам.

Нягледзячы на ўсе забароны, алкаголь праточваўся і на фронт. Так байцы спрабавалі пераадольваць няўпэўненасць і страх. Расійскі гісторык Уладзімір Булдакоў заўважыў, што былыя сяляне не любілі пазіцыйнай вайны, але маглі някепска ваяваць, калі армія наступала і ім перападала тое-сёе з трафеяў. Каб узняць у іх баявы дух, дастаткова было намякнуць, што наперадзе — вінны склад альбо завод. Пры гэтым бывала, што, дарваўшыся да мэты, дзясяткі салдат напіваліся да смерці.

Не хлебам адзіным

Канчаткова сітуацыя выйшла з-пад кантролю тады, калі ў краіне пачалася рэвалюцыя.

Са школьных падручнікаў вядома, што каталізатарам Лютаўскай рэвалюцыі стаў дэфіцыт хлеба і мукі ў Петраградзе. Але быў і іншы важны аспект, пра які звычайна не гавораць. Не менш прывабнымі за булачныя былі вінныя крамы, а таксама аптэкі. Спірт выпівалі на месцы.

Штурму Петрапаўлаўскай крэпасці 27 лютага папярэднічаў разгром спіртаачышчальнага завода на Аляксандраўскім праспекце. Падзеі 1 сакавіка ў Кранштаце, дзе матросы перабілі некалькі дзясяткаў афіцэраў на чале з двума адміраламі, таксама адбываліся на фоне пагромаў вінных складоў.

Падобнымі эксцэсамі суправаджаліся тады любыя палітычныя абвастрэнні. Падчас ліпеньскага крызісу 1917 года, калі бальшавікі і анархісты інспіравалі ў Петраградзе шматтысячныя дэманстрацыі супраць Часовага ўрада, салдацкі натоўп захапіў памяшканне Сельскагаспадарчага клуба на Неўскім праспекце, у падвалах якога знайшлі сотні бутэлек віна.

Не адставала і правінцыя. У Ліпецку Тамбоўскай губерні салдаты разграмілі лікёрны завод, пры гэтым трое абпіліся да смерці. У Новачаркаску натоўп разграміў вінны склад і каўбасны завод, да яго далучыліся салдаты, пасланыя разганяць бясчынствы.

Увосень — новая хваля. У Астрагожску Варонежскай губерні падчас разгрому віннага склада 22 чалавекі памерлі ад разрыву сэрца, 26 згарэлі ў пажары, 60 салдат было паранена і 9 забіта.

Як загінулі скарбы Міра

Беларусь, дзе стаяў фронт, не заставалася ўбаку. Найбольш вядомы эпізод салдацкага п’янага бясчынства — знішчэнне палаца ў Міры. Двухпавярховы палац канца ХІХ стагоддзя, што стаяў недалёка ад старажытнага замка, належаў князю Міхаілу Святаполк-Мірскаму і з восені 1915 года знаходзіўся ў прыфрантавой паласе. У ваколіцах дыслакаваліся часці 2-й расійскай арміі.

У маі 1917 года ў маёнтку Красная Горка, які таксама належаў князю, вайскоўцы знайшлі 3 тысячы пудоў збожжа і іншых прадуктаў. Гэтым можна было карміць цэлы полк на працягу двух тыдняў! Аканом патлумачыў, што прыпасы закапалі яшчэ ў пачатку вайны, каб схаваць ад немцаў.

Але ў войску папаўзлі чуткі, што князь — таемны прыхільнік немцаў, кантактуе з імі праз падземны ход паміж Мірам і Баранавічамі і прадукты прыхаваў адмыслова для іх. Пачаліся размовы, што ў мірскім палацы князь хавае запасы ружжаў і кулямётаў і што палац трэба абшукаць.

Камандаванне ніяк не рэагавала. У той жа час камендант Мірскага гарнізона і навагрудскі павятовы камісар прапанавалі князю Святаполк-Мірскаму перадаць ім запасы віна, каб зняць напружанне. Князь адказаў, што ніякіх вінаў у яго няма, затое ёсць дзве бочкі дэнатурату. У той жа дзень дэнатурат вывезлі ў поле і вылілі.

Чуткі, што з палаца вывозяць спірт, узбудзілі салдат. 9 мая маса вайскоўцаў уварвалася за агароджу палаца і пачала росшукі, выстукваючы сцены ды падлогі. Старанні прынеслі плён: у флігелі быў выяўлены патаемны склеп.

Падлогу ўзламалі, і перад вачыма салдат паўстала казачная карціна — тысячы бутэлек дарагіх вінаў.

Палац запоўніўся вясёлымі салдатамі. Яны адкаркоўвалі бутэлькі або проста адбівалі рыльцы і прагна паглыналі змесціва. На наступны дзень —новае адкрыццё: у другім падвале знайшлося шмат бочак старкі — моцнага алкагольнага напою, які атрымлівалі шляхам старэння моцнай жытняй гарэлкі ў дубовых бочках з-пад віна. Бочкі выкочвалі на двор і разбівалі. Да палаца падцягваліся ўсё новыя партыі салдат з кацялкамі, вёдрамі і іншым посудам.

Разгром палаца працягваўся тры дні. Знішчылі ўсё: багатую бібліятэку, унікальную карцінную галерэю. Мэбля і раялі выляталі з вокнаў другога паверха. Урэшце і сам палац загарэўся.

Калі ўсё было знішчана, п’яныя салдаты ў пошуках новых порцый кінуліся ў мястэчка. Ад пагрому мірскіх яўрэяў уратавала толькі прыбыццё палка, які прыгразіў перакалоць усіх буянаў, калі праз гадзіну яны не пакінуць мястэчка. Пагроза падзейнічала, і падгулялы натоўп пачаў разыходзіцца.

Падзеі ў Міры атрымалі розгалас. Інфармацыю пра іх распаўсюдзіла Петраградскае тэлеграфнае агенства (ПТА). Расследаваннем акалічнасцяў заняўся Выканаўчы камітэт Заходняга фронту ў Мінску. Узнікла спецыяльная камісія для росшукаў і знішчэння спіртных напояў у прыватных маёнтках прыфрантавой паласы.

Але праз месяц тое самае паўтарылася ў маёнтку памешчыка Хялкоўскага за 16 км ад Маладзечна (раён дыслакацыі 10-й арміі). Падраздзяленне казакоў выявіла замураваны вінны склеп, а ў ім ці не 200 вёдраў старкі і 100 вёдраў мёду. Казакі перапіліся і разграмілі сядзібу. Пра пакаранне пагромшчыкаў не паведамлялася.

Не для слабой улады

Часовы ўрад паспрабаваў увесці суровыя меры: за распіванне ў публічных месцах і з’яўленне п’яным на людзях пагражала да 1,5 года турмы, за п’янае хуліганства і крадзеж — катарга ад 4 да 8 гадоў.

Але Часовы ўрад не меў сіл, каб гэта кантраляваць. Таму дэбошы і пагромы працягваліся. Людзі пачалі гнаць яшчэ больш самагону. У Мінску цэнтрам самагонаварэння лічыўся Камароўскі лес (цяперашні парк Чалюскінцаў і ваколіцы), ён ператварыўся ў сапраўдную крымінагенную зону.

Сяляне распіваюць бутэльку «горкай» непасрэдна каля «манаполькі». Фота: istorya.ru.

Вялікая Кастрычніцкая

П’янства набывала маштабы народнага бедства. Напоўніцу яно праявілася пасля Кастрычніцкага перавароту. А апафеозам стаў паўторны «штурм» Зімняга 23—25 лістапада.

Ён сціпла замоўчваўся савецкай гістарыяграфіяй, а расказаць тут ёсць пра што. Вінны склеп Зімняга палаца быў галоўным сховішчам краіны, у ім захоўваліся элітныя напоі агульным коштам 5 млн тагачасных долараў. У сённяшніх цэнах гэта 102 мільёны. Палац ахоўваўся чырвонагвардзейцамі, але іх сілаў было недастаткова, каб стрымаць «прыхільнікаў рэвалюцыі». Уся падлога ў склепе аказалася залітая віном на паўаршына (35 см), ушчэнт п’яныя пагромшчыкі захлыналіся ў гэтай лужыне. Пагром царскага склепа скончыўся толькі тады, калі ўсе бутэлькі былі пабітыя, а віно, што заліло склеп, выпампавана ў Няву.

П’яныя пагромы адбыліся той восенню і ў Беларусі: Віцебску, Оршы, Жлобіне… У лістападзе ў Мінск перыядычна прыбывалі цыстэрны са спіртам. Каб не правакаваць народ, Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту неабачліва распарадзіўся выліць некалькі цыстэрнаў на чыгуначнай платформе Козырава. У выніку там утварыліся сапраўдныя спіртныя азёры, і ў Козырава пацягнуліся салдаты, сяляне, жанчыны, дзеці. Многія, напіўшыся, падалі, як мерцвякі. Натоўпы п’яных дэбашырылі, усчалася стральба, адзін хлопчык быў забіты. У Мінску прыйшлося ўводзіць ваеннае становішча, і падзеі ў Козыраве адыгралі ў гэтым не апошнюю ролю.

Пры падаўленні паслякастрычніцкіх вінных пагромаў загінула людзей у шмат разоў болей, чым пры ўзяцці Зімняга, падлічылі даследчыкі.

Максім Горкі ў тыя дні занатаваў: «У час вінных пагромаў людзей прыстрэльваюць як шалёных ваўкоў, паступова прывучаючы да спакойнага вынішчэння блізкага». Але толькі такімі мерамі бальшавікам удалося хоць крыху ўтаймаваць хвалю п’янай анархіі. 

Станіслаў Рудовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930