Знайсці
11.12.2019 / 00:292РусŁacБел

Золата расійскіх генералаў закапанае недзе за Гроднам

Як сёння, памятаю гэтую размову, якая адбылася два дзесяцігоддзі таму, піша гісторык Андрэй Вашкевіч.

У глухой лясной вёсцы недалёка ад беларуска-польскай мяжы жвавы дзядуля на просьбу расказаць пра немцаў запытаўся: «А вам пра якіх немцаў, хлопцы, расказаць: пра першых ці пра другіх?» Аказалася, дзед нядаўна адсвяткаваў сваё 95-годдзе і добра памятаў месца, дзе зімой 1915 года пахавалі некалькі дзясяткаў расійскіх салдат, якія з вінтоўкамі і парай патронаў спрабавалі прарвацца да гродзенскай крэпасці.

Дзед таксама расказаў гісторыю, якую яму неаднойчы распавядаў бацька. У лютым 1915 года той быў узяты ў праваднікі штаба ХХ расійскага корпуса, акружанага немцамі ў Аўгустоўскіх лясах. Становішча корпуса было трагічным. Немцы аддзялілі часткі ХХ корпуса ад выратавальных фартоў гродзенскай крэпасці тонкай лініяй сваіх байцоў ландвера, якія, аднак, маючы ў дастатку кулямётаў ды патронаў, з пануючых вышыняў выкошвалі расійскіх пехацінцаў сотнямі. Пасля чарговай няўдалай спробы прарыву камандзір корпуса генерал Булгакаў прыняў рашэнне аб капітуляцыі. Перад тым як ісці здавацца, усю казну корпуса ссыпалі ў звычайнае вядро і, прыкрыўшы другім вядром, закапалі на ўзгорку з заўважнымі трыма соснамі.

Лубок пра подзвігі ХХ корпуса, надрукаваны ў 1914 годзе. Праз пару месяцаў корпус сам здасца немцам. Фота: vvpmv.shpl.ru.

Паслухаўшы тую гісторыю, я, вядома, запытаўся, чаму дзедаў бацька або нехта з афіцэраў не вярнуўся па тое золата. Дзядуля цалкам рацыянальна адказаў, што з нямецкага палону мала хто вярнуўся, а бацька не трапіў у тое лясное месца, бо адразу пасля Першай сусветнай вайны там прайшла польска-літоўская мяжа. Таму недзе ў памежным лесе дасюль, маўляў, ляжыць праржавелае вядро з залатымі і сярэбранымі манетамі.

Такіх гісторый даводзілася чуць яшчэ некалькі, і не толькі з часоў Першай сусветнай. Летам 1941 года байцы 213-га пяхотнага савецкага палка, які некалькі дзён адбіваўся ад немцаў на Аўгустоўскім канале, нібыта закапалі каля Нёмана палкавы сейф. У сейфе палка Чырвонай арміі, натуральна, золата быць не магло, аднак там знаходзіліся важныя дакументы, пячаткі і, магчыма, узнагароды. Гэты сейф на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў самааддана, але, на жаль, беспаспяхова шукалі гродзенскія краязнаўцы.

А самая таямнічая гісторыя адбылася ў канцы лета 1914 года ў лясах Усходняй Прусіі. Нямецкія войскі тады перлі на Парыж, і расійскае камандаванне, прыслухаўшыся да слёзных просьбаў французаў аб дапамозе, загадала пайсці ў наступленне на немцаў дзвюм сваім найбольш укамплектаваным арміям. Камандуючыя арміямі генералы Аляксандр Самсонаў і Павел Рэненкампф ненавідзелі адзін аднаго, і калі немцы акружылі армію Самсонава, Рэненкампф не зрабіў нічога, каб ёй дапамагчы.

Восемдзесят тысяч расійскіх салдат блукалі па лясах на нямецка-расійскім паграніччы, і немцы пакрысе рассякалі іх на меншыя часткі. Генерал Самсонаў разам з невялікай групай з некалькіх вышэйшых афіцэраў і іх веставых ды дзеншчыкоў спрабаваў вырвацца з акружэння. Пры ім была брычка з казной арміі, якая налічвала 300 тысяч рублёў, і прынамсі частка з іх была ў золаце. У брычцы былі таксама сотні Георгіеўскіх крыжоў, якімі збіраліся ўзнагароджваць пераможцаў.

Апошнія хвіліны жыцця генерала Самсонава дагэтуль застаюцца таямніцай. Паводле адной з версій, ён, змучаны прыступамі астмы і цяжкімі думкамі пра разгром, застрэліўся, адышоўшы недалёка ў лес. Паводле другой — яго забіла нямецкім снарадам. Яшчэ паводле адной версіі, падчас начнога пераходу яго проста згубілі — і ён бясследна знік. У любым выпадку сярод тых некалькіх салдат з групы Самсонава, якія выйшлі да сваіх, ужо не было ні генерала, ні казны ягонай арміі. Восенню 1915-га жонка Самсонава пры спрыянні Чырвонага Крыжа змагла прыехаць на нямецкую тэрыторыю і з дапамогай мясцовых сялян адшукала пахаванне генерала. Праз Берлін, Стакгольм і Пецярбург цела генерала перавезлі на ягоную радзіму ў Елісаветград ва Украіне (цяпер горад Крапіўніцкі) і там пахавалі.

Расійскія палонныя ў Гродне. Пачатак восені 1915 года.

Абставіны гібелі генерала Самсонава і знікненне казны цэлай арміі спарадзілі цэлую хвалю легендаў. Самая незвычайная і трагічная з’явілася амаль адразу. Расказвалі, што да аднаго з расійскіх атрадаў, якія блукалі па лясах, прыбіўся паранены ў шыю салдат. Ён паведаміў, што генерал Самсонаў, усвядоміўшы немагчымасць прарыву, загадаў пакласці ўсю армейскую казну на адзін воз, узяў з сабою пяцярых салдат і ад’ютанта і заглыбіўся з імі ў пушчу. Глыбока ў пушчы воз захрас на паўразбураным гнілым мосце праз балоцістую рачулку. Самсонаў тады нібыта загадаў затапіць казну ў балоце і нечакана разам з ад’ютантам застрэліў усіх салдат. Потым ён забіў і ад’ютанта, а затым, адышоўшы ў лес, скончыў жыццё самагубствам. Але адзін салдат толькі прыкінуўся забітым, і менавіта ён пасля расказаў гэтую гісторыю. Праўда, ён хутка памёр, не паказаўшы канкрэтнага месца, а ў пушчу скіраваліся шматлікія шукальнікі скарбаў…

Цяпер гэтыя мясціны знаходзяцца ў ваколіцах польскага горада Вельбарк (раней нямецкі Віленберг), а расійскае золата там шукаюць дасюль. І не без пэўнага поспеху. Пра знаходкі золата газеты і інтэрнэт, праўда, нічога не паведамлялі, але каля дзесяці гадоў таму польскія «чорнакапальнікі» адшукалі ў лясах сцяг 144-га Кашырскага палка — аднаго з тых, што назаўсёды зніклі ў лясах Усходняй Прусіі.

Андрэй Вашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930