Знайсці
01.12.2019 / 13:12РусŁacБел

Лука Авечкін кідае піць. Суровыя будні, суровыя магілёўцы XVI—XVII стагоддзя

Магілёў на малюнку Юзафа Пешкі. Канец XVIII стагоддзя. Фота Wikimedia Commons.

Крымінальная хроніка, шлюбныя абяцанні, кадзіраванне алкаголікаў — судовыя кнігі магілёўскага магістрата чытаў Аляксей Бацюкоў.

Клішка, які абяцаў, ды не хоча жаніцца

20 ліпеня 1579 года магілёўская мяшчанка Няліда Цішкаўна звярнулася ў магістрат са скаргай на «ўчцівага Клішку Іванавіча». Чатыры гады таму ён, узяўшы жанчыну да сябе, паабяцаў яе як жонку «хаваці» — гэта значыць жаніцца. З той пары нарадзілася адно дзіця, другое на падыходзе, а Клішка Іванавіч усё ніяк не выканае абяцанне.

«Учцівы» Клішка на гэта заявіў, што сам то ён якраз хоча ўзяць Няліду за жонку. Ды вось неспадзяванка: Няліда Цішкаўна ўжо мае мужа. Гэты муж некалькі гадоў таму кінуў яе, з’ехаўшы «на ніз» — гэта значыць, уніз па Дняпры, ва Украіну, да казакоў.

Наступны запіс у актавай кнізе магілёўскага магістрата значыцца іншым днём: альбо суддзям спатрэбіўся час, каб высветліць усе абставіны справы, альбо яны ўзялі паўзу, каб парагатаць.

Гэтым разам Няліда Цішкаўна даводзіла суду, што ад людзей, якія часта бываюць «на нізе», дакладна ведае, што былы муж ужо не жыве. Яе слоў суду аказалася дастаткова — магістрат пастанавіў Клішку і Нялідзе ажаніцца, а як бы раптам той першы муж вярнуўся, то Клішка мае Няліду ад яго гневу абараніць.

Страшнае абвінавачванне

Гвалтаванне дзяцей, крадзяжы, чарадзейства — ні больш ні менш. У гэтым усім магілёўскі месціч Харко Кузьмініч абвінаваціў суседку Арыну Турцовую ў красавіку 1637 года.

За восем гадоў да таго Харко Кузьмініч набыў сабе дом і гаспадарку на вуліцы Выганскай. Па справах гандлю ім з жонкай часта прыходзілася ад’язджаць на кірмаш. Даглядаць гаспадарку і дзяцей — дзвюх дзяўчатак і хлопчыка — яны нанялі нядаўна аўдавелую Арыну Турцовую, што жыла ў доме свайго бацькі Івашкі.

Гаспадары працавалі шмат, вярталіся позна — тлумачыў Харко Кузьмініч. А ў іх адсутнасць няня аддавала іх гадавалую дачку на «садомскі грэх», пасля якога немаўля неўзабаве памерла, абвінавачваў ён. І другая дачка таксама гадамі пакутавала ад сэксуальнага гвалту.

Харко і жонка расказалі, што апыталі дзяцей (хлопчыку восем гадоў, дачцэ было шэсць, калі яна пачала размаўляць), а таксама частага госця ў іхным доме, швагра Панцялея, і даведаліся, што Арына не абмяжоўвалася фізічным гвалтам.

Забыўшы Бога і ўсялякі сорам, удавіца наводзіла на сям’ю сурокі, у святліцы ўтыкала нож у вяршнік (брус над дзвярыма), абносіла двор нейкім зеллем, частавала ім дзяцей.

Немаведама адкуль дастаўшы ключы ад клецяў, выносіла адтуль розныя рэчы, а часам і грошы.

Апафеозам злачыннай дзейнасці Турцовай Харко Кузьмініч назваў апошні ўчынак, калі яна настолькі застрашыла дзяцей, абяцаючы, што за ўсе чарадзействы і грахі іх усіх разам могуць пакараць смерцю, што сын Апанас уцёк у шляхецкі дом у суседнім сяле. Сем дзён бацька разам са слугой шукаў сына, заходзячы ў тым ліку і ў дом Турцовай. Тая ж публічна праклінала сям’ю Харка Іванавіча, даводзячы, што сына іх не бачыла, а неўзабаве і ўсіх іх не ўбачыць больш, і што як псаваліся яны, так і надалей будуць псавацца.

Распачалася сур’ёзная і доўгая судовая справа. Амаль праз месяц адбылося паўторнае слуханне, на гэты раз у прысутнасці ўсяго гарадскога кіраўніцтва.

Радцы не арыштавалі Арыну Турцову, а вырашылі накіраваць дасведчаных і шаноўных людзей для дадатковага высвятлення абставін.

Расследаванне доўжылася два тыдні. Апыталі ўсіх суседзяў Харка Кузьмініча і Арыны Турцовай.

І суседзі аднагалосна заявілі, што ніколі не бачылі таго, у чым вінавацяць Арыну. Наадварот, яе характарызавалі выключна як добрую жанчыну. А вось пра жонку Харка Кузьмініча казалі зусім іншае. Злая і сварлівая. Нядаўна накінулася на адну з суседак з падобнымі абвінавачваннямі — у чарадзействе з драпаннем варот. Наогул, жанчына са сваім мужам «не добра жывець і злая есць нявеста».

Зрэшты, нехта з суседзяў прысароміў і Харка, назваўшы яго дрэнным чалавекам, што ўзвёў такія словы на Арыну. Арына ж у прысутнасці ўсяго гарадскога ўрада прысягнула, што нічога з таго, у чым яе вінавацяць, не здзяйсняла. У тым жа прысягнулі яе бацька і суседзі. Не пацвердзіліся і словы пра ўтыканне нажа ў вяршнік: не аказалася слядоў. Гэтак жа ніхто не змог пацвердзіць абліванне гаспадаркі зеллем — а схаваць гэтую працэдуру днём, пры такой колькасці суседзяў было б цяжка.

Вырак суда: за паклёп Харку і яго жонцы стаяць «у куне» — прывязанымі за шыю да ганебнага слупа на гандлёвай плошчы — адзін дзень, з дзявятай па дзясятую гадзіну раніцы.

Харко спрабаваў быў апратэставаць гэтае рашэнне, уратаваўшы хоць бы жонку: яна, маўляў, не была заяўніцай у судзе і нават не выклікалася сведкай. Але суддзі засталіся непахісныя: за паклёп стаяць гадзіну каля ганебнага слупа абаім.

«Даў сазнанне»

Магілёўскі мешчанін Лука Авечкін 17 студзеня 1594 года ў прысутнасці лентвойта Аляксея Раманавіча, бурмістра Мітка Васілевіча і райцаў Сцяпана Сяргеевіча і Філіпа Ескавіча «даў сазнанне» з запісам у актавую кнігу магілёўскага магістрата, што «не буду піці» моцных напояў ад сённяшняга дня і аж да свята Вялікадня. А што калі недзе нешта ўсё ж вып’е, то дазваляе свайму цесцю пасадзіць яго ў вязніцу, абапіраючыся на гэтае «сазнанне».

Фота: finds.org.uk.

Забойства кляшторнага

23 лютага 1634 года магілёўскі злотнік Іван Атрашковіч прачнуўся абвінавачаным у забойстве, за якое яму пагражала смяротнае пакаранне.

Абвінаваціла яго Дося Мацюшына, падданая кляштара кармелітаў. У ноч перад гэтым яе муж Мацюша Багдановіч выпіваў і пайшоў па дабаўку ў шынок да жыда Гдалі. У таго аказалася замкнёна. Мацюша пакалаціў у дзверы, вокны, прыкрыкваючы: «Адчыняй, жыдзе!», але яму ніхто не адчыніў, і Мацюша пайшоў у двор злотніка Івана Атрашковіча, які жыў вышэй па вуліцы. Ледзьве ступіўшы на ганак, ён атрымаў страшны ўдар у галаву, ад якога яму нават выбіла кавалак косці.

Яшчэ жывы, Мацюша ляжаў у сябе дома, але дні яго былі ўжо палічаныя. Тэрмінова гарадскі магістрат адправіў да небаракі следчую групу з чатырох чалавек для агляду і апытання.

Мацюша Багдановіч, ледзь жывы, з прабітай галавой, аднак у добрай памяці, распавёў усё, што памятаў з мінулай ночы. Як грукаў да жыда, бразгаў у вокны, пайшоў вышэй па вуліцы, бо ў Івана яшчэ не было замкнёна, і толькі стаў на ганак Іванавага дома…

Што здарылася далей, Мацюша не змог растлумачыць. Ён пачуў нейкі вокліч Гдалі­жыда, але хто нанёс яму рану — не ведае. На дадатковае пытанне пра адносіны з абвінавачваным адказаў: з Іванам ніякіх сварак ніколі не было, адносіны мірныя.

Але ж, але ж. Злотнік Іван Атрашковіч у той вечар і сам быў добра напіўшыся — сядзеў у таго самага Гдалі да позняга вечара. Так сведчылі жонка і дзеці шынкара. Потым яны чулі, як Іванава жонка раве ў хаце, пабітая мужам. Жонка Івана прызналася: так, муж яе пабіў, калі яна заступілася за раней пабітага сваяка.

Агульную карціну здарэння дапаўнялі рэчавыя ўлікі: кроў, якой было заліта ўсё навокал, і шапка з галавы Мацюшы Багдановіча.

Абвінавачанне прасіла для Івана Атрашковіча смерці. Злотнік, аднак, заявіў у судзе пра сваю невінаватасць.

Далейшыя следчыя дзеянні пайшлі па шляху аднаўлення поўнай карціны падзеяў той злавеснай ночы.

Было высветлена, што ў той вечар у шынку Гдалі­жыда сядзелі некалькі чалавек. Калі ўсе ўжо сышлі, пачулася лясканне ва ўсе чатыры акны, а неўзабаве і спробы адамкнуць дзверы. Гдаля адправіў хлопца­прыслужніка Мацвея паглядзець. Мацвей рушыў да дзвярэй і пачуў на двары размову двух незнаёмцаў. Адзін другога спытаў: «Чый есць ты?» На што быў адказ: «Кляшторны». Пасля чаго «адзін другого цяў, і той, што пытаў, рок: от табе, хлопе, за кляштору». Але хто быў гэты чалавек, малы не пабачыў. Выглянуўшы праз шчыліну, Мацвей заўважыў кагосьці, хто хістаўся і трымаўся за галаву. Раніцай на тым месцы была знойдзена шапка Мацюшы Багдановіча і багата крыві.

Мацвей аказаўся самым карысным сведкам, бо астатнія суседзі ды жонкі Гдалі і Івана Атрашковіча нічога падобнага не бачылі і не чулі.

Судовая справа перайшла ў фінальную стадыю. Абвінавачванне стаяла на сваім: забойства адбылося на двары злотніка, значыць, і адказваць павінен злотнік. Але той усяляк аднекваўся: маўляў, пра ўсе падзеі на двары даведаўся, толькі стаўшы абвінавачаным. Прычым гэта быў добра падрыхтаваны выступ: злотнік шмат цытаваў артыкулы Магдэбургскага права і на іх падставе звяртаўся да суда з патрабаваннем адстаяць яго прэзумпцыю невінаватасці. Што і адбылося.

На той падставе, што сам пацярпелы падчас следства не апазнаў Івана Атрашковіча, і пры адсутнасці іншых доказаў супраць яго злотнік быў прызнаны невінаватым.

Аляксей Бацюкоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930