Знайсці
11.10.2019 / 21:119РусŁacБел

Ці трэба баяцца «шокавага» выніку перапісу?

Піша Алесь Пашкевіч на Arche.by.

Імпульсам для напісання гэтага тэксту стала прачытанне артыкула Ганны Севярынец на Радыё «Свабода» пад назвай: «Баюся, што вынік перапісу будзе шокавым». Бо, маўляў, «нягледзячы на беспрэцэдэнтную падтрымку беларускай мовы ў сацсетках, нягледзячы на высілкі арганізатараў грамадскіх кампаній і акцый… не менш моцна гучаць галасы: «не прымушайце нас ілгаць падчас перапісу»». Ці сапраўды трэба спадзявацца менавіта такога выніку, і ці ў гэтым прычына?

Чытайце таксама: Ганна Севярынец: Баюся, што вынік перапісу будзе шокавым

Я асабіста цалкам падзяляю думку Ганны Севярынец, што вынік перапісу па моўных пытаннях будзе не вельмі для нас прыемны. Лічбы відавочна маюць быць нашмат горшымі за зафіксаваныя 10 гадоў таму. Але не думаю, што ў дачыненні да выніку перапісу варта ўжываць прыметнік «шокавы». Як таксама сумняюся, што гэты вынік будзе тлумачыцца тымі суб’ектыўнымі прычынамі, на якіх акцэнтуе ўвагу спадарыня Ганна. Прычыны тут усё ж цалкам аб’ектыўныя. І калі на іх не заплюшчваць вочы, то падстаў для таго, каб упадаць у шок, не будзе ніякіх. Бо шок можа быць толькі ад нечаканасці, а тут усё ж такі гаворка больш пра заканамернасць. 

Беларускамоўныя: дзве групы

Варта разумець і ўсведамляць, з чаго складаліся тыя адносна прыстойныя — сёння яны ўжо здаюцца такімі, хоць раней стаўленне было больш стрыманае, — лічбы па беларускай мове, якія мы атрымалі на перапісах 1999 і 2009 года. 

Наўрад ці для каго таямніца, што людзі, якія называюць падчас усебеларускіх перапісаў беларускую мову сваёй роднай і хатняй, дзеляцца на дзве няроўныя часткі. Першая, якая дагэтуль колькасна яўна пераважае — гэта жыхары сельскай мясцовасці і малых гарадоў пераважна старэйшага і сярэдняга пакаленняў, а таксама выхадцы з іх, якія жывуць у буйных гарадскіх цэнтрах у першым пакаленні. Для іх беларуская мова ў розных яе варыянтах (у тым ліку і трасянкавым) — сапраўды родная па ўсіх параметрах, у тым ліку і тым, які прапісаны ў перапісных лістах. Карыстаюцца ёй гэтыя людзі таму, бо так ім найзручней, а частка — з кожным годам усё меншая — па-іншаму гаварыць банальна не ўмее. Але іхныя гарадскія ўнукі звычайна ўжо цалкам расейскамоўныя.

Другая група — гэта свядомыя беларускамоўныя. У агульнай масе перапісаных людзей, для якіх беларуская мова родная і хатняя, яны ў відавочнай меншасці, а сярод насельніцтва ў цэлым і ўвогуле складаюць, відаць, мізэрны працэнт. У асноўным яны жывуць у буйных гарадах, хоць гэта і не абавязкова. Як правіла, вольна валодаюць расейскай, але выбіраюць менавіта беларускую ідэйна, як усвядомленую каштоўнасць. У рэальным жыцці не абавязкова гэтыя людзі беларускамоўныя пастаянна і паўсюль. У многіх беларускамоўнасць распаўсюджваецца толькі на пэўныя сферы ў залежнасці ад асабістых прафесійных, сямейных і іншых абставін.

Стаўленне да сваёй мовы ў прадстаўнікоў дзвюх названых груп кардынальна адрозніваецца. Прадстаўнікі першай групы ёй карыстаюцца, але ніякай каштоўнасцю звычайна не лічаць, адпаведна і скіраваныя да іх заклікі дбаць пра захаванне мовы і яе чысціню павісаюць у паветры. Прадстаўнікі ж другой могуць беларускай мовы нават толкам не ведаць, але пры гэтым успрымаць яе як відавочную каштоўнасць і як такую дэклараваць. 

Да гэтых другіх фактычна і скіраваныя ўсе заклікі называць на перапісе сваёй роднай і хатняй мовай беларускую, і ніякую іншую, нягледзячы на рэальны стан. Вось толькі ці не агітацыя гэта ўжо даўно загітаваных? І ці мае гэта кампанія ўвогуле шанец нешта прынцыпова статыстычна змяніць?

Вёска вымірае, і гэта дадзенасць

Кожны новы перапіс фіксуе істотнае змяншэнне ў Беларусі беларускамоўных людзей, і гэтым разам ніяк не выпадае чакаць нейкага выключэння. Перадусім дзеля тых вялікіх колькасных страт, якія пастаянна нясе першая з вышэйзгаданых груп. І якія проста немагчыма ў цяперашніх умовах нечым кампенсаваць.

Вось, напрыклад, прыклад з рэальнага жыцця. Сёлета ў канцы зімы ці ранняй вясной праходзіў я каля нашых вясковых могілак у Лагойскім раёне. Звярнуў увагу на магілы, якія з’явіліся тут нядаўна, у апошнія два месяцы. Усяго іх было шэсць. Падышоў да кожнай, адсунуў вянкі, прачытаў надпісы на крыжах. Аказалася, што ўсіх пахаваных пад тымі крыжамі я ў той ці іншай ступені ведаў асабіста. Усе яны ў штодзённым жыцці карысталіся беларускай мовай ці максімальна набліжанай да яе трасянкай. Як такія і былі, несумненна, пазначаныя пры ранейшых перапісах. А цяпер вось яны ўжо на тым свеце, які перапісам не ахопліваецца. 

І гэта ж гаворка толькі пра два месяцы. А ад часоў мінулага перапісу прайшло дзесяць гадоў, і тэндэнцыя ўвесь гэты час была такая самая. Звернемся дзеля прыкладу да афіцыйнай статыстыкі. Вось, напрыклад, лагойская раённая газета «Родны край» у канцы мінулага, 2018 года падбіла гадавыя дэмаграфічныя вынікі па раёну. Паводле іх, за год у раёне нарадзілася 357 дзяцей, памерла 569 чалавек. Для чыста сельскай мясцовасці (калі адкінуць горад Лагойск і гарадскі пасёлак Плешчаніцы з ваколіцамі) гэты паказчык — адпаведна 87 і 251. 

Тыя людзі, што паміраюць у мясцовых вёсках, у большасці сваёй падчас перапісу 2009 года былі яўна запісаныя беларускамоўнымі. Цяпер іх не будзе. І сітуацыя па Лагойскім раёне — не анамальная, яна адлюстроўвае агульнабеларускую тэндэнцыю, нязменную цягам усіх дзесяці міжперапісных гадоў.

Нават такая вельмі прыблізна-прыкідачная арыфметыка сведчыць пра тое, што рэзкае падзенне колькасці людзей з беларускай мовай як роднай і размоўнай па выніках новага перапісу не толькі не шок, а самая што ні на ёсць чаканая заканамернасць. Шокавымі вынікі перапісу могуць стаць толькі для таго, хто спадзяецца на нейкі цуд. Але цудаў не бывае, тым больш калі справа тычыцца такой сухой і ў прынцыпе бесстаронняй справы, як статыстыка. І, на жаль, агітацыйнымі кампаніямі сярод «сваіх» тут мала што можна змяніць. 

Нізкія лічбы — бяда. Але ці катастрофа?

Пытанне, аднак, як да непазбежных вонкава несуцяшальных і, вядома, непрыемных лічбаў ставіцца. Ці ёсць яны трагедыяй і ці варта рупліўцам беларушчыны дзеля іх апускаць рукі? Думаю, не — бо акрамя колькасных паказчыкаў ёсць і іншыя нюансы, не менш важныя. За сухімі лічбамі перапісаў яны могуць губляцца і не заўважацца, але без іх уліку немагчымая адэкватная ацэнка сітуацыі.

Будучыня беларускай мовы як залежала чвэрць стагоддзя таму, так залежыць і цяпер перадусім ад наяўнасці і стану тых колькасна нешматлікіх, пераважна гарадскіх ідэйных асяродкаў, якія апошнія дзесяцігоддзі ў зусім неспрыяльных умовах робяць усё для таго, каб, кажучы словамі паэта, «не патух зніч на гары». З сярэдзіны 90-х, калі дзяржава фактычна адмовілася ад рэальнай падтрымкі беларускай мовы, а былі часы, калі і пераходзіла супраць яе ў актыўнае наступленне, гэтая мова мусіла перайсці ў рэжым выжывання. У якім знаходзіцца да сённяшняга дня і будзе знаходзіцца датуль, пакуль сваю моўна-нацыянальную палітыку не зменіць дзяржава.

Калі ацэньваць, як беларуская мова ў Беларусі выжывае — то, калі не зацыклівацца на колькасных паказчыках, тут зусім не ўсё так кепска. Ідэалізаваць сітуацыю, вядома, не варта, але на найбольш сур’ёзныя выклікі, якія паўстаюць перад любой мовай, што знаходзіцца ў пагрозлівым стане, адэкватна адказваць апошнюю чвэрць стагоддзя так-сяк удавалася. Галоўны ж з гэтых выклікаў — акурат непазбежнае паміранне беларускай вёскі, перад якім мы сталі яшчэ ў 1990-я гады. 

Спыніць ці нават затрымаць гэты працэс ніякай магчымасці ў нас не было, але важна было самім да яго не прывязацца, то-бок не працягваць развіваць беларускую культуру і беларускую мову як пераважна вясковыя і на вёску як спажыўца разлічаныя. І гэта ў цэлым удалося: сённяшняя беларуская культура — цалкам сучасная, якая ў цэлым адэкватна рэагуе на выклікі, прыстасоўваецца да новых трэндаў і тым самым мае прывабнасць для часткі моладзі. 

Беларускамоўныя асяродкі — яны, вядома, у маштабах краіны колькасна нешматлікія і ўплыў іх дастаткова абмежаваны. Але яны ўсё ж абнаўляюцца і амаладжаюцца, унутры іх вылучаюцца новыя крэатыўныя лідары — а гэта значыць, у іх ёсць перспектывы. Цалкам верагодна, што гэтыя асяродкі колькасна не толькі не змяншаюцца, але і крыху растуць. Толькі што агульнадзяржаўнаму перапісу, які аперуе вялікімі лічбамі, гэта ўсё не ахапіць: аб’ектыўна нешматлікая колькасць свядома беларускамоўных непазбежна згубіцца ў агульнай масе абыякавых. Важная, аднак, не толькі колькасць, але таксама — а мо і перадусім — якасць. Важна пра гэта памятаць і не паддавацца паняверцы. Пасля падвядзення вынікаў перапісу для нас наўрад ці нешта сур’ёзна зменіцца: давядзецца працягваць рабіць тое ж самае і для тых самых людзей, што і раней. Усяляк імкнучыся, натуральна, пашыраць межы ўласных асяродкаў - хоць магчымасці для гэтага і не бязмежныя. 

Ну, а сур’ёзны выхад за межы нашых асяродкаў і непасрэдны ўплыў на грамадства ў цэлым, відаць, немагчымы без змены дзяржаўнай палітыкі. А мяняцца яна будзе (калі будзе) таксама не з-за вынікаў перапісаў, а з-за пераасэнсавання таго, што на самай справе ёсць пагрозай нацыянальнай бяспецы. 

Аляксандр Пашкевіч, gazeta.arche.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера