Знайсці
18.02.2009 / 17:508РусŁacБел

Пятро Васючэнка: Да новай беларусізацыі засталося два гады

На днях адзін з найлепшых літаратурных крытыкаў Беларусі Пятро Васючэнка, які таксама літаратуразнаўца, празаік, паэт, драматург, эсэіст і аўтар фэнтэзі, адзначыў 50-годдзе. Напярэдадні аўтарскага вечара TUT.BY гутарыць з юбілярам пра нацыянальную літаратуру і міфалогію, беларусаў-хобітаў і будучыню роднай мовы.

“Смерць літаратуры адкладваецца”

— Спадар Пятро, калі вы ўпершыню зразумелі, што літаратура — ваша пакліканне?

— Яшчэ падчас навучання ў школе ў мяне было два захапленні: літаратура і біялогія. Можа таму, што я жыў у Полацку і дзяцінства прайшло ў бібліятэцы, пераважыла літаратура. Цікавасць да тэксту, вербальнай інфармацыі паклала пачатак інтэлектуальнага жыцця. Хаця вяртанне да праблем усяго жывога на планеце, экалагічнай тэматыкі адбылося пазней.

— Ці не шкадуеце, што выбралі гэтую сцежку?

— У развіцці літаратуры ў XX стагоддзі ёсць складанасці, і многім маім калегам гэты шлях бачыцца бесперспектыўным. Смерць літаратуры і ўсё такое… Але я ў гэтым пытанні аптыміст. Смерць літаратуры адкладваецца. Са слова ўсё пачалося і ім, відаць, усё і скончыцца.

Так, літаратура сёння не абяцае вялікіх матэрыяльных дывідэндаў. Калі чалавек зарабляе інтэлектуальнай пісьменніцкай працай, гэта часта адбываецца коштам калялітаратурных тэкстаў. Тым не менш, калі б мне зноў прыйшлося выбіраць дарогу, гэта ізноў была б літаратура.

— Вы спрабавалі сябе ці не ва ўсіх існых літаратурных жанрах. У чым прычына такой усеяднасці і што давалася з найбольшымі цяжкасцямі?

— Раней я тлумачыў захапленне літаратурнымі жанрамі і працай у іх тым, што як крытыку мне хацелася выпрабаваць розныя віды творчасці. Маўляў, нельга крытыкаваць прозу, драматургію, паэзію, калі сам не пішаш і не ведаеш, як гэта робяць іншыя. Але потым мне стала зразумела, што гэта не толькі імкненне крытыка, але і праява таго, што кожная творчая асоба змяшчае ў сабе некалькі іншых асоб. Назіранне за літаратурай ХХ стагоддзя мяне ў гэтым пераканала. Многія аўтары рэалізоўваліся і ў прозе, і ў драматургіі, і ў паэзіі. Колас, Купала, Караткевіч… Гэта не падваенне асобы, а імпульс творчай натуры, якая ў зменлівыя часы імкнецца паварочвацца да рэчаіснасці рознымі гранямі. А тое, што пісьменнік піша яшчэ і крытыку, гэта нейкім чынам яго самаапраўдвае.

Мне не ўдалося выканаць абяцанне “Тутэйшых” — літаратурнага згуртавання, да якога калісьці належаў. Успрымаючы запавет-заклік Караткевіча “Пішыце, хлопцы, дэтэктывы!”, кожны з сяброў “Тутэйшых” паабяцаў напісаць дэтэктыў. Паэт Анатоль Сыс памёр, так і не выканаўшы абяцанне. Не ўдалося напісаць дэтэктыў і мне. Пасля няўдалай спробы я зразумеў, што гэты жанр вымагае не толькі адмысловай падрыхтоўкі, але нейкай прыроднай чуйнасці, інстынктаў, якія дадзеныя далёка не кожнаму.

— Вы таксама адзін з нямногіх аўтараў, хто піша для дзяцей і дарослых. Ці значыць гэта, што вы засталіся трошкі дзіцёнкам? Як удаецца сумяшчаць, здавалася б, несумяшчальнае?

— Калі я атрымліваў прэмію “Гліняны вялес” за дзіцячую кнігу “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкія”, у “вялесавай лекцыі” адзначыў, што няма літаратуры дарослай і дзіцячай. Ёсць проста літаратура. Дзіцячымі ж можна назваць творы, якія, па-першае, празрыстыя і ясныя, па-другое, універсальныя і шматпластовыя (кожны чытач, ад 4 да 90, знойдзе сваё), па-трэцяе, прыстойныя.

Што тычыцца маіх казак, гэта хутчэй не дзіцячасць, а ўзнаўленне вопыту, які я атрымаў у дзяцінстве. І вось цяпер пасля 50-ці я запланаваў напісаць раман пра легендарны полацкі лабірынт, пра яго пошукі, які будзе адначасова і ўспамінам пра дзяцінства, і вяртаннем у Полацк XXI стагоддзя.

Няма “вялікіх” літаратур!

— Часам кажуць, што існуюць літаратуры “вялікія і ўсе астатнія”. Ці карэктна так падзяляць літаратуры?

— На маю думку, няма “вялікіх” літаратур, ёсць вялікія пісьменнікі, якія рэпрэзентуюць нацыянальныя літаратуры. Так сталася з Марысам Метэрлінкам, які ў сваёй творчасці рэпрэзентаваў маленькую Бельгію. Так было і з вялікім паэтам Камоэнсам, які сваімі творамі прадстаўляў невялікую Партугалію. Тое ж сталася з Генрыкам Ібсэнэм — прадстаўніком “маленькай” нарвежскай літаратуры. Жыць у вялікай краіне яшчэ не значыць быць вялікім пісьменнікам.

— А якое месца беларускага прыгожага пісьменства ў сусветнай прасторы?

— Калі я чытаю студэнтам уводную лекцыю, то перадусім кажу пра ўзрост нашай літаратуры. Ён сярэднееўрапейскі. Ёсць літаратуры значна больш старажытныя — усходнія. Некаторыя з іх, як індыйская, кітайская, жывыя дасюль. У параўнанні з імі беларуская літаратура — дзяўчынка. У Еўропе ж ёсць літаратуры значна маладзейшыя за нашу. Напрыклад, фінская ці на мове ідыш, якія былі створаныя ў XIX стагоддзі. Ёсць тыя, што толькі нараджаюцца. Гэтак, афрыканская загаварыла пра сябе толькі ў 20 стагоддзі.

Што да майстроў, у нашай літаратуры дастаткова творцаў, якіх можна назваць вялікімі. Ад Францішка Скарыны да Васіля Быкава. Зрэшты трох беларусаў я ўключыў у сваю кнігу “Великие писатели ХХ века”: Купалу, Быкава і Караткевіча.

"Літаратары прапісалі матрыцу Беларусі"

— Спадар Пятро, у адным з тэкстаў вы сцвярджалі, што нацыя мусіць спраўдзіцца праз літаратуру. На пачатку ХХ стагоддзя нацыянальны “праект Беларусь” у значнай ступені стварылі літаратары. Аднак у параўнанні з нашымі суседзямі задума не была даведзена да канца, а працэс нацыятварэння ў Беларусі не завершаны і сёння. Ці не таму, што рамантызм літаратараў у нас пераважыў прагматызм палітыкаў?

— Справа літаратараў — прапісаць формулы, паводле якіх развіваецца грамадства. Матрыцу развіцця беларускага грамадства стварылі Францішак Багушэвіч (у прадмове да зборніка “Дудка беларуская”) і “нашаніўцы” (рабілі газету-звыштэкст, якая стварала вакол сябе рэаліі).

Па сутнасці, увесь алгарытм развіцця Беларусі быў прапісаны. Палітыкам, эканамістам, бізнесоўцам заставалася толькі дабудоўваць лёс краіны паводле матрыцаў. І вось гэтае дабудоўванне якраз сталася няпоўным.

Можа быць, нам не хапіла сваіх “празаікаў”, як іх называў Янка Купала. У артыкуле ў “Нашай Ніве” ён казаў, што мы будзем ствараць нацыянальную свядомасць, але вы, празаікі, уздыміце эканамічны ўзровень, укараніце нашыя ідэі ў шырокія масы.

— Вы назвалі беларусаў хобітамі еўрапейскага лесу. Чаго ў нашым характары болей — ўсходняга ці заходняга менталітэту?

— Я кіруюся тэорыяй Ігната Абдзіраловіча (беларускі літаратар і філосаф пачатку ХХ ст. — К. Л. ), які лічыў, што беларусы, па-першае, ёсць пасярэднікамі паміж Усходам і Захадам, а, па-другое, яны не могуць быць ні з аднымі, ні з другімі. Нам наканавана церабіць сваю лінію і бясконца шукаць свой шлях недзе пасярэдзіне.

— У сваёй творчасці вы ствараеце і падтрымліваеце міфы. Наколькі апраўдана выкарыстанне міфаў для ўмацавання нацыянальнай свядомасці, пабудовы нацыянальнага дыскурсу?

— Літаратура нараджалася на глебе міфалогіі, і навука, напэўна, таксама. Інакш кажучы, міфы маюць у сабе рацыянальнае зерне, якое вырасла на глебе народнага вопыту, назіранняў, сведчанняў старадаўніх жрацоў-мудрацоў, творы якіх не захаваліся.

Пра матэрыялізацыю міфаў кажуць простыя з’явы. Гэтак, у XIX стагоддзі нямецкі археолаг Генрых Шліман, грунтуючыся на міфалогіі траянскага цыклу адшукаў Трою. А ў XX стагоддзі брытанец Артур Эванс на падставе міфа пра мінатаўра адшукаў старажытны лабірынт на выспе Крыт і выявіў прысутнасць крыта-мікенскай эпохі. Найвялікшым міфатворцам з беларускіх аўтараў быў Вацлаў Ластоўскі. Ён закінуў ідэю пра полацкі лабірынт і крыўскую цывілізацыю, пошукі якой доўжацца дасюль.

Тое, што закладзена ў міфе, мае тэндэнцыю стаць рэальнасцю. Таму канструктыўныя элементы нацыянальнай міфалогіі варта ўсяляк заахвочваць.

Чакайце павароту да беларускасці

— 21 лютага ва ўсім свеце будзе адзначацца Дзень роднай мовы. Ці верыце вы ў будучыню беларускай мовы і ці застанецца Беларусь, як, да прыкладу, Ірландыя, незалежнай краінай без беларускай мовы?

— У фундаментальным плане страта Беларуссю беларускай мовы немагчымая. Прынамсі, пакуль на ёй ствараецца літаратура і ёсць грандыёзны корпус тэкстаў, у якіх прадстаўлены ўсе жанры і этапы літаратурнага развіцця.

Іншая рэч — сфера яе жывога бытавання. Калі яна будзе звужацца, гэта можа прывесці да пэўных сацыяльных і нацыянальных страт. Гэта можа звузіць магчымасці нашага палітычнага выжывання ва ўмовах глабалізацыі, і паўплываць на лакальныя працэсы.

Аднак, калі некаторым народам Еўропы было цяжка рэстаўраваць мову, дык беларусам пры спрыяльнай дзяржаўнай палітыцы будзе вельмі лёгка зрабіць гэта. Бо яна ёсць у генах кожнага беларуса, бо ёсць самабытная літаратура і рэальныя носьбіты, знікненне якіх у бліжэйшы час не праграмуецца.

­— Пяць гадоў назад у кнізе “Адлюстраванне першатвора” вы прадказалі, што наступная беларусізацыя, паварот да нацыянальнай культуры адбудзецца недзе ў 2011 годзе. Па-ранейшаму ў гэтым упэўнены?

— Я не прадказваю нейкі глабальны сацыяльны рух, але паварот у грамадскай свядомасці да беларускага, да нацыянальных пачаткаў з пэўнай доляй верагоднасці адбудзецца. Можа, нават без нейкіх сацыяльных стрэсаў.

— На чым вы грунтуецеся?

— Гэта назіранне за рознымі перыядамі беларускага адраджэння, просты падлік. Усплёскі нацыянальнай свядомасці адбываюцца пры змене аднага-двух пакаленняў. Звычайна гэта 20-30 гадоў. Вырастае генерацыя свядомай інтэлігенцыі, мяняецца грамадская свядомасць. Глядзіце самі: 1790-я гады, калі беларускае пытанне вельмі востра паўставала; 1830-я, 1860-я, “нашаніўскае адраджэнне”. У 1930-я новаму пасіянарнаму ўсплёску перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі, а потым і Другая сусветная вайна. Затым былі 1960-я з “адлігай” і новае адраджэнне ў 1990-я.

Паколькі ў 21 стагоддзі ўсе працэсы ідуць хутчэй недзе на траціну, я адлічыў 20 гадоў ад 1991 году, калі Беларусь стала незалежнай, і атрымаў прыблізную лічбу 2011.

АД ТЭКСТУ ДА ХРАНАТОПУ

20 лютага а 17-й у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. М. Багдановіча, 15) адбудзецца імпрэза з нагоды 50-гадовага юбілею Пятра Васючэнкі і выхаду ў свет яго новай кнігі “Ад Тэксту да Хранатопу” (2009, выдавецтва "Галіяфы").

Уваход вольны.

Гутарыў Кастусь Лашкевіч, tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930