Знайсці
10.10.2019 / 10:4612РусŁacБел

«Маленькі крок мае велізарнае значэнне»: зварот беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы

Фота Надзеі Бужан

Некалькі беларускіх грамадскіх арганізацый выступілі са зваротам адносна стану беларускай мовы ў краіне.

«Мы, прадстаўнікі беларускай грамадскасці, заклапочаныя тым, што беларуская мова не мае спрыяльных умоваў для існавання і развіцця ў Беларусі.

Паводле Канстытуцыі Беларусі абедзве мовы — беларуская і расейская — ёсць дзяржаўнымі, але ўлады ўвесь час цураюцца беларускай мовы. Яна амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па-расейску. Паводле апошніх даследаванняў, 48 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску; у краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. Мова 85 % кнігаў, што выдаецца ў Беларусі штогоду, — расейская; па-беларуску выходзіць толькі 9,5 % кніг.

Паколькі ў апошнія гады колькасць ініцыятываў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, няспынна расце, надышоў час, каб беларуская нацыя напоўніцу карысталася ўласнымі правамі на самавыяўленне і ўдзел у культурным жыцці, у тым ліку і праз сваю мову.

На неабходнасць падтрымаць беларускую мову ў Беларусі звяртае ўвагу міжнародная супольнасць. Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе звярнулася з заклікам да ўладаў Беларусі паважаць, абараняць і дапільноўваць правы ўсіх беларускамоўных і дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Таксама Міжнародны ПЭН звяртаецца да карпарацыі «Google» ды іншых інтэрнэт-платформаў, каб яны прызналі беларускую мову і забяспечылі беларусам магчымасць у поўнай меры карыстацца ёй на гэтых пляцоўках.

Беларускай мове мусяць быць створаныя спрыяльныя ўмовы для развіцця і роўныя шанцы ў параўнанні з расейскай мовай.

4 кастрычніка ў Беларусі пачаўся чарговы перапіс насельніцтва. Звесткі перапісу, паводле Закону «Аб перапісе насельніцтва», будуць уплываць на фармаванне дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову роднай, залежыць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе.

Мы перакананыя, што родная мова — не абавязкова «першая засвоеная ў дзяцінстве». Родная мова — гэта эмоцыі ды пачуцці, гэта тая мова, якую вы адчуваеце роднай, мовай сваіх дзядоў. Незалежна ад таго, якой мовай вы карыстаецеся ў штодзённым жыцці, беларуская мова нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.

Мы заклікаем усіх, хто з нейкіх прычынаў можа / хацеў бы назваць беларускую мову роднай, абраць яе роднай падчас перапісу насельніцтва. Маленькі ўчынак — глабальнае значэнне.

Мы прапаноўваем арганізацыям грамадзянскай супольнасці і публічным асобам далучацца да гэтага звароту і пашыраць яго ў сваіх колах. Гісторыю робім мы, і гэта не складана. Дастаткова выявіць волю і заявіць пра сваё — роднае».

Зварот падпісалі Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», «Арт-сядзіба», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларусі ПЭН-Цэнтр, тэлебачанне «Белсат» ды іншыя арганізацыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера