Знайсці
01.10.2019 / 17:5233РусŁacБел

Аграскандал пад Бабруйскам. Дырэктар абмацюкаў бухгалтара: «Ходзіш, бл***, як пудзіла, як індык!»

Тэлеграм-канал «Нехта» выклаў аўдыязапіс эмацыйнай размовы дырэктара з падначаленым. Кіраўнік страшэнна крычыць на суразмоўцу, багата паліваючы таго мацюкамі. Спасылка не ўказваецца, бо СМІ не маюць права распаўсюджваць нецэнзурную лаянку.

Гісторыя адбылася на прадпрыемстве «Неўскі-Агра», якое знаходзіцца ў Бабруйскім раёне.

Як паведаміў блогер, супрацоўнік прадпрыемства прыйшоў да дырэктара папрасіць службовае жыллё. Скончылася ўсё крыкамі.

«Ходзіш, бл***, як пудзіла, як індык!», «я так зраблю, што ты х** куды ўладкуешся», «ты ніх** не робіш днямі, бл***!», «будзеш, бл*** пастухом працаваць!» — вось толькі некаторыя з эмацыйных выкрыкаў дырэктара Аляксандра Атрохава.

Аляксандр Атрохаў

Праўда, на самай справе, не ўсё так адназначна ў гэтай гісторыі.

Суразмоўцу дырэктара завуць Яўген Белавусаў. Ён два гады быў бухгалтарам на «Неўскім-Агра». Сёння хлопец ужо не працуе на прадпрыемстве.

Яўген Белавусаў

Прычым да Белавусава назбіралася шмат прэтэнзій не толькі ў дырэктара, але і ў шараговых калег хлопца.

«Гэты чалавек падрабіў дакументы. Па падробленых дакументах прыйшоў на працу, нічога пра гэтую працу не ведаючы, — распавёў «Нашай Ніве» Аляксандр Атрохаў, дырэктар ААТ «Неўскі-Агра». — Абавязкі свае не ведаў, паводзіў сябе па-хамску. Працу не выконваў, за яго па выніку працавалі іншыя. На заўвагі мае ён проста не рэагаваў, матываваў гэта тым, што ён інвалід».

Белавусаў сапраўды мае трэцюю групу інваліднасці — у яго праблемы са зрокам.

«Мы правялі праверку. Была камісія МРЭК у Магілёве. І на камісіі прызналі, што Белавусаў не можа займаць пасаду, на якой працуе. Ён не адпавядаў пасадзе, якую займаў. Мы яго звольнілі», — сказаў Атрохаў.

Сітуацыю, якая трапіла на аўдыязапіс, Атрохаў назваў «невялікім канфліктам».

«Адбыўся невялікі канфлікт, падчас якога я намагаўся даказаць яму, што ён не мае рацыі», — паведаміў дырэктар.

Прэтэнзіі ў дырэктара былі як да працы, так і да выгляду супрацоўніка.

«Ён хадзіў неахайны, ад яго непрыемна пахла, ён не адпавядаў пасадзе і як спецыяліст, і як чалавек. А калі жыў у інтэрнаце… Свінні жывуць лепш, чым жыў ён, разумееце? — паведаміў Атрохаў. — Мы яго цярпелі-цярпелі, але ж любое цярпенне калі-небудзь заканчваецца. Як кажа прэзідэнт нашай краіны, грошы трэба зарабляць, а не атрымліваць. А Белавусаў іх атрымліваў!»

Незадаволеныя Белавусавым і ў бухгалтэрыі, дзе ён прапрацаваў два гады:

«Ён нічога не рабіў, за яго працавалі іншыя. Ён толькі сядзеў і чухаў патыліцу».

«Наша Ніва» звязалася з Яўгенам Белавусавым. Ён распавёў сваю версію падзей.

«Я адвучыўся ў Горках на эканаміста. Пасля трапіў па размеркаванні на «Неўскі-Агра». Размеркаванне — 5 гадоў. Два з іх я адпрацаваў, пасля мяне звольнілі.

Мяне звольнілі 27 верасня. Размова з дырэктарам была запісаная раней. Увогуле, яна складаецца з двух кавалкаў. Адзін кавалак я запісаў у красавіку, другі ў маі», — паведаміў Яўгені.

Хлопец кажа, што запісваў крыкі дырэктара на ўсялякі выпадак, «для сябе».

«Я толькі звярнуўся наконт жылля, і дырэктар мяне абмацюкаў. Пасля пачаліся камісіі, начальства пачало мяне дабіваць. Дабіліся, каб мяне звольнілі па зроку. У мяне была трэцяя група інваліднасці, пасля камісій мне паставілі другую групу, а яна «непрацоўная». І мяне звольнілі, — кажа Белавусаў. —

Першы год я працаваў нармальна. Цяжка было, бо я эканаміст, а не бухгалтар, але праблем не было. Пасля, калі прыйшоў Атрохаў, пачаліся праблемы. Ён пасадзіў сваю знаёмую галоўнай бухгалтаркай, яна не разумее ў працы нічога. Хадзілі чуткі, што ён хацеў мяне звольніць, каб пасадзіць свайго чалавека на пасаду.

Ці можа, ён вырашыў мяне звольніць, каб я не скардзіўся? Праблема была ў чым: я жыў у інтэрнаце. Пасля яго закрылі на рамонт, мяне выселілі. Я быў вымушаны здымаць жыллё.

У інтэрнаце палову рамонту зрабілі, пасля закінулі. Затое цяпер тыя ж людзі робяць рамонт у доме галоўнага заатэхніка.

Я прыйшоў прасіць, каб мне далі засяліцца назад у інтэрнат. Мне адмовілі. Затое ў інтэрнат засялілі чорнарабочых, без усякіх праблем.

Пасля камісій мне далі другую групу інваліднасці на год. Праз год новая камісія можа вярнуць 3 групу, і я вярнуся да працы па спецыяльнасці.

Па трэцяй групе інваліднасці я атрымліваў дапамогу 170 рублёў плюс заробак быў 400. Колькі дапамога па другой групе, я не ведаю нават, бо пакуль яшчэ ані разу не паспеў атрымаць.

Што буду рабіць далей, я пакуль не ведаю. Мне далі накіраванне ад МРЭКа у Бабруйскае таварыства таварыства слабавідушчых, каб праз іх знайсці працу».

 

Цікава, што Белавусаў у вольны час запісвае рэп пад псеўданімам «Бел Юджын». Ён паабяцаў «перадаць прывітанне галоўнаму бухгалтару» ў наступным трэку.

 

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930