Знайсці
01.10.2019 / 12:4715РусŁacБел

Шрайбман: Макей прама сказаў, што Мінск наогул можа нічога не падпісаць у снежні

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у сваім тэлеграм-канале прааналізаваў інтэрв'ю міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

— Ваенная база нам не патрэбна, мы яе больш не абмяркоўваем. Пад ціскам такія рашэнні прымаць не будзем.

Гэта акрэсліванне мяжы абароннага саюзніцтва. Вучэнні, сумесная пазіцыя ў ААН — так, калі ласка. Новыя войскі — тут мы суверэнныя.

Цікавае перапляценне інтарэсаў з нашымі заходнімі суседзямі, якія просяць саюзніка-ЗША размясціць у сябе больш войскаў, бо ўспрымаюць расійскія войскі як пагрозу. Мінск жа патрабуе ў саюзніка-Расіі не размяшчаць у сябе войскі, бо таксама лічыць іх пагрозай.

— Масква выстаўляла непрымальныя прапановы па наднацыянальных органах у саюзнай дзяржаве. Іх знялі з парадку размовы, як і адзіную валюту.

Гэта прывітанне ўсім алармістам, якія паверылі ў казкі пра «канфедэрацыю», «больш цесна, чым у ЕС». Без наднацыянальных органаў не можа працаваць ні адна цесная інтэграцыя. Кропка. Прэцэдэнтаў у свеце няма.

Нават у друзлым ЕАЭС ёсць такія органы. А ў саюзнай дзяржаве Мінск цяпер заблакаваў іх стварэнне.

Без такіх органаў гэта дзве незалежныя сталіцы, якія нешта спрабуюць узгадніць. Да Еўрасаюза тут як да Месяца. Да канфедэрацыі — як да Плутона.

— Адзіны падатковы кодэкс з Расіяй — гэта «такая палітычная мэта». Макей сказаў, што не разумее, як можна хутка прыняць такі дакумент, і што Мінск не будзе проста прымаць на сябе расійскі кодэкс.

Усё ўвогуле, як я і казаў. Гэта пачатак яшчэ аднаго бясконцага торгу, дзе Мінск не збіраецца саступаць, а будзе патрабаваць ад Масквы невыканальнага — памяняць расійскі падатковы кодэкс з улікам беларускіх нормаў.

— І нарэшце самае галоўнае: Макей ужо не празрыста намякнуў, а прама сказаў, што Мінск наогул можа нічога не падпісаць у снежні, калі Масква не выканае беларускія запыты да гэтага моманту: па падатковым манеўры, газе і бар'ерах на расійскім рынку.

Гэта, я б сказаў, рэзка. Масква наўрад ці дасць кампенсацыю падатковага манеўру без хаця б прыкметна рэалізаваных дарожных карт. Мінск адмаўляецца іх нават падпісваць без кампенсацыі.

Пацешна паглядзець, як яны выберуцца з гэтага тупіка да 8 снежня. Непадпісанне дакументаў у 20-годдзе саюзнай дзяржавы будзе скандалам.

Арцём Шрайбман

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера