Знайсці
30.09.2019 / 15:0285РусŁacБел

Шыталь: Карта паляка — гэта змена нацыянальнасці па кошце шэнгенскай візы

Неяк брыдкавата выглядае збоку гэтая фабрыкацыя палякаў праз наданне так званых «карт паляка».

Гэтая фабрыкацыя ёсць вялікай фікцыяй. Але фікцыяй, якая для многіх выгадная. Унутры Польшчы польскі ўрад можа падаваць гэта грамадскай думцы як «kłopot o rodakach za granicą». Далей — гэта спрыяе польскім эканамічным інтарэсам — многія ўладальнікі «карты паляка» пераязджаюць у Польшчу, каб зрабіцца там якаснай працоўнай сілай і плацельшчыкамі падаткаў у польскі бюджэт.

Урэшце, гэта выгадна многім «kresowym» дзеячам у Беларусі. Імкненне атрымаць «карту паляка» і вывучэнне з гэтай нагоды польскай мовы можна ўяўляць сабе і прадстаўляць іншым як нейкае «польскае адраджэнне, цікавасць да сваіх каранёў».

Права на «карту паляка» дае факт, што нехта з дзядоў-прадзедаў чалавека быў запісаны ў дакументах палякам. Але тыя запісы часоў ІІ Рэчы Паспалітай збольшага таксама ёсць фікцыяй. Палякамі запісвалі тутэйшых беларускамоўных, без выразнай нацыянальнай ідэнтычнасці, сялянаў, толькі на падставе таго, што ў касцёле, у які яны ходзяць маліцца, моляцца па-польску. 

Палякамі часам прымушалі запісвацца ці запісвалі супраць волі людзей — бо польскай адміністрацыі, інтэлігенцыі, паліцыі надта карцела пабачыць і паказаць начальству больш высокія паказчыкі паланізацыі нашага краю.

Я не стаўлю пад сумнеў права чалавека вызначаць сваю нацыянальную і культурную прыналежнасць. Тым болей, што фактам ёсць, што былі ў нашым краі сем'і, дзе людзі гадаваліся ў польскай моўнай і культурнай традыцыі. Ёсць і тыя іх нашчадкі, якія і сёння адчуваюць «сваёй» якраз польскую мову і культуру. Я пазітыўна стаўлюся да іх імкнення захоўваць традыцыі і ідэнтычнасць сваіх прадзедаў.

Таксама я не стаўлю пад сумнеў права чалавека выбіраць месца працы, навучання, жыхарства. Што ж, трэба сказаць, што і без «карты паляка» можна атрымаць і польскі від на жыхарства, і пазней, польскае грамадзянства.

Але, калі чалавек, які не ведае польскай мовы, а ў жыцці размаўляе па-беларуску ці па-руску, чалавек, які ніколі не чытаў Міцкевіча і Сянкевіча, і не ведае імёнаў польскіх каралёў, бяжыць атрымліваць дакумент «który służy podtwerdzeniem przynależności» да суседняга народа — гэта неяк… непрыемна выглядае.

Давайце шчыра скажам: «Karta Polaka» ў большасці выпадкаў — гэта змена нацыянальнасці па кошце шэнгенскай візы. За невялікую, у прынцыпе, выгаду, чалавек гатовы адмовіцца ад сваёй ідэнтычнасці і прыняць ідэнтычнасць народа, дзяржава якога дае яму за гэта бясплатную візу. Чалавек, які здольны на такі ўчынак, у мяне не вылікае даверу. Цікава, а што будзе гатовы прадаць і змяніць чалавек, калі пытанне будзе каштаваць, напрыклад, як дзесяць шэнгенскіх візаў?

Кастусь Шыталь, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера