Знайсці
27.09.2019 / 15:3714РусŁacБел

Гістарычны дэтэктыў: як адмыслоўцы адшукалі карту Беларусі 1919 года і даказалі, што яна сапраўдная

Адмыслоўцам з кампаніі imago.by — Старадаўнія карты і гравюры ў рукі трапіла дагэтуль невядомая карта Беларусі 1919 года. Яны сталі капацца, разбірацца: гэта падробка ці насамрэч удалая знаходка? Выйшаў сапраўдны гістарычны дэтэктыў, пачытайце. 

Мы жывём у цікавай краіне: за якую рэч ні схапіся — яна або першая, або апошняя, або адзінкавая ў сваім родзе. Вось чарговая знаходка: на старонцы Eco-Prastora праект-студыя Зьмітра Мурашкі была апублікавана копія надзвычай цікавай карты Беларусі, датаванай 1919 годам.

На ёй паказана этнічная тэрыторыя Беларусі. Надпісы пададзены класічным правапісам у спрадвечна беларускім гучанні: Вільня, Менск, Полацак, Горадня, Берасьця… На захадзе — Нямеччына, на ўсходзе — Маскоўшчына…

Але чаму ў бібліятэках такой карты няма? Чаму яна не згадваецца ў крыніцах (Архівы БНР, прыкладам, збор Віктара Астроўскага ў Лондане)? Хто аўтар, у якіх абставінах выдавалася? І дзе арыгінал?

У свеце антыкаў ёсць паняцце «правенанс»: гісторыя валодання прадметам, яго паходжанне. Калі гаспадар невядомай дагэтуль рэчы кажа, што знайшоў даўно і ў выпадковых людзей, адмысловец адразу западозрыць падробку.

Тое, што карта знайшлася толькі ў копіі, яе рукапісныя шрыфты, акварэльныя разводы і паслядоўная «клясычная ўнармаванасць» — адразу выклікала падазор. Занадта прыгожая, занадта патрыятычная і правільная. І «знайшлася» ў архітэктара, якому такі малюнак зрабіць — цьху.

І мы вырашылі, што гэта наватвор. І сталі шукаць, з чаго карта змалявана, што ўзята за крыніцу.

Мы сталі звяраць яе з іншымі, вядомымі картамі: межы, гарады, рэкі, дарогі шашэйныя і чыгункі. І знайшлі цікавае: на карце ўжо ёсць лінія Жлобін — Оўруч, пабудаваная ў 1915-м, а яшчэ лінія Полацк — Пскоў, пабудаваная ў 1916—1917 гадах і разбураная ў час Другой сусветнай вайны. Апошняя лінія не была адноўлена, а значыць той, хто ствараў меркаваную «падробку», прынамсі, вельмі добра валодаў пытаннем.

Фрагмент карты.

Нам спатрэбілася некалькі тыдняў, каб пераканацца: усё ж такі карта сапраўдная.

Бо ўрэшце мы знайшлі арыгінал. Нават 2 асобнікі.

Карта Беларусі 1919 года з калекцыі вядомага бібліяфіла Міхася Казлоўскага.

Першы — дзякуючы вядомаму бібліяфілу Міхасю Казлоўскаму. У яго калекцыі ёсць асобнік, які паходзіць са збору яго старэйшага сябра Віктара Піліпавіча Казлоўскага, які, у сваю чаргу, атрымаў карту ў спадчыну ад аднавяскоўца Уладзіміра Казлоўскага. Абодва былі беларускімі настаўнікамі, абодва вучыліся ў 1942—1944 гадах на Віленскай настаўніцкай семінарыі. Абодва былі рэпрэсаваныя і высланыя, але другі — не вярнуўся.

Бібліяфіл Міхась Казлоўскі (на фота — злева).

Яшчэ адзін асобнік дапамог знайсці Андрэй Вашкевіч: карта захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.

Абедзве карты надрукаваны аднолькавымі, але адрознымі ад карты Змітра Мурашкі колерамі. Але гэта не праблема: карта друкавалася літаграфічным спосабам з чатырох камянёў, і друкар мог нанесці іншыя фарбы (хоць такая з’ява не характэрная для тыражу). Значна большая складанасць у тым, што няма ніякага да тых карт апісання.

Такім чынам, нам давялося заняцца атрыбуцыяй:

ZA POZWOLENIEM CENZURY WOENNEJ 27/9 1919 r
Lit.p.f «N.MAC i SYN» Wilno, Wronia ul. №3.

Паводле інфармацыі з карты, яна была дазволена вайсковай цэнзурай Польшчы 27.09.1919 года і надрукавана ў літаграфічнай майстэрні «N.Mac i syn» у Вільні (вул. Вроня, 3, пасля 1919 года — Дамброўскага, цяпер Якшта). Майстэрня такая ў Вільні сапраўды была, працавала яна з 1872 года (або з 1869), яе трымалі габрэі, якія выдавалі габрэйскія малітоўнікі і выявы. На фота — ярцайт (бланк для памінання памерлых), надрукаваны ў гэтай майстэрні ў 1920-х. У 1938-м друкарняй валодала Зофія Мац.

Але хто быў аўтарам карты, для якіх мэт яна выдавалася — усё яшчэ загадка. Магчыма, разгадка — у характары самой карты: яна не палітычная, межы Беларусі, як трапна заўважыў Дзмітрый Мурашка, пададзены вельмі далікатна. Затое на карце паказаны вышыні мясцовасці.

Фізічны характар карты навёў на думку, што яна звязаная з імем Аркадзя Смоліча, выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі, заснавальніка і першага старшыні Таварыства беларускай школы, заснавальніка кафедры краязнаўства і геаграфічнага кабінета БДУ, першага беларускага прафесара геаграфіі.

Аркадзь Смоліч (1891—1938)

У 1919 годзе Аркадзь Смоліч жыў у Вільні, тут у сакавіку ён выдаў знакамітую «Географію Беларусі» — першы і па сёння адзін з найлепшых падручнікаў па геаграфіі. На фота — адна з карт-схем згаданага падручніка.

Карта з падручніка «Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча.

Межы беларускіх земляў на карце адпавядаюць межам на схематычных картах кнігі Смоліча і адрозніваюцца як ад межаў карты БНР 1918—1919 года, гэтак і ад межаў карты Яўхіма Карскага 1903 года. Назвы дзяржаў і гарадоў у падручніку і на карце падаюцца практычна аднолькава.

Этнаграфічная карта Беларусі Яўхіма Карскага, 1903 год. Копія.

Наўпроставых звестак пра асобныя карты Аркадзя Смоліча ў тагачасных дакументах (з тых, што ўдалося адшукаць) няма. У пачатку 1990-х складальнікі бібліяграфіі твораў навукоўца ўзгадвалі 2 карты, выдадзеныя ў 1919-м у Берліне і Вільні. Магчыма, выдадзеная ў Берліне — гэта карта БНР, аўтарства якой раней прыпісвалася Аркадзю Смолічу, а цяпер усталявана за Мітрафанам Доўнар-Запольскім.

У архіве Аркадзя Смоліча (захоўваецца ў Музеі Максіма Багдановіча) ніводнай вялікай карты няма. У Клічаўскім краязнаўчым музеі, дзе асобная экспазіцыя прысвечана ўраджэнцу гэтых земляў Аркадзю Смолічу, — таксама. Да падручнікаў, падобна, вялікая карта не далучалася.

Але «школьная» нітачка ўсё ж такі наблізіла нас да адказу на пытанне. Многія падручнікі і навучальныя матэрыялы, у тым ліку «Геаграфія Беларусі» Смоліча, у 1930/31 навучальным годзе былі знятыя з усіх вучэбных праграм, а з 1937 г. у адпаведнасці з загадам Галоўлітбела №33 ад 3 чэрвеня 1937 г. падлягалі знішчэнню (А. Маркава «Школьная аснова выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў БССР». БГА 2010 Т.17 Сш. 1-2). Канкрэтна ў гэтым спісе (з пазнакай «Прынятую літаратуру спальваць») была іншая карта — школьная карта Беларусі 1925 года М. Азбукіна і А. Смоліча, выдадзеная ў Менску (Ігар Кузняцоў «История, которую мы не знали»). Але такі спіс быў не адзін.

Сам Аркадзь Смоліч быў расстраляны 17 чэрвеня 1938.

Мы ўжо пісалі, што карту БНР, падобна, вымалі з кніг, да якіх яна ішла дадаткам, і таму ніводнага асобніка гэтай карты ў Нацыянальнай бібліятэцы няма. Але карта БНР выходзіла за мяжой, таму захавалася ў большай колькасці. У ЦНБ Акадэміі навук яна ёсць у тых выданнях, што былі перададзены ў 1980-я эмігрантамі.

Карце Беларусі Аркадзя Смоліча, выдадзенай у Вільні, пашанцавала, падобна, менш.

На шчасце, цяпер мы можам хоць часткова аднавіць справядлівасць і вярнуць карту ва ўжытак.

Магчыма, яе варта нават перавыдаць? Не для таго, каб пераглядаць межы — дый няма ім месца ў будучыні.

Але каб ведаць сваё.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930