Знайсці
26.09.2019 / 16:4621РусŁacБел

«Першы раз я прачнулася, калі мяне распраналі. Другі раз больш уцямны: я без адзення, ён нада мною»

Крысціна Бандурына ў межах праекта «Маё права» распавядае на budzma.by пра тое, якім складаным і пакручастым бывае працэс сталення.

Крысціна Бандурына. Фота knigasvet.adu.by

Мама ніколі мяне не слухала. Правільна, што слухаць, калі яно яшчэ саплівае і жыць не ўмее?

Колькі я сябе памятаю, заўсёды з нецярпеннем глядзела на сваё адлюстраванне: ну калі ўжо з’явяцца зморшчыны — тыя, сапраўдныя? А сівых валаскоў яшчэ не відаць? Можа, гэты сівы, а не выгарэлы на сонцы?

Мне хацелася стаць дарослай — сапраўды дарослай — каб мяне чулі і прыслухоўваліся.

Нават калі ты прыносіш грошы і ежу, калі нароўні з маці пакутуеш ад бацькавых п’янак, — пакуль табе 16, 18…, усё, што ты адчуваеш, нікога не хвалюе, усё, што ты гаворыш, — як гарох аб сценку. Але калі б’юць — чамусьці адразу па-даросламу.

Першая бутэлька водкі здарылася са мною ў 14. Не тое каб я алкаголю да таго не каштавала. Я ведала, што такое самагонка і «чарніла», магла пазнаць і на смак, і на пах з заплюшчанымі вачыма. Але бутэлька водкі была «па-сур’ёзнаму»: наша з сябрам, адна на дваіх, з кавалкам хлеба і двума памідорамі на закуску.

Што я ўжывала, мама не ведала. Ёй было не да таго. А я да 21 года перакаштавала шмат якіх гатункаў піва, водкі, ведала, што такое спірт, часам «шчасціла» на розныя «блатныя» напоі. Я ведала, што такое «Астра» і «Прыма» і іх недапалкі і што «Lucky Strike» — гэта не «Winston».

Мама не заўважала. Не заўважала, як я сталела, як з кожнай зробленай дурасцю дурасці ў мазгах станавілася ўсё менш і менш.

У дзясятым класе мне купілі першы тэлефон. Ён быў чорна-белы, з заблакаванымі зыходнымі выклікамі і дажываў сваё. Я запісвала на дыктафон кавалкі песень з тэлевізара і слухала на мінімальнай гучнасці, калі было кепска.

Аднойчы тэлефон пражыў свой апошні дзень. Казаць пра гэта бацьку, у якога не было разумення, што ўсё мае тэрмін дзеяння, было страшна. Удар па галаве, мёртвай хваткай — у шыю, пара выспяткаў па тым, што трапілася. Пры такой інтэнсіўнай «тэрапіі» самаацэнку можна было саскрабаць з падлогі.

Біць па галаве было яго любімай справай. Не, не ў твар, а ззаду, са спіны — подла і жорстка, калі не чакаеш. Гук такі, быццам разбіваюцца сырыя яйкі. Гудзенне ў вушах. Галавакружэнне. І ты адчуваеш, ты чуеш спінай, як ён стаіць за табою і цяжка дыхае, а пасля, праз невыносна цягучае імгненне, яго пальцы з мазолістай жоўтай скурай упіваюцца ў тваю шыю. Стаяць перад табою, глядзець у твар — э, не, знайшла дурных.

Ён будзе заўсёды за, заўсёды над — пакуль не апынецца ў труне.

Мае любімыя месцы ў транспарце — апошнія, тыя, за якімі толькі вокны ці сценкі. Я вельмі люблю дзверы ў суседнія вагоны метро: калі стаць там, у канцы вагона, тварам да людзей, бачна ўсё, увесь вагон, хто чым займаецца, а калі пашчасціць і вагон будзе не вельмі поўны, яшчэ бачныя сцены тунэля з абодвух бакоў. І калі цягнік пад’язджае да станцыі, праз вокны імкліва праносіцца святло лямпачак і ты адчуваеш сябе пасажырам ракеты, якая ляціць у адкрыты космас, прамінаючы невядомыя табе зоркі.

Я зразумела, чаму на самой справе мне падабаецца «быць у хвасце», калі аднойчы перад выхадам у паўпустым вагоне за мной стаў мужчына, занадта блізка ад мяне.

Столькі год выкараняць з сябе гэтыя ўспаміны, травіць самыя дробныя іх парасткі, каб пасля ў адзін момант, у самай звычайнай сітуацыі адчуць марнасць гэтых намаганняў…

Памяць цела — самая трывалая з усіх відаў памяці. Гэта тое, што немагчыма ўзяць пад кантроль.

І калі я ўбачыла ў шкле дзвярэй фігуру за сваёй спінай, я нічога не змагла зрабіць з тым, як павяло сябе маё цела: я напружылася, сціснулася ад чакання болю — знікла ўсё, нават рух цягніка, — і да цемнаты перад вачыма намагалася адчуць дыханне за мною. Не змагла. І ад той вусцішы мне захацелася туды, у канец вагона, — прытуліцца спінай да шкла, заплюшчыць вочы і выдыхнуць. Вось тады да мяне дайшло, за што я люблю гэтыя месцы.

Разуменне і прыняцце таго, што некаторыя рэчы, колькі ты з імі ні працуй, застануцца назаўсёды, даецца вельмі няпроста. Няпроста не думаць, што ты не хворая, што ты не ненармальная, што твае рэакцыі адэкватныя — адэкватныя твайму мінуламу. Яшчэ складаней тлумачыць, чаму так. Не кожнаму захочаш і зможаш, таму ў большасці выпадкаў маўчыш — і чорт з ім, хай лічаць хворай.

Ну а самае складанае — патлумачыць дарослым, як потым іх «выхаванне» псуе жыццё дзецям і чаму ўвогуле пра гэта трэба расказваць. Вашы звычкі, міміка, жэсты, голас, словы — што заўгодна можа стаць начным кашмарам вашых дзяцей.

І, што цікава, менавіта гэта, дрэннае, капіруецца імі больш, чым добрае. Я дагэтуль час ад часу лаўлю сябе на тым, што мне ў галаву прыходзяць бацькавы зневажальныя фразачкі, калі я чымсьці раззлаваная. Доўгі час я адвучвала сябе ад таго самага замаху над галавой (сярэдняга брата), а больш за ўсё, на ўзроўні рэфлексу, мне падабалася душыць. Не тое, каб я была крыважэрнай і хтосьці пакутаваў ад мяне, але прынамсі аднойчы гісторыя—такі здарылася: я-сямікласніца стала душыць пяцікласніцу. Не на пустым месцы, канешне, быў канфлікт, але я не пра гэта.

Я рабіла са слабейшымі тое, што са мною рабіў бацька.

Так я адчувала сябе дарослай.

…А пасля была не адна выпітая бутэлька водкі, не адна выпаленая цыгарэта. Заўсёды нехта купляў іх мне. Апошні раз — у 19.

Як вы ўжо ведаеце, я працавала ў бальніцы. «Подлецу всё к лицу» — мне пасаваў белы халат. Пацыенты часта рабілі кампліменты, але так, каб заляцаліся, здарылася толькі аднойчы. Малады, пад трыццаць, разведзены, свая кватэра, машына, нейкі бізнэс.

(Мама, вядома, задаволеная.)

Выпісаўся, знайшоў адрас, прывёз пад пад’езд ружачку ружовую, наплёў пра жонку-здрадніцу, пра вочы мае прыгожыя і халат бялюткі — я і растаяла. Доўга абходжваў, але я «не дала». Пераважна дзякуючы яго сябру, які расказаў, што гэта не жонка яго, а сам кавалер здраднік і што ў бальніцу ён трапіў, імітуючы нервовы зрыў.

Паладзілі мы з гэтым сябрам. Мама расчараваная, але не вельмі: у новага кавалера будуецца свой дом. Ну і ведала яна яго, харошы мужык, таксама ляжаў неяк у аддзяленні. Так што, можа, што і выйдзе.

Пару разоў сустрэліся, піва папілі, абмеркавалі, якія мужыкі казлы, а пасля ён запрасіў у госці — дом паглядзець. Маўляў, усё сам, сваімі рукамі. Нават камін ёсць! Шашлыкоў насмажым, пасядзім-пагамонім, толькі прыходзь.

Прыйшла. Бутэлька нейкай настойкі, бутэлька водкі, курыныя крылцы. Пара стопак водкі з настойкай (як зараз памятаю, брыдкая была), пара крылцаў — і мяне пачало муціць. Але я ж дарослая, што мне, упершыню водку піць? Яшчэ пара — і я разумею, што дабром гэта не скончыцца. Кажу яму, што мне кепска, і ён дастае шпрыц. Зараз, кажа, я табе укол зраблю, гэты, медыцынскі каторы, на «хуткай» такі робяць, — адразу палягчэе.

Першы раз я прачнулася, калі мяне распраналі. Ні варухнуцца, ні слова сказаць я была не ў стане. Другі раз быў больш уцямны: я без адзення, ён нада мною. Трэці раз (як у казцы) я больш-менш апрытомнела дзесьці а другой гадзіне ночы і, калі да мяне дайшло, што адбылося, сабрала свае рэчы і пайшла адтуль прэч. Напаўп’яная, усё яшчэ пад дымедролам, у цемры, праз кар’еры (дом будаваўся на самым ускрайку горада), пешшу дадому — усё адно як, толькі б не заставацца там. Цёмна, вакол горы і ямы пяску, падаеш два метры, два метры паўзеш уверх. Калі засыпле — так табе і трэба.

У кватэру я зайшла а пятай раніцы. Гэта была адзіная ноч у тым маім жыцці, акрамя школьнага выпускнога, калі я не была дома. У прыхожую выйшла мама і доўга шыпела мне, якая я бл*дзь. Я выдатна памятаю свае эмоцыі: неўразуменне (ты ж гэтага хацела, мама?) і злосць (ты гэтага хацела!). Маме так хацелася, каб яе дачка была нармальнай, такой, як усе: каб выйшла замуж, і дзеці потым, і зяцем пахваліцца можна было б. І пажадана, каб усё гэта адбылося проста так, само сабою, як у казцы.

Бацькі патрабуюць ад дзяцей даросласці — і ніякіх памылак. Але права на даросласць не даюць.

З мамай гэта заўсёды было аднабаковым кантактам: як толькі я пачынала казаць «паглядзі, як мы жывём» і «так далей нельга», мяне пераставалі слухаць. «Вот выйдешь замуж — тогда и поговорим. Своих детей учить будешь».

Калі я працавала ў школе, у маім любімым дзявятым класе была дзяўчынка, з якой было шмат праблем з-за пропускаў заняткаў і фотаздымкаў у Інстаграме з півам і хлопцамі на задніх сядзеннях машын. Мне, як нікому, было балюча назіраць за сітуацыяй — таму што я ўжо праз гэта прайшла. Хтосьці з вучняў лічыў гэта крутым, але большай часткай яны цураліся яе. І гаварыць з дзевяцікласнікамі пра сэкс было ні халеры не лёгка: няёмка было і ім, і мне. Але я мусіла. Таму што мне было што сказаць. Таму што пра гэта — вось так, як я пішу зараз, адкрытым тэкстам — ім не скажуць ні бацькі, ні настаўнікі, а завучаныя фразы пра «не забывайте предохраняться» не працуюць. Ніхто не рыхтуе іх да рэальнага жыцця.

…Гледзячы маме ў вочы ў той момант, з усім нявыказаным шалам, я адчувала сябе нашмат старэйшай за яе. Настолькі старой, што расплакацца і сказаць, як мне балюча, — ад таго, што я нарабіла, ад таго, што зрабілі са мной, ад яе слоў, ад таго, што для яе я павінна быць ідэальнай, — пры ёй не магла. У тую ноч я як ніколі раней была далёкая ад ідэалу — і была ёй не патрэбная.

Прыкладна праз тыдзень пасля таго, як здох тэлефон, я прашляпіла «каменданцкі час» праз спатканне і прыйшла на гадзіну пазней — а дзясятай. Пачатак зімы, цямнее рана, мабільніка няма, мілы хлопчык побач — ну проста сам Бог загадаў спазніцца.

У мамы была начная змена ў бальніцы, бабуля з’ехала ў вёску, малыя спалі. Не спаў толькі мой вечна п’яны бацька.

Яго канапа стаяла ў зале акурат насупраць уваходных дзвярэй. Усё адбылося імгненна: дзверы за мной зачыняюцца, ён не гледзячы вырывае з разеткай са сцяны свяцільнік — і я толькі паспяваю прасачыць, бы ў запаволеным паўторы, яго траекторыю: ён ляціць мне ў твар. Ухіляюся — зачапіла скронь. Натуральна, як куля ў галівудскім блакбастары. Любімыя маміны «вісюлькі» раскідаліся па падлозе.

Ні на наступную раніцу, ні праз дзень, ні праз тыдзень — ніколі мама не сказала пра гэта ні слова.

Памятаю, як пасля парэзала рукі. На марозе не адчуваеш нічога — быццам замест цела рэжаш кавалкі дрэва. Заходзіш у цяпло — і ўжо няма ні маці, ні бацькі, ні разбітых свяцільнікаў, ні цябе самой. Толькі боль. Страшны боль. І калі ён сціхае, калі ты зноў пачынаеш дыхаць, ты ўжо ведаеш, што можаш жыць далей.

Мама выбачылася за «бл*дзь». Я не сказала ёй ні пра дымедрол, ні пра водку, ні пра кар’еры. Я ўвогуле ёй нічога не сказала. Мабыць, мы абедзве не хацелі канчаткова стаць чужымі.

Гадамі пасля я буду вучыцца бестурботна засынаць з кімсьці, уціскаючыся ў сценку і прыслухоўваючыся да дыхання, заплюшчваць вочы пры пацалунках, дазваляць сябе абдымаць. Не бачыць, не кантраляваць тое, што вакол, — мая крайняя ступень даверу.

Цяпер я рэдка ўжываю алкаголь — толькі з самымі блізкімі.

У дарослым жыцці лёс падарыў мне цудоўных сяброў-мужчын, якіх я вельмі люблю і цаню.

Нешта змяняецца, і хочацца верыць, што да лепшага.

Нязменным застаецца тое, што мне часта хочацца прыйсці да мамы і сказаць «мне баліць», — але я не магу. Нязменна пра самае важнае, страшнае, балючае мы гаворым жартамі. Нязменна мы балансуем на тонкай мяжы, за якой мы чужыя.

Чытайце папярэднія часткі:

«Бацьку хапала аднаго ўдару рукой па галаве, каб збіць мяне з ног, але гэтага заўсёды было мала»

«У школе я была агрэсаркай, вярталася дадому, цалавала дзверы — і ператваралася ў ахвяру»

Паэтка Крысціна Бандурына напісала калонку пра тое, як у дзяцінстве і ў юнацтве сутыкалася з сэксуальным гвалтам

Крысціна Бандурына, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930