Знайсці
20.09.2019 / 11:422РусŁacБел

Купалаўскі тэатр аб’явіў кастынг акцёраў — вы можаце атрымаць ролю ў «Паўлінцы»

Адзін з самых папулярных тэатраў краіны дорыць магчымасць усім ахвотным паспрабаваць сябе ў ролі акцёра. 21 верасня ў межах Тэатральнага пікніка ў Аляксандраўскім скверы пройдзе кастынг. Каб паўдзельнічаць, не трэба быць прафесіяналам: дастаткова набрацца смеласці і за хвіліну здзівіць публіку сваім талентам. Па выніках кастынгу журы абярэ двух пераможцаў — у дзіцячай і дарослай узроставых групах. Абраныя канкурсанты выступяць на сцэне Купалаўскага.

Бадай, самая распаўсюджаная мара дзяцінства — быць акцёрам, выступаць на сцэне, лавіць апладысменты публікі. У дарослых клопатах многія забываюцца на свае дзіцячыя жаданні, але Купалаўскі тэатр іх нагадае. Цягам палутара гадзін — з 13:30 да 15:00 — 21 верасня будзе праходзіць кастынг. Яго пераможца сярод дарослых сыграе ў спектаклі «Паўлінка», а пераможца ў дзіцячай катэгорыі атрымае ролю ў пастаноўцы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Каб паспаборнічаць за ролю ў гэтых топавых пастаноўках, трэба выйсці на сцэну, усталяваную ў Аляксандраўскім скверы, і… зрабіць тое, што падабаецца. Можна танчыць, расказваць вершы, жартаваць ці проста харызматычна маўчаць — фарматам арганізатары не абмяжоўваюць. Ёсць толькі часавае абмежаванне: на ўвесь выступ даецца адна хвіліна. Пасля журы абвяшчае пераможцаў і звязваецца з імі для ўдакладнення дэталяў.

Ацэньваць канкурсантаў будуць рэжысёр і акцёр Раман Падаляка, а таксама акцёры Купалаўскага тэатра Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй. Для ўдзелу не трэба рэгістравацца: канкурсанты ідуць па парадку жывой чаргі. Акрамя кастынгу, тэатральны пікнік рыхтуе шмат цікавостак на любы густ. Ніжэй можна азнаёміцца з падрабязнай праграмай.

Праграма Тэатральны пікніка — свята адкрыцця 100-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы

12:00 — урачыстае адкрыццё свята. Гістарычны фотаздымак трупы тэатра на фоне фасада тэатра.

12:00 — 23:00 — працуе street-буфет. Там можна пачаставацца аўтарскімі тэатральнымі сэтамі «Ноч на Каляды», «Чорная панна Нясвіжа», «Людзі на балоце», «ЧайКа» і іншымі стравамі.

12:00 — 13:30 — спецыялістка па этыкеце Аксана Зарэцкая расказвае і паказвае, як паводзіць сябе ў тэатры, якое падбіраць адзенне для паходу на пастаноўку, як карыстацца прыладамі ў тэатральным буфеце.

12:00 — 16:00 — праходзяць майстар-класы для дзяцей і дарослых, працуюць забаўляльныя пляцоўкі і фотазоны. Можна сфатаграфавацца з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізітам.

12:00 — 16:00 — дзейнічае барбер-пляцоўка «Вусы Купалы». Можна зрабіць сабе вусы як у маладога Янкі Купалы ці іншыя цікавыя вобразы.

12:30 — 15:30 — праходзяць экскурсіі па тэатральным закуліссі. Мы правядзём вас па надзвычайных і таямнічых месцах тэатра, куды ніколі не зазірае глядач: бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны і касцюмерны цэхі, арт-фае, партрэтная галерэя і інш. Адмысловы экскурсавод — Андрусь Горват.

13:30 — 15:00 — праходзіць кастынг акцёраў. Паспаборнічайце за права выступіць на сцэне Купалаўскага! Не трэба быць прафесіяналам: проста выходзьце на сцэну і цягам хвіліны дэманструйце свой талент у вольным фармаце.

16:00 — 18:00 — канцэрт купалаўцаў. Артысты тэатра выконваюць свае найлепшыя песні са спектакляў «Паўлінка», «Тэатр Уршулі Радзівіл», «Местачковае кабарэ», «Вельтмайстар-акардэон», «Пінская шляхта».

16:00 — 18:00 — працуе грым-пляцоўка «ФэйсАп». Можна амаладзіцца або састарыцца да непазнавальнасці цягам некалькіх хвілін.

19:00 — 21:00 — адбываецца анлайн-трансляцыя ў скверы спектакля «Радзіва Прудок» паводле кнігі Андруся Горвата. Трансляцыя пастаноўкі ажыццяўляецца пры падтрымцы відэасэрвіса VOKA.

21:00 — 23.00 — будзем танчыць! Святочны канцэрт з удзелам Ягора Забелава, Святланы Бень, гуртоў «Касіяпея» і ili-ili.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031