Знайсці
20.09.2019 / 09:456РусŁacБел

«Для Пуціна хлусня была мастацтвам». Выйшлі ўспаміны Дэвіда Кэмерана

У чацвер на паліцах кніжных крамаў Вялікабрытаніі з'явіліся мемуары былога прэм'ер-міністра Дэвіда Кэмерана. Кніга «Пад запіс» ужо паспела выклікаць незадаволенасць Букінгемскага палаца. Аднак Кэмеран дзяліўся ўспамінамі не толькі пра сустрэчы з каралевай, але і пра знаёмства з Уладзімірам Пуціным. Як Пуцін тлумачыў прыняцце закона аб гей-прапагандзе, рэагаваў на збіты ў небе над Данбасам «Боінг» і выказваўся пра сваё стаўленне да дэмакратыі расказвае Руская служба Бі-бі-сі.

Натхніў Салжаніцын

Кніга пачынаецца з успамінаў Дэвіда Кэмерана пра Ітан, Оксфард і, як ні дзіўна, пра Савецкі Саюз, які, па словах экс-прэм'ера, зрабіў на яго незгладжальнае ўражанне.

Па словах Кэмерана, ён захацеў пабываць у Савецкім Саюзе, калі ўпершыню пачуў прамову Аляксандра Салжаніцына. Да таго моманту ён прачытаў пра Транссібірскую магістраль і вырашыў, што вызначыўся з маршрутам. «Гэтая паездка моцна паўплывала на мяне», — піша ён у мемуарах.

Яго падарожжа пачалося ў «змрочным шэрым горадзе» Находка.

«Цяпер цяжка перадаць, наколькі змрочным здаваўся Савецкі Саюз ў сярэдзіне 1980-х», — піша ён. Кэмеран добра запомніў, як падчас яго паездкі ў цягніку на станцыях у вагон заходзілі мясцовыя жыхары і куплялі або абменьвалі ежу.

Сам Кэмеран прыехаў у СССР наўпрост з Японіі, адкуль прывёз апельсіны. Людзі ў цягніку, па яго ўспамінах, глядзелі на яго як зачараваныя.

Тады ж Кэмеран пераканаўся, што існае клішэ аб тым, што савецкія людзі любяць заходнюю музыку і мараць аб джынсах, — зусім не клішэ. Яго пасажыры расказвалі, як яны зайздросцяць Захаду, таму што ведаюць, што іх уласныя «лідары ​​хлусяць, а прапагандысцкія зводкі пра поспехі — гэта глупства».

У часы, калі большасць замежнікаў падарожнічала па СССР у складзе арганізаваных груп, Кэмеран і яго школьны прыяцель перасоўваліся самастойна, чым прыцягнулі ўвагу спецслужбаў: «На кожным вакзале ці ў кожным аэрапорце нас сустракаў чалавек у доўгім цёмным паліто. Ён, здаецца, ведаў, куды мы накіроўваемся».

«Нацыяналіст старога гарту»

Праз шмат гадоў на саміце «Вялікай васьмёркі» Дэвід Кэмеран сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і расказаў яму аб сваім даўнім падарожжы ў СССР, пералічыўшы гарады, у якіх тады пабываў: Масква, Ленінград, Ялта, Кіеў…

Пуцін, па ўспамінах Кэмерана, перапыніў яго словамі: «Ялта і Кіеў — ужо не частка маёй краіны». «Я на імгненне ўбачыў моцны асабісты боль, якую развал Савецкага Саюза прычыніў гэтаму нацыяналісту старога гарту», — піша Кэмеран.

Коратка Кэмеран апісвае і свае ўспаміны пра расійска-грузінскую вайну 2008 года: «Гэта быў відавочны прыклад незаконнай агрэсіі і акупацыі». Ён прыгадвае, што напісаў тады ў калонцы для СМІ: «Дзе гэта паўторыцца заўтра? Ва Украіне? У Цэнтральнай Азіі? У Латвіі»? І цяпер, у сваёй кнізе, робіць выснову: «Кажуць, што ў палітыцы не варта прадказваць. Але часам ты ўсё ж прадказваў, нават не ўсведамляючы гэтага».

«З карупцыйным падтэкстам»

У кнізе Кэмеран шкадуе, што ўвязаўся ў свой час у барацьбу за права прымаць чэмпіянат свету па футболе ў 2018 годзе. Ён разлічваў, што Брытанія — з яе папулярнымі ва ўсім свеце клубамі, добрымі стадыёнамі і гарачымі балельшчыкамі — мае ўсе шанцы выйграць права правядзення ЧС.

Праблем, па ўспамінах Кэмерана, было дзве. Першая — тое, што рашэнне прымае ФІФА — арганізацыя, «схільная да карупцыі». Другая — тое, што супернікам у барацьбе за ЧС стала Расія — «краіна, урад якой цалкам гатовы зрабіць усё, каб выйграць».

Імкнучыся ўсталяваць добрыя адносіны з тагачасным прэзідэнтам ФІФА Зэпам Блатэрам, Кэмеран ветліва прымаў яго на Даўнінг-стрыт, пра што цяпер успамінае з усмешкай (Блатэр пазней быў адхілены з-за абвінавачванняў у карупцыі).

Кэмеран прыехаў абараняць заяўку Брытаніі ў кампаніі прынца Уільяма і Дэвіда Бэкхэма. Але сам працэс, паводле яго ўспамінаў, «нагадваў бліц-спатканне» з «карупцыйным падтэкстам», якое брытанская дэлегацыя спрабавала перажыць з усмешкай. «Пуціну нават не трэба было прыязджаць. Рыбу прадалі яшчэ да таго, як мы дабраліся да рынку», — рэзюмуе вынік Кэмеран.

«Ты думаеш, я не веру ў дэмакратыю. І ты не дужа памыляешся»

У 2013 годзе адбылася сустрэча, якую Кэмеран лічыць такой жа значнай, як і перамовы Маргарэт Тэтчэр і Міхаіла Гарбачова. Брытанскі прэм'ер прыляцеў у Сочы на ​​перамовы з Пуціным. Сустрэча, па ўспамінах Кэмерана, пачалася з таго, што Пуцін прайшоўся па тых пытаннях, якія былі пазначаныя ў картках з падказкамі перад ім на стале. Пасля адсунуў карткі ўбок і сказаў: «Паслухай, я не хачу ладзіць звычайную спрэчку, у якой ты кажаш: «Вы памыляецеся наконт сітуацыі ў Сірыі і Лівіі», а я кажу: «Не, гэта вы памыляецеся». Я хачу вельмі адкрыта пагаварыць і прыдумаць план [дзеянняў]». Кэмеран такой прапанове ўзрадаваўся.

На той жа сустрэчы Кэмеран вымавіў: «Я хачу, каб мы аб'ядналіся з годным даверу адзіным урадам у Сірыі і знішчылі [Ан-Нусру]». «Знішчылі іх? О, вось зараз ты кажаш на маёй мове», — адказаў Пуцін.

Летам таго ж года Пуцін прыехаў у Брытанію на саміт «Вялікай васьмёркі», і Кэмеран запрасіў яго на Даўнінг-стрыт. Тады, на думку брытанскага прэм'ера, іх паразуменне ўмацавалася яшчэ мацней, і Пуцін нават дазваляў сабе жарты.

Па ўспамінах Кэмерана, расійскі лідар сказаў яму: «Дэвід, я ведаю, ты думаеш, што ў мяне ёсць рогі і хвост, і я не вельмі веру ў дэмакратыю … [На яго твары прамільгнула ўсмешка.] І ведаеш, ты не дужа памыляешся».

«Трэба, каб мужчыны жаніліся з жанчынамі»

Перад самітам G20 у 2013 годзе расійскі парламент прыняў так званы закон аб забароне гей-прапаганды. У сваіх мемуарах Кэмеран называе яго «санкцыянаванай дзяржавай гамафобіяй».

У Брытаніі, дарэчы, усяго за некалькі месяцаў да гэтага дазволілі гей-шлюбы.

«Калі мы сустрэліся з Пуціным адзін на адзін, я падняў пытанне аб правах геяў. Ён адказаў, што ў Расіі ёсць праблема — скарачэнне насельніцтва, і яму трэба, каб мужчыны жаніліся з жанчынамі, а тыя нараджалі шмат дзяцей».

«Пуцін перасёк мяжу»

«Альянсу» з Расіяй не наканавана было праіснаваць доўга. І вінаватая ў гэтым была далёка не толькі Расія, успамінае Кэмеран. «Мне трэба было прыкладаць роўна такія ж намаганні, каб Еўрасаюз не разбурыў нашу стратэгію па Сірыі». Таксама Кэмеран прызнаецца, што ў яго былі пытанні да вайсковай і дыпламатычнай палітыкі ЗША.

«Улічваючы пакуты сірыйскага народа і жах тэрарызму, я лічыў, што мы павінны былі пастарацца, каб даць Расіі той статус, якога яна хацела. Я быў гатовы гэта зрабіць. Але, як мне здаецца, Абама не быў гатовы да такога. Я да гэтага часу думаю, што калі б Расію ўспрымалі як роўнага дыпламатычнага партнёра, мы ўсе маглі б знайсці мірнае выйсце».

З успамінаў Кэмерана: «Гэта было знаёма і [нагадвала] эпізод з Другой сусветнай. Танкі заходзяць у гарады. Будынкі захопліваюцца. На дарогах з'яўляюцца кантрольна-прапускныя пункты. Нацыянальныя сімвалы зрываюцца, а сцягі акупантаў падымаюцца. Толькі гэта не Адольф Гітлер ў 1939 годзе. Гэта Уладзімір Пуцін у 2014-м. Калі ён уварваўся ва Украіну, ён перасёк не толькі геаграфічную, але і палітычную мяжу».

Хлусня была мастацтвам

Кэмеран успамінае, што ўпершыню сустрэў былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў Давосе ў 2007 годзе. Тады Януковіч здаўся яму «найгоршым прадстаўніком дыктатарскай клептакратычнай марыянеткі савецкага ўзору».

На думку Кэмерана, пакуль увесь свет сачыў за заходняй Украінай, Пуцін глядзеў на ўсходнюю. «Уварванне — у Еўропу, практычна на парог НАТО. Што мне заставалася? А я ж выдаткаваў гады, развіваючы адносіны з гэтым чалавекам», — піша экс-прэм'ер.

Хоць сітуацыя з Украінай значна астудзіла адносіны з Расіяй, Кэмеран прызнаецца, што ў тыя часы яны з Пуціным ўсё яшчэ маглі размаўляць нефармальна, і расійскі лідар адказваў на яго званкі, «што было ўдала», таму што Кэмеран патэлефанаваў Пуціну праз два дні пасля ўварвання на Украіну. І яшчэ тры разы пасля гэтага. «Мне не трэба было задавацца пытаннем аб яго матывацыі. Было відавочна, што Расія баялася заходняга ўплыву ў выглядзе ЕС і — вышэй за ўсё — НАТО. А Пуцін быў рухомай ідэяй расійскай дзяржаўнасці».

«Для Пуціна хлусня была мастацтвам», — так Кэмеран ацэньвае адказ расійскага прэзідэнта на пытанне аб уварванні ва ўсходнюю Украіну.

Кэмеран успамінае, што Пуцін сцвярджаў, быццам узброеныя вайскоўцы не маюць дачынення да Расіі, хоць да таго моманту брытанскія спецслужбы высветлілі, што каля 60% вайскоўцаў на ўсходзе Украіны — расійскія.

У небе над Данбасам збілі «Боінг». «Я размаўляў з Пуціным пасля гэтага. Зноў у мяне было адчуванне, быццам я гавару з цаглянай сцяной. «Сотні людзей загінулі», — сказаў я. «Гэта не мае да нас адносін», — холадна адказаў ён».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера