Знайсці
18.09.2019 / 19:5021РусŁacБел

Шасцёра беларускіх праваслаўных бацюшак падтрымалі расійскіх апазіцыянераў

На расійскім сайце «Праваслаўны свет» з’явіўся адкрыты ліст у абарону арыштаваных па так званай «маскоўскай справе». Пікантнасць дадае той факт, што да перагляду справаў заклікалі праваслаўныя святары. Геаграфічна яны знаходзяцца ад Дубліна да Ганконга. Сярод падпісантаў і шасцёра святароў-беларусаў.

Канстанцін Котаў асуджаны да 4 гадоў калоніі.

Сярод асуджаных — удзельнік маскоўскай акцыі пратэсту Канстанцін Котаў. Яго затрымалі проста пры выхадзе з метро, ён не выкрыкваў лозунгі, не трымаў у руках ніякіх плакатаў. Котава абвінавацілі ў неаднаразовым парушэнні правядзення масавых акцый і асудзілі на чатыры гады калоніі.

Сярод рэчавых доказаў у Котава знайшлі плакат з цытатай пратаірэя Аляксандра Меня «Міласэрнасць — гэта тое, да чаго мы заклікаем» і заклік да абмену палоннымі з Украінай.

«Мы спадзяёмся, што з іншых фігурантаў справы, якія чакаюць суда і не абвінавачваюцца ў гвалтоўных дзеяньнях (у прыватнасці з Аляксея Міняйлы, праваслаўнага чалавека, актыўна ўлучанага у грамадскую і дабрачынную працу), будуць знятыя абвінавачванні, і яны будуць на свабодзе ў бліжэйшы час», — гаворыцца ў лісце.

Адзначым, што сярод падпісантаў знайшлося і шасцёра святароў з Беларусі (хутчэй за ўсё, гэты спіс будзе пашыраны). У прыватнасці падпісаўся кіраўнік аддзела па працы з моладдзю Магілёўскай епархіі БПЦ Віктар Нікішоў. У каментары «НН» святар патлумачыў сваю пазіцыю:

Віктар Нікішоў на пярэднім фоне. Фота з vk.com.

«Прысуд выглядае вельмі жорсткім за такое дзеянне. Хацелася б, каб суд перагледзеў гэты вырак, бо часта здараецца, што за больш цяжкое злачынства прысуджаюць менш суровае пакаранне. Тым больш што ў руках Котава быў плакат аб міласэрнасці. Мы ўсе павінны задумацца аб міласэрнасці ў дадзенай сітуацыі. І задача царквы — нагадаць пра гэтую міласэрнасць. Я — кіраўнік аддзелу па працы з моладдзю, і лічу, што такі суровы прысуд можа канчаткова зламаць хлопцу жыццё. Мне здаецца, што тут можна было б абмежавацца нейкімі прафілактычнымі гутаркамі, але саджаць на такі вялікі тэрмін — гэта занадта», — адзначыў айцец Віктар.

Ці не страшна яму было падпісвацца пад гэтым лістом? «Крыху страшнавата, але я не мог заставацца ўбаку. Я сам нарадзіўся ў Расіі, вырас ужо ў Беларусі. Калі ў Мінску будзе нейкая падобная сітуацыя, то, упэўнены, выступяць і расійскія святары. Тым больш што ў нас крымінальныя кодэксы вельмі падобныя», — зазначыў святар.

Сярод іншых падпісантаў гомельскі святар, манах Сава Мажука. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён напісаў: «Я ні кроплі не дысідэнт, нават не ведаю, хто гэта такія. Я просты беларускі святар, а святару наканавана заступацца за пакрыўджаных, «у сардэчнай прастаце гутарыць пра Бога і праўду царам з усмешкай гаварыць». Таму цалкам натуральна, калі ты бачыш несправядлівасць ці нават намёк на яе, трэба казаць, і кропка. Праца ў нас такая».

«Калі я пагадзіўся падпісаць ліст, мяне таксама спыталі, а не баюся я? А Бацька не ўлупіць? А хіба мы робім нешта дрэннае? — адказаў я», — піша Мажука.

Святар Аляксандр Калацкі з аграгарадка Копцеўка Гродзенскага раёна так патлумачыў «НН», чаму ён сярод тых, хто падпісаў ліст: «Проста я цалкам згодны з усім, што там напісана».

Сярод іншых беларусаў, хто паставіў свае подпісы пад лістом у абарону расійскіх апазіцыянераў: Аляксандр Кухта, вядомы па блогу «Бацюшка адкажа», дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч з Гродна, а таксама айцец Георгій Мартышэўскі з Рагачова.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031