Знайсці
17.10.2019 / 11:052РусŁacБел

«Праявіце вытрымку, не прадпрымайце дзеянняў у адказ…»

Чаму кіраўнікі дзяржаў не заўважаюць, недаацэньваюць відавочныя пагрозы? Чаму, напрыклад, савецкі дыктатар Іосіф Сталін перад пачаткам вайны СССР з Германіяй у чэрвені 1941 года быў такім сляпым? За апошнія дзесяцігоддзі рассакрэчана і апублікавана шмат дакументаў, датычных Другой сусветнай вайны. Дзякуючы гэтаму многае стала больш зразумелым, у тым ліку і псіхалагічныя моманты. Піша Ігар Лялькоў.

Сталін у 1941 годзе. Непараднае фота, якое, натуральна, у друк тады пайсці не магло. Фота: Главные документы Великой Отечественной Войны 1941—1945. Москва, 2015.

ТАСС упаўнаважаны заявіць

13 чэрвеня 1941 года кіраўнік Тэлеграфнага агенства Савецкага Саюза (ТАСС) Якаў Хавінсон быў выкліканы да Іосіфа Сталіна на яго падмаскоўнае лецішча. Пазней Хавінсон узгадваў: «Калі я ўвайшоў, таварыш Сталін сустрэў мяне, мы павіталіся, і ён пасадзіў мяне за стол у зале. Перада мною ляжалі папера, асадка, стаяла чарніла. Таварыш Сталін сказаў: «Пішыце, таварыш Хавінсон». Ён праходжваўся па палавіку ўздоўж залы, папыхваў люлькай і дыктаваў. Па ходу зазіраў у тэкст, зрабіў дзве ці тры праўкі. Калі скончыў дыктаваць, сказаў: «Прачытайце ўголас». Я падняўся і прачытаў». А тэкст быў такі:

«У англійскім ды ўвогуле ў замежным друку сталі мусіравацца чуткі пра «блізкасць вайны паміж СССР і Германіяй». Па гэтых чутках: 1) Германія нібыта выставіла СССР прэтэнзіі тэрытарыяльнага і эканамічнага характару…; 2) СССР нібыта адхіліў гэтыя прэтэнзіі, у сувязі з чым Германія стала канцэнтраваць свае войскі ля межаў СССР з мэтай нападу на СССР; 3) Савецкі Саюз, у сваю чаргу, быццам бы пачаў узмоцнена рыхтавацца да вайны з Германіяй і канцэнтруе войскі каля межаў апошняй.

Нягледзячы на відавочную бессэнсоўнасць гэтых чутак, адказныя колы ў Маскве ўсё ж палічылі неабходным, па прычыне ўпартага мусіравання гэтых чутак, упаўнаважыць ТАСС заявіць, што гэтыя чуткі з’яўляюцца нязграбна злепленай прапагандай варожых СССР і Германіі сілаў, якія зацікаўленыя ў далейшым пашырэнні ды развязванні вайны.

ТАСС заяўляе, што: 1) Германія не выстаўляла СССР ніякіх прэтэнзій…; 2) паводле звестак СССР, Германія таксама няўхільна прытрымліваецца ўмоваў савецка­германскага пакта аб ненападзе, як і Савецкі Саюз, таму чуткі аб намеры Германіі разарваць пакт і ажыццявіць напад на СССР пазбаўленыя ўсялякай глебы…; 3) СССР… выконваў і мае намер выконваць умовы савецка­германскага пакта аб ненападзе, таму чуткі пра тое, што СССР рыхтуецца да вайны з Германіяй, з’яўляюцца хлуслівымі ды правакацыйнымі».

У той жа дзень гэты тэкст быў зачытаны па савецкім радыё, а 14 чэрвеня «Заява ТАСС» надрукаваная ва ўсіх цэнтральных савецкіх газетах.

«Не займайцеся правакацыямі»

На гэты момант ужо амаль два гады працягвалася Другая сусветная вайна. Практычна ўсе краіны кантынентальнай Еўропы на захад ад межаў СССР былі або саюзнікамі Германіі, або знаходзіліся пад яе акупацыяй. Каля саміх гэтых межаў канцэнтраваліся нямецкія, венгерскія, румынскія, славацкія, фінскія войскі агульнай колькасцю звыш 4 млн чалавек, прычым тут знаходзілася 73,5% ад агульнай колькасці дывізій вермахта і 60,8% часцей нямецкіх ваенна­паветраных сілаў.

Ужо з лета 1940­-га органы разведкі рэгулярна дакладвалі савецкім кіраўнікам інфармацыю аб падрыхтоўцы нямецкага ўварвання ў СССР незалежна ад ходу ваенных дзеянняў супраць Вялікабрытаніі (адзінай пасля падзення Францыі краіны, якая працягвала вайну супраць Трэцяга рэйха). 18 снежня 1940 года Гітлер падпісаў дырэктыву № 21 аб падрыхтоўцы да вайны супраць Савецкага Саюза (план «Барбароса»), якая пачыналася са слоў: «Германскія ўзброеныя сілы павінны быць гатовыя разбіць Савецкую Расію цягам кароткачасовай кампаніі яшчэ да таго, як будзе скончаная вайна супраць Англіі». Наступленне Германіі і яе саюзнікаў на ўсход зрабілася фактычна непазбежным.

Адольф Гітлер. Фота: pinterest.com

Вядома, план «Барбароса» ягоныя стваральнікі трымалі ў сакрэце. Але, паводле ўспамінаў сучаснікаў, адчуванне непазбежнасці хуткай вайны тады ўсё адно літаральна вісела ў паветры. Пра гэта пісалі савецкаму кіраўніцтву разведчыкі, разумелі гэта і ў камандаванні Чырвонай арміі. Вось сведчанне маршала Аляксандра Васілеўскага: «Мы валодалі шырокімі звесткамі пра засяроджанне буйных кантынгентаў германскіх войскаў у непасрэднай блізкасці ад нашых межаў ужо з лютага сорак першага года, але ён [Сталін] катэгарычна адкідаў усе прапановы аб прывядзенні нашых войскаў у якіх­кольвек памежных раёнах у баявую гатоўнасць. На ўсё ў яго быў адзін і той самы адказ: «Не займайцеся правакацыямі»».

Часам рэакцыя Сталіна на данясенні разведкі была яшчэ больш вострай. 17 чэрвеня 1941 года, за пяць дзён да пачатку вайны, наркам дзяржаўнай бяспекі СССР Усевалад Мяркулаў накіраваў у Крэмль паведамленне агента са штаба германскай авіяцыі ў Берліне, згодна з якім «усе ваенныя мерапрыемствы Германіі па падрыхтоўцы ўзброенага выступлення супраць СССР цалкам скончаныя і ўдару можна чакаць у любы час». Уласнаручная рэзалюцыя Сталіна: «Т­шу Мяркулаву. Можаце паслаць вашую «крыніцу» са штаба Герм. авіяцыі к я… мацеры. Гэта не «крыніца», а дэзынфарматар. І. Ст.».

Вайсковы аташэ СССР у вішысцкай Францыі Іван Суслапараў 21 чэрвеня 1941 года тэрмінова паведамляў у Маскву: «па дадзеных крыніцы, напад Германіі на СССР прызначаны на 22 чэрвеня». Рэзалюцыя Сталіна: «Гэтая інфармацыя з’яўляецца англійскай правакацыяй. Даведайцеся, хто аўтар гэтай правакацыі, і пакарайце яго».

Чаму ён не верыў?

Што ж стаяла за такім упартым нежаданнем Сталіна аб’ектыўна ацаніць наяўную ваенна­палітычную сітуацыю, прыслухацца да меркавання сваіх маршалаў, генералаў і разведчыкаў ды скіраваць максімальна магчымыя намаганні на ўзмацненне заходніх вайсковых акругаў да вясны — лета 1941­га? Дзесяцігоддзямі кананічным было меркаванне, што савецкі кіраўнік разумеў арганізацыйную і тэхнічную слабасць Чырвонай арміі, а таму, маўляў, імкнуўся любой цаной або ўвогуле пазбегнуць, або прынамсі максімальна адцягнуць пачатак вялікай вайны з моцным праціўнікам да заканчэння рэарганізацыі ды пераўзбраення войска і засваення ім новай тэхнікі. Рэарганізацыя ж пачалася акурат з другой паловы 1940­га, калі слабая баяздольнасць Чырвонай арміі была даведзена падчас польскай і фінскай ваенных кампаній. Дый кадравы патэнцыял савецкага войска ў выніку масавых рэпрэсій 1937—1940 гадоў быў вельмі аслаблены. За гэтыя гады было фізічна знішчана больш за 40 тысяч камандзіраў Чырвонай арміі, у выніку чаго па стане на 1941 год толькі 7% савецкіх военачальнікаў мелі вышэйшую вайсковую адукацыю, а 37% не прайшлі поўнага курса навучання нават у сярэдніх вайсковых навучальных установах.

Што ж, жаданне такое, можа быць, і цалкам зразумелае, і абгрунтаванае, але як яно суадносілася з аб’ектыўнай рэальнасцю чэрвеня 1941-­га? Тут варта прыслухацца да развагаў вядомага расійскага пісьменніка Канстанціна Сіманава, які пры канцы жыцця глыбока пераасэнсоўваў урокі Другой сусветнай вайны, прытым выходзячы за межы афіцыйна прынятай савецкай парадыгмы: «У тым, што Сталін не пажадаў лічыцца з гэтымі абставінамі, адбіўся, як мне здаецца, спрыяльны для раскладання асобы ўплыў неабмежаванай улады. Гэты псіхалагічны комплекс быў звязаны з адчуваннем адсутнасці непераадольных перашкод для выканання ўсяго задуманага ды намечанага ім… Хочаш не хочаш, а са многіх дзеянняў Сталіна перад самай вайной складваецца адчуванне, што… у Сталіна ў той час быў нейкі суб’ектыўны момант. У Гітлеру было нешта, што ўсяляла ў Сталіна ўпэўненасць: пасля заключэння пакта Гітлер не захоча губляць твар, палічыць несумяшчальным са сваім прэстыжам парушыць урачыста дадзеныя ім абавязальніцтвы».

 «Планую сустрэчу на канец чэрвеня — пачатак ліпеня»

У той час, калі Сіманаў пісаў гэтыя радкі (каля 1967 года), дакументы пра ўзаемадачыненні двух крывавых тыранаў былі яшчэ недаступныя для даследчыкаў і грамадскасці, прынамсі ў Савецкім Саюзе. Цяпер, калі значная іх частка апублікаваная, можна скласці храналогію гэтых адносін напярэдадні 22 чэрвеня 1941­-га і ацаніць іх уплыў на падрыхтоўку СССР да вайны з Германіяй. А па выніку на падставе дакументаў прыйсці практычна да тых самых высноў, да якіх пісьменнік прыйшоў інтуітыўна больш за 50 гадоў таму: суб’ектыўны фактар, які вынікаў з асабістых стасункаў паміж Сталіным і Гітлерам, адыграў адну з найважнейшых роляў у жахлівым для Савецкага Саюза разгортванні падзей улетку 1941-­га.

23 жніўня 1939 года. Вячаслаў Молатаў падпісвае пакт аб ненападзе з Германіяй, Сталін за ягонай спінай. Ёсць сведчанні, што пасля падпісання пакта Сталін у коле паплечнікаў не хаваў свайго задавальнення і быў перакананы, што менавіта ён падмануў Гітлера. У выніку, аднак, атрымалася зусім наадварот. Фота: Wikimedia Commons.

Пачатак гэтаму «сяброўству» паклалі сумнавядомыя падзеі, звязаныя з падпісаннем пакта аб ненападзе 23 жніўня 1939­-га, Дамовы аб дружбе і граніцах 28 верасня 1939-­га, а таксама сакрэтных пратаколаў да іх, у якіх быў замацаваны падзел Усходняй Еўропы паміж нацыстамі і саветамі. Першы вядомы факт абмену карэспандэнцыяй паміж нацысцкім фюрарам і савецкім правадыром датуецца акурат 20—21 жніўня 1939 года і тычыцца падрыхтоўкі пакта аб ненападзе ды арганізацыі візіту нямецкага міністра замежных спраў Іахіма фон Рыбентропа ў Маскву для яго падпісання. У снежні гэтага ж года Гітлер павіншаваў Сталіна з 60­годдзем і атрымаў падзяку ў адказ.

Пасля падпісання ў Берліне 27 верасня 1940 года пакта паміж Германіяй, Італіяй і Японіяй, які прадугледжваў размежаванне сфераў уплыву паміж гэтымі дзяржавамі ў выніку ўсталявання «новага сусветнага парадку», Германія зрабіла спробу завабіць у яго СССР, прапануючы яму далучыцца да будучага падзелу свету. Гэтай тэме была прысвечана адмысловая перапіска, а таксама перамовы наркама замежных спраў СССР Вячаслава Молатава з Гітлерам і Рыбентропам у Берліне 12—13 лістапада 1940-­га. Савецкая імперыя, якая са згоды Германіі зусім нядаўна пашырылася на вялікія тэрыторыі ва Усходняй Еўропе, была зусім не супраць пашырацца і далей. Таму Молатаў (натуральна, з санкцыі Сталіна) адказаў на нямецкія прапановы прынцыповай згодай.

Вяліся размовы і пра асабістую сустрэчу двух дыктатараў. У сваім навагоднім віншавальным лісце да Сталіна ад 31 снежня 1940 года Гітлер пісаў: «На жаль, выключная абцяжаранасць справамі, як Вы добра разумееце, не дазваляе мне арганізаваць нашу сустрэчу да заканчэння знішчэння Англіі. Таму я планую намеціць гэтую сустрэчу на канец чэрвеня — пачатак ліпеня 41­га года ды буду рады, калі сустрэну згоду і разуменне з Вашага боку. Прыміце яшчэ раз мае віншаванні з надыходзячым Новым годам, які, я спадзяюся, павінен стаць асабліва шчаслівым годам для нашых краін, разам з пажаданнямі здароўя і поспехаў Вам асабіста».

«Правакацыі генералаў»

На пачатку «асабліва шчаслівага» 1941 года савецка­-германскія адносіны выглядалі цалкам добра. 10 студзеня было падпісана новае гаспадарчае пагадненне паміж дзяржавамі, а таксама ў той жа дзень унесеныя карысныя для Саветаў змены ў сакрэтны пратакол ад 28 верасня 1939 года: Германія пагаджалася перадаць Савецкаму Саюзу горад Сувалкі з прылеглай тэрыторыяй. На сустрэчы з міністрам замежных спраў Японіі Ёсукэ Мацуокам, які прыбыў у Маскву ў красавіку 1941­-га для падпісання пакта аб нейтралітэце паміж Японіяй і СССР, Сталін заявіў, што ён — перакананы прыхільнік Берлінскага пакта і праціўнік Англіі ды Амерыкі. Адразу пасля гэтага Сталін звярнуўся з асабістым лістом да Гітлера, у якім паведаміў, што надзвычайная канцэнтрацыя германскіх войскаў уздоўж савецкай мяжы ўсё ж выклікае ў яго пытанні, — і прасіў даць тлумачэнні. 14 мая 1941 года Гітлер адказаў Сталіну на яго красавіцкі ліст:

«Я пішу Вам гэты ліст у той момант, калі я канчаткова прыйшоў да высновы, што немагчыма дамагчыся трывалага міру ў Еўропе ні для нас, ні для будучых пакаленняў без канчатковага скрышэння Англіі ды знішчэння яе як дзяржавы…

У гэтай сувязі асаблівую трывогу ў мяне выклікаюць наступныя абставіны. Пры фарміраванні войскаў уварвання далёка ад вачэй і авіяцыі праціўніка, а таксама ў сувязі з нядаўнімі аперацыямі на Балканах, уздоўж мяжы з Савецкім Саюзам сабралася вялікая колькасць маіх войскаў, каля 80 дывізій, што, магчыма, і нарадзіла чуткі пра верагодны ваенны канфлікт паміж намі, якія цяпер цыркулююць. Запэўніваю Вас гонарам кіраўніка дзяржавы, што гэта не так…

У гэткай сітуацыі я зусім не выключаю магчымасці выпадковага ўзнікнення ўзброенага канфлікту, які ва ўмовах такой канцэнтрацыі войскаў можа набыць вельмі буйныя памеры, калі цяжка ці проста немагчыма будзе вызначыць, што з’явілася яго першапрычынай. Не менш складана будзе гэты канфлікт і спыніць.

Я хачу быць з Вамі гранічна шчырым. Я баюся, што нехта з маіх генералаў свядома пойдзе на такі канфлікт, каб выратаваць Англію ад яе лёсу і сарваць мае планы…

Пераканаўча прашу Вас не паддавацца ні на якія правакацыі, якія могуць мець месца з боку маіх генералаў.

І, само сабой зразумела, пастарацца не даваць ім ніякай нагоды. Калі ж правакацыі з боку якога­небудзь з маіх генералаў не ўдасца пазбегнуць, праявіце вытрымку, не прадпрымайце дзеянняў у адказ і неадкладна паведамце мне па вядомым Вам канале сувязі…»

У святле гэтага ліста робяцца зразумелымі і ўсе далейшыя дзеянні Сталіна. Падаецца, што ён сапраўды паверыў Гітлеру больш, чым сваім вайскоўцам і разведчыкам. І адзін, і другі меў абсалютную ўладу — вось што спрыяла такому даверу. У гэтым кантэксце робіцца цалкам відавочны і сэнс «Заявы ТАСС» ад 13 чэрвеня 1941 года. Гэта быў адказ Сталіна на ліст Гітлера месячнай даўніны: маўляў, мы вам верым і спадзяёмся, што і надалей усё паміж намі будзе ў парадку, нягледзячы на панічныя паведамленні мясцовых і замежных дэзынфарматараў і правакатараў.

Цяжкое вяртанне да рэчаіснасці

Пасля гэтага германскі сябра Сталіна захоўваў ледзяное маўчанне. Што і не дзіўна: 30 мая ён канчаткова прызначыў дату ўварвання ў СССР на 22 чэрвеня. 17 чэрвеня Сталін звярнуўся да яго з просьбай тэрмінова прыняць у Берліне Молатава «для ўзаемных кансультацый». Просьба засталася без адказу.

Увечары 21 чэрвеня (у 21:30) Молатаў выклікаў да сябе германскага пасла Фрыдрыха­Вернера фон дэр Шуленбурга, каб запытацца пра наступнае: «Ёсць шэраг сведчанняў пра тое, што германскі ўрад незадаволены савецкім урадам. Нават цыркулююць чуткі, што набліжаецца вайна паміж Германіяй і Савецкім Саюзам… Савецкі ўрад не ў стане зразумець прычыны незадавальнення Германіі». Пасол нічога ўцямнага адказаць не змог.

22 чэрвеня а 4­-й раніцы Рыбентроп уручыў савецкаму паслу ў Германіі Уладзіміру Дзеканозаву мемарандум аб пачатку вайны. Але Сталін усё яшчэ думаў, што напад — гэта правакацыя нямецкіх генералаў. Наркаму абароны Сямёну Цімашэнку і начальніку Генеральнага штаба Георгію Жукаву ён заявіў, што нямецкія генералы пачалі баявыя дзеянні без ведама Гітлера. Таму раніцай 22 чэрвеня Сталін загадаў даць адпор вермахту, але артылерыйскі агонь не пачынаць. Вера ў «сябра Адольфа» была настолькі вялікай, што, калі ў 5:30 Шуленбург з’явіўся да Молатава і перадаў яму той самы мемарандум, што і Рыбентроп Дзеканозаву, Сталін вырашыў, што Шуленбург выконвае загад нямецкіх генералаў, пра небяспеку якіх Адольф яго папярэджваў.

Усю раніцу 22 чэрвеня Сталін спрабаваў звязацца з Гітлерам то па тэлефоне, то па радыёсувязі. Нарэшце, удалося звязацца з Рэйхсканцылярыяй. Крэмль запатрабаваў неадкладна паведаміць Гітлеру аб пачатку ваенных дзеянняў, але нямецкія сувязісты прапанавалі звязацца з Рэйхсканцылярыяй заўтра раніцай. Палову дня 22 чэрвеня 1941 года ў Сталіна заставалася надзея, што «сябра Адольф» яго не падмануў, а ваенныя дзеянні вядуць непадкантрольныя таму нямецкія генералы.

Да 12:00 «правадыр сусветнага пралетарыяту» нарэшце ўсё зразумеў, але ўжо не меў ні маральных, ні фізічных сілаў абвясціць пра тое, як ён прамахнуўся, савецкаму народу. У 12:15 па маскоўскім часе ўвесь Савецкі Саюз пачуў па радыё словы, якія ўвайшлі ў гісторыю: «Наша справа праведная. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі». Толькі сказаў іх не Сталін, а Молатаў.

А далей… Далей была вайна.

 

Ігар Лялькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031