Знайсці
17.09.2019 / 21:5324РусŁacБел

Вернікі і бацькоўскія арганізацыі прапануюць забараніць «ЛГБТ-прапаганду»

У Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў з’явіўся дакумент, у дадатку да якога выкладзеныя аргументы на карысць прыняцця закона супраць прапаганды ЛГБТ-ідэалогіі. Адзначаецца, што ў ім прыведзены цытаты са зваротаў грамадзян, якія прапануюць прыцягваць да адказнасці за «распаўсюд інфармацыі, што дыскрэдытуе інстытут сям'і і традыцыйныя шлюбныя ды сямейныя адносіны», а таксама павялічыць узрост палавой згоды з 16 да 18 гадоў.

На гэты дакумент звярнуў увагу ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей.

Ён патлумачыў «Нашай Ніве», што ў гэты дакумент з'яўляецца рэакцыяй на петыцыю, якую летам 2018 года склалі прадстаўнік розных грамадскіх арганізацый. Іх супольны ліст быў дасланы на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Што гэта былі за арганізацыі? «Горад без наркотыкаў», «Адкрытыя сэрцы», «Выратаванне немаўлят», «Бацькоўства», Аб'яднаная царква евангелістаў, евангельскія хрысціяне-баптысты і іншыя.

«Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, вдавочна, робіць аналіз заканадаўства па запыце пракуратуры. Хаця ў НЦЗПД могуць адмаўляцца, але я дакладна ведаю, што гэты дакумент зарах ходзіць па выкладчыках ВНУ», — сказаў Андрэй Завалей. 

У тэксце дакумента агучваецца наступнае: 

«У цяперашні час Беларусь перажывае сур'ёзны дэмаграфічны крызіс. Канстатуецца высокі працэнт разводаў, змяншэнне колькасці зарэгістраваных шлюбаў, зніжэнне нараджальнасці і агульнай колькасці насельніцтва краіны … Асаблівую ролю ў раскладанні сямейных каштоўнасцяў адыгралі антысямейныя ідэалогіі, якія прапагандуюць распусту і ўсёдазволенасць. Асобнае месца ў такой прапагандзе займае ЛГБТ-прапаганда».

Аўтары праекта спасылаюцца на тое, што падобныя законы дзейнічаюць у Расіі, Кыргызстане, Казахстане. Яны прызнаюць, што падобныя заканапраекты разглядаліся ва Украіне, Малдове, Літве, Латвіі, але так і не былі прынятыя.

Аргумент супраць «ЛГБТ-прапаганды» выказваліся і раней, але чаму заяўнікі патрабуюць узняць узрост палавой згоды з 16 да 18 гадоў?

«Акурат на мінулым тыдні я браў удзел у канферэнцыі, дзе агучылі лічбу 2%. Удумайцеся толькі: існуе толькі 2% людзей, якія маюць нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю па нейкіх медыцынскіх паказчыках. Астатняе — гэта вынік разбэшчанасці, уседазволенасці, прапаганды. Таму чым пазней надыдзе ўзрост згоды, тым лепш. А ад ЛГБТ-прапаганды трэба ахоўваць дзяцей. Усе меры, што перашкаджаюць педафіліі, павінны быць прынятыя», — лічыць дырэктар «Бацькоўства» Аляксандр Вялічка.

У ЛГБТ-актывісткі, стваральніцы суполкі «Фемінізм. Беларусь» Марыі Андронавай сваё разуменне таго, што можа стаяць за падобным законапраектам:

«Для мяне падобны законапраект, з аднаго боку, можа не азначаць нічога — ніякіх парадаў у нас не праводзіцца, на мерапрыемствы, якія арганізуюцца ЛГБТ-супольнасцю ў Беларусі, я не хаджу, сімволікі не нашу, непаўналетнія мяне не датычацца таксама — ніякай пагрозы нібыта. Праўда, незразумела, як да гэтага законапраекта аб прапагандзе ЛГБТ прыпісалі узрост згоды. Даволі нелагічна сутыкавалі рэчы і зусім розныя позвы, узрост згоды і пытанне педафіліі часцей тычыцца гетэрасексуалаў, любая статыстыка пацвердзіць», — кажа Марыя Андронава. 

І працягвае:

«Але я адкрытая лесбіянка, якая проста хоча жыць сваім жыццём, з'ехацца са сваёй каханай жанчынай — рана ці позна — гэта значыць фактычна завесці сям'ю, хай і неафіцыйна. Хто ведае, што менавіта будуць разумець пад законам аб «прапагандзе». Мая юрыдычная непісьменнасць не дазваляе меркаваць напэўна. Але, як па мне, забарона на выказванне ўласных думак і адкрытага праявы свайго ладу жыцця, куды ставіцца, у тым ліку, ўсякая сімволіка і артыкулы на тых парталах, якія ахрысцілі «прапагандуючымі» — гэта прамое парушэнне ўсіх базавых правоў чалавека. Жыць можна толькі так, а не інакш. Казаць толькі тое, што хочуць чуць. Выходзіць замуж. Нараджаць дзяцей. Усё астатняе — ерась і прапаганда. Гэта жахлівы адкат у тыя часы, калі за гомасэксуальнасць людзей маглі арыштаваць, проста за гэты факт, а не за «амаральныя оргіі на вуліцах» ці што там ўяўляюць сабе звычайна, калі кажуць пра лесбіянак і геяў. Прымушаць людзей маўчаць і хавацца — вось што жудасна. Я назірала гэта на прыкладзе расіянак: незалежна ад таго, на што канкрэтна юрыдычна ўплывае такі закон, людзі баяцца. Баяцца проста спакойна жыць нармальным жыццём! Гэты закон будзе прамым актам запалохвання, але не дапаможа дасягнуць ні адной, так званай, «мэты» - накшталт «насаджэння» сапраўдных «сямейных каштоўнасцяў» і «ачысткі інфармацыйнага поля дзяцей», ці што там яшчэ. Хто захоча, той даведаецца. Лесбіянкі і геі былі заўсёды, і інтэрнэт, і «прапаганда» былі не патрэбныя. А шкоду рэальным жыцці рэальных людзей могуць нанесці. І гэта самае тут кашмарнае», — лічыць Марыя Андронава. 

НТ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера