Знайсці
17.09.2019 / 14:4012РусŁacБел

Меркаванне: Хто будуе траянскага каня Пуціна ў Беларусі? 

Інфармацыйная хваля, якая паднялася пасля публікацыі «Камерсанта» аб стварэнні ледзь не (кан)федэратыўнай дзяржавы, спарадзіла дзве найбольш распаўсюджаныя рэакцыі ў беларускім медыйным полі. Не будзем даваць ім акрэслення, каб не вешаць загадзя цэтлікаў. Найбольш яскрава і ўдала іх рэпрэзентавалі з аднаго боку Мікалай Статкевіч, з другога — Арцём Шрайбман.

Тэзісы Статкевіча зводзіліся да таго, што фактычна гэта эканамічнае паглынанне Беларусі як дзяржавы. Пазіцыя Шрайбмана зводзілася да таго, што нічога новага (калі нават напісанае ў артыкуле праўда) у гэтых дамовах няма і яны, як ўсе папярэднія, будуць вязнуць у бясконцых рабочых групах паміж урадамі дзвюх краін.

Аднак, прыгледзеўшыся да сітуацыі больш дэталёва, мы можам казаць аб тым, што права на жыццё маюць абодва падыходы, прытым яны не надта моцна могуць супярэчыць адзін аднаму.

Паглынанне Беларусі ў найбліжэйшыя некалькі гадоў хутчэй нейкі фантастычны сцэнарый і тут цалкам мае рацыю спадар Шрайбман, кажучы пра тое, што калі адкінуць яскравыя журналісцкія штампы «Камерсанта», то фактычна ад артыкула нічога не застанецца. Любыя крокі, якія маглі бы неяк рэальна пагражаць уладзе Лукашэнкі, будуць тапіцца ў бясконцых перамовах паміж людзьмі, якія не маюць паўнамоцтваў для вырашэння пытанняў такога ўзроўню, такія паўнамоцтвы мае толькі сам Лукашэнка. Распрацоўка агульнай падатковай палітыкі ўвогуле задача не на адзін дзясятак гадоў.

Ды і давайце будзем шчырымі: няўжо нехта ўсур’ёз верыць у тое, што постаць узроўню Лукашэнкі гатова стаць якім-небудзь генерал-губернатарам, толькі дзеля захавання ўлады/асабістай бяспекі? У прыклад любяць прыводзіць уцёкі Януковіча з Украіны, яго фактычнае запрашэнне расійскіх войскаў ва Украіну. Аднак параўноўваць гэтыя дзве постаці проста абсурдна: нягледзячы на ўсе свае мінусы, Лукашэнка сапраўды таленавіты палітык і вельмі хітры гулец, у адрозненне ад Януковіча, які, прымяраючы на сябе ролю дыктатара, паказаў сваю поўную бяздарнасць. Лукашэнка і Пуцін — людзі аднаго калібру, яны захоплены сваёй абсалютнай уладай, ніхто з іх не пагадзіўся б стаць другім.

У той жа час кейс Украіны нас добра падводзіць да пазіцыі, якую прэзентаваў Статкевіч. Няхай не сёння, але падобныя дамовы нясуць у сабе патэнцыйную пагрозу для незалежнасці краіны. Досвед Украіны паказвае, што стратэгія пуцінскай Расіі палягае на пошуку ўразлівасцяў у дзяржаўнай сістэме, прасоўванні «траянскага каня» праз уразлівыя месцы сістэмы, а затым чаканне спрыяльных умоў для разгортвання сваіх планаў. Ролю «траянскага каня» сыгралі ва Украіне дамовы аб прадаўжэнні арэнды ваенна-марской базы ў Крыме, а таксама нафтагазавыя дамоўленасці. Пуцін, гуляючы ў геапалітычныя шахматы, не спяшаецца ставіць мат, ён гуляе ў доўгую, перастаўляе з месца другарадныя фігуры, рассейвае ўвагу іншых гульцоў. А потым аказваецца, што як бы і падзецца каралю больш няма куды.

Ці з’яўляюцца дамоўленасці, аб якіх пісаў «Камерсант», такім «траянскім канём» Пуціна? Думаю, што не. Ці з’яўляюцца гэтыя дамоўленасці чарговым крокам у камбінацыі? Думаю, што так.

У гэтай сітуацыі існуе крытычная неабходнасць зрабіць крокі па ўмацаванні відавочна слабых бакоў існуючай сістэмы кіравання, якія, дарэчы, цалкам супадаюць з праблемамі, якія існавалі ва Украіне перад нападам Расіі ў 2014 годзе:

1. Кантроль за інфармацыйнай прасторай.

Аб гэтым казалі столькі, што дадаткова няма сэнсу тлумачыць.

2. Нізкая лаяльнасць дробнага і сярэдняга чыноўніцтва.

Аб гэтым пытанні кажуць значна меней. Праводзячы паралелі з Украінай, менавіта гэтыя праслойкі чыноўніцтва найбольш прыхільна паставіліся да сепаратысцкіх ідэй і сталі апорай для анексіі Крыма і вайны на Данбасе. Менавіта гэта праслойка сабатавала загады вышэйшага кіраўніцтва, станавілася на бок іншай краіны. Беларускае дробнае і сярэдняе чыноўніцтва жыве ў параўнанні з расійскім вельмі сціпла, не ведае такога ж ўзроўню незаконнага ўзбагачэння. Плюс заўсёды мае месца матывацыя прасунуцца па лесвіцы вышэй. Калі хочаце прыгожую паралель, хто ў ВКЛ хацеў больш за ўсё злучыцца з Польшчай ў Рэч Паспалітую? Менавіта дробная і часткова сярэдняя шляхта, якая зайздросціла «залатым шляхецкім вольнасцям» польскай шляхты. Яскрава супраць былі магнаты ВКЛ, якія мелі тут уладу. Часы ідуць, аднак чалавеку ўласціва слаба змяняцца, і «здачы» Беларусі я бы хутчэй чакаў не ад Лукашэнкі, Макея, Румаса ці Раўкова, а ад нізавога ўзроўню, калі раптам ўзнікне турбулентнасць у найвышэйшых колах.

Антось Звычайны

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031