Даслаць навіну
Знайсці
17.09.2019 / 12:02 27

Віктар Марціновіч пра здарэнне ў Гомелі: Гэта вычарпальная ілюстрацыя да паняцця «беларуская школа ў 2019 годзе»

Віктар Марціновіч на budzma.by рэагуе на канфлікт паміж сённяшнімі настаўнікамі і вучнямі.

Калі я вучыўся ў дзявятым класе, да мяне падышоў хлапец, які быў на два гады маладзейшы за мяне.

— Дай закурыць, — запатрабаваў ён.

— Пайшоў на, — адказаў я. Бо быў з дзяўчынай.

Тады падлетак дастаў раскладны нож, іх у дзевяностыя называлі «бабачкай», патрос ім перад маім носам «як у фільмах», пасля чаго тыцнуў лязом мне па грудзях справа. 

Бо ён быў са старэйшым сябрам, які паспеў адседзець і паведаміць мальку пра законы злодзейскага гонару.

Удар быў нямоцным, але крыві хапала, і кашулю давялося выкідаць. Шнар можна разгледзець дагэтуль. 

Малёк праз год зайшоў па крадзяжы, пасля чаго засіліўся — нешта здарылася з ім там, у няволі.

У чацвёртым класе дзеткі, бацькі якіх мелі па дзве-тры ходкі, ставілі батанікаў-выдатнікаў адзін насупраць аднаго і вымушалі біцца да першай крыві. Калі батаны адмаўляліся, білі іх, але білі мацней, нагамі. Так аднойчы ў мяне здарылася вымушаная бойка з аднакласнікам Сашам. Саша даў мне ў вуха, я ляснуў яму па назе. Саша паслізнуўся і разбіў галаву. Бойку да гэтага прыгадваю з пякучым сорамам. Праз пяць гадоў Саша эміграваў разам з бацькамі. 

І я яго вельмі добра разумею.

То мы былі зусім не падаруначкамі, дзеткі 1980-х —1990-х. 

Мы палілі за рогам, боталі па паняццях і старанна пераймалі законы турмы.

Але ніколі — падкрэслю — ніколі за адзінаццаць гадоў я не чуў ад школьнага настаўніка мацюка. Тым больш неверагодна было ў той, савецкай, школе, каб настаўнік не проста мацюкаўся, а роў бруднай лаянкай на вучня, пагражаючы яго забіць. 

І я ніколі ў жыцці не падумаў бы, што буду ў прыклад незалежнай беларускай школе на 28-м годзе суверэнітэту прыводзіць школу позняй БССР, калі пах тлену сістэмы адчуваўся ўжо вельмі яўна.

То мне вельмі дзіўна чытаць каменты (калі яны не згенераваныя ботамі), што, маўляў, ва ўсім вінаватыя дзеткі. Дзеткі цяпер такія, што калі ім не скажаш «табе п…ц будзе», яны не адукуюцца. 

Прытым што там гэтым дзеткам прад’яўляецца? 

Тое, што ў гаджэтах сядзяць? 

Дык калі б не гаджэты, калі б абяцаная Мінадуркам забарона на карыстанне мабіламі была ўжо ўведзеная, мы б ніколі не даведаліся пра гэты эпізод! 

Дык хай карыстаюцца! 

Гаджэты — іх адзіная абарона. 

Яны могуць хаця б паказаць сваю праўду!

Зараз з’явілася вычарпальная ілюстрацыя да паняцця «беларуская школа ў 2019 годзе».

Эдуард Пальчыс, каментуючы здарэнне, напісаў, што ў «саўковай сістэме такое непазбежна». 

Але Эдуард памыляецца. 

У «саўковай сістэме» гэта было абсалютна выключана. У «саўковай сістэме» пасля такога здарэння, пасля яго агучвання (у малаімаверным выпадку яго агучвання) у адстаўку пайшла б палова ўрада. 

Прычым пайшла б пасля паказальнага разносу, з падключэннем савецкай партыйнай прэсы.

І, зноў жа, мяне здзіўляе нават не здарэнне. 

Мяне здзіўляе рэакцыя інэту. 

Што яны там яшчэ пішуць? 

«Сарвалася»? 

Дык я магу вас запэўніць: калі б вось так сарваўся чый-небудзь бацька ці мамка, калі б такое відэа з’явілася з нейкай кавярні, калі б яго запісалі нядобразычліўцы (ці камеры назірання, якія цяпер паўсюль), дык таго, хто сарваўся, пазбавілі б бацькоўскіх правоў. 

І ніхто б не пікнуў, што «дзеткі цяпер такія». 

І не дапамаглі б тлумачэнні, што ён проста пераносіў столік у зручнейшае месцейка.

Як патлумачыць тое, што адбываецца ў беларускай школьнай і дашкольнай адукацыі? Чаму скандал у салігорскім дзіцячым садку і ў гомельскай школе адбываецца з розніцай у дзесяць дзён і гэта нічым не заканчваецца?

Маё бачанне такое: гэта было непазбежна. 

Далей будзе толькі горай.

Калі ў нейкай сістэме з’яўляецца каста недатыкальных (праз тое, што гэтая каста старанна не заўважае, што адбываецца са скрынямі падчас датэрміновага галасавання, ці таму, што яна гасіць вулічныя пратэсты пасля таго, як людзі выкажуць занепакоенасць «бліскучымі» вынікамі таго самага галасавання), прадстаўнікі гэтай касты, спачатку адзінкі, а потым і не адзінкі, пачынаюць забываць пра ўсялякія межы. 

Безмяжак пашыраецца, і спыніць яго могуць толькі радыкальныя, паказальныя кадравыя чысткі. 

На якія, мяркуючы па ліслівай манеры «вырашэння пытання з перагінамі сілавікоў», сістэма не здольная. 

Не перад выбарамі не здольная. 

У прынцыпе не здольная. 

Бо збольшага ўсіх усё задавальняе. 

Нават сярод каментатараў на тутбаі знаходзяцца тыя, хто лічыць, што «дзеткі вінаватыя». Дзеткі і гаджэты, ага.

І апошняе. 

Пра павагу. 

Дэфіцыт якой, мяркуючы па відэа, і зрабіўся нагодай для нецэнзурных пагроз.

Віктар Марціновіч, budzma.by

3
Мімаходзь / адказаць
17.09.2019 / 20:58
Існуе такі тэрмін, як прафесійнае выгаранне, які найперш датычыцца да настаўнікаў, як,дарэчы, і да іншых другіх прафесій.

А вось хто адкажа, чаму ў школе існуе пасада школьнага псіхолага, які павінны спрыяць псіхалагічнай адаптацыі вучняў, а няма псіхолага, які б спрыяў псіхалагічнай адаптацыя педагогаў у працэсе навучання/выхавання?
4
меркаванне / адказаць
17.09.2019 / 23:02
Мімаходзь,  яна ж толькі з адпачынку вярнулася ці як?
  Лічу, што за 25 гадоў бесперапыннага ганебнага лукашызма адбыліся ўжо здвігі ў псіхікі рэжымных працоўных і не толькі. Увесь час народзец вымушаны быў назіраць хамства, агрэсію, амаральшчыну, малаадукаваную ахінею з самага верха і чвэрць стагоддзя! Няўжо гэта магло быць без наступстваў? 
4
меркаванне / адказаць
18.09.2019 / 10:29
Котіс, ну як вы сабе ўяўляеце, што пасля такой ганебнай разборкі, яна будзе гэтым 4-клашкам распавядаць аб высокародным, культурным, маральным? Хто ёй паверыць? Калі яна так пачала зрывацца, то, лічу, скончылася як настаўнік. Навучыць коскі растаўляць ці праверку на безнацісковыя, канешне, можа, але ж гэтага ў школе замала?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31