Знайсці
16.09.2019 / 12:13РусŁacБел

90 год з дня нараджэння Арлена Кашкурэвіча. Ён зрабіў «бачнымі» творы Быкава, Караткевіча, Гусоўскага

Арлен Кашкурэвіч, фота Яўгена Коктыша

15 верасьня cпоўнілася б 90 год Арлену Кашкурэвічу — выбітнаму беларускаму мастаку, аўтару графікі да кніг Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Пра ягоны «паўночны» характар, любоў да більярду і Ніцшэ і нелюбоў да сучаснага гораду распавядае Радыё Свабода мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Арлен Кашкурэвіч быў адным з найлепшых графікаў, якія афармлялі тагачасныя кнігі. Ён шчыльна працаваў з Васілём Быкавым і Ўладзімерам Караткевічам, хоць да асобы апошняга ставіўся крыху іранічна, што не перашкаджала, аднак, шанаваць пісьменьніцкі талент.

Але ж зь літаратарамі даводзілася інтэлігентна спрачацца: яны не заўсёды разумелі ягоную мастацкую мову, чакалі ілюстратыўнасьці. А Кашкурэвіч заўжды працаваў «па матывах», ствараючы на кніжных старонках уласны мастацкі твор: ён лічыў сябе су-аўтарам і абражаўся, калі хто называў яго ілюстратарам.

У ХХ стагодзьдзі Францішак Скарына стаў сымбалем беларушчыны, а беларусы пачалі ўяўляцца нацыяй, што стаіць ля вытокаў кніжніцтва і кніжнай графікі, — кажа Сяргей Харэўскі. Беларуская ж школа графікі здабыла адметнасьць менавіта спробай рэінкарнаваць сярэднявечныя традыцыі. Кашкурэвічу тут належыць асаблівая роля.

«Паказальны зварот Кашкурэвіча да творчасьці Міколы Гусоўскага, — кажа Харэўскі. — Ягоная экспрэсіўная, суровая графіка ня проста апэлявала да сярэднявечных матываў. Яна зрабіла твор жывым, адаптавала яго да сучаснасьці, зрабіла зразумелым, у тым ліку і ў візуальным шэрагу. Гэта і ёсьць адна з прыкметаў беларускай нацыянальнай школы графікі ХХ стагодзьдзя. Гэта спроба, унікаючы палітычнай вульгарызацыі, якой вельмі цяжка было пазьбегнуць, распавесьці вечныя ісьціны, якія па-за вузкім лякальным савецкім кантэкстам».

«Каб яму давялося яшчэ раз рабіць «Фаўста», ён надаў бы яму падабенства з Андрэем Сахаравым»

Кашкурэвіч меў вялікую цікаўнасьць да нямецкай культуры, любіў Ніцшэ. Ён захапляўся плястыкай, а ў нейкі момант амаль сышоў у прафэсійную акрабатыку.

«Ён бачыў дасканаласьць у пераадоленьні, ва ўзвышэньні над болем, над бедамі, над слабасьцямі, — тлумачыць Харэўскі. — Прарываньне скрозь цёмную матэрыю, праз тоўшчы бруду, каламуці некуды ў вечнасьць. Так і ягоныя ваенныя вобразы не выклікалі непрыманьня з боку вэтэранаў. Вайна — гэта бруд, гэта фізычныя пакуты, ланцуг змрочнай, цяжкай штодзённай працы».

Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да рамана Івана Пташнікава «Найдорф» (1976)

«Фаўст», створаны ім у 70-я, у час ягонага творчага росквіту, — адзін з шэдэўраў эўрапейскай кніжнай графікі. А для любога мастацтва істотны кантэкст: гэтая графіка стваралася на зломе эпох, а гэта і аўганская вайна, і гонка ўзбраеньняў, і такая ненавісная яму мілітаршчына. Нават у ягоных рыцарскіх вобразах няма нічога рамантычнага — усе яны нялюдзкія, трымаюць у руках зброю для забойства, для крывапіўства», — кажа Харэўскі.

Арлен Кашкурэвіч. Генацыд. 1988 г.

«Ён доўга разважаў, што каб яму давялося яшчэ раз гэта рабіць (аздабляць «Фаўста» Гётэ. — РС), ён надаў бы Фаўсту партрэтнае падабенства з Андрэем Сахаравым — чалавекам, які стварыў атамную бомбу».

Ілюстрацыя да «Фаўста» Гётэ (1991)

«Ісьляндыя — амаль выдуманая краіна, дзе няма таго, што атачала тут: ваеншчыны, савеччыны, бравуршчыны»

Першай, дыплёмнай працай Кашкурэвіча было аздабленьне твору «Атамная станцыя» ісьляндзкага пісьменьніка Гальдаўра Лякснэса. Тэма твору і графічны малюнак адлюстроўвалі тагачасны сусьветны жах і прадчуваньне глябальнай катастрофы. Пэсымістычны, суворы інтравэрт, нон-канфарміст Арлен Кашкурэвіч — а нарадзіўся ён яшчэ да вайны і перажыў сталінскія часы — марыў пра Ісьляндыю як пра звышкраіну, дзе няма месца слабасьці і неэстэтычнасьці.

«Ісьляндыя — гэта такая краіна, якую няма як памацаць, — разважае Сяргей Харэўскі. — З прычыны сваёй далёкасьці, гісторыі, прыродных умоў — амаль выдуманая. Гэта была як Зямля абяцаная для яго, дзе няма таго, што атачала тут: ваеншчыны, савеччыны, бравуршчыны. Гэтага сьвербу зь лепкай новага чалавека. Ён казаў: «З чаго яны яго там зьлепяць? З гумы? З плястыку? Дзе гэты новы чалавек?»»

Ілюстрацыя да рамана «Халдара Ласкнэса», 1959

Арлен Кашкурэвіч — карэнны мянчук, які моцна, ад усяго сэрца не любіў зьмены ў родным горадзе. Паскоранае зьнішчэньне старога і ўзьвядзеньне новага ён параўноўваў з акупацыяй — у першую чаргу таму, што забудову праводзілі, ня дбаючы ані пра пачуцьці жыхароў, ані нават пра здаровы архітэктурны сэнс.

«У яго ёсьць вялікая тэма «Горад», якую ён распрацоўваў усё жыцьцё, — кажа Харэўскі. — Ён спрабаваў розныя ў гэтай тэме шукаць вобразы нейкіх такіх наварочаных тэхнічных нялюдзкіх элемэнтаў, пад’ёмных кранаў, гіганцкіх пад’ёмных канструкцый, несумаштабных чалавеку. Там чалавечкі такія, як мурашкі, і ў гэтым няма аніякага зачараваньня гэтай усёй негуманістычнай атмасфэрай, негуманным асяродзьдзем, якое паўставала».

Арлен Кашкурэвіч. Чалавек у ліфце. 1980-я гады

«Ён мог быць мякка іранічны»

Ад вонкавага кашмару Кашкурэвіч ратаваўся ў більярднай. У тыя часы гэта была далёка ня масавая забаўка, а буржуазны, элітарны занятак не для ўсіх, бо патрабаваў ён шмат тэхнічных нюансаў: більярдныя шары рабіліся са слановай косьці, кіі — з пэўных гатункаў дрэва, а більярдныя сталы — з дубу; сам стол павінен быць наладжаны да ідэальнай роўнасьці, настройвацца амаль як раяль. У Менску ў тыя часы было 3—4 прафэсійныя більярдныя сталы.

Арлен Кашкурэвіч быў чалавекам веруючым. Ён не хадзіў штонядзелі да споведзі, але ўсё жыцьцё чытаў кнігі Бібліі, мог на памяць прачытаць Эклезіяста. А напрыканцы жыцьця аздобіў Саламонаву Песьню песьняў — па словах Харэўскага, гэта была спроба пабыць урэшце лірыкам, хоць лірыкам ён ніколі ў жыцьці ня быў.

Адметнай была нават зьнешнасьць Кашкурэвіча — высокі лоб, прамы нос, доўгія, як у піяніста, пальцы, доўгія валасы, — зьвяртае ўвагу Сяргей Харэўскі.

«Гэта ўзор манеры без манернасьці стасункаў з калегамі, — упэўнены мастацтвазнаўца. — Ён мог быць крышачку мякка іранічны, але гэта не перадаецца, вы гэтага не прачытаеце. Ён мог гэта проста перадаць усьмешкай, пагладзіць брыво, зрабіць нейкі жэст. І нідзе ніхто не засьведчыць, што ён пра некага нешта кепскае сказаў. Нават пра людзей, якія яму былі глыбока і абсалютна чужыя, тых, хто рваўся за мэдалямі, за званьнямі ў партыі, лезьлі ў прэзыдыюм. Яму гэты сьвет быў абсалютна чужы».

Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменьнік Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша

У Менску няма асобнага музэю Кашкурэвіча, хоць Сяргей Харэўскі ўпэўнены: такая экспазыцыя была б адной з самых наведвальных у нашым горадзе. Дзяцей зацікавіў бы станок, любы замежнік зразумеў бы мову экспрэсіўнага выяўленчага мастацтва, выпадковыя наведнікі маглі б азнаёміцца з графікай кніжнай і станковай (асобныя графічныя творы, якія ня маюць сувязі зь літаратурным тэкстам. — РС), а аматары зацікавіліся б эстампамі (адбітак на паперы з дапамогай друкарскай формы. — РС), разцамі, пэндзлямі і алоўкамі майстра, ягонымі малюнкамі вугалем, яго партрэтамі аўтарства найлепшых беларускіх фатографаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера