Знайсці
15.09.2019 / 12:047РусŁacБел

«Адліга»: ужо тры месяцы не штрафуюць журналістаў «Белсата»

З лета гэтага года беларускія ўлады перасталі штрафаваць журналістаў тэлеканала «Белсат». 

«Я мяркую, што гэта добры знак і доказ пэўнай адлігі, — сказала «Нашай Ніве» кіраўніца канала Агнешка Рамашэўска-Гузы. — Гэта эфект паляпшэння адносін Польшчы і Беларусі», — думае яна.

У той жа час яна звярнула ўвагу, што тэлеканал ад красавіка не атрымаў адказу на сваю чарговую просьбу пра акрэдытацыю, хоць тэрміны адказу даўно мінулі. 

Раней беларускія суды штрафавалі журналістаў «Белсата» на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «за незаконны выраб і / або распаўсюд прадукцыі СМІ». 

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за 2018 год журналісты прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па гэтым артыкуле не менш за 118 разоў (што больш, чым за чатыры папярэднія гады агулам). Агульная сума штрафаў перавысіла 100 тыс. беларускіх рублёў.

«Белсат» уваходзіць у структуру Польскага тэлебачання, але пазіцыянуе сябе як адзіны незалежны тэлеканал Беларусі. Пры гэтым ён пераважна беларускамоўны. Ён вельмі крытычны да беларускіх уладаў і дае трыбуну апазіцыі.

Унутры Беларусі ўсе тэлеканалы і радыёстанцыі кантралююцца ўладамі. Хоць некаторыя з іх лічацца «дзяржаўнымі», яны адлюстроўваюць не ўвесь спектр грамадскай думкі, а выключна меркаванні лукашэнкаўцаў. Грамадска-палітычны змест тых тэле- і радыёстанцый, якія заснаваныя пралукашэнкаўскімі грамадскімі арганізацыямі або фармальна з'яўляюцца прыватнымі, практычна не адрозніваецца ад зместу дзяржаўных. Так, за апошнія пяць гадоў ніводзін беларускі тэлеканал не запрасіў адзіную ў краіне нобелеўскую лаўрэатку — Святлану Алексіевіч. Разам з ёю ў чорных спісах, імаверна, знаходзяцца тысячы іншых дзеячоў культуры, навукі, палітыкаў.

У апошнія гады Польшча і Беларусь зрабілі некаторыя крокі насустрач. Ініцыятаркай пацяплення была Варшава, якая падкрэслівае важнасць умацавання суверэнітэту Беларусі. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда меў жаданне прыехаць на закрыццё Еўрапейскіх гульняў у Мінск, але беларускі бок даў зразумець, што гэта недарэчы. У той жа час на закрыцці прысутнічаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка не наведаў урачыстасці ў Польшчы з нагоды 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, хоць і быў запрошаны. Беларускі бок палічыў паездку немэтазгоднай, бо палякі не запрасілі Пуціна.

Мінск таксама не даў згоды на шэраг польскіх інвестыцыйных праектаў у Беларусі. У прыватнасці, польскія структуры былі зацікаўленыя ў куплі аднаго з буйных беларускіх банкаў, польскія кампаніі таксама праяўлялі цікавасць да «Белдзяржстраху» і мінскага завода «Атлант».

Сяргей Гезгала; фота Сяргея Багрова, Белсат

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031