Знайсці
11.09.2019 / 21:4130РусŁacБел

«За што ты забіў майго сына?» — маналог бацькі Сашы Раманава ў судзе

Самая гучная справа года ў Беларусі — забойства настаўніцы Марыны Пархімовіч і вучня Сашы Раманава, якое адбылося 11 лютага ў Стоўбцах.

Забойца, школьнік Вадзім Мілашэўскі, прысуджаны да 13 гадоў зняволення. Суд зрабілі закрытым, грамадства не пачула і не даведалася, чым кіраваўся злачынца.

Сяргей Раманаў, бацька забітага Сашы, хадзіў на паседжанні, каб зразумець, чаму адбылася трагедыя. «За што ты забіў майго сына?» — гэтае пытанне ён задаў Вадзіму Мілашэўскаму, але так і не атрымаў адказу.

Ён дазволіў «Нашай Ніве» апублікаваць свой вялікі маналог. Тыя ж словы Сяргей Раманаў прамаўляў у судзе, гледзячы ў вочы забойцы свайго сына.

«У мяне была шчаслівая сям'я, быў цудоўны сын…

Мы з жонкай заўсёды стараліся правільна выхоўваць сваіх дзяцей. Заўсёды прыслухоўваліся да іх меркавання. Ніколі не прымалі чыйсьці бок, не разабраўшыся. Да дзяцей нельга звяртацца па метадзе «я начальнік, ты дурань». Дзяцей нельга біць і абражаць.

Дзеці, асабліва ў падлеткавым узросце, лічаць сябе асобамі. Дый гэта ўжо асобы.

Калі з імі не паводзіць сябе так, то спачатку яны перастаюць адкрыта размаўляць з вамі, потым ігнаруюць вашыя парады. А потым і зусім перастаюць паважаць вас. З дзецьмі трэба размаўляць на роўных і не павышаючы голас. Можа, таму ў мяне з сынам былі даверлівыя адносіны. Мы маглі размаўляць з ім на любыя тэмы. Ён вельмі любіў чытаць кнігі і, як я разумею, чытаў правільныя кнігі. Спачатку я яго вучыў таму, што сам ведаў. А потым ён вучыў мяне таму, што прачытаў у сваіх кнігах і даведаўся ў школе. Я з задавальненнем слухаў яго, а ён, адчуваючы гэта, з яшчэ большым задавальненнем распавядаў. Вось так мы жылі шчаслівай сям'ёй, будавалі планы.

І нішто не прадвяшчала бяды. А далей вы ўсё ведаеце, што адбылося. Яго больш няма. Яго забіў той, хто казаў, што сумна жыў, на 30%…

Мой сын хацеў жыць… І вучыцца, паступіць ва ўніверсітэт, як усе дзеці ў яго класе. Мой сын памёр у мяне на руках, я паспеў прыехаць да таго, як спынілася яго сэрца. І ўсе выйшлі, і засталіся мы ўдвух, я і мае дзіця. Тут, у зале суда, я перажыў гэта яшчэ дваццаць разоў.

Тут жа сядзеў той, хто гэта зрабіў. Ён жыва разглядаў сваіх былых аднакласнікаў. Часам пазяхаў, часам нават усміхаўся. У адказ яму ўсміхалася яго маці, усім сваім выглядам паказваючы, як яна любіць свайго сына. Такая прырода. Сляпая матчына любоў, якая часам калечыць.

А павінна быць і жаночая мудрасць, але ж няма. Мы па кішэнях не лазім і партфелі не правяраем, у нас так не прынята. Затое прынята, не ведаючы людзей, ацэньваць іх па «хадзе, па чорным шаліку, нацягнутым на твар, па высока задзёртым носе».

Цынізм? Вось і яе нашчадка, кажуць, падбешвала хада майго сына. Як кажуць, яблык ад яблыні. Тут яшчэ шмат можна казаць і пра тое, што калі да 30% ацэнкі свайго жыцця дадаць яшчэ 40% з бутэлькі, то жыццё грае іншымі фарбамі. Ды і настаўнікі з бацькамі не заўважаюць, можна і далей так працягваць. А калі і гэта перастае прыносіць задавальненне, то можна і ножык купіць. Тым больш, што ў Стоўбцах яго могуць прадаць любой малалетцы.

У адным партфелі: нож, петарды, малаток, цыгарэты, а часам і гарэлка… У іншым: кніга, яблык і дзве бутэлькі з вадой. У чым прычына такога адрознення? Бедная і багатая сям'я, як пішуць журналісты? Што за лухта? Мільёны бедных сем'яў выхоўваюць выдатных дзяцей.

Прычына ў адным! Прычына ў нізкамаральнасці сем'яў, безкантрольнасці дзяцей, у абыякавасці ў школе. Нават цяпер многіх хвалюе, чаму я не запатрабаваў кампенсацыю. Штосьці тут не чыста, маўляў. Я не магу ацаніць жыццё свайго дзіцяці ніякімі грашыма. А людзей толькі грошы цікавяць.

І вось у такім грамадстве мы жывем, у такія школы і калектывы ходзяць нашы дзеці. Дзяржаве шкада грошай на ахову дзяцей. Ды і на зарплату настаўнікаў, калі там практычна адсутнічаюць мужчыны-педагогі.

Я лаўлю сябе на думцы, што ў канцы працэсу ў мяне яшчэ больш пытанняў. І яшчэ менш адказаў.

Чаму? Чаму мой сын ніколі не скончыць школу, не паступіць ва ўніверсітэт, не ўладкуецца на працу, не сустрэне дзяўчыну, не створыць сям'ю? Ніколі не ўбачыць сваіх дзяцей, а я не ўбачу сваіх унукаў?

За што ты забіў майго сына? Чым ён цябе раздражняў? Тым, што адрозніваўся ад іншых і хадзіў з высока паднятай галавой? Ты не адказваеш, таму што ты баязлівы і табе стала сябе шкада. Мяне не задаволяць адказы «я не памятаю», «я не хацеў» і «я не ведаю, чаму так атрымалася».

Я ніколі не змагу табе дараваць.

Ні табе, ні тваім бацькам.

І ты адкажаш, адкажаш за ўсё…»

Чытайце. Чаму ён? Бацька хлопца, якога забілі ў Стоўбцах, падрабязна расказаў пра сына і дзень яго смерці

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031